КУРАКІ́,

бел. кулінарны выраб. У вараную тоўчаную бульбу дадавалі трохі мухі, ляпілі маленькія піражкі, качалі іх у тоўчаным семі лёну, пяклі на капусных лістах або на блясе.

т. 9, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУБЯНЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,

расліны, якія вырошчваюць для атрымання лубяных валокнаў. Паходзяць з розных сям., растуць ва ўмераных, трапічных і субтрапічных зонах. Адна- і шматгадовыя культуры. На Беларусі культывуюць лён-даўгунец, каноплі. Валакно знаходзіцца ў кары сцябла ў абутылону, джуту, лёну-даўгунцу (гл. ў арт. Лён), канапель, кенафу, кендыру, краталярыі, рамі і інш., у лісці агавы (валакно сізаль), новазеландскага лёну, прадзільнага банана (валакно манільская пянька) і інш. Валокны — сыравіна для тэкст. прам-сці, алей насення прыдатны ў ежу і на тэхн. мэты, з кастрыцы робяць буд. пліты, паперу, тэрмаізаляцыйныя матэрыялы, выкарыстоўваюць на паліва і інш.

У.​П.​Пярэднеў.

т. 9, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАТА́РНЯ,

машына або частка машыны (камбайна) для малацьбы с.-г. культур — выдалення насення з каласоў, мяцёлак, катахоў, кошыкаў і інш. Некаторыя М. таксама ачышчаюць і сартуюць зерне.

Існуюць М. для малацьбы збожжа (у т. л. ў складзе збожжаўборачнага камбайна), лёну (ільномалатарні, гл. Ільноўборачныя машыны), канапель (каноплемалатарні, гл. Каноплеўборачныя машыны), кукурузы, кенафу і інш. Есць селекцыйныя М. — для малацьбы раслін, што ўбіраюцца з доследных дзялянак. Першыя М. з’явіліся ў 17 ст. У канцы 18 ст. ў Шатландыі вынайдзены вярчальны малацільны барабан з трохграннымі біламі, з 1-й пал. 19 ст. выпускаюць малацільныя апараты з зубавымі барабанамі і зубчастымі дэкамі.

Да арт. Малатарня. Малатарня-веялка для вылучэння насення лёну, аддзялення галовак канюшыны і насеннікаў цукровых буракоў.

т. 10, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛЛЕГПРАМПРАЕ́КТ»,

праектны ін-т. Засн. ў 1970 як Мінскі філіял Кіеўскага дзярж. праектнага ін-та № 5. З 1973 галаўны ін-т па праектаванні прадпрыемстваў пач. апрацоўкі лёну. З 1994 адкрытае акц. т-ва «Беллегпрампраект» у складзе канцэрна «Беллегпрам». Асн. кірункі работы: праектаванне прадпрыемстваў лёгкай прам-сці.

т. 3, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́КРАШ (Лідзія Міхайлаўна) (н. 23.7.1934, г. Днепрадзяржынск, Украіна),

бел. вучоны ў галіне сельскай гаспадаркі. Жонка М.П.Кукраша. Д-р. с.-г. н. (1992). Скончыла БСГА (1958). З 1958 у Бел. НДІ земляробства і кармоў. Навук. працы па павышэнні ўрадлівасці і якасці лёну ва ўмовах інтэнсіўнага земляробства.

Л.В.Кукраш.

т. 8, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРБАФО́С,

O, O-дыметыл-S (1,2-дыкарбэтаксіэтыл) дытыяфасфат, хімічны прэпарат для аховы с.-г. культур ад шкодных насякомых; кантактавы інсектыцыд, акарыцыд і нематыцыд. Выкарыстоўваюць канцэнтрат эмульсіі для апырсквання збожжавых, цукр. буракоў, лёну, гародніны, яблынь, груш і інш. Сярэднетаксічны для чалавека і жывёл: ГДК 0,5 мг/м³, у вадзе — 0,05 мг/л.

т. 8, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАЗА́»,

«казёл», гульня-паказ і маска-персанаж у стараж. усх.-слав. нар. калядным абрадзе. Звязаны з традыцыяй земляробчых святкаванняў зімовага сонцавароту. На Беларусі вядома ўсюды, найб. пашыраны на Палессі.

