ГА́ЛАВЫЯ КЛЯШЧЫ́, чатырохногія кляшчы (Eriophydae або Tetrapodili),
падсямейства кляшчоў атр. акарыформных. Больш за 1500 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць на раслінах, высмоктваюць змесціва іх клетак, многія ўтвараюць галы (адсюль першая назва). На Беларусі вядомы: грушавы (Eriophyes piri), парэчкавы пупышкавы (Eriophyes ribis), альховы (Eriophyes laevis), ясянёвы (Eriophyes fraxinivorus), хваёвы (Eriophyes pini) і інш. кляшчы.
Даўж. 0,1—0,6 мм, цела чэрвепадобнае, малочна-белае, залаціста-жоўтае, белаватае, саламяна-жоўтае. 4 пяцічленікавыя нагі (адсюль другая назва). Ротавыя органы сысучыя. Органаў дыхання і вачэй няма. Кладуць яйцы, з якіх развіваюцца лічынкі. Шкодзяць пладовым дрэвам, палявым і агародным культурам, лесу. Некаторыя віды — пераносчыкі ўзбуджальнікаў вірусных хвароб раслін. Знішчаюць галавых кляшчэй акарыцыдамі.
Да арт.Галавыя кляшчы: 1 — сасочкападобныя галы альховага кляшча на лісце вольхі; 2 — бляшкападобныя і краявыя галы грушавага кляшча на лістах грушы; 3 — павялічаны грушавы клешч; 4 — разрастанне парасткаў ясеня, выкліканае ясянёвым кляшчом; 5 — асмоленыя галы хваёвага кляшча на парастках хвоі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВУКАПАДО́БНЫЯ (Arachnida, або Arachnoidea),
клас беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. Вядомы з сілуру (каля 440 млн. гадоў назад). 13 атр.: жгутаногія, кляшчы, павукі, сальпугі, сенакосцы, скарпіёны, ілжэскарпіёны (Pseudoscorpiones, або Chelonethi), кененіі, або шчупальцаходавыя (Palpigradi), рыцынулеі (Ricinulei), тартарыды, або схізапельтыдыі (Tartarides, або Schizopeltidia), тэліфоны (Uropygi); каля 60 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць пераважна на сушы, некат. (вадзяныя кляшчы, вадзяны павук) у вадзе. На Беларусі найб. трапляюцца прадстаўнікі атр. кляшчоў, павукоў, сенакосцаў і інш. Некат. П. — паразіты, пераносчыкі ўзбуджальнікаў інфекц. хвароб, шкоднікі раслін і харч. запасаў.
Даўж. ад 0,1 мм да 17 см. Цела падзяляецца на галавагрудзі і брушка, укрыта кутыкулай. Афарбоўка разнастайная. Галавагрудзі не падзелены на сегменты, у большасці 6 пар канечнасцей; брушка пераважна сегментаванае. Ротавы апарат сысучага тыпу. Вачэй ад 1 да 5 пар (няма ў кененій, многіх кляшчоў, рыцынулей). З органаў пачуццяў найб. развіты дотык. Дыхаюць трахеямі, лёгкімі, радзей паверхняй цела. Крывяносная сістэма незамкнёная (у многіх кляшчоў няма). Органы выдзялення — каксальныя залозы і мальпігіевыя сасуды. Некат. (павукі, скарпіёны) маюць ядавітыя залозы. Пераважна драпежнікі. Раздзельнаполыя. Большасць адкладвае яйцы, некат. (кляшчы, скарпіёны) жывародныя. Звычайна 1, радзей 2—3 пакаленні за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЯШЧЫ́ (Acarina),
зборная група (атрад) членістаногіх кл. павукападобных. З асобныя атрады (падатрады); К.-сенакосцы (Opilioacarina), акарыформныя кляшчы і паразітыформныя кляшчы. 300 сям., больш за 10 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім свеце. Большасць жыве на сушы (у глебе, лясным подсціле, гнёздах птушак і звяроў), некат. ў вадзе. На Беларусі адзначаны акарыформныя (трамбідыформныя і саркаптыформныя) і паразітыформныя К.
Даўж. 0,05—13 мм, сытых крывасмокаў да 30 мм. Цела шарападобнае ці прадаўгавата-авальнае, крыху пляскатае, нерасчлянёнае Ротавы апарат колючы, грызучы, колюча-грызучы. Вочы ў большасці відаў адсутнічаюць. Раздзельнаполыя, з палавым дымарфізмам. Большасць К адкладвае яйцы, ёсць жывародныя. Развіццё з поўным ператварэннем. Жыццёвы цыкл уключае фазы: яйцо, лічынка, німфа (адна ці некалькі стадый) і імага. Лічынка 6-ногая, у німфы і імага па 4 пары ног. Паводле тыпу кармлення К. — сапрафагі і драпежнікі. Многія віды — паразіты раслін, жывёл і чалавека. К.-крывасмокі могуць пераносіць узбуджальнікаў хвароб (напр., у жывёл — піраплазмозаў, бабезіёзаў і інш., у чалавека — кляшчовага энцэфаліту, тулярэміі і сыпнатыфозных ліхаманак). Акароідныя К. (свірнавыя, або збожжавыя) пашкоджваюць збожжа і прадукты, галавыя і павуцінныя К. выклікаюць хваробы яблынь, цытрусавых і інш.Гл. таксама Акаралогія, Гамазавыя кляшчы, Кароставыя кляшчы, Мучны клешч, Панцырныя кляшчы, Пер’евыя кляшчы.
Літ.:
Бэкер Э., Уартон Г. Введение в акарологию: Пер. с англ.М., 1955;