КАЛЬЦА́ТЫ (Аркадзь Мікалаевіч) (н. 14.9.1905, С.-Пецярбург),
расійскі і бел. кінааператар. Засл. арг. Беларусі (1935). У 1927—35 на кінастудыі «Савецкая Беларусь». Удзельнічаў у здымках фільмаў «Джэнтэльмен і певень», «Хвоі гамоняць» (1929). Аператар бел. фільмаў «Рубікон» (1931), «Ураган» (1932), «Гонар свету» (1933), «Першы ўзвод» (1933, з Б.Рабавым), «Паручнік Кіжэ» (1934), «Шлях карабля» (1935, з Е.Менгдэнам і М.Тэйтэльбаўмам). Сярод фільмаў на інш. кінастудыях: «Дзеці капітана Гранта» (1936), «Карнавальная ноч» (1956) і інш. З 1963 выступае як рэжысёр. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1951, 1952.
т. 7, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНА́ХАЎ (Уладзімір Васілевіч) (30.9.1922, Даўгінцава Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 18.11.1983),
расійскі кінааператар і рэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1964). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1952), з 1969 выкладаў у ім. З 1952 аператар, з 1964 рэжысёр кіно. Аператарскае мастацтва вызначалася драм. напружанасцю, багаццем і тэхн. вынаходлівасцю прыёмаў, вастрынёй пластычных эфектаў: «Скакуха» (1955, з Ф.Дабранрававым), «Вышыня» (1957), «Лёс чалавека» (1959, паводле М.Шолахава; Ленінская прэмія 1960), «Аптымістычная трагедыя» (1963, паводле У.Вішнеўскага). Рэжысёр фільмаў: «Няпрошанае каханне» (1965), «Пра цуды чалавечыя» (1968), «Нечаканы госць» (1972), «Каханне маё вечнае» (1982) і інш.
т. 10, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМА́ТАЎ (Леанід Васілевіч) (12.1.1901, с. Верхні Ломаў Ніжняломаўскага р-на Пензенскай вобл., Расія — 2.8.1977),
расійскі кінааператар. Засл. дз. мастацтваў Расіі (1944). Скончыў Дзярж. тэхнікум кінематаграфіі (1927). З 1929 выкладаў ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі (з 1950 праф.). Сярод знятых фільмаў «Зямля прагне» (1930), «Лётчыкі» (1935), «Досвіткі Парыжа» (1937), «Сям’я Апенгейм» (1939), «Узнятая цаліна» (1940), «Справа Артамонавых» (1941). Наватар у стварэнні сав. каляровага кіно [фільмы «Мічурын» (1949, з Ю.М.Кунам), «Падзенне Берліна» (1950), «Вольніца» (1956), кінатрылогія «Блуканне па пакутах» («Сёстры», «Васемнаццаты год», «Пахмурная раніца» (1957—59)]. Здымаў шырокафарматныя фільмы: «Суд звар’яцелых» (1962), «Год як жыццё» («Карл Маркс», 1966). Аўтар вынаходніцтваў у галіне камбінаваных здымак, каляровага і шырокафарматнага кіно. Дзярж. прэміі СССР 1947, 1949, 1950.
т. 8, с. 147
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯВІ́ЦКІ (Аляксандр Андрэевіч) (23.11.1885, Масква — 4.7.1965),
расійскі кінааператар; заснавальнік рас. школы аператарскага мастацтва. Засл. дз. маст. Расіі (1946). З 1924 выкладаў ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі (з 1939 праф.). У кіно з 1910, да 1917 зняў каля 100 фільмаў маст. (пераважна экранізацыі рус. класікі), дакументальных, хранікальных і навукова-папулярных. Удзельнічаў у стварэнні першых сав. маст. фільмаў: «Незвычайныя прыгоды містэра Веста ў краіне бальшавікоў» (1924) і «Прамень смерці» (1925), якія паклалі пачатак пошуку выяўл. дэталей, новаму вырашэнню кампазіцыі масавых сцэн. Сярод інш. фільмаў: «Маці» (1920), «Крыж і маўзер» (1925), «Сёмы спадарожнік» (1928) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1949.
т. 9, с. 415
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎДЗЕ́ЕЎ (Алег Ціханавіч) (н. 15.6.1926, С.-Пецярбург),
бел. кінааператар. Засл. работнік культуры Беларусі (1976). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1955). У 1956—92 на кінастудыі «Беларусьфільм». Яго творчасці ўласцівы строгі рэаліст. стыль, графічнасць, лірызм. Сярод фільмаў: дакументальныя «Генерал Даватар» (1967), «Балада пра чорную бярозу» (1977); мастацкія «Дзяўчынка шукае бацьку» (з І.Пікманам, 1959), «Каханнем трэба даражыць» (1960), «Крыніцы» (1965), «Ствары бой» (1969), «Нечаканае каханне» (1971), «Воўчая зграя» (1975), «Маленькі сяржант» (1976), «Канец бабінага лета» (1983), «Трывогі першых птушак» (1985), «Хочаце — кахайце, хочаце — не...» (1987); тэлевізійныя «Парашуты на дрэвах» (1973), «Лёгка быць добрым» (2-серыйны, 1976), «Крыж міласэрнасці» (шматсерыйны, 1989—91), «Раман імператара» (шматсерыйны, 1993) і інш.
