«ВО́ЛГА»,

легкавы аўтамабіль сярэдняга класа. Выпускаецца вытв. аб’яднаннем «ГАЗ» (г. Ніжні Ноўгарад, Расія) з 1956. Базавая мадэль — 4-дзверны седан ГАЗ-31029 з 4-цыліндравым рухавіком (рабочы аб’ём 2,4 л, магутнасць 74 кВт; скорасць да 145 км/гадз). Асвоена поўнапрыводная мадэль ГАЗ-3105 з рухавіком магутнасцю да 125 кВт.

Да арт. «Волга»: ГАЗ-3102 (уверсе), ГАЗ-3105.

т. 4, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЗ,

сям’я легкавых аўтамабіляў, якія выпускаюцца Волжскім аўтамаб. з-дам з 1970 (г. Тальяці, Расія). Кузаў нясучы тыпу седан, універсал або комбі. Мадэлі 2101—2107 класічнай кампаноўкі маюць назву «Жыгулі», поўнапрывадная мадэль 2121 — «Ніва», пярэднепрывадныя 2108 — «Лада-Спадарожнік», 2109 і 21099 — «Лада-Самара» і асабліва малая мадэль — «Лада-Ака» (аб’ём цыліндраў 0,65 л; разам з КАМАЗам); мадэлі, што ідуць на экспарт, — «Лада». Рабочы аб’ём рухавіка да 1,6 л, магутнасць да 58 кВт, скорасць да 155 км/гадз.

Аўтамабілі ВАЗ: «Лада Ніва 4ВД» (уверсе); «Лада Самара 5д».

т. 3, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫК ((Crick) Фрэнсіс Хары Комптан) (8.6.1916, г. Нартгемптан, Вялікабрытанія),

англійскі біяфізік; адзін з заснавальнікаў малекулярнай генетыкі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1959), Нац. АН ЗША (1960), ганаровы чл. Амерыканскай акадэміі навук і мастацтваў (1962). Скончыў Лонданскі універсітэцкі каледж (1937). У 1937—39 і 1947—77 у Кембрыджскім ун-це, у 1953—54 у Бруклінскім політэхнічным ін-це, з 1977 у Солкаўскім ін-це ў г. Сан-Дыега (ЗША). Навук. працы па вывучэнні структуры нуклеінавых кіслот. У 1953 разам з Дж.Уотсанам стварыў мадэль структуры ДНК (мадэль Уотсана—Крыка, двайная спіраль). Нобелеўская прэмія 1962 (разам з Дж.​Уотсанам і М.Уілкінсам).

Ф.Крык.

т. 8, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЛЯ́Ж (франц. moulage ад mouler фармаваць),

злепак або мадэль прадмета (з гіпсу, воску, парафіну і інш.) у натуральную велічыню; служыць у якасці нагляднага дапаможніка, напр., М. плода, органа, часткі цела.

т. 11, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСАЛЮ́ТНА ЧО́РНАЕ ЦЕ́ЛА,

ідэалізаваны аб’ект, які поўнасцю паглынае эл.-магн. выпрамяненне, што падае на яго (паглынальная здольнасць роўная адзінцы). У прыродзе не існуе, хоць паглынальная здольнасць некаторых рэчываў (сажа, плацінавая чэрнь) блізкая да 0,95. Штучная мадэль абсалютна чорнага цела (гл. рыс.) — вял. пустая замкнёная поласць з непразрыстымі сценкамі і маленькай уваходнай адтулінай. Пры звычайных т-рах выпрамяненне A, якое ўваходзіць праз адтуліну, шмат разоў адбіваецца ад сценак поласці C і практычна назад не выходзіць. Выпрамяненне абсалютна чорнага цела вызначаецца толькі яго абс. т-рай, размеркаванне энергіі ў ім падпарадкоўваецца Планка закону выпрамянення. Адыгрывае важную ролю ў тэорыі эл.-магн. выпрамянення.

