НІКІ́ЦІН (Іван Савіч) (3.10.1824, г. Варонеж, Расія — 28.10.1861),

рускі паэт. Вучыўся ў духоўнай семінарыі (1839—43). У 1859 адкрыў кніжны магазін, які стаў цэнтрам літ.-грамадскага жыцця Варонежа. Друкаваўся з 1853. У ранніх вершах (1849—54) побач з рэлігійнымі («Вечнасць», «Малітва») гучаць сац. матывы («Цішыня ночы», «Помста»). У творчасці 1850-х г. звярнуўся да тэмы нар. жыцця («Бурлак», «Жонка ямшчыка», «Араты», паэмы «Кулак», «Тарас»), Рэв. матывы ў вершах «Ганебна гіне наш час!..», «Цяжкі крыж нясем мы, браты...», «Падзе ганебнае тыранства...». Майстар паэт. пейзажу («Вечар пасля дажджу», «Раніца»). У празаічным «Дзённіку семінарыста» (1861) адлюстраваў побыт бурсы, стварыў вобраз разначынца. Многія вершы Н. пакладзены на музыку М.​Рымскім-Корсакавым, Р.​Гліэрам, С.​Манюшкам і інш. На бел. мову асобныя яго творы пераклаў Х.​Жычка.

Тв.:

Соч. Т. 1—4. М., 1960—61;

Полн. собр. стихотворений. М.; Л., 1965;

Соч. М., 1984.

Літ.:

Тонков В.А. И С.​Никитин: Очерк жизни и творчества. М., 1968;

Поэт-демократ И.​С.​Никитин. Воронеж, 1976.

І.С.Нікіцін.

т. 11, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАПЛЁТ,

1) комплекс аперацый па стварэнні знешняга пакрыцця (цвёрдай вокладкі) кнігі, дакумента і інш. Уключае змацаванне кніжнага блока, далучэнне да яго форзацаў, заклейванне і кругленне карашка, абразанне блока, прыклейку каптала, выраб і аддзелку пераплётных абкладак (накрывак), устаўку блока ў абкладкі, абцісканне і штрыхоўку (атрыманне паглыбленых ліній) гатовай кнігі. У пераплётнай вытв-сці выкарыстоўваюць блокаапрацоўчыя агрэгаты, накрыўкаробныя, кнігаўставачныя і інш. машыны.

2) Сукупнасць пераплётнай абкладкі і элементаў змацавання кніжнага блока і абкладкі з блокам.

У адрозненне ад звычайнай вокладкі, якую найчасцей робяць з паперы і выкарыстоўваюць для сшыткаў, часопісаў, брашур, кніжную абкладку як асн. элемент П. вырабляюць 3 больш трывалых і зносаўстойлівых матэрыялаў (кардону, скуры, тканіны, сінт. матэрыялаў і інш.). Існуе 5 тыпаў П. (ад 5-га да 9-га). Найб. пашыраны тып 5 (выкарыстоўваецца для школьных дапаможнікаў, дзіцячай л-ры і інш.) і тып 7 (з тканінным покрывам — для шматтомных падпісных выданняў, энцыклапедый, слоўнікаў, з покрывам на папяровай аснове — для выданняў менш інтэнсіўнага карыстання).

Кніжны пераплёт з кніжным блокам: 1 — карашок накрыўкі; 2 — покрыўная накрыўка; 3 — форзац; 4 — блок; 5 — клеявы слой; 6 — кардонная старонка; 7 — адстаў; 8 — акантовачны матэрыял; 9 — каптал.

