ПАЛЕАМАГНЕТЫ́ЗМ (ад палеа... + магнетызм),

археамагнетызм, уласцівасць горных парод намагнічвацца ў час свайго фарміравання і захоўваць набытую (рэшткавую) намагнічанасць у наступныя геал. эпохі. Фіксатары стараж. намагнічанасці — базальтавыя лавы, чырванаколерныя адклады, асобныя шэрыя гліны і інш. пароды з вял. колькасцю ферамагнітных мінералаў (магнетыт, гематыт, ільменіт, тытанамагнетыт і інш.). П. — таксама раздзел зямнога магнетызму, які вывучае магнітнае поле Зямлі геал. мінулага. Палеамагнітныя даследаванні дапамагаюць вывучаць эвалюцыю і інверсіі геамагнітнага поля, дрэйф кантынентаў, стратыграфію і абсалютны ўзрост адкладаў (створана абсалютная палеамагнітная геахраналагічная шкала), палеагеагр. і палеатэктанічныя ўмовы і інш.

Р.А.Зінава.

Да арт. Палеамагнетызм. Абсалютная палеамагнітная геахраналагічная шкала для апошніх 4,5 млн. гадоў.

т. 11, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЎС ((Gauβ) Карл Фрыдрых) (30.4.1777, г. Браўншвайг, Германія — 23.11.1855),

нямецкі матэматык, астраном і фізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1804), акад. Парыжскай (1820) і Пецярбургскай (1824) АН. Вучыўся ў Гётынгенгскім ун-це (1795—98), з 1807 праф. і дырэктар астр. абсерваторыі гэтага ун-та. Навук. працы па матэматыцы, астраноміі, фізіцы і геадэзіі. Даказаў асн. тэарэму алгебры пра існаванне хоць бы аднаго кораня ва ўсякім алгебраічным ураўненні, прапанаваў метад вылічэння эліптычнай арбіты нябеснага цела Сонечнай сістэмы па трох назіраннях. У 1832 стварыў абс. сістэму адзінак (міліметр, міліграм, секунда), разам з В.Веберам пабудаваў першы ў Германіі эл.-магн. тэлеграф (1833). Вывучаў зямны магнетызм, распрацаваў тэорыю патэнцыялу і сфармуляваў асн. тэарэму электрастатыкі (гл. Гаўса тэарэма). Заклаў матэм. асновы вышэйшай геадэзіі, прапанаваў найменшых квадратаў метад. Распрацаваў тэорыю пабудовы відарысаў у складаных аптычных сістэмах (1840), выказаў думку пра канечнасць скорасці распаўсюджвання эл.-магн. узаемадзеянняў, прыйшоў да высновы аб магчымасці існавання нееўклідавай геаметрыі.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. тр. по земному магнетизму. Л., 1952.

Літ.:

Карл Фридрих Гаус. М., 1956.

т. 5, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ТНАЯ ГІДРАДЫНА́МІКА,

галіна фізікі, якая вывучае рух электраправодных газаў і вадкасцей (вадкіх металаў, электралітаў, плазмы) ва ўзаемадзеянні з магнітным полем. Да асн. пытанняў М.г. адносяць даследаванні ўмоў раўнавагі магн. поля з электраправодным асяроддзем, цячэнняў у магн. полі, магнітадынамічных хваль, знаходжанне ўмоў устойлівасці раўнаважных канфігурацый і цячэнняў.

Тэарэт. аснова М.г. — ураўненні гідрадынамікі з улікам эл. токаў і магн палёў у асяроддзі і Максвела ўраўненні. У асяроддзях 3 вял. праводнасцю (гарачая плазма) і (або) вял. памерамі (астрафіз. аб’екты) да звычайнага газадынамічнага ціску дадаецца магн. ціск і магн. нацяжэнне, што прыводзіць да з’яўлення т.зв. альвенаўскіх хваль. М.г. тлумачыць таксама з’явы касм. фізікі: зямны і сонечны магнетызм, паходжанне магн. палёў у Галактыцы, храмасферныя ўспышкі на Сонцы, Магн. буры і інш. Як самаст. навука М.г. сфармулявана ў 1940-х г. шведскім фізікам і астрафізікам Х.Альвенам, які прадказаў новы від хваль, характэрных для добраправоднага асяроддзя ў магн. полі. З 1960-х г. даследаванні па М.г. значна пашырыліся за кошт узнікнення новых відаў вадкіх асяроддзяў, што ўзаемадзейнічаюць з магн. палямі і маюць уласную намагнічанасць (магн. вадкасці і магнітарэалагічныя суспензіі).

На Беларусі даследаванні па М.г. магн. вадкасцей і магнітарэалагічных суспензій вядуцца ў Ін-це цепла- і масаабмену Нац. АН Беларусі, БПА. Розныя эфекты, што вывучаюцца М.г., знайшлі выкарыстанне ў інж. практыцы (стварэнне магнітагідрадынамічных генератараў, МГД-помпаў, ракетных рухавікоў, магчымае ажыццяўленне кіроўнага тэрмаядзернага сінтэзу і інш.).

Літ.:

Альвен Х., Фельтхаммар К.-Г. Космическая электродинамика: Пер. с англ. 2 изд. М., 1967;

Электрогазодинамические течения. М., 1983.

В.Р.Батавой.

т. 9, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ТНАЕ ПО́ЛЕ,

адна з форм існавання электрамагнітнага поля, якая выяўляецца ў сілавым уздзеянні на рухомыя эл. зарады (эл. токі) і магніты. Асн. характарыстыкі М.п. — магнітная індукцыя і напружанасць магнітнага поля. Паводле Максвела ўраўненняў крыніцамі М.п. могуць быць эл. токі, целы з ненулявым магнітным момантам і пераменныя эл. палі.

