ВЫПАДЗЕ́ННЕ МА́ТКІ,

частковы або поўны выхад маткі за палавую шчыліну; заключная ўскладненая стадыя апушчэння сценак похвы і маткі. Бывае пры парушэнні цэласці ці тонусу мышцаў тазавага дна, расслабленні апарата, які звязвае матку і мышцы пярэдняй брушной сценкі, пры павышаным унутрыбрушным ціску. Гэтаму садзейнічаюць частыя роды дзяцей з вял. вагой, цяжкая фіз. праца, гарманальныя і дыстрафічныя парушэнні тканак. Найчасцей хварэюць пажылыя (старэй за 60 гадоў) жанчыны.

Пры няпоўным выпадзенні маткі матка з шыйкай часткова выходзіць за межы палавой шчыліны, пры поўным усё цела маткі знаходзіцца за межамі палавой шчыліны. Спалучаецца з апушчэннем мачавога пузыра і пярэдняй сценкі прамой кішкі. Выпадзенне маткі праяўляецца адчуваннем пабочнага цела ў палавой шчыліне, ацёкам, іншы раз трафічнымі язвамі шыйкі, сценак похвы і маткі, болямі і цяжарам унізе жывата, расстройствамі мочаспускання і рэфекацыі (цяжкасць ці немагчымасць мочаспускання, нетрыманне мачы і газаў). Лячэнне хірургічнае.

І.​У.​Дуда.

т. 4, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАВА́ЙНЫЯ ПЕ́СНІ,

вясельныя песні, прысвечаныя вясельнаму рытуальнаму хлебу—караваю. Найб. пашыраны ў беларусаў і ўкраінцаў. На Беларусі вядомы ўсюды, але значна пераважаюць на Палессі. Тут яны адлюстроўваюць усе моманты каравайнага абраду: «як матка маладой (маладога) запрашае каравайніц гатаваць каравай», «як каравай расчыняюць», «як яго месяць», «як саджаюць у печ», «як каравай пячэцца», «як яго з печы вынімаюць», «як пільнуюць каравай, каб хлопцы не ўхапілі», «як ставяць каравай на стол», «як упрыгожваюць яго», «як нясуць каравай з дому маладога ў дом маладой», «як аб’ядноўваюць абодва караваі (маладога і маладой)», «як крояць каравай», «як яго дзеляць», а таксама шмат песень, якія ўхваляюць сам каравай, урачыстых і жартаўлівых песень-зваротаў да каравайніц. Напевы К.п. прыўзнята «буйнага» характару са звонкімі воклічамі; пераважаюць тыпавыя, агульныя для многіх вясельных песень, але ёсць і спецыфічныя (напр., «Да рана-рана нешта ў лесе звінела»).

Публ.:

Шырма Р.Р. Беларускія народныя песні. Т. 4. Мн., 1976;

Вяселле: Песні. Кн. 2. Мн.,1981;

Вяселле: Мелодыі. Мн., 1990;

Можейко З.Я. Песни белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983.

Літ.:

Никольский Н.М. Происхождение и история белорусской свадебной обрядности. Мн., 1956.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 8, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНСТРУА́ЛЬНЫ ЦЫКЛ,

фізіялагічны працэс, які характарызуецца цыклічнымі зменамі ў органах рэпрадукцыйнай сістэмы жанчын і самак чалавекападобных малпаў. Знешняя праява М.ц. — менструацыя (штомесячныя крывяністыя выдзяленні з палавых органаў), якая пачынаецца ў час палавога выспявання (11—15 гадоў), звычайна доўжыцца 2—7 дзён. Менструацыя адсутнічае ў цяжарных жанчын, звычайна ў час кармлення дзіцяці і пасля надыходу клімаксу.

Першая фаза М.ц. — рост і выспяванне фалікулаў у яечніках, у сярэдзіне М.ц. дамінантны фалікул лопаецца і спелая яйцаклетка на 13—15-я суткі трапляе ў брушную поласць (авуляцыя). Другая фаза М.ц. — утварэнне жоўтага цела, якое прадуцыруе гармон прагестэрон. Пад уплывам прагестэрону слізістая абалонка маткі рыхтуецца да ўспрымання аплодненай яйцаклеткі. Калі апладнення не адбываецца, жоўтае цела рэгрэсіруе, яйцаклетка гіне, а функцыянальны слой слізістай абалонкі маткі адрываецца і настае менструацыя, што сведчыць аб заканчэнні М.ц. Працягласць М.ц. — ад першага дня пачатку менструацыі да першага дня наступнай. М.ц. складае 21—35 дзён (звычайна 28), двухфазны, доўжыцца да 45—50 і больш гадоў. У рэгуляванні М.ц. ўдзельнічаюць кара галаўнога мозга, гіпаталамус, гіпофіз, яечнікі, матка. Парушэнні М.ц.: аменарэя, гіпаменарэя і інш. Гл. таксама Палавы цыкл.

