НІ́ЖНІКАВА (Тамара Мікалаеўна) (н. 9.3.1925, г. Самара, Расія),

бел. спявачка (каларатурнае сапрана), педагог. Нар. арт. Беларусі (1955). Нар. арт. СССР (1964). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1949, клас. М.​Уладзіміравай). У 1951—76 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1964 адначасова выкладчык Бел. акадэміі музыкі (з 1980 праф., у 1976—86 заг. кафедры). Валодае голасам чыстага серабрыстага тэмбру, філіграннай каларатурнай тэхнікай. Яе творчасці характэрны мяккі лірызм, жаноцкасць, шчырасць і шматграннасць у абмалёўцы вобразаў. Сярод партый у нац. операх: Марфачка, Баба-Лапатуха («Дзяўчына з Палесся» і «Міхась Падгорны» Я.​Цікоцкага), Марынка («Марынка» Р.​Пукста), Ірына («Калючая ружа» Ю.​Семянякі); у класічным рэпертуары — Антаніда («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Валхава, Марфа, Шамаханская царыца («Садко», «Царская нявеста», «Залаты пеўнік» М.​Рымскага-Корсакава), Ганна («Страшны двор» С.​Манюшкі), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Джыльда, Віялета («Рыгалета», «Травіята» Дж.​Вердзі), Цэрліна («Фра-Д’ябала» Ф.​Абера), Лакмэ («Лакмэ» Л.​Дэліба), Лейла, Мікаэла («Шукальнікі жэмчугу» і «Кармэн» Ж.​Бізэ), МанонМанон» Ж.​Маснэ), Цэрліна («Дон Жуан» В.​А.​Моцарта), Мюзета («Багема» Дж.​Пучыні); у класічных аперэтах — Адэль, Арсена («Лятучая мыш», «Цыганскі барон» І.​Штрауса), Жэрмен («Карневільскія званы» Р.​Планкета). У яе канцэртным рэпертуары значнае месца займалі творы бел. кампазітараў, напісаныя спецыяльна для яе (Л.​Абеліёвіча, Пукста, Семянякі, Цікоцкага), бел. нар. песні. Удзельнічае ў перадачах бел. тэлебачання і радыё. Сярод вучаніц: засл. артыстка Беларусі Л.​Лют, А.​Бундзелева, В.​Курбацкая, А.​Ніжнікава, А.​Шведава і інш.

Літ.:

Смольскі Б.С. Любімая спявачка // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960;

Івашкоў Л. Артыстка, педагог, калега: Народнай артыстцы СССР Т.​Ніжнікавай — 60 гадоў // Мастацтва Беларусі. 1985. № 4.

А.​Я.​Ракава.

Т.М.Ніжнікава.
Т.Ніжнікава ў ролі Віялеты.

т. 11, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМІ́НГА ((Domingo) Пласіда) (н. 21.1.1941, Мадрыд),

іспанскі спявак (тэнар). З сям’і акцёраў і спевакоў — выканаўцаў сарсуэл. Вучыўся ў бацькоў і ў кансерваторыі ў Мехіка. З 1966 выступае ў буйнейшых т-рах свету, з 1968 саліст т-ра «Метраполітэн-опера»; спявае і ў т-ры «Ла Скала». Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў стылю бельканта, выконвае лірычныя і драм. партыі: Атэла, Радамес, Альфрэд, Дон Карлас («Атэла», «Аіда», «Травіята», «Дон Карлас» Дж.​Вердзі), Каварадосі, Калаф, Рэнэ дэ Грые («Тоска», «Турандот», «Манон Леско» Дж.​Пучыні), Вертэр у аднайм. операх Вердзі і Ж.​Маснэ. Яго выкананне вылучаецца вышэйшым сінтэзам акцёрскага і вак. майстэрства, натуральнай, спантаннай эмацыянальнасцю. Выступае як оперны дырыжор, здымаецца ў кіно («Травіята», 1983). Аўтар кн. «Мае першыя сорак гадоў» (рус. пер. 1989).

П.Дамінга ў ролі Калафа.

т. 6, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКМІ́ЛАН, Мак Мілан (Mac Millan) Кенет (11.12.1929, г. Данфермлін, Вялікабрытанія — 1992), англійскі артыст балета і балетмайстар. Вучыўся ў балетнай школе трупы «Сэдлерс Уэлсбале» (Лондан). У 1946—48 саліст гэтай трупы. З 1950-х г. балетмайстар, у т. л. ў Штутгарцкім балеце, Амер. т-ры балета (Нью-Йорк), Ням. гар. оперы (Зах. Берлін, 1966—69). У 1970—77 дырэктар, з 1977 маст. кіраўнік Каралеўскага балета Вялікабрытаніі. Паставіў балеты «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева (1965) і «Манон» на муз. Ж.​Маснэ (1974), якія ў яго пастаноўцы ідуць на многіх сцэнах свету. З інш. пастановак: «Канцэртныя танцы» (на муз.), «Агон», «Пацалунак феі» і «Вясна свяшчэнная» І.​Стравінскага, «Трыяда» на муз. Пракоф’ева, «Поры года» на муз. Дж.​Вердзі, «Гларыяна» на муз. Б.​Брытэна, «Сфінкс» Д.​Міё, «Маерлінг» на муз. Ф.​Ліста, «Канец дня» на муз. М.​Равеля.