Здольнага да імправізацыі выканаўцу ролі «К.» апраналі ў вывернуты кажух, надзявалі маску (яе магла замяняць шапка з аўчыны). Галаву маскі выразалі з дрэва і абшывалі аўчынай, да яе прымацоўвалі рогі (іх рабілі з лазы ці скруткаў саломы), вушы (часам са сталовых лыжак); ніжняя сківіца з барадой з лёну была рухомай. Вядома «К.» і ў выглядае вялікай лялькі на кіі. У абходны гурт на чале з «дзедам»-павадыром (яго прыбіралі таксама ў вывернуты кажух або рыззё, на спіне рабілі горб, надзявалі маску з бяросты, прыладжвалі бараду з лёну) уваходзілі адпаведна апранутыя «маладзіца», «афіцэр», «немец», «цыган», а таксама «песельнікі», музыка, механоша. Гурт спяваў спец. прымеркаваную песню, «К.» іншы раз імітавала яе сюжэт, прыкідвалася мёртвай (сімвал памірання і адраджэння прыроды).

М.​А.​Каладзінскі.

Калядная «каза»-маска. Вёска Бездзеж Драгічынскага раёна Брэсцкай вобл.

т. 7, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЁЎНЯ,

традыцыйная гаспадарчая пабудова для прасушкі збожжавых культур, канапель і лёну. Звычайна квадратная зрубная пабудова з імшанымі сценамі, насыпной столлю і шчыльна падагнанымі дзвярамі. Мае печ (без коміна), прыстасаванні для прасушкі снапоў — жэрдкі, якія перамяшчаюцца па дзвюх бэльках, умацаваных на выш. каля 1 м ад падлогі. Ё. часцей будавалі каля гумна або ўнутры яго (без страхі). Пашырана на Віцебшчыне, Магілёўшчыне і часткова Гомельшчыне.

т. 6, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БАЛЬТАВЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,

адзін з відаў мікраўгнаенняў, водарастваральныя солі кобальту. Кобальт як мікраэлемент садзейнічае фіксацыі атм. азоту, паскарае рост і павышае прадукцыйнасць с.-г. культур (бабовых, лёну, цукр. буракоў, ячменю і інш.). Найб. пашыраны CoSO4∙7H2O (гептагідрат сульфату кобальту ці кобальтавы купарвас) і CoCl2∙6H2O (гексагідрат дыхларыду кобальту). Выкарыстоўваюць на дзярнова-падзолістых і тарфяных глебах, водныя растворы — для перадпасяўной апрацоўкі насення і пазакаранёвай падкромкі.

т. 8, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПО́ (Аркадзь Іванавіч) (8.2.1904, в. Жданоўка Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — 5.1.1983),

бел. вучоны ў галіне селекцыі і раслінаводства. Акад. АН Беларусі (1950; чл.-кар. 1940), акад. Акадэміі с.-г. навук Беларусі (1957—61). Скончыў БСГА (1927), у 1932—41 працаваў у ёй. З 1944 у Ін-це сацыяліст. сельскай гаспадаркі АН Беларусі (з 1949 дырэктар). З 1953 акад.-сакратар Аддз. біял., с.-г. і мед. навук АН Беларусі, з 1956 — Аддз. раслінаводства і гал. вучоны сакратар Акадэміі с.-г. навук Беларусі. У 1960—72 у Бел. ін-це земляробства. Навук. працы па біялогіі канюшыны, агратэхніцы насенняводства збожжавых культур і лёну. Устанавіў заканамернасці аптымальнай гушчыні пасеву збожжавых і лёну ў залежнасці ад змены агратэхн. і прыродных фактараў. Рэкамендаваў наборы найб. эфектыўных культур для кармавых севазваротаў, сістэмы іх чаргавання і выкарыстання ўгнаенняў.

Тв.:

Основные вопросы посева зерновых культур и льна. Мн., 1950;

Кукуруза на полях Белоруссии. Мн., 1963 (у сааўт.);

Система удобрения и чередование культур в прифермских кормовых севооборотах с кукурузой (разам з Б.​С.​Жагрыным) // Весці АН БССР. Сер. с.-г. навук. 1969. № 4;

1970. № 1—2.

А.І.Лапо.

т. 9, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)