БУРВІ́ЛЬ [Bourvil; сапр. Рэмбур (Raimbourg) Андрэ; 27.7.1917, в. Бурвіль, Нармандыя, Францыя — 22.9.1970],

французскі акцёр. У 1938 дэбютаваў у мюзік-холе і на радыё. З 1945 у кіно. Напачатку выступаў у амплуа камічнага прастака, пазней ствараў псіхалагічна глыбокія вобразы, выконваў таксама камічныя і драм. ролі. Сярод фільмаў: «Усё золата свету», «Разява», «Вялікая прагулка», «Праз Парыж», «Адвержаныя», «Чырвоны круг».

Літ.:

Клод К. Бурвиль: Пер. с фр. М., 1973.

т. 3, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЛІ́ ((Killy) Жан Клод) (н. 30.8.1943, г. Сен-Клу, Францыя),

французскі спартсмен (гарналыжны спорт). Чэмпіён X зімовых Алімп. гульняў (1968, г. Грэнобль, Францыя) у альпійскім трохбор’і: скарасным спуску, слаламе і слаламе-гіганце. Лепшы спартсмен X зімовых Алімп. гульняў. Чэмпіён свету ў трохбор’і (1966, 1968), у скарасным спуску (1966). Уладальнік Кубка свету (1967—68). З 1968 прафесіянал (чэмпіён свету, 1973). Узначальваў Арганізац. Камітэт XVI зімовых Алімп. гульняў (1992, г. Альбервіль, Францыя).

т. 8, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРНА́Р ((Bernard) Клод) (12.7.1813, Сен-Жульен, каля г. Вільфранш-сюр-Сон, Францыя — 10.2.1878),

французскі фізіёлаг і патолаг; адзін з заснавальнікаў эксперым. медыцыны і эндакрыналогіі. Чл. Парыжскай АН (1854). Замежны чл. Пецярбургскай АН (1860). Скончыў Парыжскі ун-т (1839). Віцэ-прэзідэнт (1868) і прэзідэнт (1869) Парыжскай АН. Навук. працы па інервацыі сасудаў, эндакрынных залозаў, вугляводным абмене, электрафізіялогіі, даследаванні функцыі падстраўнікавай залозы і яе ролі ў страваванні. Адкрыў утварэнне глікагену ў печані. Увёў паняцце пра ўнутр. асяроддзе арганізма.

т. 3, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСТЫЯ́ ((Bastiat) Клод Фрэдэрык) (29.6.1801, Мугрон, каля г. Баёна, Францыя — 24.12.1850),

французскі вучоны-эканаміст. Прадстаўнік эканам. лібералізму 19 ст., адзін з аўтараў гармоніі інтарэсаў тэорыі. Асн. працы: «Эканамічныя сафізмы» (1846), «Эканамічныя гармоніі» (1849). Прыхільнік рыначнай эканомікі, свабоднага прадпрымальніцтва і канкурэнцыі. Сфармуляваў тэорыю вартасці, заснаваную на паняцці паслуг. Капіталізм разглядаў як гарманічнае грамадства, засн. на ўзаемным абмене паслугамі паміж прадпрымальнікамі і працоўнымі. Крытычна ставіўся да ідэй сацыялізму. У 2-й пал. 20 ст. яго погляды адрадзіліся як рэакцыя на посткейнсіянства і эканам. тэорыю марксізму.

т. 2, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТА́Н-ЛАРА́ ((Autant-Lara) Клод) (н. 5.8.1903, г. Люзарш, Францыя),

французскі кінарэжысёр. Дэбютаваў у кіно ў 1919 як мастак. У 1930 зняў адну з першых шырокафарматных стужак «Раскладанне агню». У 1933 дэбютаваў у гукавым кіно (камедыя «Цыбулька»). З 1939 ставіў фільмы-экранізацыі: «Шлюб Шыфон», «Любоўныя лісты», «Пяшчотная»; сярод лепшых — паводле рамана Стэндаля «Чырвонае і чорнае» (1954). У фільмах 1950—70-х г. адчуваюцца сац. накіраванасць, антываен. пратэст: «Д’ябал у цялесным вобразе», «Праз Парыж», «Не забі», «Бульба», «Дзённік жанчыны ў белым», «Новы дзённік жанчыны ў белым», «Глорыя».

т. 2, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕРО́ ((Clairaut) Алексі Клод) (7.5.1713, Парыж — 17.5.1765),

французскі матэматык і механік. Чл. Франц. АН (1738). Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1754). Навук. працы па інтэгральным і дыферэнцыяльным злічэнні, аналіт. і дыферэнцыяльнай геаметрыі, нябеснай механіцы. Увёў паняцці крывалінейнага інтэграла і поўнага дыферэнцыяла функцыі некалькіх пераменных. Распрацаваў дынамічную тэорыю адноснага руху (1742), тэорыю руху Месяца (1751). Выканаў разлік траекторыі каметы Галея і прадказаў яе з’яўленне ў 1759 з памылкай каля 1 мес. У 1736—37 прымаў удзел у лапландскай экспедыцыі па вымярэнні даўжыні дугі зямнога мерыдыяна, прапанаваў матэм. тэорыю фігуры Зямлі (1743).

