1) першапачаткова мясцовасць на ўскраіне дзяржавы (адсюль назва), пазней — краіна, вобласць, мясцовасць, вял.геагр. вобласць. Тэрмін ужываецца таксама ў сэнсе радзіма, родны кут (вывучае краязнаўства); як сінонім назвы ўсёй тэр. (Беларусь — Беларускі К.) або асобных яе частак (Палескі К., азёрны К., партызанскі К.).
2) У Расіі 18 — пач. 20 ст. назва ўскраінных тэр. імперыі, якія складаліся з некалькіх губерняў або абласцей пад агульным кіраўніцтвам. Афіцыйна адносілася да Каўказа (Каўказскі К. у 1882—1905) і Туркестана (Туркестанскі К. у 1886—1917). У 19 — пач. 20 ст. тэрыторыя, куды ўваходзілі бел. і літ. губерні, называлася Паўн.-Зах. К.
3) У Расіі з 1924 буйная адм.-тэр. адзінка (Алтайскі, Краснадарскі, Краснаярскі, Прыморскі, Стаўрапольскі, Хабараўскі краі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙНА-ЯСЯНЕ́ЦКІ (Валянцін Феліксавіч) (у манастве Лука; 27.4.1877, г. Керч, Крым — 11.6.1961),
вучоны-медык, рэліг. дзеяч. З бел. шляхецкага роду Войнаў-Ясянецкіх. Д-р медыцыны (1916). Скончыў Кіеўскі ун-т (1903). Працаваў хірургам, земскім урачом у Чыце, Сімбірскай, Курскай і Саратаўскай губ. У 1917—30 гал. ўрач і хірург Ташкенцкай гар. бальніцы, адзін з арганізатараў Ташкенцкага ун-та. У 1923 прыняў манаства, за рэліг. дзейнасць тройчы цярпеў рэпрэсіі. У Вял.Айч. вайну хірург-кансультант эвакашпіталяў. Епіскап туркестанскі, архіепіскап краснаярскі, тамбоўскі і мічурынскі (1944), сімферопальскі і крымскі (1946). Да 1954 працягваў займацца медыцынай. Аўтар больш як 40 навук.прац. За распрацоўку пытанняў гнойнай хірургіі Дзярж. прэмія СССР 1946.
Тв.:
Поздние резекции при инфицированных огнестрельных ранениях суставов. М., 1944;
Очерки гнойной хирургии. 3 изд. Л., 1956.
Літ.:
Поповский М. Жизнь и житие Войно-Ясенецкого, архиепископа и хирурга: [Док. повесть] // Октябрь. 1990. № 2—4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУ́ПСКАЯ (Ульянава) Надзея Канстанцінаўна
(26.2.1869, С.-Пецярбург — 27.2.1939),
савецкі парт. і дзярж. дзеяч, педагог. Жонка У.І.Леніна. Ганаровы чл.АНСССР (1931), д-рпед.н. (1936). Бацька К. належаў да арг-цыі Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы. Скончыла гімназію (1887), вучылася на вышэйшых Бястужаўскіх жаночых курсах. У 1891—96 настаўнічала ў Пецярбургу, адначасова (з 1890) займалася рэв. дзейнасцю, за што ў 1896 арыштавана; адбывала ссылку ў с. Шушанскае (Краснаярскі край; з 1898 разам з Леніным) і г. Уфа (1900—01). З 1901 у эміграцыі, дапамагала Леніну ў выданні газет «Искра» і «Вперед» (1901—05), «Пролетарий» і «Социал-демократ» (1907—11). З крас. 1917 зноў у Расіі. Удзельніца Кастр. рэвалюцыі 1917. Чл. калегіі Наркамасветы, з ліст. 1920 старшыня Галоўпалітасветы пры Наркамасветы РСФСР, з 1929 нам.нар. камісара асветы РСФСР. З 1924 чл.ЦКК, з 1927 чл.