т. 12, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАШ СОВРЕМЕ́ННИК»,

літаратурна-маст. і грамадска-паліт. часопіс. Выдаецца з 1964 у Маскве на рус. мове штомесячна. Узнік як працяг альманаха «Год...», засн. М.​Горкім у 1933, і альманаха «Наш современник» (1956—63). Мае раздзелы: «Паэзія», «Проза», «Памяць», «Нарыс і публіцыстыка», «Крытыка», «Кніжны развал», «Слова чытача», «Дзённік сучасніка» і інш. Асвятляе пытанні грамадска-паліт. і культ. жыцця краіны. Выступае за адзінства ўсх,слав. народаў. Змяшчае літ.-крытычныя артыкулы і рэцэнзіі, артыкулы па праблемах жывапісу, мемуарыстыкі, кінематографа і інш. Знаёміць з новымі кнігамі. У часопісе надрукаваны творы Ф.​Абрамава, Ю.​Бондарава, В.​Бялова, С.​Вікулава, К.​Ваншэнкіна, Г.​Гарбоўскага, Г.​Гусева, Ю.​Кузняцова, У.​Лічуціна, І.​Ляпіна, Ю.​Нагібіна, В.​Пікуля, П.​Праскурына, А.​Праханава, А.​Прыстаўкіна, В.​Распуціна, М.​Рубцова, У.​Салаухіна, В.​Сарокіна, М.​Трапкіна, У.​Цендракова, М.​Шатрова, В.​Шукшына, А.​Яшына і інш. Друкуе творы бел. пісьменнікаў (У.​Глушакова, В.​Лукшы, І.​Навуменкі, Г.​Пашкова, А.​Савіцкага, Э.​Скобелева, І.​Шамякіна і інш.). Апублікаваў водгук А.​Пушкіна на выдадзены ў 1835 «Збор твораў Георгія Каніскага, Архіепіскапа Беларускага» з прадмовай В.​Кожынава «Паэт і праблема адзінства беларусаў, рускіх і ўкраінцаў». Беларусі прысвечаны спец. выпуск (1997, №1). Гал. рэдактары: В.​Палтарацкі (з 1956), Б.​Зубавін (з 1958), Вікулаў (з 1968), С.​Куняеў (з 1989).

А.​В.​Спрынчан.

т. 11, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТО́ЎСКАЯ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ БІБЛІЯТЭ́КА імя Марцінаса Мажвідаса.

Засн. ў 1919 на базе Віленскай гар. публічнай б-кі. Пасля акупацыі Вільні Польшчай (1919—39) пераведзена ў г. Каўнас. У 1940 атрымала статус дзярж. б-кі. З 1963 у Вільні. З 1989 сучасная назва. Асн. кніжны фонд налічвае больш за 9 млн. адзінак (1998) на літ. і замежных мовах, у т. л. 57 тыс. экз. рукапісаў, каля 30 тыс. экз. рэдкіх кніг і старадрукаў (выданні ант. аўтараў, кнігі М.​Лютэра, Э.​Ратэрдамскага і інш.), каля 6 млн. экз. кніг і перыёдыкі, больш за 100 тыс. мікраформ, больш за 2 млн. экз. інш. матэрыялаў (жывапіс, ноты, карты, атласы і інш.); мае калекцыю літуаністыкі (больш за 800 тыс. адзінак), у т. л. «Катэхізіс» у перакладзе М.​Даўкшы (1595), калекцыю бел. кніг і перыёдыкі, надрукаваных у розныя часы ў Вільні, выданні ВКЛ на лац., ням., польск., бел. і рус. мовах. Штогод фонды павялічваюцца. Абменьваецца навук. л-рай з б-камі і ўстановамі замежных краін, захоўвае літ. рукапісную і друкаваную спадчыну, вядзе н.-д., выдавецкую і метадалаг. работу; мае аўтаматызаваную інфарм. бібліятэчную сістэму, электронны каталог літ. кнігі, інфарм. цэнтр і г.д. З 1992 б-ка з’яўляецца дэпазітарыем Еўрапейскага супольніцтва. Пры б-цы створаны Цэнтр бібліяграфіі і кнігазнаўства (б. Літ. кніжная палата).

Літ.:

Lietuvos nacionalinė Martyno Mažvydo biblioteka. Vilnius, 1993.

І.​І.​Курбатава.

