ЗАБО́РАЎ (Барыс Абрамавіч) (н. 16.10.1935, Мінск),

бел. мастак. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1954), Маскоўскі маст. ін-т імя В.Сурыкава (1961). Працуе ў станковым жывапісе, графіцы, скульптуры, тэатр.-дэкарацыйным мастацтве. У 1962—80 працаваў у Мінску. Сярод работ: ілюстрацыі да твораў У.Шэкспіра, А.Пушкіна, Ф.Дастаеўскага (залаты медаль у Дрэздэне 1971), А.Уайльда, Р.Барадуліна; жывапісныя творы «Сазопальскія рыбакі», серыя «Стары Талін» (усе 1965), «Палескія музыкі» (1966); дэкарацыі і касцюмы да спектакляў «Тысяча франкаў узнагароды» (1962) В.Гюго, «Мой няшчасны Марат» (1965) А.Арбузава, «Навальніца» (1976) А.Астроўскага — усе для Нац. акад. т-ра імя Я.Купалы. З 1980 у Парыжы. Творчай манеры ўласцівы інтэрпрэтацыя старой фатаграфіі як вобраза мінулага свету, складаная вобразная сістэма, настальгічнасць, выкарыстанне тэхнікі жывапісу па ляўкасе: «Пейзаж з лодкай» (1983), «Вясковая хата» (1986), «Нацюрморт з вазай» (1988), «Дыялог» і «Аголеная ў садзе» (абедзве 1989), «Дзяўчынка і манекены» (1992). Аўтар касцюмаў да спектакляў «Маскарад» (1922) М.Лермантава, «Лукрэцыя Борджыа» (1994) В.Гюго, «Месяц у вёсцы» (1966) I. Тургенева — усе для тэатра «Камеды Франсэз» (Парыж).

І.М.Мятліцкая, А.А.Сурскі.

Б.Забораў. Аголеная ў садзе. 1989.

т. 6, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)