т. 9, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУШАКО́Ў (Валерый Ігнатавіч) (н. 1.9.1926, г. Бабруйск Магілёўскай вобл.),

бел. спявак (лірычны тэнар). Нар. арт. Беларусі (1964). Скончыў Бел. кансерваторыю (1956, клас Я.Віцінга). У 1954—56 саліст Бел. філармоніі, у 1956—78 — Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодае гібкім голасам цёплага тэмбру, майстэрствам стварэння псіхалагічна выразных вобразаў, асабліва лірычнага плана. Сярод роляў у нац. операх: Андрэй, Супонька, Пётр («Калючая ружа», «Калі ападае лісце», «Зорка Венера» Ю.​Семянякі), Уронак («Яснае світанне» А.​Туранкова), Марцін («Міхась Падгорны» Я.​Цікоцкага); у класічных — Уладзімір Ігаравіч («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Звездачот, Індыйскі госць («Залаты пеўнік» М.​Рымскага-Корсакава), Юродзівы («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Андрэй («Запарожац за Дунаем» С.​Гулак-Арцямоўскага), Фауст («Фауст» Ш.​Гуно), Надзір («Шукальнікі жэмчугу» Ж.​Бізэ), дэ Грые, Вертэр («Манон», «Вертэр» Ж.​Маснэ), Герцаг, Альфрэд («Рыгалета», «Травіята» Дж.​Вердзі), Энца («Джаконда» А.​Панк’елі), Рудольф («Багема» Дж.​Пучыні).

Літ.:

Загародні Г. Валерый Глушакоў // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967.

А.​Я.​Ракава.

В.І.Глушакоў.
В.Глушакоў у ролях Марціна (злева) і кавалера дэ Грые.

т. 5, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСНЭ́ ((Massenet) Жуль Эміль Фрэдэрык) (12.5.1842, Манто, каля г. Сент-Эцьен, Францыя — 13.8.1912),

французскі кампазітар, педагог. Чл. Ін-та Францыі (1878). Прэзідэнт Акадэміі прыгожых мастацтваў (1910). У 1852—63 (з перапынкам) вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі ў А.​Тама; у 1878—96 яе праф. У 1863 атрымаў Рымскую прэмію. Разам з Ш.Гуно — адзін з вядучых прадстаўнікоў лірычнай оперы. Валодаў яскравым меладычным дараваннем, стварыў гнуткі арыёзна-дэкламацыйны вак. стыль. Сярод твораў: каля 30 опер, у т. л. «Дон Сезар дэ Базан» (паст. 1872), «Манон» (1884), «Вертэр» (1886), «Таіс» і «Наварка» (абедзве 1894), «Сафо» (1897), «Жанглёр Божай Маці» (1902), «Дон Кіхот» (1910), «Панург» (1913); аперэты; балеты «Куранты» (1892), «Цыкада» (1904), «Тарэра» («Эспада», 1908); 4 араторыі (1873, 1875, 1880, 1900); кантаты, у т. л. «Давід Рыцыо» (1863), «Мір і свабода» (1867); 7 праграмных сюіт і інш. для арк.; каля 200 рамансаў і песень, вак. цыклы; музыка да драм. спектакляў і інш. Сярод вучняў: А.​Бруно, Ш.​Кеклен, Ж.​Цьерсо, Г.​Шарпанцье, Э.​Шасон, Ф.​Шміт, Дж.Энеску. Аўтар успамінаў (1912).

Літ.:

Кремлев Ю. Жюль Массне. М., 1969.

т. 10, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРЭ́ЙКА ((Noreika) Віргіліюс-Кястуціс) (н. 22.9.1935, г. Шаўляй, Літва),

літоўскі спявак (тэнар), педагог. Нар. арт. СССР (1970). Скончыў Вільнюскую кансерваторыю (1958, клас К.Пятраўскаса), з 1976 выкладае ў Літ. муз. акадэміі (з 1987 праф.). З 1957 саліст, у 1975—91 маст. кіраўнік і дырэктар Літоўскай оперы. Спявае ў буйнейшых т-рах свету. Валодае гнуткім голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону, роўным ва ўсіх рэгістрах, яскравым артыстызмам. Сярод партый: Даніла, Андрус, Нагліс, Юлюс («Піленай», «Дачка», «Вайва», «Ave, vita» В.​Кловы), Скудуціс і Юргяліс («Даля» Б.​Дварыёнаса), Тадас («Птушкі, якія заблудзіліся» В.​Лаўрушаса), Альфрэд, Герцаг, Атэла («Травіята», «Рыгалета», «Атэла» Дж.​Вердзі), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ), Пінкертон, Каварадосі, Рудольф («Мадам Батэрфляй», «Тоска», «Багсма» Дж.​Пучыні), Вертэр і дэ Грые («Вертэр» і «Манон» Ж.​Маснэ), Эдгар, Немерык («Лючыя ды Ламермур», «Любоўны напітак» Г.​Даніцэці), Ленскі («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Уладзімір Ігаравіч («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Моцарт («Моцарт і Сальеры» М.​Рымскага-Корсакава), Прынц («Любоў да трох апельсінаў» С.​Пракоф’ева), Валодзя Гаўрылаў («Не толькі любоў» Р.​Шчадрына). Здымаецца ў кіно. Дзярж. прэміі Літвы 1960, 1970.

Літ.:

Гусев А., Хачатурова Н. Виргилиюс Норейка. М., 1982.

В.Нарэйка.

т. 11, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)