т. 9, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САР’Я́Н (Мартырос Сяргеевіч) (28.2.1880, г. Растоў-на-Доне, Расія — 5.5.1972),

армянскі жывапісец, адзін з заснавальнікаў нац. школы жывапісу. Нар. маст. СССР (1960). Правадз. чл. АМ СССР (1947). Правадз. чл. АН Арменіі (1956). Герой Сац. Працы (1965). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1897—1904), у майстэрнях В.​Сярова і К.​Каровіна (1902—04). Зазнаў уплывы творчасці П.​Гагена і А.​Матыса. Чл. маст. аб’яднанняў «Блакітная ружа», «Саюз рускіх мастакоў», «Свет мастацтва», «Чатыры мастацтвы». Творчасць адметная дэкаратыўнасцю, плоскаснасцю кампазіцыі, пабудаванай на вял. колеравых плямах, дзе святлопаветраныя эфекты і перспектыва замяняюцца супастаўленнем і кантрастам колераў. У ранніх работах казачнасць усх. матываў спалучаў з музыкальнасцю кампазіцыйных рытмаў і падкрэсленай дэкаратыўнасцю каларыту («Каля гранатавага дрэва», 1907). У творах 1910—13, выкананых пад час вандровак у Турцыю, Егіпет і Іран, імкнуўся да зліцця дэкар. і канструктыўна-прадметнага пачаткаў («Фінікавая пальма»). З 1921 у Арменіі. З 1930-я г. шмат працаваў як партрэтыст, спалучаючы вострую характарнасць з увагай да душэўнага стану мадэлі (партрэты Р.​Сіманава, 1939; А.​Ісаакяна, 1940). У 1940—50-я г. пераважаў пейзажны жанр, эпічна-абагульненыя віды Арменіі: «Арарацкая даліна» (1945), «Арменія» (1957), цыкл «Мая Радзіма» (1952—58). Працаваў таксама як кніжны графік («Армянскія народныя казкі», 1933, і інш.) і тэатр. дэкаратар (сцэнаграфія і касцюмы да оперы «Алмаст» А.​Спендыярава ў Т-ры оперы і балета імя Спендыярава ў Ерэване, 1938—39, і інш). Дзярж. прэмія СССР 1941. Ленінская прэмія 1961.

І.​М.​Скварцова.

М.Сар’ян. Фінікавая пальма. Егіпет. 1911.

т. 14, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ КНІ́ЖНАЯ ПАЛА́ТА БЕЛАРУ́СІ,

навуковы цэнтр нац. бібліяграфіі, статыстыкі друку, аўтаматызаванай і цэнтралізаванай апрацоўкі дакументаў, галіновай службы стандартызацыі і навук.-тэхн. інфармацыі ў галіне выдавецкай справы, паліграфічнай прам-сці і кніжнага гандлю. Засн. 15.9.1922 у Мінску пры Бел. дзярж. і універсітэцкай б-цы як Бел. кніжная палата, з 1977 самастойная ўстанова ў сістэме Дзяржкамдруку Беларусі, да 1992 наз. Дзярж. кніжная палата Беларусі. Атрымлівае і захоўвае абавязковы бясплатны кантрольны экзэмпляр усіх выданняў рэспублікі (штогод каля 50 тыс. экз. кніг, брашур, перыяд. выданняў, аўтарэфератаў, дысертацый, плакатаў, нот, афіш, картаў, атласаў, паштовак і інш.), які пасля бібліягр. апрацоўкі захоўваецца ў Архіве друку (4,3 млн. адзінак; 1999). Інфармуе аб гэтых выданнях праз дзярж. бібліягр. паказальнікі, аб’яднаныя пад агульнай назвай «Летапіс друку Беларусі» (выходзіць з 1924); у 1995 падзелены на 4 самастойныя выданні. «Кніжны летапіс» (з 1924); «Летапіс часопісных артыкулаў» (з 1934); «Летапіс газетных артыкулаў» (з 1937); «Летапіс перыядычных выданняў і выданняў, якія працягваюцца» (з 1925). Рыхтуе і выдае штогоднікі: «Друк Беларусі» (з 1976), «Паказальнік бібліяграфічных дапаможнікаў Беларусі» (з 1978), «Кнігі Беларусі» (з 1984), рэтраспектыўныя паказальнікі, у т. л. «Музычная літаратура БССР» (1963—77), «Мастацкая літаратура народаў СССР у перакладзе на беларускую мову» (1967—97), «Летапіс часопісных артыкулаў, 1928—1933 гг.» (ч. 1—2, 1992) і інш. Ажыццяўляе работу па статыстыцы друку, распрацоўвае дзярж. і галіновыя стандарты па выдавецкай дзейнасці, паліграф. прам-сці. Выконвае функцыі нац. цэнтра па стандартнай нумарацыі кніг і брашур (ISBN). Прысвойвае ідэнтыфікатары выд-вам, прыватным выдаўцам, якія маюць выдавецкія правы (ліцэнзіі). Супрацоўнічае з ЮНЕСКА, Міжнар. агенцтвам ISBN і інш.