Мадэль абсалютна чорнага цела. A — выпрамяненне; C — поласць.

т. 1, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРСЕПТРО́Н (англ. perceptron ад лац. perceptio разуменне, успрыманне),

сістэма, якая мадэлюе ўспрыманне вобразаў. Прапанаваны амер. вучоным Ф.​Розенблатам (1957; зрокавы аналізатар «Марк-1»). Тэрмін «П.» выкарыстоўваюць таксама ў дачыненні да сістэм (пераважна на базе ЭВМ) для рашэння задач, звязаных з распазнаваннем вобразаў.

Мадэль успрымання (персептыўную мадэль) можна ўявіць у выглядзе 3 слаёў нейронаў: рэцэптарнага (S), пераўтваральных нейронаў (A) і слоя рэагавальных нейронаў (R). Ад знешняга ўзбурэння ў S-слоі ўзнікаюць сігналы, якія распаўсюджваюцца па нервовых шляхах (гл. Нейронная сетка) і дасягаюць A-слоя, дзе ў адпаведнасці з сукупнасцю ўваходных сігналаў выпрацоўваюцца новыя сігналы, якія паступаюць у R-слой. Успрыманне якога-н. аб’екта адпавядае ўзбуджэнню пэўных нейронаў з R-слоя.

т. 12, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДЭА́ЛЬНЫ ГАЗ,

тэарэтычная мадэль газу, у якой не ўлічваецца ўзаемадзеянне часціц газу (сярэдняя кінетычная энергія часціц намнога большая за энергію іх узаемадзеяння). Адрозніваюць І.г. класічны і квантавы. Уласцівасці класічнага І.г. апісваюцца Клапейрона—Мендзялеева ўраўненнем і яго асобнымі выпадкамі — Бойля—Марыёта законам, Гей-Люсака законам, Шарля законам; часціцы размеркаваны па энергіях у адпаведнасці з Больцмана статыстыкай. Мадэль класічнага І.г. добра апісвае разрэджаныя рэальныя газы пры т-рах, далёкіх ад т-ры іх кандэнсацыі. Пры паніжэнні т-ры або павелічэнні яго шчыльнасці неабходна ўлічваць квантавыя (хвалевыя) уласцівасці часціц І.г., калі даўжыня іх хваль дэ Бройля пры скарасцях, парадку цеплавых, параўнальная з адлегласцямі паміж часціцамі. Пры гэтым квантавы І.г. апісваецца Бозе—Эйнштэйна статыстыкай або Фермі—Дзірака статыстыкай.

Р.​М.​Шахлевіч.

т. 7, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПО́РШЭ»

(Porsche),

сям’я спартыўных і турыстычных аўтамабіляў аднайменнай герм. фірмы. Выпускаецца з 1948. Вырабляюцца мадэлі задне- ці поўнапрывадныя з кузавамі тыпу купэ і кабрыялет. Магутнасць рухавіка да 316 кВт, найб. скорасць да 295 км/гадз.

«Поршэ» мадэль Карэра серыі 911.

т. 12, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАСКВІ́Ч»,

легкавыя аўтамабілі малога класа. Выпускаюцца Маскоўскім аўтамаб. з-дам імя Ленінскага камсамола з 1946. Кузаў нясучы тыпу седан або універсал. Рабочы аб’ём рухавіка да 1,7 л, магутнасць да 63 кВт, найб. скорасць да 160 км/гадз.

Да арт. «Масквіч»: мадэль «Алека»-2141.

т. 10, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РО́ВЕР»

(Rover),

сям’я легкавых аўтамабіляў сярэдняга класа аднайменнай англ. фірмы. Выпускаюцца з 1904. Большасць мадэлей мае кузаў седан ці хэтчбэк, бензінавы рухавік магутнасцю ад 39 да 148 кВт; найб. скорасць ад 143 да 240 км/гадз.

Легкавы аўтамабіль «Ровер» мадэль «114 кабрыялет».

т. 13, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)