ШУЛЬГА́ Сяргей Мікалаевіч (н. 15.11.1953, г. Бугульма, Татарстан),

бел. акцёр, кінарэжысёр. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1975), Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1985). З 1975 у Магілёўскім абл. драм. т-ры, у 1976—77, 1979—80 у Бел. т-ры імя Я.​Коласа. З 1985 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм», з 1997 — у «Белвідэацэнтры». Сярод найб. значных роляў: у Магілёўскім т-ры — Дзімка Малахаў («Апошняя інстанцыя» М.​Матукоўскага), Пашка («Летась у Чулімску» А.​Вампілава), Марат («За ўсё добрае — смерць» М.​Ібрагімбекава); у т-ры імя Я.​Коласа — Сымон («Сымон-музыка» паводле аднайм. твора Я.​Коласа), Арман Дзюваль («Дама з камеліямі» А.​Дзюма-сына), Кей («Снежная каралева» Я.​Шварца), Сакрат («Ноч пасля выпуску» У.​Цендракова). Паставіў фільмы: маст. — «Цубанікі» (1988, паводле А.​Дударава), «Хам» (4 серыі, 1989, з Дз.​Зайцавым), «Хроніка мёртвай Савы» (1994; тэлевізійны фільм-спектакль), а таксама шэраг кароткаметражных фільмаў; дакумент. — «Пра кінарэжысёра» (1997), «Шляхі Гасподнія...» (1999), «Экспансія» (2000), «Час акцёра. Дывертысмент» (2001), «Яго Вялікасць Тэатр» (2002). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978.

т. 17, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)