ЛІСІ́ЧКІ (Cantharellus),

род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. лісічкавых. Каля 70 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераных паясах. На Беларусі 2 віды: Л. сапраўдная, або жоўтая (C. cibarius), і Л. трубкападобная (C. tubaeformes). Трапляюцца ў хваёвых і мяшаных лясах. Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліп.кастрычніку.

Пладовае цела ў выглядзе шапкі на ножцы. Шапка дыям. да 10 см, пукатая або плоская, потым лейкападобная з тонкім хвалістым краем, жоўтая, жаўтаватая ці белаватая. Складкі пласціністыя, тоўстыя, зыходзяць на ножку. Ножка цыліндрычная, суцэльная, аднаго колеру са шляпкай з шапкай*. Мякаць шчыльная, белаватая, з прыемным пахам. Споры эліпсападобныя, гладкія, бясколерныя. Ядомыя.

С.​І.​Бельская.

Лісічкі.

т. 9, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЙВА́ (Cydonia),

род дрэў і кустоў сям. ружавых. 1 від — айва звычайная (Cydonia oblonga). Вырошчваюць у Еўропе, Паўн. Амерыцы, Паўн. Афрыцы, Усх. Азіі. На Беларусі культывуюць як пладовую і дэкар. расліну, выкарыстоўваюць таксама як каранёвы прышчэп для грушы.

Дрэва або куст выш. 1,5—8 м, ва ўмовах Беларусі куст выш. 3—4 м. Лісце круглае, авальнае ці яйцападобнае, зверху цёмна-зялёнае, знізу шараватае, лямцавае. Кветкі адзіночныя, белыя, ружовыя, аранжавыя. Цвіце ў маі—чэрв., плады дробныя, залаціста-жоўтыя, апушаныя, выспяваюць у кастрычніку. Плады багатыя цукрамі, к-тамі, вітамінамі, эфірным алеем, з іх гатуюць варэнне, джэм, кампоты і інш. Размнажаецца насеннем і вегетатыўна. Святлолюбівая і засухаўстойлівая расліна.

Айва звычайная.

т. 1, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКРЭ́ТНЫ ЧАС,

зменены паясны час на 1 гадз уперад з мэтай больш рацыянальнага выкарыстання светлай часткі сутак. У СССР уведзены ў 1930. Д.ч. другога гадзіннага пояса лічыцца маскоўскім, апераджае сусветны час на 3 гадз. Парадак падліку Д.ч.: паясны час плюс 1 гадз. (пастаянна на працягу года) з дадатковым пераводам гадзіннай стрэлкі на 1 гадз уперад у летні час. Перавод адбываецца ўначы з апошняй суботы на нядзелю ў сакавіку і адпаведна на 1 гадз назад у кастрычніку. Тэр. Беларусі ўваходзіць у другі гадзінны пояс. За аснову Д.ч. ўзяты паясны, таму маскоўскі час апераджае беларускі на 1 гадз. Парадак пераводу гадзіннай стрэлкі ў летні час застаўся той самы.

т. 6, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎНЯ́НКА, ваўнянка ружовая,

ваўнуха (Lactarius torminosus),

шапкавы базідыяльны грыб з роду млечнік сям. сыраежкавых. Пашырана ў Еўропе, Усх. Азіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды. Расце групамі ў лясах разных тыпаў, асабліва ў бярэзніках (утварае з бярозай мікарызу). Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліпені—кастрычніку.

Шапка дыям. 4—10 см, пукатая, потым шырокалейкападобная, з падагнутым уніз пушыстым краем, чырванавата-ружовая, з выразнымі канцэнтрычнымі зонамі, сухая або слізкаватая, лямцава-валасістая. Мякаць шчыльная, светла-крэмавая, з белым едкім млечным сокам, са слаба смалістым пахам. Пласцінкі прырослыя або зыходзячыя, белаватыя, потым жаўтавата-ружаватыя. Ножка цыліндрычная, пустая, святлейшая за шапку. Ядомы грыб (спажываецца салёны пасля вымочвання або адварвання). У некаторых краінах (Германіі, Польшчы) лічыцца ядавітым.

Ваўнянка ружовая.

т. 4, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЕТО́ПСІС (Boletopsis),

род базідыяльных грыбоў сям. балетопсідных. Вядомы 1 цыркумпалярны від — балетопсіс малалускаваты (Boletopsis subsquamosa). Пашыраны па ўсім зямным шары, акрамя Антарктыды. На Беларусі як вельмі рэдкі адзначаны ў Бярэзінскім запаведніку і Лагойскім раёне Мінскай вобласці. Расце на перагнойнай глебе ў хвойніках. Пладовыя целы з’яўляюцца ў вер.кастрычніку. Малавядомы ядомы грыб.

Пладовае цела ў выглядзе шапкі на ножцы. Шапка дыям. 5—10 см, паўшарападобная, мясістая, пазней плоскапукатая, у цэнтры злёгку ўціснутая, матавая, брудна-шэрая, пры дакрананні цёмна-бурая. Гіменафор трубчасты: трубачкі белыя ці шараватыя. Поры круглаватыя, з узростам вуглаватыя, іншы раз лабірынтападобныя, зубчастыя. Ножка цэнтральная або эксцэнтрычная, да асновы ўздутая. Тканка (трама) белая, пры націсканні і засыханні набывае колер. Споры вуглаватыя, бясколерныя або буравата-дымчатыя.

т. 2, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎДО́ТКА (Burhinus oedicnemus),

птушка сям. аўдоткавых атр. сеўцападобных. Пашырана ў Еўропе, Сярэдняй і Паўд. Азіі, Паўн. Афрыцы. Рэлікт чацвярцічнага перыяду. На Беларусі вельмі рэдкі пералётны від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення, занесены ў Чырвоную кнігу. Трапляецца пераважна ў паўд.-ўсх. частцы Палесся.