А.​І.​Варанько.

т. 11, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛОК (англ. block) у тэхніцы, 1) асобны механізм або дэталь грузапад’ёмных машын у форме кола з жолабам па акружнасці для каната, ланцуга, троса, шнура. Выкарыстоўваецца для змены напрамку дзеяння сілы (нерухомы блок), выйгрышу ў сіле ці шляху (рухомы блок), часам для перадачы вярчальнага моманту. Для атрымання значнага выйгрышу ў сіле выкарыстоўваюць камбінацыю блокаў — паліспаст.

2) Сукупнасць вузлоў, збудаванняў, якіх-н. частак, аб’яднаных па прызначэнні, размяшчэнні і інш. (напр., турбінны блок, энергаблок кацёл-турбіна-генератар).

3) Частка механізма, прыстасавання, якая складаецца з функцыянальна аб’яднаных, часта аднатыпных элементаў (напр., блок цыліндраў, блок сілкавання).

4) У будаўніцтве — зборны (сценавы) ці мантажны (аб’ёмны) элемент, што выкарыстоўваецца пры ўзвядзенні будынкаў.

Блокі сценавыя бываюць суцэльныя і пустацелыя (у т. л. з цеплатэхн. эфектыўнымі пустотамі) Вырабляюцца з лёгкіх, ячэістых ці цяжкіх бетонаў, цэглы і прыроднага каменя; выпускаюцца таксама керамічныя пустацелыя (шчылінныя) і сілікатабетонныя. Адрозніваюць блокі дробныя (сценавыя камяні) стандартнага памеру (напр., 19 × 19 × 38 см), якія выкарыстоўваюцца пры буд-ве 2—3-павярховых будынкаў, і буйныя (напр., фундаментныя), што вырабляюцца па спец. нармалях і ідуць на буд-ва тыпавых шматпавярховых будынкаў. Блок аб’ёмны выкарыстоўваецца найчасцей у выглядзе сан.-тэхн. кабін, частак ліфтавых шахтаў, трансфарматарных падстанцый, часам — пакояў і кватэр. Бываюць: з жалезабетону (найб. пашыраны), азбестацэменту, металу, дрэва, пластмасы; маналітныя (суцэльнафармаваныя) і састаўныя (з асобных панэляў).

5) У суднабудаванні — частка аб’ёму судна, якое будуецца паточным спосабам. Блокі збіраюць і зварваюць з секцый у кандуктарах, а секцыі робяць на стэлажах і стэндах. Корпус судна і надбудовы падзяляецца на асобныя блокі па ўмовах эканамічнасці вытв-сці, трываласці і інш. 6) Блок кніжны — лісты кнігі, змацаваныя ніткамі, дротам ці клеем і падрыхтаваныя да ўстаўкі ў пераплётную накрыўку.

Схемы блокаў рознага прызначэння: а — накіравальны; б — ураўняльны; в — рухомы для выйгрышу ў сіле.

