КІ́Й, ШЧЭК, ХАРЫ́Ў,

князі палян, браты, якія паводле «Аповесці мінулых гадоў» заснавалі 3 паселішчы, што пазней склалі аснову г. Кіеў. Існаванне на тэр. Кіева некалькіх паселішчаў, якія ў 9—10 ст. зліліся ў адзін горад, пацверджаны данымі археал. раскопак. Паданне аб заснаванні Кіева ўзнікла ў 7—8 ст., яно запісана ў 8 ст. ў Арменіі. Захавалася таксама паданне аб палянскім князю Кію, які быў прыняты ў Канстанцінопалі імператарам і заснаваў горад на Дунаі. Б.А.Рыбакоў лічыў Кія рэальнай асобай, якая жыла ў 6 ст.

Літ.:

Рыбаков Б.А. Древняя Русь: Сказания. Былины. Летописи. М., 1963.

т. 8, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЎНІР (Сцяпан) (Стафан) Дзям’янавіч (1695, с. Гваздоў Кіеўскай вобл. — 1786),

украінскі дойлід. Прыгонны Кіева-Пячэрскай лаўры, дзе працаваў больш як 60 гадоў пад кіраўніцтвам і сумесна з П.​Няелавым, Г.​І.​Шэдэлем, І.​Грыгаровічам-Барскім. Пабудовы К. ў стылі ўкр. барока: т.зв. Коўніраўскі корпус (1744—72), званіцы на Далёкіх (1754—61) і Блізкіх (1759—62) пячорах і інш. ў лаўры, Клоўскі палац (1754—58, з Няелавым), званіца Брацкага манастыра на Падоле (1756, не захавалася) — усе ў Кіеве; царква Антонія і Феадосія і званіца ў Васількове (1756—58), Троіцкая царква ў Кітаеве (1763—67) каля Кіева.

т. 8, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЕЎСКАЯ НАСТУПА́ЛЬНАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,

баявыя дзеянні сав. войск 1-га Укр. фронту (камандуючы ген. арміі М.Ф.Ватуцін) супраць асн. сіл ням.-фаш. групы армій «Поўдзень» (ген.-фельдмаршал Э.​Манштэйн) у Вял. Айч. вайну; частка бітвы за Дняпро 1943. Праведзена 3—13.11.1943 з мэтай разгрому кіеўскай групоўкі праціўніка і вызвалення сталіцы Украіны. Аперацыі папярэднічалі 2 няўдалыя наступленні войск 1-га Укр. фронту на Кіеў (12—15 і 21—23 кастр.) з Букрынскага (на Пд ад Кіева) і Люцежскага (на Пн ад Кіева) плацдармаў. У адпаведнасці з загадам Стаўкі Вярх. галоўнакамандавання асн. ўдар фронту быў перанесены на Пн ад Кіева (38, 60 і 13-я арміі), а войскі перагрупаваны (3-я гв. танк. армія, 23-і стралк. корпус, 7-ы артыл. корпус прарыву і інш. перадыслацыраваны з Букрынскага плацдарма на Люцежскі, дзе створана перавага над праціўнікам па пяхоце ў 3 разы, па артылерыі ў 4,5 раза, па танках у 9 разоў). Каб увесці праціўніка ў зман адносна напрамку гал. ўдару, 1 ліст. наступленне пачалі войскі Букрынскага плацдарма. 3 ліст., у абыход Кіева з З, пачалі паспяхова наступаць сав. войскі з Люцежскага плацдарма. 6 ліст. яны вызвалілі Кіеў, 13 ліст.г. Жытомір, стварыўшы на правым беразе Дняпра моцны стратэг. плацдарм. Працягам К.н.а. была Кіеўская абарончая аперацыя 13.11—22.12.1943, у ходзе якой сав. войскі 20 ліст. пакінулі Жытомір, а на правым флангу фронту працягвалі наступленне да канца ліст. і вызвалілі шмат населеных пунктаў, у т. л. г. Оўруч (18 ліст.), бел. райцэнтры Брагін, Хойнікі (абодва 23 ліст.) і Нароўля (30 ліст.), пасля чаго таксама перайшлі да абароны.