т. 8, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЭ́Н-ТАНУДЖЫ́ ((Cohen-Tannoudji) Клод Несім) (н. 1.4.1933, г. Канстанціна, Алжыр),

французскі фізік. Чл. АН Францыі (1981). Замежны чл. Нац. АН ЗША (1994). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы (1957). З 1960 у Нац. цэнтры навук. даследаванняў Францыі, адначасова з 1964 праф. Ун-та П. і М. Кюры і з 1973 — Калеж дэ Франс. Навук. працы па атамнай фізіцы, квантавай электроніцы і оптыцы. Зрабіў тэарэт. разлікі, распрацаваў новыя метады і ажыццявіў эксперыменты па лазерным тармажэнні атамных пучкоў, іх ахаладжэнні да анамальна нізкіх т-р (ніжэй за 10​−6 К) і ўтрымліванні ў малым аб’ёме. Нобелеўская прэмія 1997 (разам з С.Чу, У.Філіпсам).

М.​М.​Касцюковіч.

т. 8, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́ЗЫ (Guise) дэ, французскі арыстакратычны род, адгалінаванне Латарынгскага герцагскага дома; у перыяд Рэлігійных войнаў 16 ст. ўзначальвалі католікаў. Заснавальнік роду — Клод (1496—1550), сын герцага Латарынгіі Рэнэ II, у 1506 натуралізаваўся ў Францыі, герцаг Гізы з 1528. Франсуа (1519—63), сын Клода, праславіўся абаронай Меца ад войск імператара Карла V (1552) і ўзяццем у англічан Кале (1558). Разам з братам Шарлем (1525—74), кардыналам Латарынгскім, фактычна кіраваў краінай пры Францыску II. Франсуа расправіўся з гугенотамі (1560), арганізаваў крывавую разню іх у Васі (1562). Генрых (1550—88), сын Франсуа, адзін з арганізатараў Варфаламееўскай ночы (1572), узначальваў Каталіцкую лігу 1576. Прэтэндаваў на каралеўскі трон. Забіты паводле загаду караля Генрыха III. З заканчэннем рэліг. войнаў род Гізаў заняпаў.

т. 5, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕДУ́, Ле Ду (Ledoux, Le Doux) Клод Нікала (1736, г. Дарман, Францыя — 19.11.1806), французскі архітэктар. Вучыўся ў Ф.Бландэля і Л.​Ф.​Труара. З 1773 «архітэктар караля». У работах (т-р у Безансоне, 1775—84; заставы ці т. зв. прапілеі Парыжа, захаваліся 4 з 6 пабудаваных, 1784—89) выкарыстоўваў строгія стэрэаметрычныя формы, часткова прадвызначыў арх. мову стылю ампір. У праекце г. Шо (з 1771, ажыццёўлены часткова) развіваў ідэю рэнесансавага «ідэальнага» горада, дзе жылыя, вытв. і адм. будынкі складалі адзіны комплекс. Ідэі сац. утапізму ўласцівы і інш. яго праектам, у якіх захапленне сімвалізмам простых геам. форм — куба, цыліндра, шара, піраміды.

Літ.:

Аркин Д.Е. Леду // Аркин Д.Е. Образы архитектуры и образы скульптуры. М., 1990.

т. 9, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРНЭ́ (Vernet),

сям’я франц. жывапісцаў 18—19 ст.

Жазеф (Клод Жазеф; 14.8.1714, г. Авіньён, Францыя — 3.12.1789), пейзажыст. Вучыўся ў свайго бацькі Антуана і інш. Працаваў у Італіі і Парыжы. У найб. вядомай серыі яго твораў «Парты Францыі» (1753—63) традыцыі класічнага пейзажа К.Ларэна спалучаюцца з рысамі перадрамантызму. Карл (Антуан Шарль Арас; 14.8.1758, г. Бардо, Францыя — 27.11.1836), сын і вучань Жазефа. Поспех яму прынеслі карыкатуры на моды часоў Дырэкторыі; у гады імперыі — афіцыйны жывапісец-баталіст, гістарыёграф напалеонаўскай арміі. Арас (Эміль Жан Арас; 30.6.1789, Парыж — 17.1.1863), гіст. жывапісец і баталіст. Сын і вучань Карла. Дырэктар Франц. Акадэміі ў Рыме (1829—35), працаваў у Парыжы, Рыме, Пецярбургу (1836, 1842—43). Творы: «Напалеон праводзіць агляд сваіх войск у Цюільры», «Апафеоз Напалеона», «Мамелюк» і інш.

Да арт. Вернэ. Ж.​Вернэ. Бура. 1770-я г.

т. 4, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)