т. 3, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СЕ́ВЕРО-ЗА́ПАДНЫЙ КРАЙ»,

грамадска-паліт. і літ. газета радыкальналіберальнага, з сярэдзіны 1904 рэв.-дэмакр. кірунку, у 1905 трыбуна мясц. арг-цыі РСДРП. Выдавалася з 1(14).11.1902 да 8(21).12.1905 у Мінску на рус. мове штодзённа. Рэдактар-выдавец М.​Мысаўской, з 28.10.1905 выдавец В.​Мысаўская, рэдактар І.​Фацінскі. Узнікла на аснове пашырэння праграмы газ. «Минский листок». Выступала ў абарону сац.-паліт. і эканам. правоў працоўных, змагалася за дэмакратыю і нац. раўнапраўе. Інфармавала пра ўнутр. і міжнар. становішча краіны, крытычна асвятляла дзейнасць урада і мясц. улад.

Пад уплывам рэв. сітуацыі перайшла ад прапаганды ліберальных рэформ да радыкальнай крытыкі сац.-паліт. ладу Расіі. Перадрукоўвала або пераказвала Праграму РСДРП, артыкулы У.​І.​Леніна. За газетай быў наладжаны сакрэтны нагляд, на яе рэдактара і супрацоўнікаў ішлі даносы ў сталіцу. У ліп. 1905 Мысаўской быў арыштаваны, а выданне газеты прыпынена. Паводле Маніфеста 17 кастр. 1905 і пад уплывам рэв. руху ў Мінску газета адноўлена. Яна прапагандавала рэалістычныя і дэмакр. традыцыі ў мастацтве, рус. класічную л-ру, творчасць А.​Пушкіна, М.​Гогаля, В.​Бялінскага, М.​Чарнышэўскага, І.​Тургенева, А.​Чэхава, У.​Караленкі, Л.​Талстога, М.​Горкага, Л.​Андрэева, асвятляла тэатр. і муз. жыццё Мінска, друкавала ў пераказе даклады і дыскусіі на сходах Мінскага т-ва аматараў прыгожых мастацтваў, творы мясц. аўтараў (Д.​Бохана, А.​Пшчолкі, Я.​Окуня і інш.). Мела рубрыкі «Кніжны агляд», «Навуковыя гутаркі». Апублікавала даследаванне Л.​Аксельрод (пад псеўд. Артадокс) «Аб праблемах ідэалізму», нарысы Д.​Мейчыка па гісторыі права, верш Я.​Купалы «Мужык» — першы друкаваны твор паэта, нарысы і бел. легенды ў запісах К.​Каганца, адзначала папулярнасць вершаў Цёткі (А.​Пашкевіч) «Хрэст на свабоду», «Пад штандарам».

Літ.:

Рожин Н.В. Газета «Северо-Западный край»: Очерк обществ.-полит., филос. и эстет. позиции, 1902—1905 гг. Мн., 1970;

Конон В.М. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в. Мн., 1985.

У.​М.​Конан.

т. 14, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІБЛІЯТЭ́КА НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ БЕЛАРУ́СІ,