Літ.:

Кузнецов Б.И. На Киевском направлении: (К 40-летию освобождения Киева). М., 1983;

В битве за Киев: Воспоминания, очерки. Киев, 1983.

т. 8, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕБ УСЯСЛА́ВІЧ (? — 13.9.1119),

князь менскі, сын полацкага кн. Усяслава Брачыславіча. У 1104 абараняў Менск ад аб’яднаных сіл паўд.-рус. князёў. У 1106 з братамі ўдзельнічаў у няўдалым паходзе на земгалаў. Праводзіў палітыку аб’яднання вакол Менска шэрагу гарадоў Полацкай зямлі: далучыў да свайго княства Копысь, Оршу і Друцк. У 1116 напаў на Слуцк, за што кіеўскі кн. Уладзімір Манамах з аб’яднанымі сіламі Кіева, Смаленска, Чарнігава і Пераяслава рушыў на Менск. Глеб Усяславіч вымушаны быў падпісаць мір з Манамахам, страціўшы ўплыў на Падняпроўе і Верхняе Панямонне. Паміж 1116 і 1118 зрабіў спробу вярнуць страчаныя тэрыторыі. Таму Манамах у 1118 паслаў на Менск свайго сына Мсціслава, які прыступам узяў горад, паланіў Глеба і адвёз у Кіеў, дзе той раптоўна памёр. Пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры.

Г.​М.​Семянчук.

т. 5, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯНЕ́ЎСКІ (Казімір Іванавіч) (23.8.1896, г. п. Ліцін Вінніцкай вобл., Украіна — 3.7.1968),

бел. альтыст. Засл. арт. Беларусі (1955). Вучыўся ў Варшаўскай кансерваторыі (1918—21). Працаваў у аркестрах муз. т-раў Вінніцы, Кіева, Баку. У 1937—68 канцэртмайстар групы альтоў у аркестры Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Удзельнік Дзярж. квартэта БССР.

т. 3, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЫЯ́ШАЎ (Аляксандр Міхайлавіч) (1.9.1863, Чарнігаў — 1939),

украінскі гісторык. Скончыў Кіеўскі ун-т (1886). Працаваў у архівах Львова, Кіева, Рэвеля, Рыгі, Пецярбурга, супрацоўнічаў з Кіеўскай археагр. камісіяй. Даследаваў гісторыю ўкр. зямель феад. перыяду («Нарыс гісторыі Валынскай зямлі да канца XIV ст.», 1887; «Нарыс гісторыі каланізацыі Пераяслаўскай зямлі да пачатку XVI стагоддзя», 1931).

т. 1, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВІКАЎ (Ціт Парфенавіч) (31.3.1907, в. Салтанаўка Чачэрскага р-на Гомельскай вобл. — 5.4.1974),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Уладзівастоцкае ваен. пях. вучылішча (1943). У Вял. Айч. вайну з 1941 на Цэнтр., 1-м Укр. франтах. Стралк. рота на чале са старшым лейт. Н. вызначылася ў 1943 пры фарсіраванні Дняпра на Пд ад Кіева. У 1946—58 на гасп. рабоце.

Ц.П.Новікаў.

т. 11, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́САЎ (Сільвестр) (канец 16 ст., маёнтак Жаробычы Віцебскага ваяв. — 23.4.1657),

