НЕРВІ́ЗМ,

кірунак у фізіялогіі і медыцыне, які разглядае ідэю аб пераважным значэнні нерв. сістэмы ў рэгуляцыі фізіял. функцый і працэсаў у арганізме жывёл і чалавека. Паняцце Н. уведзена І.П.Паўлавым (1883). Распрацоўка канцэпцыі звязана з імёнамі П.К.Анохіна, Л.А.Арбелі, К.Бернара, С.П.Боткіна, І.М.Сечанава, М.Я.Увядзенскага, А.А.Ухтамскага і інш. і значна паўплывала на развіццё фізіялогіі і медыцыны. Абсалютызацыя Ідэі Н. некат. фізіёлагамі прывяла да недаацэнкі інш. рэгулюючых сістэм. Лічыцца, што рэгуляцыя фізіял. функцый засноўваецца на каардынацыйным узаемадзеянні нерв. сістэмы і гумаральна-гарманальных фактараў. На Беларусі гэты кірунак распрацоўвалі А.Ю.Бранавіцкі, І.А.Булыгін, М.І.Грашчанкоў, Д.М.Голуб, В.М.Гурын, У.М.Калюноў, Д.А.Маркаў, У.У.Салтанаў і інш.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ІНСТЫТУ́Т ПА ПРАЕКТАВА́ННІ ПРАДПРЫЕ́МСТВАЎ ГА́НДЛЮ І ГРАМА́ДСКАГА ХАРЧАВА́ННЯ (Белдзіпрагандаль) Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1965 у Мінску на базе доследнага канструктарскага бюро (з 1959). Асн. кірунак работы — праектаванне прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання.

т. 2, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ІНСТЫТУ́Т ПА ПРАЕКТАВА́ННІ СІСТЭ́М І АБ’Е́КТАЎ ГАЗАЗАБЕСПЯЧЭ́ННЯ (Белдзіпрагаз) канцэрна «Белпалівагаз». Засн. ў 1987 у Мінску на базе праектнага і інш. аддзелаў канструктарска-тэхнал. бюро з вытв. прадпрыемствам «Белгазтэхніка». Асн. кірунак дзейнасці — праектаванне сістэм і аб’ектаў газазабеспячэння.

т. 2, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАДЭМІ́ЗМ (франц. académisme),

1) чыста тэарэт. кірунак, традыцыяналізм у навуцы і асвеце.

2) Адарванасць навукі, мастацтва, асветы ад жыцця і грамадскай практыкі.

3) У выяўленчым мастацтве — кірунак, які склаўся ў маст. акадэміях 16—19 ст. (гл. ў арт. Акадэміі мастацкія) і прытрымліваўся традыцыйных правілаў класічнага мастацтва антычнасці і Адраджэння. Садзейнічаў сістэматызацыі маст. адукацыі, замацаванню класічных традыцый (гл. Класіцызм), якія ператвараліся ім у «вечныя» каноны. Лічачы, што сучаснае жыццё не вартае высокага мастацтва, акадэмізм проціпастаўляў яму надчасавыя і наднац. нормы прыгажосці, ідэалізаваныя вобразы, далёкія ад рэальнасці сюжэты (з ант. міфалогіі, Бібліі), што падкрэслівалася ўмоўнасцю мадэліроўкі, колеру і малюнку, тэатральнасцю кампазіцыі. Пад націскам мастакоў-рэалістаў і творчай апазіцыі акадэмізм распаўся і відазмяніўся. У 20 ст. ў шэрагу краін ён часам выяўляўся ў адноўленых формах неакласіцызму.

т. 1, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЕКТЫВІ́ЗМ,

1) кірунак у гнасеалогіі, у аснове якога ляжыць арыентацыя пазнавальнай дзейнасці на сац.-паліт. «нейтральнасць», на ўстрыманне ад сац.-крытычных ацэнак, суджэнняў аб яе каштоўнасцях і мэтах. Тым самым ён абмяжоўвае «разумнае мысленне», нярэдка маскіруючы гнасеалагічны суб’ектывізм. Аб’ектывізм адмаўляе самаст. ролю актыўных дзеянняў гіст. суб’ектаў, трактуе іх як цалкам абумоўленыя фатальным ходам рэчаў, уплывам тэхніка-тэхнал. і навук. фактараў. У найноўшай сваёй форме сцыентызму Аб’ектывізм выражаецца ў тэндэнцыі звесці ўсю культуру да навукі, а праблемы чалавека і грамадства — да навук.-тэхн. задач.

2) Кірунак у этыцы, які прызнае аб’ектыўныя каштоўнасці і прадпісанні і спрабуе ўстанавіць аб’ектыўны крытэрый і аб’ектыўную мэту маральнага дзеяння (гл. Норма).

Літ.:

Поппер К. Логика и рост научного звания. М., 1983;

Праблемы развіцця сучаснай філасофіі. Мн., 1994.

У.​К.​Лукашэвіч.

т. 1, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭМАТЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ў палітэканоміі,

кірунак палітэканоміі, які надае матэм. метадам вырашальную ролю ў вывучэнні эканам. з’яў. Узнікла ў 2-й пал. 19 ст. [М.Э.​Л.​Вальрас (Швейцарыя), В.​Парэта (Італія), У.​Джэванс, Ф.​І.​Эджуарт (Вялікабрытанія), І.​Фішэр (ЗША), Г.​Касель і К.​Віксель (Швецыя)]. Разглядае эканоміку як узаемадзеянне індывід. гаспадарак. Асн. задача М.ш. — вызначэнне колькасных паказчыкаў, якія характарызуюць паводзіны асобных вытворцаў і спажыўцоў. Тэарэтычныя пабудовы М.ш. арыентуюцца на маржыналізм.