галоўная універсальная навук. б-ка Рэспублікі Беларусь; цэнтр. кнігасховішча; даследчы, метадычны і каардынацыйны цэнтр у галіне бібліятэказнаўства, бібліяграфіі і кнігазнаўства. Засн. ў 1921 як б-ка БДУ (гл. Бібліятэка фундаментальная БДУ). У 1922 пераўтворана ў аб’яднаную Бел. дзярж. і універсітэцкую б-ку з Бел. кніжнай палатай; пры б-цы арганізаваны аддзел бел. л-ры і бібліяграфіі, пачалася работа ў галіне рэтраспектыўнай нац. і краязнаўчай бібліяграфіі. 14.5.1926 вылучана ў самастойную Бел. дзярж. б-ку. 10.8.1932 рэарганізавана ў Дзярж. б-ку і бібліяграфічны ін-т БССР, ёй прысвоена імя Леніна. У 1932 кніжны фонд б-кі налічваў больш за 1 млн. адзінак захоўвання. Б-ка стала грунтоўнай базай для абслугоўвання навукоўцаў, спецыялістаў розных галін навукі і нар. гаспадаркі; працавалі даведачна-бібліягр. аддзел, абанемент, міжбібліятэчны абанемент, кабінет бібліятэказнаўства. Б-ка адкрыла філіялы ў Віцебску (1925), Гомелі (1933), Магілёве (1938), у Мінску пры Доме ўрада; потым на базе гэтых філіялаў створаны Урадавая б-ка (гл. Бібліятэка прэзідэнцкая) і ў 1938 абласныя б-кі (гл. ў арт. Бібліятэка). На пач. 1941 б-ка стала цэнтрам метадычнай і бібліягр. работы на Беларусі, яе кніжны фонд налічваў каля 2 млн. тамоў, колькасць чытачоў 15 тыс. У Вял. Айч. вайну разрабаваны і знішчаны яе фонды і даведачны апарат. Найбольш пацярпеў фонд абавязковага экз. (засталіся толькі 33 тыс. тамоў); цалкам быў вывезены архіў друку БССР, газетны фонд, фонды аддзела бел. л-ры, рэдкіх і старадрукаваных кніг, абанемента, чытальных залаў, спалены разам з л-рай будынак рэзервовага фонду. Уцалела 321 тыс. экз. У 1944 пачалося аднаўленне б-кі. У 1948 яе фонды па колькасным складзе дасягнулі даваен. ўзроўню. З 1956 б-ка з’яўляецца дэпазітарыем матэрыялаў ААН і ЮНЕСКА, з 1975 — універсальным дэпазітарыем Рэспублікі Беларусь. 19.5.1993 перайменавана ў Нацыянальную б-ку Беларусі. Кніжны фонд (на 1.1.1996) 7,3 млн. адзінак захавання больш чым на 50 мовах свету.