бел. і ўкр. царкоўны дзеяч, пісьменнік-публіцыст. Скончыў Віленскую брацкую школу, Люблінскі езуіцкі калегіум і Замасцянскую акадэмію. Выкладаў рыторыку ў Вільні і Львове. З 1631 праф. філасофіі ў Кіева-Пячэрскай школе, з 1633 архімандрыт Кіева-Пячэрскай лаўры, з 1634 епіскап магілёўскі, аршанскі, мсціслаўскі. У 1646 заснаваў Магілёўскі жаночы манастыр пры царкве св. Мікалая. У 1647—57 мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі (у межах Рэчы Паспалітай), экзарх канстанцінопальскага патрыяршага прастола. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 выступаў супраць падначалення Кіеўскай мітраполіі Маск. патрыярхату і далучэння ўкр. і бел. зямель да Расіі. Пісаў на польск. і царк.-слав. мовах. Аўтар публіцыст. і багаслоўскіх твораў «Экзегезіс» (1635, Вільня; прапанаваў новую сістэму адукацыі, абараняў правасл. святароў ад абвінавачванняў у пратэстантызме), «Патэрыкон, або зборнік жыццяў святых пячорскіх айцоў» (1635, перавыд. 1661, 1678), «Дыдаскалія, або навука для святароў» (1637, Куцейна) і інш.

Літ.:

Саверчанка І.В. Сільвестр Косаў // Бел. гіст. часоп. 1995. № 3.

І.​В.​Саверчанка.

т. 8, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІ́ЛА (Пётр) (10.1.1597, Малдова — 11.1.1647),

праваслаўны царкоўны і культурны дзеяч Рэчы Паспалітай. Сын гаспадара (князя) Валахіі і Малдавіі Сімяона. З 1627 кіева-пячэрскі архімандрыт. Дамогся ад каралеўскай улады дазволу на аднаўленне легальнай дзейнасці правасл. царквы ў Рэчы Паспалітай. У 1632—47 мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і ўсяе Русі. Заснаваў Кіева-Магілянскі калегіум (1632, названы ў яго гонар), Магілёўскую правасл. епархію (1632). Як выразнік інтарэсаў вярхоў правасл. духавенства і шляхты Украіны і Беларусі выступаў супраць Брэсцкай уніі 1596. Садзейнічаў пашырэнню асветы і друкарства на Украіне, Беларусі, у Малдавіі. Непасрэдна кіраваў Віленскім, Слуцкім, Магілёўскім і Аршанскім брацтвамі з манастырамі. У 1635 наведаў Вільню, Мінск і інш. бел. гарады. Аўтар кніг, якія выкарыстоўваліся як падручнікі ў духоўных навуч. установах да пач. 20 ст. («Евангелле вучыцельнае», 1616, «Анфалагіён», 1636, «Еўхалагіён», 1646), шматлікіх палемічных пропаведзяў і інш. Складальнік «Праваслаўнага спавядання веры» (1640), якое ў 1672 на сінодзе ў Іерусаліме было адобрана як гал. дактрына ўсіх правасл. цэркваў. У 1996 кананізаваны Украінскай праваслаўнай царквой.

т. 9, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІ́Й (сапр. Гурка) Сямён Піліпавіч

(1640-я г., г. Борзна Чарнігаўскай вобл., Украіна — студз. 1710),

правадыр нац.-вызв. руху на Правабярэжнай Украіне ў канцы 17 — пач. 18 ст. Вучыўся ў Кіева-Магілянскім калегіуме, быў казаком Запарожскай Сечы. У пач. 1680-х г. адзін з кіраўнікоў нар. каланізацыі спустошаных войнамі раёнаў Прыдняпроўя, дзе ўтварылася казацкая «рэспубліка» з цэнтрам у г. Фастаў (на ПдЗ ад Кіева). У час нар. паўстання канца 1680-х г. на Правабярэжнай Украіне вызваліў з-пад польскага панавання некалькі гарадоў. Быў за ўз’яднанне пад уладай Расіі Правабярэжнай і Левабярэжнай Украіны, карыстаўся тайнай падтрымкай рас. ўрада. У 1702—04 узначаліў новае казацка-сял. паўстанне, што ахапіла Кіеўшчыну, Валынь і Падолію. У 1704 арыштаваны ўкр. гетманам І.Мазепам і па лжывым абвінавачанні сасланы ў Сібір. Вызвалены Пятром I пасля здрады Мазепы (1708) і прызначаны белацаркоўскім палкоўнікам. Удзельнік Палтаўскай бітвы 1709. П. — герой укр. нар. песень і паданняў, яго апеў Т.Р.Шаўчэнка ў творах «Чарнец» і «Швачка».

т. 11, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)