ДЫКРА́НУМ (Dicranum),

род брыевых імхоў сям. дыкранавых. Вядома больш за 50 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмеранай і халоднай зонах Галарктыкі. Удзельнічаюць у фарміраванні наглебавага покрыва тундраў, балот і хвойных лясоў. На Беларусі 8 відаў. Найб. пашыраны ў хваёвых і мяшаных лясах Д. мётлападобны (D. scoparium) і Д. шматножкавы (D. polysetum).

Лістасцябловыя расліны. Дзярнінкі шчыльныя, бліскучыя, ад зялёных да бураватых. Сцябло простае або вілаватае, часта з рызоідным лямцам. Лісце звычайна павернута ў адзін бок, сэрцападобнае, радзей усебакова адтапыранае. суцэльнакрайняе ці зубчастае з жылкамі. Каробачка ад яйцападобнай да цыліндрычнай. Вечка з касой дзюбкай. Каўпачок буйны, клабукападобны.

Дыкранум шматножкавы: а — расліна, б — ліст.

т. 6, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́РАСЬ (ад грэч. hairesis, асобнае веравучэнне, школа, секта),

адыход ад афіц. царк. дактрыны па пытаннях дагматыкі, культу і арганізацыі. Ідэйнымі вытокамі Е. былі іудаізм і іудзейскае сектанцтва (эсены, эбіяніты, неаплатонікі), якія ўплывалі пазней на антытрынітарыяў, хіліястаў, арыян (гл. Хіліязм, Арыянства), а таксама язычніцтва і містыцызм у выглядзе гнастыцызму, маніхейства, ісіхазму і інш. На глебе незадаволенасці палітыкай Ватыкана ў 14—16 ст. узнік шэраг сял. рухаў, якія зліваліся з рэфармац. рухам (гл. Рэфармацыя).

На Беларусі ўсе Е. прыўнесены з-за мяжы: у 15 ст. гусізм; у 16 ст. рэліг.-рацыяналіст. вучэнне (Ф.​Касой, Арцемій, М.​Башкін), антытрынітарыі, атэісты (К.Бекеш, С.Лован), з 17 ст. сацыніяне.

А.​А.​Цітавец.

т. 6, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯКРА́САЎ (Альберт Васілевіч) (20.4.1937, г. Красавіна Валагодскай вобл., Расія — 22.9.1992),

бел. мастак. Скончыў Ленінградскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча імя В.​Мухінай (1965). Выкладаў з 1965 у Віцебскім пед. (з 1977 — тэхнал.) ін-це. Творам уласцівы рамант. ўзнёсласць, лаканізм і дэкар. абагульненасць форм, матавасць жывапіснай фактуры, стрыманая гама колераў. Аўтар станковых кампазіцый «Дзяўчына з касой» (1969), «У восеньскім парку» (1971), «Раніца» (1974), «Дзеці» (1976), «Бацькоўскі край», «Хвіліна адпачынку» (абодва 1981), «Восень» (1982), «Першы снег» (1983), трыпціха «Зіма» (1982), серый акварэляў «Па родных мясцінах», «Лепельшчына», «Міжземнамор’е» (усе 1992), твораў манум. мастацтва: размалёўкі «Этапы вялікага шляху» (1967) у будынку ГПТВ-19 і «Чалавек і прырода» (1980) у вытв. корпусе швейнай фабрыкі «Сцяг індустрыялізацыі» ў Віцебску, мазаіка «Дзяцінства» на будынку сярэдняй школы № 4 г. Наваполацк Віцебскай вобл. (1973) і інш.

М.​Л.​Цыбульскі.

А.Някрасаў. Дзеці. 1976.

т. 11, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУШНЕ́РСТВА,

народны промысел па апрацоўцы аўчын і шкурак пушных звяроў. У бел. нар. К. гал. месца займаў выраб аўчын для пашыву зімовага адзення — кажухоў, паўкажушкоў, шапак. Апрацоўка шкурак упаляваных пушных звяроў (зайца, вавёркі, ліса, куніцы, тхара і інш.) мела другараднае значэнне; іх футра выкарыстоўвалася пераважна на шапкі і каўняры. Тэхнал. працэс традыц. К. ўключае некалькі паслядоўных аперацый. Адмочаную ў вадзе авечую шкуру ачышчалі ад мяздры на нахіленай паўкруглай дошцы на 2 ножках (калодзе) звычайнай касой, выкарыстоўвалі і скоблю (струг). Каб шкуру размякчыць і засцерагчы ад гніення пасля прасушвання яе заквашвалі ў «квасе» — кіслым растворы жытняй ці аўсянай мукі з соллю. Шкуры мякчылі спец. драўляным або жал. крукам, якім вадзілі па мяздры ўверх-уніз, пакуль уся паверхня не рабілася мяккай і белай. З 1830-х г. пачало практыкавацца дубленне аўчын. Да пач. 20 ст. побач з дубленымі кажухамі светла-карычневага колеру былі пашыраны і белыя нядубленыя. У пач. 20 ст. аўчыны пачалі фарбаваць хім. рэчывамі ў карычневы ці чорны колер. Падобным чынам апрацоўвалі і шкуркі пушных звяроў. Для іх сушкі і расцягвання выкарыстоўвалася дошка-канёк. З 1920-х г. кушнерская вытв-сць бытавала ў выглядзе хатняга промыслу, арцеляў і дзярж. прадпрыемстваў. У пасляваенны час кушнерскае рамяство заняпала. У наш час у некат. раёнах аўчыны і футры вырабляюцца на асабістыя патрэбы (гл. таксама Футра, Футравая прамысловасць).