Асаблівую каштоўнасць мае паўмільённы унікальны збор л-ры, выдадзенай на Беларусі з пач. 19 ст. да нашага часу, а таксама ўсіх выданняў і матэрыялаў пра Беларусь, у т. л. і замежных. Зберагаецца 56-тысячны збор рэдкіх выданняў, рукапісаў і старадрукаў. Сярод рукапісных матэрыялаў 16—20 ст. (больш за 1 тыс. адзінак захавання) на славянскіх, заходнееўрапейскіх і ўсходніх мовах вылучаюцца калекцыі: рукапісных кніг, у т. л. бел. паходжання (евангеллі, пралогі, служэбнікі, жыціі святых, зборнікі слоў і павучанняў і інш.), спеўных рукапісаў крукавай і ноталінейнай натацыі, усходніх рукапісаў па граматыцы, філасофіі, праве, мусульманскай тэалогіі і інш.; рукапісы дзеячаў навукі і культуры Беларусі (М.​В.​Доўнар-Запольскага, Е.​Р.​Раманава, А.​М.​Семянтоўскага, У.​І.​Пічэты, З.​Бядулі, Ц.​Гартнага, Я.​Коласа і інш.). Фонд старадрукаў (больш за 26 тыс. асобнікаў) уключае калекцыю інкунабулаў (44 адз.), у т. л. «Сусветная хроніка» Х.​Шэдэля (1493), выданне «Боскай камедыі» Дантэ (1481), першы ням. пераклад грэч. рамана 3 ст. «Гісторыя Апалонія, караля Цірскага» (Аўгсбург, 1471); калекцыю палеатыпаў (каля 200 асобнікаў), у т. л. 16 прыжыццёвых М.​Лютэра, выданні венецыянскай друкарні Аладаў (15—16 ст.), галандскіх кнігадрукаў Эльзевіраў (16—18 ст.), друкароў Эцьенаў, Фробенаў, Плантэнаў і інш. У калекцыі кірылаўскага друку захоўваецца адзіны ў Рэспубліцы Беларусь збор выданняў бел. першадрукара Ф.​Скарыны — 10 выпускаў «Бібліі» (Прага, 1517—19); выданні В.​Гарабурды («Евангелле вучыцельнае», каля 1580), І.​Фёдарава («Апостал», Львоў, 1574, і «Біблія», Астрог, 1581); кнігі з друкарні братоў Мамонічаў (16—17 ст.); выданні бел., рус. і ўкр. друкарняў 16—18 ст., у т. л. «Азбука» В.​Ф.​Бурцава (1634), «Арыфметыка» Л.​Магніцкага (1703), «Граматыка...» М.​Сматрыцкага (1648). У калекцыі рус. грамадзянскага друку 18 — пач. 19 ст. 10 кніг пятроўскай эпохі, прыжыццёвыя выданні М.​В.​Ламаносава, М.​І.​Навікова (у т. л. яго часопісы «Древняя российская вивлиофика», «Живописец» і «Кошелёк»); каштоўныя выданні 19 — пач. 20 ст. з прыватных калекцый П.​М.​Жуковіча, І.​П.​Карнілава, У.​І.​Пічэты, А.​П.​Сапунова. І.​І.​Гальдштэйна па гісторыі Беларусі, Літвы і Польшчы; Я.​Ф.​Карскага, М.​А.​Янчука па бел. л-ры, мове і этнаграфіі; першыя выданні твораў В.​Дуніна-Марцінкевіча, Ф.​Багушэвіча, Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча і інш.; першая нелегальная бел. газ. «Мужыцкая праўда» (выдавалася 1862—63 К.​Каліноўскім), першыя легальныя бел. газеты «Наша доля» і «Наша ніва»; першыя сав. газеты на бел. мове, у т. л. «Дзянніца»; рэсп., абласныя, раённыя газеты і часопісы Беларусі ад пачатку іх выдання. Захоўваюцца дакументы і выданні перыяду франц. рэвалюцыі 1789—94; калекцыі лістовак часоў Парыжскай камуны 1871; калекцыя вольнага рус. друку (выданні, забароненыя царскай цэнзурай); першыя і прыжыццёвыя выданні К.​Маркса, Ф.​Энгельса, Леніна; калекцыі бальшавіцкага друку дакастр. перыяду і выданняў першых гадоў сав. улады; збор падп. і партыз. друку перыяду Вял. Айч. вайны і інш. Вялікая калекцыя кніг з аўтографамі вядомых пісьменнікаў, навукоўцаў, грамадскіх дзеячаў. Самая вялікая на Беларусі калекцыя нот (77 тыс. экз.), больш за 100 тыс. адзінак захавання выяўл. матэрыялаў (плакаты, паштоўкі, рэпрадукцыі); каля 30 тыс. аўдыёвізуальных дакументаў, у т. л. грамзапісаў класічнага рэпертуару. У газетным фондзе сабраны ўсе бел. газеты за сав. перыяд (цэнтральныя, рэсп., абласныя), асобныя газеты замежных краін. Б-ка мае амаль 15-тысячны фонд картаў, каля 650 тыс. аўтарэфератаў і мікрафіш дысертацый. З 1990 укараняецца аўтаматызаваная інфарм. сістэма б-кі, дзейнічае электронны каталог. Ствараюцца рэтраспектыўныя базы даных нац. дакумента, рэдкай і старадрукаванай кнігі, нот, выяўленчых, аўдыёвізуальных і інш. дакументаў.

Штогод б-ка абслугоўвае 500 тыс. чытачоў, агульная выдача перавышае 3 млн. экз. Працуюць 14 галіновых і спец. чытальных залаў на 1000 месцаў. Паслугамі міжбібліятэчнага і міжнар. абанемента карыстаюцца каля 1 тыс. б-к у краіне і за яе межамі. Кнігаабменам б-ка звязана з 280 партнёрамі ў 36 краінах свету. Б-ка арганізуе выстаўкі (тэматычныя, юбілейныя, прысвечаныя знамянальным і памятным датам, выстаўкі прагляды; больш за 500 штогод), вядзе н.-д. работу па гісторыі бібліятэчнай справы на Беларусі. Выдае навук.-дапаможную і рэкамендацыйную бібліяграфію, у т. л. «Кніга Беларусі. 1517—1917» (1986), «Бібліяграфія па гісторыі Беларусі: Феадалізм і капіталізм» (1969), «Беларусь у друку XVI — пач. XX ст.» ў 5 кн. (1982—85), нотафанаграфічны паказальнік «Беларуская літаратура ў музыцы (1918—1989)» (1991); з 1960 выдае штомесячны бібліягр. бюлетэнь «Новыя кнігі Беларусі» і інш. У 1929—32 узведзены спец. будынак б-кі (арх. Г.​Лаўроў) у стылі канструктывізму. Б-ка мела агульную (на 400-месцаў) і для навук. работнікаў чытальныя залы. У 1961 пабудаваны дадатковы корпус, што палепшыла ўмовы работы чытачоў і захавання фондаў.