т. 2, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАХА́БЦАЎ (Уладзімір Дзмітрыевіч) (н. 16.7.1938, ст. Болшава Мыцішчанскага р-на Маскоўскай вобл.),
расійскі кінааператар. Засл. дз. маст. Расіі (1976). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1961). Лепшыя фільмы зняў з рэжысёрам Э.Разанавым: «Дайце кнігу скаргаў» (1965), «Беражыся аўтамабіля» (1966, абодва з А.Мукасеем), «Зігзаг удачы» (1968), «Службовы раман» (1977), «Гараж» (1980), а таксама тэлефільмы «Іронія лёсу, або З лёгкім парам» (1975), «Пра беднага гусара закіньце слова» (1980). Сярод інш. работ «Гэта салодкае слова — свабода» (1973), «Масква — любоў мая» (1974, сумесна з Японіяй), тэлефільмы «Той самы Мюнхгаўзен» (1979), «Формула кахання» (1984), «Маскоўскія канікулы» (1995). Фільмы вылучаюцца тонкім пачуццём стылю, выразнасцю партрэтных характарыстык. Дзярж. прэмія СССР 1977. Дзярж. прэмія Расіі 1979.
т. 11, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́КМАН (Ізраіль Цурыелевіч) (20.2.1918, г. Мазыр Гомельскай вобл. — пасля 1990),
бел. кінааператар і рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1975). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1942). З 1946 на кінастудыі «Беларусьфільм». Працаваў пераважна ў дакумент. кіно. Аператарскай манеры ўласцівы псіхалагізм у стварэнні партрэтных характарыстык, тонкае адчуванне светлавой гамы. Рэжысёрская творчасць адметная публіцыстычнасцю. Выступаў і як сцэнарыст. Сярод фільмаў: дакумент. «Штрыхі да партрэта» (1968, рэж. і аператар у сааўт.), «Пастух» (1969, сцэн. у сааўт.), «Мы — сіняблузнікі» (1970), «Пакуль не загрыміць гром» (1973), «Прытча пра кола і біясферу» (1974; Гран-пры Міжнар. кінафестывалю ў г. Варна, Балгарыя), «Чырвоны сшытак» (1980); маст. «Дзяўчынка шукае бацьку» (1959, аператар з А.Аўдзеевым). З 1990 у ЗША.
В.І.Смаль.
т. 12, с. 354
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РАЎ (Майсей Залманавіч) (н. 23.12.1909, г. Веліж Смаленскай вобл., Расія),
бел. кінааператар. Засл. дз. маст. Беларусі (1967). Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930), Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1934). У 1934—78 на кінастудыі «Беларусьфільм», здымаў дакумент. і навук.-папулярныя фільмы. У 1941—45 франтавы аператар; яго сюжэты і асобныя рэпартажы ўвайшлі ў дакумент. фільмы «Разгром нямецка-фашысцкіх войскаў пад Масквой», «Бой за Віцебск», «Мінск — наш!», «Вызваленне Савецкай Беларусі» і інш., выкарыстаны ў кінаэпапеі «Вялікая Айчынная» (1979). З лепшых фільмаў: «Белавежская пушча» (1948), «Архітэктурныя помнікі мінулага» (1959), «Жыццё на сцэне» (1966), «Генерал Пушча» (1967), «Хлопчык і чапля» і «Сапраўднае імя — Мікалай Судзілоўскі» (абодва 1969), «Палескія калядкі» (з У.Цеслюком) і «У час цішыні» (абодва 1972) і інш.
т. 3, с. 109
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́НЦБУРГ (Аляксандр Ільіч) (1.3.1907, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 15.11.1972),
бел. і рускі кінааператар і рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1955), Расіі (1969). Скончыў Ленінградскі электратэхн. ін-т (1934). Працаваў на кінастудыі «Ленфільм» (з 1925), імя М.Горкага (з 1943), «Беларусьфільм» (1948—58). Аператар маст. фільмаў «Сустрэчны» (1932, з Ж.Мартавым і У.Рапапортам), «Камсамольск» (1938), «Член урада» (1940), «Валерый Чкалаў» (1941), «Два байцы» (1943), «Канстанцін Заслонаў» (1949), фільмаў-спектакляў «Паўлінка» (1952), «Пяюць жаваранкі» (1953), «Хто смяецца апошнім» (1954). Яго аператарскаму майстэрству характэрны лаканізм кампазіцыі ў пабудове кадра, увага да маст. дэталі і пейзажу. Сааўтар сцэнарыя і аператар фільма «Хрустальны чаравічак» (1961), па сваіх сцэнарыях паставіў фільм «Аднойчы ноччу» (1962, з Э.Файкам) і «Гіпербалоід інжынера Гарына» (1966).
т. 5, с. 251
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ЙЦАЎ (Дзмітрый Яўгенавіч) (н. 26.3.1940, Мінск),
бел. кінааператар і рэжысёр. Засл. маст. Беларусі (1981). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1969). Творчай манеры як аператара ўласцівы лірычная інтанацыя, майстэрская перадача атмасферы падзей, партрэтных характарыстык герояў: маст. фільмы «Іван Макаравіч» (1968, Гран пры «Сярэбраная Мінерва» 22-га Міжнар. кінафестывалю дзіцячых фільмаў у Венецыі, 1970; прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1970), «Нядзельная ноч» (1977), «Людзі на балоце» (1982, Дзярж. прэмія СССР 1984) і інш. З 1986 рэжысёр-пастаноўшчык («Усе кагосьці кахаюць», 1986; шматсерыйны «Хам», 1990, прыз за этнаграфію і нац. своеасаблівасці на конкурсе тэлефільмаў у Атаве, Канада, 1991, і яго кінаварыянт «Франка», Гран пры 2-га Еўрап. Міжнар. кінафестывалю ў Кадысе, Іспанія, 1991; «Кветкі правінцыі», 1995, і інш.). Дзярж. прэмія Беларусі 1996.
т. 6, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)