Птушка даўж. 40—45 см, маса да 440 г. Жыве на бязлесных пясчаных землях. Апярэнне шэра-пясочнае з чорнымі падоўжнымі стракацінамі, на бруху — белаватае. Ногі трохпальцыя. Прылятае ў сярэдзіне красавіка. Актыўная ноччу. Трымаецца парамі, восенню чародамі. Хутка бегае, выцягнуўшы шыю. Гнёзды на пяску. Нясе 2 жаўтавата-пясочнага колеру яйцы. Корміцца насякомымі, дробнымі яшчаркамі, грызунамі. Адлятае ў вер.кастрычніку. Зімуе ў Афрыцы і на Пд Аравійскага п-ва.

Аўдотка.

т. 2, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНАЯВІ́К, чарнільны грыб,

благушка (Coprinus),

род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. гнаевіковых. Каля 200 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. Сапратрофы. Растуць на ўгноенай глебе, гнілой драўніне, раслінных рэштках у лясах, садах, парках, агародах, на пашы. Пладаносяць у ліп.кастрычніку. На Беларусі 15 відаў, найб. вядомыя гнаявік белы (C. comatus), гнаявік чарнільны, ці шэры (C. atramentarica), гнаявік шэры (C. cinereus), гнаявік дамавы (C. domesticus). Гнаявік белы і чарнільны ядомыя ў маладым узросце; чарнільны мае проціалкагольнае рэчыва.

Шапка дыяметрам 1—14 см, яйцападобная, званочкавая, у старых грыбоў шыроказваночкавая ці распасцёртая, з узнятым уверх краем, белая, шэрая, жаўтаватая, часам з камякамі, пры адміранні расплываецца ў чарнільна-чорную вадкасць. Пласцінкі свабодныя, белыя, потым чарнеюць. Споры эліпсоідныя, чорныя. Эфемеры — пладовыя целы існуюць некалькі гадзін ці дзён.

Гнаявік чарнільны.

т. 5, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ТА (Oncorhynchus keta),

прахадная рыба сям. ласасёвых. Пашырана ў паўн. ч. Ціхага ак.: каля азіяцкіх берагоў ад Чукоткі да Карэі і в-ва Хонсю, каля амер. — ад Аляскі да Каліфорніі. У невял. колькасці дасягае рэк бас. Ледавітага ак., ад р. Лена да р. Макензі. 2 сезонныя формы: летняя і асенняя (больш буйная). Дарослыя жывуць у моры, нерастуюць у рэках: летняя форма — у ліпені—жніўні, асенняя — у кастрычніку—снежні. У час нерасту набывае «шлюбнае» ўбранне. Пасля нерасту гіне.

Даўж. да 1 м, маса да 14 кг. Маляўкі кормяцца беспазваночнымі, дарослыя ў моры — рыбай. Плоднасць каля 3—4 тыс. ікрынак. Ікра аранжавая, да 9 мм у дыяметры. Аб’ект промыслу і развядзення.

Кета: 1 — у час нагулу ў моры; 2 — у час нерасту ў рацэ.

т. 8, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕФА́ЛЕВЫЯ (Mugilidae),

сямейства рыб атр. кефалепадобных. 15 родаў, больш за 100 відаў. Пашыраны ў марскіх, саланаватых і прэсных вадаёмах трапічных і ўмераных шырот, у т. л. ў Азоўскім, Каспійскім, Чорным і Японскім морах. Трымаюцца каля берагоў невял. касякамі, спалоханыя часта выскакваюць з вады. Асн. прамысл. віды з роду Mugil: лабан (M. cephalus), сінгіль (M. auratus), вастранос (M. saliens).

Даўж. да 90 (звычайна 35—50) см, маса да 7 кг. Цела валькаватае, тулава і галава ўкрыты буйной луской. На спіне 2 плаўнікі. Рот маленькі, зубы дробныя або адсутнічаюць. Нерастуюць паблізу берагоў у вер.кастрычніку. Ікра пелагічная. Для нагулу заходзяць у залівы, ліманы. Кормяцца дэтрытам, абрастаннямі, дробнымі беспазваночнымі. Аб’ект промыслу, спарт. лоўлі і развядзення.

Да арт. Кефалевыя. Кефалі: 1 — сінгіль; 2 — лабан; 3 — вастранос.

т. 8, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАВІ́К, белы грыб (Boletus edulis),

шапкавы грыб сям. балетусавых. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі трапляецца нярэдка ў хвойніках, ельніках, дубровах, бярэзніках і мяшаных лясах. Расце адзіночна і групамі. Сапратроф. Пладовыя целы з’яўляюцца ў чэрв.кастрычніку.

Пладовае цела ў выглядзе шапкі на ножцы масай да 2, рэдка 4 кг. Шапка паўшарападобная, дыям. 4—20 см, мясістая, пазней плоска-пукатая, матавая. У залежнасці ад умоў росту ад белага да фіялетава-карычневага колеру. Ножка цыліндрычная або клубнепадобная, белаватая, з тонкім сеткавым малюнкам. Мякаць і гіменафор (малады) белыя, прыемна пахнуць, на зломе не мяняюць колеру. Утварае мікарызу з многімі дрэвамі (адрозніваюць каля 20 формаў баравіка — хваёвы, яловы, бярозавы, дубовы, грабавы і інш.). Багаты бялком, вугляводамі, тлушчам, мінер. рэчывамі; мае вітаміны A, B, C, D, PP, таксама антыбіётыкі, танізавальныя і проціпухлінныя рэчывы. Спажываюць баравікі смажаныя, вараныя, марынаваныя, сушаныя.

Баравік.

т. 2, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)