Адсутнасць у прыродзе адасобленых магн. полюсаў (гл. Манаполь магнітны) прыводзіць да таго, што М.п. саленаідальнае (лініі поля заўсёды замкнёныя) у адрозненне ад электрастатычнага поля, якое з’яўляецца патэнцыяльным (лініі поля бяруць пачатак на дадатных эл. зарадах). Пры вывучэнні ўласцівасцей М.п. пробным элементам (індыкатарам поля) служыць магн. дыполь — замкнёны плоскі контур з эл. токам або пастаянны магніт невялікіх памераў, што дае магчымасць вызначыць напрамак вектара магнітнай індукцыі ў кожным пункце поля. М.п., створанае правадніком адвольнай формы з эл. токам, вызначаецца паводле Біо—Савара закону. Наяўнасць М.п. ў касм. аб’ектаў (Сонца, зорак, некат. планет, міжпланетнай прасторы) прыводзіць да спецыфічных геамагн. і астрафіз. з’яў (напр., магнітныя буры, сінхратроннае выпрамяненне, сонечны вецер), а наяўнасць уласнага магн. моманту ў элементарных часціц — да праяўлення магн. уласцівасцей рэчыва (напр., дыямагнетызм, парамагнетызм, фера магнетызм). Напружанасць М.п. міжпланетнай прасторы 10​−3—10​−4 А/м, Зямлі ~40 А/м, зорак да 10​9—10​10 А/м; звышправодныя саленоіды могуць ствараць М.п. напружанасцю да 10​6 А/м. М.п. выкарыстоўваецца ў паскаральніках зараджаных часціц, для ўтрымання гарачай плазмы ва ўстаноўках кіравальнага тэрмаядз. сінтэзу, ва ўсіх канструкцыях і прыстасаваннях электра- і радыётэхнікі, выліч. тэхнікі і электронікі.

А.І.Болсун.

Магнітнае поле: 1 — прамалінейнага правадніка з электрычным токам (I — сіла току, B — магнітная індукцыя); 2 — саленоіда.

т. 9, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАФІ́ЗІКА (ад геа... + фізіка),

навука аб фіз. палях Зямлі, фіз. уласцівасцях і будове рэчыва Зямлі і працэсах ва ўсіх геасферах. У вузкім сэнсе геафізіка — навука аб фіз. з’явах у цвёрдых сферах: зямной кары, мантыі Зямлі, ядры Зямлі. Фіз. працэсы ў гідрасферы вывучае гідрафізіка, у атмасферы — фізіка атмасферы.

Элементы натуральнай геафізікі вядомы з прац антычных вучоных. У 17—19 ст. адкрыты асн. законы макраскапічнай фізікі, створаны першыя геафізічныя абсерваторыі. Як комплексная навука геафізіка аформілася ў сярэдзіне 19 ст., у сучасным разуменні — з 1960-х г. Асновы тэорыі і прыкладной геафізікі распрацавалі Д.Ф.Араго, (Францыя), Б.Гутэнберг (ЗША), Х.Джэфрыс (Вялікабрытанія), рус. і сав. вучоныя А.Дз.Архангельскі, Р.А.Гамбурцаў, М.С.Маладзенскі, А.М.Ціханаў, П.П.Лазараў, А.І.Забароўскі, У.У.Фядынскі, Э.Э.Фатыяды і інш. Геафізіка падзяляецца на фізіку Зямлі і пошукава-разведвальную геафізіку (гл. Геафізічная разведка). Фізіка Зямлі — тэарэт. навука, якая фіз. метадамі даследуе глыбінную будову і глыбінныя працэсы Зямлі. У ёй вылучаюцца буйныя раздзелы: геадынаміка, геатэрмія, гравіметрыя, сейсмалогія, геамагнетызм (гл. Зямны магнетызм), геаэлектрыка, даследаванні мінералаў і горных парод пры высокіх ціску і т-рах. Пошукава-разведвальная геафізіка — прыкладная навука, якая фіз. і матэм. метадамі даследуе будову верхняй часткі зямной кары з мэтай пошукаў і разведкі радовішчаў карысных выкапняў, для вырашэння задач гідрагеалогіі і інж. геалогіі. У ёй вылучаюцца структурная (пошукі нафтавых і газавых радовішчаў), рудная (радовішчаў руд і рудных вузлоў) і прамысл. геафізіка (даследаванні геал. разрэзу свідравін). У 1970-я г. вылучылася вылічальная геафізіка, мэта якой — назапашванне, захоўванне і аналіз інфармацыі з шырокім выкарыстаннем ЭВМ. Геафізіка цесна звязана з фіз.-матэм., тэхн. (аўтаматыка, электроніка, кібернетыка, касманаўтыка) і геал. навукамі (геалогія, геахімія, планеталогія, тэктоніка і інш).

На Беларусі геафізіка развіваецца з 1930-х г., калі пачалі праводзіць гравіметрычную і магнітную здымку. З 1950-х г. вядзецца планамернае геафіз. вывучэнне тэр. краіны. Даследаванні праводзяць з 1957 у Геолагаразведачным навукова-даследчым інстытуце, з 1960 у Плешчаніцкай геафізічнай абсерваторыі, з 1971 у Інстытуце геалагічных навук Нац. АН Беларусі, Геафізічнай экспедыцыі і інш. падраздзяленнях ВА «Беларусьгеалогія», а таксама ў Гомельскім дзярж. ун-це і БДУ.

Г.І.Каратаеў.

т. 5, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)