Ю.​К.​Малевіч.

т. 10, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСТЭРЫ́Я (ад грэч. hystera матка; стараж. грэкі прыпісвалі І. матачнай хваробе і лічылі яе ўласцівай толькі жанчынам),

форма неўрозу, які выяўляецца псіхічнымі, саматычнымі, неўралагічнымі і вегетатыўнымі расстройствамі. Найчасцей бывае ў жанчын маладога ўзросту; хварэюць і мужчыны. Прычыны: псіхатраўмы, невырашальныя душэўныя канфлікты (пры пэўных рысах характару, псіхічным інфантылізме, дэфектах выхавання). Праяўляецца прыпадкамі (слёзы, смех, крыкі, сутаргі), парушэннем адчувальнасці (да болю, холаду і інш.), істэрычнымі паводзінамі (празмерны эгаізм, рэзкія перамены настрою). Хворы адчувае боль і непрыемны стан у розных ч. цела (асабліва ў вобласці сэрца), ком у горле, парушэнне слінавыдзялення, успушванне жывата, моташнасць, ірвоту, запоры і паносы. Бываюць істэрычныя парэзы і паралічы, парушэнне мовы. Такі стан нагадвае эпілептычныя прыпадкі (гл. Эпілепсія). Адрозненне ў тым, што істэрычным прыпадкам хворы хоча выклікаць спагаду да сябе (пры адсутнасці гледача прыпадку можа не быць). У дзяцей да года І. выяўляецца простымі і аднабаковымі істэрычнымі прыпадкамі (дзіця падае, крычыць, плача), якія ўскладняюцца з узростам. Лячэнне: псіхатэрапія, унушэнне (сугестыя), гіпноз, медыкаментознае, агульнаўмацавальныя сродкі.

Літ.:

Шанько Г.Г. Наши нервы и наши болезни: Для здоровых и больных. Мн., 1996;

Карвасарский Б.Д. Неврозы. 2 изд. М., 1990;

Антонов И.П., Шанько Г.Г. Судорожные состояния у детей. Мн., 1970.

Г.​Г.​Шанько.

т. 7, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ДНАСЦЬ І СВАЯ́ЦТВА,

адносіны паміж людзьмі, заснаваныя на паходжанні ад агульнага продка (роднасць) або якія ўзнікаюць у мужа і жонкі да іх родных (сваяцтва). У першабытным грамадстве кроўнароднасныя адносіны былі асновай аб’яднання людзей у род, фратрыю, племя, яны характарызавалі формы сям’і. У сучасных сямейных адносінах адрозніваюць роднасць па лініях; прамой (бацькі і дзеці, продкі і нашчадкі), бакавой (браты і сёстры, дзядзькі, цёткі і пляменнікі), узыходнай (ад нашчадкаў да продкаў — напр., унук, сын, бацька, дзед), сыходнай (ад продкаў да нашчадкаў). Бел. назвы кроўнай роднасці па прамой лініі: 1-й ступені — бацька (тата), маці (матка, мама), сын, дачка (пазашлюбных дзяцей наз. бастрамі, байструкамі); няпоўнай роднасці паміж мужам (жонкаю) і дзецьмі ад папярэдняга шлюбу жонкі (мужа) — айчым, мачаха, пасынак, падчарыца; няпоўнай роднасці паміж дзецьмі — брат (сястра) па бацьку ці па маці; усынаўлення — выхаванец, выхаванка (у гаворках — гадаванец, гадаванка, дольнік, дольніца); дзеці мачахі і айчыма лічацца зводнымі братам і сястрой; 2-й ступені — дзед, баба, унук, унучка; 3-й ступені — прадзед, прабаба, праўнук, праўнучка; 4-й ступені — прапрадзед, прапрабаба, прапраўнук, прапраўнучка (гэтыя формы ўжываюцца вельмі рэдка і найчасцей замяняюцца апісальна). Далейшыя ступені кроўнай роднасці наз. агульна: па ўзыходнай лініі — продкі, дзяды, дзяды-прадзеды, па сыходнай — нашчадкі (патомкі). Назвы роднасці 1-й бакавой лініі: брат, сястра, пляменнік, пляменніца. У гаворках са значэннем «пляменнік» трапляюцца нябож, часам — сыновец; са значэннем «пляменніца» — нябога. Назвы роднасці 2-й бакавой лініі: дзядзька, цётка, дваюрадны (стрыечны) брат, дваюрадная (стрыечная) сястра. Назвы 3-й і наступных ліній ужываюцца радзей і звычайна перадаюцца апісальна. Назвы сваяцтва: муж, жонка, у гаворках таксама стары, старая; дзед, баба; гаспадар, гаспадыня. Да слова «муж» сінонімы мужык, чалавек, да слова «жонка» — маладзіца, дружына, жанчына і інш. Даччын муж — зяць; сынава жонка — нявестка (сынавая, сыновая). Мужавы бацькі — свёкар, свякроў (свякруха, свекрыва), жончыны — цешча, цесць; мужаў брат — дзевер, сястра — залвіца (залоўка). Слова «швагер» выражае 3 паняцці: сястрын муж, жончын брат, муж жончынай сястры; швагерка — жончына сястра. Братава жонка — братавая (браціха), братавыя паміж сабой — ятроўкі; дзядзькава жонка — дзядзіна (цётка). Бацькі мужа і жонкі адзін да аднаго — сваты, мацеры — свацці (свахі). У гаворках усе родныя мужа — сваты і свацці ў адносінах да ўсіх родных жонкі і наадварот. Асобна стаяць хросныя бацькі, хросная матка, хросныя дзеці — хроснік (хрэснік), хросніца (хрэсніца), а таксама назвы кум і кума. Усе яны звязаны з царкоўным абрадам хрышчэння. Апрача канкрэтных, ёсць агульныя назвы Р. і с.: радня, родзічы, сваякі, свае, у гаворках таксама радзіна, прырода, сраство, свайство, адроддзе, род і інш. Гл. таксама Роднасць у праве.

