ВАЛЕ́РА, Валера-і-Алькала Галіяна (Valera y Alcalá Galiano) Хуан (18.10.1824, г. Кабра, Іспанія — 18.4.1905), іспанскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Чл. Каралеўскай акадэміі (1858). Па адукацыі юрыст. Быў на дыпламат. службе. У 1840-я г. выступіў як паэт і літ. крытык. Яго эстэт. погляды склаліся пад уплывам антычнага і рэнесансавага неаплатанізму. У раманах «Пепіта Хіменес» (1874), «Камандор Мендоса» (1877), «Донна Лус» (1879) выкрываў рэліг.-аскетычныя догмы. У рамане «Хуаніта Доўгая» (1895) паказаў, як каханне пераадольвае класава-саслоўныя перагародкі. Сац.-філас. аналіз краху, які перажывае інтэлігент пры сутыкненні з рэчаіснасцю, дадзены ў рамане «Ілюзіі доктара Фаусціна» (1875). Раман «Марсамор» (1899) — філас. прытча пра марнасць чалавечых жаданняў. Проза Валера, адметная незвычайным фармальным майстэрствам, псіхааналізам і філас. глыбінёй, — адна з вяршынь ісп. рэалізму 19 ст. Аўтар кніг літ.-крытычных артыкулаў. Пераклаў на ісп. мову «Фауст» І.В.Гётэ і «Дафніс і Хлоя» Лонга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛЕ́ЗСКІЯ ШКО́ЛЫ,
дзве літаратурныя школы ў Германіі ў 17 ст. Назва ад цэнтра літ. суполак у сілезскім г. Брэслаў. Заснавальнік першай С.ш. паэт М.Опіц, які першы пачаў пісаць філас.грамадз. лірыку на ням. мове, паслядоўна правёў сілаба-танічную рэформу і напісаў трактат па паэтыцы «Кніга пра нямецкае майстэрства паэзіі» (1624). Ён вызначыў стыль паэтаў гэтай школы, у творчасці якіх рысы барока спалучаліся з элементамі класіцызму, рацыяналізмам і афарыстычнасцю формы (П.Флемінг, Ф. фон Логаў). Асн. праблематыка — 30-гадовая вайна, адказнасць чалавека перад часам, айчынай і сабою. Другая С.ш. ўзнікла ў 2-й пал. 17 ст. (К.Г.Гофмансвальдаў, Д. фон Лоэнштайн, К.Грыфіус) і належыць да барока. Яе стыль адзначаны моцным уплывам марынізму і прэцыёзнай літаратуры, адметны складанай метафарычнасцю, маляўнічасцю, музычнасцю і вытанчанасцю формы. Асн. тэмы — марнасць быцця і велічнасць чалавечага духу, каханне, а таксама геданізм і эратычныя матывы. Абедзве С.ш. з’явіліся фундаментам класічнай ням. паэзіі.
Літ.:
Синило Г.В. Немецкая литература XVII в. // Разумовская М.В., Синило Г.В., Солодовников С.В. Литература XVII—XVIII вв. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКСАГА́НСКІ (сапр.Табілевіч) Панас Карпавіч
(15.5.1859, с. Каменна-Каставатае Мікалаеўскай вобл., Украіна — 17.9.1940),
украінскі акцёр і рэжысёр. Брат І.Карпенкі-Карага, М.Садоўскага. Нар.арт.СССР (1936). Прафес. акцёрскую дзейнасць пачаў у 1883 у трупе М.Старыцкага. У 1890—1909, 1915—17 арганізоўваў і ўзначальваў т-вы ўкр. акцёраў (з Садоўскім, М.Крапіўніцкім, М.Занькавецкай, Карпенкам-Карым, І.Мар’яненкам). У 1918 стварыў у Кіеве Нар.т-р, з якога ў 1922 арганізаваны Укр.драм.т-р імя Занькавецкай. Працаваў у ім (з перапынкамі) да 1932, а таксама ў т-ры імя І.Франко, у 1927—31 у Харкаўскім нар. т-ры. Тонкі знешні малюнак ролі, дасканалая прапрацоўка дэталей, багатая адценнямі сцэн. мова, нар. гумар — характэрныя рысы яго выканальніцкай дзейнасці. Сярод лепшых роляў: Возны («Наталка Палтаўка» І.Катлярэўскага), Карась («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Банавентура, Гнат Голы, Тарабанаў («Сто тысяч», «Мартын Баруля», «Марнасць» Карпенкі-Карага), Галахвосты («За двума зайцамі» Старыцкага), Франц («Разбойнікі» Ф.Шылера). З 1889 працаваў як рэжысёр. Паставіў п’есы «Абяздоленая», «Марасць» Карпенкі-Карага (1890, 1904), «Па рэвізіі» Крапіўніцкага (1891), «Урыэль Акоста» К.Гуцкава (1918), «Атэла» У.Шэкспіра (1926).