т. 10, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙЦАХО́ЎСКІ (Віктар Аляксандравіч) (н. 17.4.1926, в. Кругляк Мінскага р-на),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1983), праф. (1985). Скончыў Мінскую ВПШ (1962). З 1965 у БПІ, у 1969—91 у Мінскай ВПШ (у 1986—89 рэктар). Асн. кірунак навук. дзейнасці — праблемы тэорыі і метадалогіі сістэмнага выкарыстання эканам. законаў.

т. 3, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ТЫКА САЦЫЯ́ЛЬНАЯ, крытыцызм,

кірунак у філасофіі і сацыялогіі, прадстаўнікі якога гал. задачай лічаць крытычны аналіз грамадскіх адносін. Некаторыя ідэі К.с. разглядаліся ў рамках эмпірыякрытыцызму (Э.​Мах, Р.​Авенарыус), крытычнага рэалізму (М.​Мандэльбаўм, А.​Венцль, К.​Котэн), франкфурцкай школы (Т.​Адорна, М.​Хоркхаймер, Г.​Маркузе, Дж.​Уоткінс, І.​Лакатас, Дж.​Агасі, Г.​Альберт) і блізкай да яго канцэпцыі П.​Феерабенда. Паступова сфарміраваўся адносна самаст. кірунак крытыцызму (Ч.​Мілс, Д.​Рысмэн, Э.​Фром, А.​Гоўлднер і інш.).

Як філас. кірунак К.с. ўзнікла ў сярэдзіне 20 ст. ў ходзе крытыкі неапазітывізму і сфарміравалася ў выніку дыскусій з прадстаўнікамі гіст. кірунку ў філасофіі навукі (М.​Полані, Т.​Кун, С.​Тулмін). Гал. тэарэт. функцыя яе — мэтанакіраваная крытыка асн. тэорый грамадства, перш за ўсё «акадэмічнай» сацыялогіі і сац. інжынерыі, а таксама спроб стварэння сац. навукі («рэфлексіўнай сацыялогіі», «сацыялогіі сацыялогіі» і інш.), у якой сацыёлагу адводзіцца паліт. і сацыяльна актыўная роля, роля суб’екта, які мэтанакіравана ўплывае на развіццё грамадскіх працэсаў. К.с. асаблівае значэнне надае праблемам асобы, адмоўнаму ўплыву на фарміраванне і развіццё розных сац. працэсаў і з’яў (адчужэнне вытворцы ад сродкаў вытв-сці, дэгуманізацыя працы, наркаманія і прастытуцыя, беднасць, сац. няроўнасць, бюракратызацыя сац. ін-таў і г.д.), якія прыводзяць да негатыўных наступстваў. У галіне метадалогіі крытыцызм упэўнены, што не існуе метадаў, якія забяспечваюць строга лагічны прырост навук. ведаў і што неабходна з дапамогай фармальна-лагічных спосабаў выключаць з ужытку ненавук. тэорыі.

І.​В.​Катляроў.

т. 8, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГІ́ЧНЫ ПАЗІТЫВІ́ЗМ,

кірунак неапазітывізму, які сфарміраваўся ў 1920-я г. на базе Венскага гуртка. Яго тэарэт. вытокі ў вучэнні Э.​Маха і Р.​Авенарыуса аб «непасрэдна дадзеным» у вопыце суб’екта, логіка-гнасеалагічнай мадэлі ведаў Б.​Расела і Л.​Вітгенштэйна і інш. Адна з асн. задач Л.п. — матэматызацыя і фармалізацыя ведаў. Метад фармалізацыі прадстаўнікі Л.п. пашырылі і на філасофію, спрабуючы ачысціць яе ад метафізікі (г. зн. абстрактных, лагічна не абгрунтаваных палажэнняў) і зрабіць навуковай. Для гэтага выкарыстоўваўся т. зв. прынцып верыфікацыі (вызначэння сапраўднасці навук. сцвярджэнняў), які трактаваўся ў духу суб’ектывізму і канвенцыяналізму. У 2-й пал. 1930-х г. пасля пераезду ў ЗША асн. прадстаўнікоў Л.п. іх вучэнне часткова перагледжана, але захавала сваю суб’ектыўна-ідэалістычную сутнасць і стала больш вядома як лагічны эмпірызм. З 1960-х г. Л.п. перастаў існаваць як самастойны філас. кірунак.

Т.​І.​Адула.

т. 9, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМІЛЕ́ТЫКА (ад грэч. homilētike уменне гаварыць з людзьмі, мастацтва весці гутарку),

раздзел багаслоўя, у якім разглядаюцца тэарэт. і практычныя пытанні царк. пропаведзі. Адзін з кірункаў у гамілетыцы — т.зв. рытарычны. Поспехам пропаведзі, ступенню яе ўздзеяння на веруючых лічаць красамоўства прапаведніка, асваенне ім практычных метадаў пераканання. 2-і кірунак робіць упор на веданне прапаведнікам сваёй паствы.

т. 5, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)