Літ.:

Нацыянальная бібліятэка Беларусі: Памятка чытачу. Мн., 1992.

Т.​М.​Мінчэня.

Бібліятэка нацыянальная Беларусі. У чытальнай зале.
Бібліятэка нацыянальная Беларусі. Уваход у галоўны корпус.

т. 3, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭВАРЫ́Т, ксілаграфія,

гравюра па дрэве; адзін з найб. стараж. відаў пукатай гравюры, у якой адлюстраванне друкуецца з плоскай паверхні драўлянай дошкі, пакрытай фарбай. Бывае абразны (падоўжны) і тарцовы. У абразным Д. друкарская форма (клішэ) ствараецца на дошцы, распілаванай уздоўж валокнаў драўніны мяккіх парод. Лініі і плямы, што ўтвараюць малюнак, абразаюць нажом, свабодныя ад выявы месцы паглыбляюць долатам. Гэтаму віду Д. ўласцівы абагульненасць малюнка, кантрастныя суадносіны белага і чорнага колераў. Клішэ тарцовага Д. выконваюцца на брусках цвёрдых парод драўніны, распілаваных упоперак валакна. Тонкія штрыхі малюнка праразаюцца штыхелем. Спалучэнні штрыхоў даюць магчымасць ствараць тоны рознай насычанасці, што часта выкарыстоўваецца для рэпрадуцыравання жывапісных твораў і танальнага малюнка.

Д. вядомы з 6—7 ст. (Кітай), у Еўропе з’явіўся ў 14—15 ст. У 19 ст. шырока выкарыстоўваўся для друкавання ілюстрацый і рэпрадуцыравання жывапісу і малюнкаў. У 20 ст. пашыраны гал. чынам у станковай і кніжнай гравюры.

На Беларусі першыя Д. (абразныя) з’явіліся ў пач. 16 ст. ў выданнях Ф.​Скарыны («Псалтыр», «Кніга Іова», «Кніга Ісуса Сірахава», усе 1517, кн. «Выхад», 1519). Кніжны Д. дамінаваў да пач. 17 ст. Склаліся рэгіянальныя школы бел. Д. (Віленская школа гравюры, Куцеінская школа гравюры, Магілёўская школа гравюры і інш.). У кніжнай графіцы працавалі П.​Мсціславец, М. і В.​Вашчанкі, Ф.​Ангілейка і інш. У 18 ст. пашырыўся станковы Д., у т. л. народны лубок. Д. бел. старадрукаў адметны высокім узроўнем тэхнікі гравіравання і маст. якасцей. У 19 ст. Д. заняпаў. У 1-й пал. 20 ст. ў тэхніцы Д. працавалі М.​Сеўрук, І.​Гембіцкі, Я.​Мінін, С.​Юдовін, А.​Тычына, А.​Зайцаў і інш. У апошні час Д. саступіў месца інш. відам гравюры (афорт, літаграфія, лінарыт і інш.).

Т.​М.​Карэліна, В.​Ф.​Шматаў.

Да арт. Дрэварыт. Дачка фараона і Майсей. Гравюра з тытульнага ліста кнігі «Выхад» Ф.​Скарыны. 1519.
Да арт. Дрэварыт. М.​Сеўрук. Вяртанне з працы. 1938.
Да арт. Дрэварыт. А.​Зайцаў. Партрэт Л.​Стрыгалёва. 1983.

т. 6, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)