ЦКВКП(б). Распрацоўвала прынцыпы сав. сістэмы нар. асветы, метадалагічных і метадычных асноў навучання і выхавання. Аўтар прац па педагогіцы і ўспамінаў пра Леніна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЬЧЭ́ЎСКІ (Алесь) (Аляксандр Восіпавіч; 16.1.1905, в. Прусінава Ўздзенскага р-на Мінскай вобл. — 26.4.1979),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1931). Працаваў у час. «Іскры Ільіча». У 1936 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у Ніжагародскай вобл. У 1946—48 настаўнічаў на Міншчыне. У 1949 зноў незаконна асуджаны, высланы ў Краснаярскі край. Рэабілітаваны ў 1954. З 1955 у Мінску, з 1957 працаваў у час. «Вясёлка». Друкаваўся з 1924. Аўтар зб-каў апавяданняў «Родныя берагі» (1958), «Разбітае люстэрка» (1965), «Былі ў маці сыны» (1968), аповесцей і апавяданняў «Жнівеньская раніца» (1963), «Запознены пасаг» (1973), «Ноч на вахце» (1979). Пісаў для дзяцей п’есы, апавяданні (кн. «Беражанкі», 1958; «Аля і Галя», 1961; «Дым над лесам», 1964; «Таемная крушня», 1969; «Аднавокі сом», 1974), аповесці («Ты не адзін». 1959; «Данеўцы — нашы знаёмыя», 1965; «Тайна аднаго звяна», 1970; «Сцежкі», 1976). Асн. рысы яго творчасці — улюбёнасць у родны край, добрае веданне псіхалогіі селяніна, сял. побыту, жыцця дзяцей і юнацтва. На бел. мову перакладаў творы рус., укр. і груз. пісьменнікаў.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1975;
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1980.
Літ.:
Грахоўскі С. Чаго не паспеў сказаць // Маладосць. 1980. № 1;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКУ́ЛІЧ (Барыс Міхайлавіч) (19.8.1912, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — 17.6.1954),
бел. пісьменнік. Вучыўся на літ. курсах у Маскве (1934—35). З 1929 працаваў у бабруйскай газ. «Камуніст», у 1930—36 — у Дзярж. выд-ве БССР і газ. «Літаратура і мастацтва». 26.11.1936 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у Новасібірскай вобл. і Краснаярскім краі. З 1947 на Беларусі. Паўторна арыштаваны ў 1949 і высланы ў Краснаярскі край. Друкаваўся з 1927. Выдаў зб-кі апавяданняў «Удар» і «Чорная вірня» (1931), «Яхант» (1935), аповесці «Наша сонца» і «Ускраіна» (1932), «Дужасць» (1934), «Дружба» (1936). Вострасюжэтная, прасякнутая рамантыкай, пафасам тагачаснага будаўніцтва проза М. адлюстравала многае з таго, чым жыла краіна. Аўтар п’есы «Rot Front» (1933). У творах, напісаных у 1945—48, выявілася імкненне заглыбіцца ў мінулае бел. народа, асэнсаваць пройдзены ім шлях (1-я частка гіст. рамана «Адвечнае», у якім узнаўляюцца падзеі 1812 на Беларусі, апубл. 1972; аповесць «Жыццяпіс Вінцэся Шастака» і апавяданне «Зорка»), У 1946—48 напісаў дакумент. «Аповесць для сябе» ў жанры дзённіка (выд. 1987—88). Адзін з першых звярнуўся да паказу гераічнай дзейнасці падпольшчыкаў у час Вял.Айч. вайны (аповесць «Цяжкая гадзіна», апубл. 1959), пасляваен. адраджэння вёскі (аповесць «Зялёны луг», апубл. 1960). У аповесці «Развітанне» (апубл. 1959) расказаў пра апошнюю сустрэчу М.Багдановіча з Беларуссю. На бел. мову пераклаў раман А.Вясёлага «Краіна родная» (з Р.Бахтам), аповесць У.Лідзіна «Магіла невядомага салдата».
Тв.:
Выбранае. Мн., 1959;
Аповесць. Мн., 1985;
Палеская аповесць. Мн., 1991.
Літ.:
Бугаёў Дз. Шматграннасць. Мн., 1970;
Грамадчанка Т. Барыс Мікуліч // Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20—30-х гг.Мн., 1985;