Літ.:

Трубачев О.Н. История славянских терминов родства и некоторых древних терминов общественного строя. М., 1959;

Булахаў М.Г. Старабеларускія назвы роднасці і сваяцтва // З жыцця роднага слова. Мн., 1968;

Алгебра родства: Родство. Системы родства. Системы терминов родства. Вып. 1. СПб., 1995.

К.​М.​Панюціч.

т. 13, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРМАФРАДЫТЫ́ЗМ, двухполавасць, бісексуалізм,

наяўнасць прыкмет мужчынскага і жаночага полу ў аднаго арганізма. Бывае натуральны, уласцівы вышэйшым і ніжэйшым раслінам (аднадомнасць, гоматалізм) і беспазваночным жывёлам (чэрві, малюскі, ракападобныя і інш.), і анамальны (заганы развіцця), які трапляецца і ў чалавека. Пры натуральным гермафрадытызме ў арганізме адначасова ўтвараюцца яйцы і сперматазоіды; здольнасцю да апладнення валодаюць абодва віды палавых клетак або адзін з іх. Анамальны гермафрадытызм — прыроджаная, у большасці выпадкаў генетычна абумоўленая паталогія, што ўзнікае пры парушэнні развіцця палавых залоз і іх гарманальнай дзейнасці; назіраецца ў чалавека і жывёл. Можа быць сапраўдны (наяўнасць палавых залоз абодвух полаў) і несапраўдны (псеўдагермафрадытызм), калі палавыя залозы сфарміраваны правільна, па мужчынскім або жаночым тыпе, але вонкавыя палавыя органы маюць прыкметы двухполавасці.

У чалавека сапраўдны гермафрадытызм трапляецца рэдка; характэрна наяўнасць яечніка і яечак або змешанай залозы, часцей мужчынскі набор палавых храмасом (46 XY). Другасныя палавыя прыкметы, як правіла, маюць элементы абодвух полаў. Гермафрадытызм несапраўдны бывае вонкавы і ўнутраны. Пры вонкавым мужчынскім гермафрадытызме ёсць мужчынскія палавыя залозы, а вонкавыя палавыя органы падобныя да жаночых; пры ўнутраным — побач з яечнікамі, недаразвітай прадстацельнай залозай і семявымі пузыркамі могуць быць матка і матачныя трубы. Зрэдку трапляюцца выпадкі жаночага несапраўднага гермафрадытызму, калі сфарміраваны яечнікі, а вонкавыя палавыя органы і другасныя палавыя прыкметы развіваюцца па мужчынскім тыпе. Лячэнне гермафрадытызму: аператыўная змена полу. Дзетанараджэнне немагчыма.

Літ.:

Савченко Н.Е. Гипоспадия и гермафродитизм. Мн., 1974;

Голубева И.В. Гермафродитизм. М., 1980.

М.​Я.​Саўчанка.

т. 5, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)