Н.​І.​Буракоўская.

Да арт. Кушнерства. Традыцыйны кажух. Вёска Асаўніца Іванаўскага раёна Брэсцкай вобл. Канец 19 ст.

т. 9, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́РАЧ,

найбольшае возера на Беларусі, у Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Вілія, на Нарачана-Вілейскай нізіне, на выш. 165 м. Пл. 79,6 км², даўж. 12,8 км, найб. шыр. 9,8 км, найб. глыб. 24,8 м, даўж. берагавой лініі 41 км. Аб’ём вады 710 млн. м³. Пл. вадазбору 199 км². Уваходзіць у Нарачанскую групу азёр і нац. парк Нарачанскі. Катлавіна падпруднага тыпу, акруглай формы, асіметрычная. Сфарміравалася ў час утварэння Свянцянскіх град у перыяд паазерскага зледзянення. Схілы на Пн і ПнУ выш. 45—50 м, утвораны адгор’ямі Свянцянскіх град, сугліністыя і супясчаныя. На Пд да возера прымыкае больш спадзістая Паўд.-Нарачанская града. Берагі пераважна нізкія, акумулятыўныя, з пясчанымі пляжамі, пясчана-галечнымі валамі (выш. да 1 м) і камяністымі косамі, месцамі забалочаныя, тарфяныя. На Пн і ПнУ абразіўныя берагі са стромымі абрывамі і мысамі (выш. 2—11 м). Каля паўн.-ўсх. берага востраў (пл. 6,2 га) — помнік прыроды (рэдкія звяры і птушкі, гнездаванне вял. крахаля — ахоўны від). Дно возера адносна роўнае (сярэдні нахіл 1°), на У больш складанай будовы (нахіл 5—6°), з чаргаваннем узгорыстых, градава-ўзгорыстых і плоскіх участкаў, месцамі мяліны. Паверхня дна глыб. да 2 м займае 17% пл. возера, да 5 м — 36%, больш за 20 м — 1,8%. Прыбярэжная водмель пясчаная, часткова заіленая, каля стромкіх берагоў галька і валуны. Глыбакаводная ч. выслана крэменязёмістымі і карбанатнымі сапрапелямі, глініста-пясчанымі адкладамі. Паўвостраў Наносы (канчаецца касой) падзяляе Н. на паўн.-зах. Малы плёс (глыб. да 18 м) і паўд.-ўсх. Вялікі плёс (глыб. 24,8 м). Ваганні ўзроўню за год да 35 см, у асобныя гады да 70 см. Сярэдні ледастаў 127 сутак (снеж.—красавік). Таўшчыня лёду 50—60 см, макс. да 90 см. Макс. т-ра прыпаверхневага слоя вады 22 °C у канцы ліп.пач. жніўня. Зімовыя т-ры ў тоўшчы вады 2,5 °C. Вада насычана кіслародам, мінералізацыя да 250 мг/л, празрыстасць 7—9 м, колернасць 5—7°. Мезатрофнае. Упадаюць 17 ручаёў (Пронькі, Купа, Антонізберг, Сіманы і інш.) і пратока Скема з воз. Мястра, выцякае р. Нарач. Поўная змена вады адбываецца за 10 гадоў. Жыўленне: 62% ападкі, каля 29% паверхневае, каля 9% падземнае. Асн. ч. расходу вады (56%) — сцёк па р. Нарач. Іхтыяфауна рапушкава-сігавая, уключае 19 абарыгенных відаў. Прамысл. зарыбленне (еўрапейскі вугор, амурскі сазан, судак, сіг, пелядзь, сярэбраны карась і інш.). Гняздоўі птушак (лебедзь-шыпун, малая крачка, скапа, малая паганка) занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. З 1946 вядуцца гідраметэаралагічныя назіранні і маніторынгавыя даследаванні (Гідрабіялагічная станцыя БДУ). На берагах курорт Нарач, біял. заказнікі Некасецкі і Пасынкі, на паўд.-ўсх. беразе гідралагічны заказнік Чарэмшыца, помнік прыроды — геал. агаленне Студзянец. У сувязі з інтэнсіўным антрапагенным уздзеяннем пагаршаецца экалагічны стан Н.: памяншаецца празрыстасць вады, павялічылася колькасць фітапланктону, інтэнсіўна развіваюцца сіне-зялёныя водарасці, павялічваецца колькасць фасфатных злучэнняў у вадзе, развіваецца ачаг шыстаматознага цэркарыёзу.

З.​І.​Гарэлышава, Ю.​М.​Емяльянаў.

Возера Нарач.

т. 11, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)