АЎТАМАБІ́ЛЬ (франц. automobile ад грэч. autos сам + лац. mobilis рухомы),

самаходная бязрэйкавая машына, якая прыводзіцца ў рух уласным рухавіком. Бываюць аўтамабілі: пасажырскія (легкавыя аўтамабілі, аўтобусы); грузавыя аўтамабілі (у т. л. аўтапаязды), грузапасажырскія (для адначасовай перавозкі пасажыраў і грузаў); спецыяльныя (аўтакраны, пажарныя машыны, санітарныя аўтамабілі, аўтамабілі для ачысткі і палівання вуліц, перасоўныя рамонтныя майстэрні і інш.); спецыялізаваныя (самазвалы, седлавыя цягачы, бензавозы, бетанавозы, аўтапагрузчыкі, кантэйнеравозы, рэфрыжэратары, аўтамабілі-цыстэрны, фургоны, леса-, панэля- і фермавозы і інш.); спартыўныя аўтамабілі (у т. л. гоначныя аўтамабілі). Усе віды аўтамабіляў аснашчаюцца бензінавымі ці дызельнымі аўтамабільнымі рухавікамі. Пэўны час выкарыстоўваліся газагенератарныя аўтамабілі, набываюць пашырэнне газабалонныя аўтамабілі, распрацоўваюцца розныя варыянты электрамабіляў. Для цяжкіх дарожных умоў існуюць усюдыходы, «амфібіі», для перавозкі асабліва каштоўных грузаў, вайсковых патрэб — бронеаўтамабілі. Тэндэнцыяй у легкавым аўтамабілебудаванні з’яўляецца пераход на выпуск тэхнічна і экалагічна бяспечных аўтамабіляў.

Асн. элементы аўтамабіля — рухавік, шасі і кузаў. Шасі ўключае хадавую частку (рама, масты, падвескі, колы), трансмісію (счапленне, каробка перадач, карданная перадача, галоўная перадача, дыферэнцыял, паўвосі) і сістэмы кіравання (рулявое кіраванне, тармазная сістэма). Кузаў грузавога аўтамабіля складаецца з кабіны, капота і платформы для размяшчэння грузу; у легкавых да кузава мацуюцца агрэгаты аўтамабіля. Усе аўтамабілі па агульнай колькасці колаў і колькасці вядучых колаў маюць адну з колавых формул: 4×2, 4×4, 6×2, 6×4, 6×6, 8×8.

Першы аўтамабіль з паравым рухавіком пабудаваны Н.​Ж.​Кюньё (1769—70, Францыя). Датай нараджэння аўтамабіля лічыцца 1886, калі К.​Бенц (Германія) запатэнтаваў трохколавы аўтамабіль з рухавіком унутранага згарання. У Расіі аўтамабілебудаванне пачалося перад 1-й сусв. вайной на Руска-Балтыйскім з-дзе ў Рызе, у СССР — у 1924, калі на з-дзе АМО (Масква) выпусцілі першыя грузавікі АМО-Ф15.

Вытворчасць аўтамабіляў на Беларусі пачалася ў 1947 на Мінскім аўтазаводзе (самазвал МАЗ-205 грузападымальнасцю 6 т). У 1995 МАЗ выпускаў аўтамабілі 5-га пакалення: велікагрузныя аўтамабілі і аўтапаязды поўнай масай да 40 т (МАЗ-54323), да 44 т (МАЗ-54321, -54326, -64229), да 50 т (МАЗ-64221, -64226, -63031), грузавыя аўтамабілі высокай праходнасці (МАЗ-6317, -63171), самазвалы (МАЗ-5551), лесавозы (МАЗ-5434), аўтобусы гарадскія (МАЗ-101) і турысцкія (МАЗ-151). Беларускі аўтазавод (г. Жодзіна) працуе з 1958, у 1995 асн. прадукцыю яго складалі кар’ерныя самазвалы грузападымальнасцю 30, 42, 80, 120, 180 і 200 т (адпаведна БелАЗ-7540, -7548, -7549, -7512, -75215 і -7530), шлакавозы (БелАЗ-7920) і аэрадромныя цягачы (БелАЗ-74211). Магілёўскі аўтазавод у 1959 пачаў выпускаць аднавосевыя цягачы, у 1995 вырабляў самазвалы грузападымальнасцю 23 т (МаАЗ-75051), самазвальныя аўтапаязды (МаАЗ-7405-9586) для работ у шахтах і тунэлях, аўтабетоназмяшальнікі (СМБ-49). У 1992 на базе вытв-сці спец. колавых цягачоў МАЗа абсталяваны Мінскі з-д колавых цягачоў, які ў 1995 выпускаў сям’ю пазадарожных аўтамабіляў «Волат» (7909) з колавай формулай 8×8, што працуюць у складзе аўтапаяздоў для перавозкі розных грузаў, лесавозы, трубавозы (для трубаў да 36 м, агульнай масай да 40 т), цягачы грузападымальнасцю да 50 і 65 т, чатырохвосевыя шасі (69232) пад кранавае абсталяванне з вылетам стралы да 50 м і шасцівосевыя (79191) пад абсталяванне для бурэння нафтагазавых свідравін. У 1994 пачаты выпуск аўтобусаў «Амкадор-Ікарус-28033» акц. т-вам «Амкадор-Пінск», аўтобусаў ЛіАЗ-5256 на доследным з-дзе «Нёман» у г. Ліда і зборка мікралітражных аўтамабіляў ВАЗ-1111 «Ака» на Гродзенскім з-дзе карданных валоў. Гл. таксама Аўтамабільная прамысловасць, Аўтамабільны транспарт, Аўтамабільны спорт.

Літ.:

Автомобиль: Основы конструкции. 2 изд. М., 1986;

Боровских Ю.И., Буралев Ю.В., Морозов К.А. Устройство автомобилей: [Практ. пособие]. М., 1988;

Анохин В.И. Отечественные автомобили. 4 изд. М., 1977.

А.​С.​Рукцешэль.

Першыя аўтамабілі: а — «Форд» (ЗША); б — «Руса-Балт» (Расія); в — «Сітраэн» (Францыя).

т. 2, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ АБЛАСНЫ́ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.

Існуе ў Гомелі з ліст. 1954. Адкрыўся спектаклем «Гады вандраванняў» А.​Арбузава. Напачатку ставіліся пераважна п’есы сав. драматургаў: «Гісторыя аднаго кахання» К.​Сіманава, «Крылы» А.​Карнейчука, «У добры час!» В.​Розава, «Каханне Ані Бярозкі» У.​Пісталенкі і інш. З 1956 у рэпертуары пачалі з’яўляцца бел. творы: «Глыбокая плынь» паводле І.​Шамякіна, «Непрымірымасць» і «У бітве вялікай» А.​Маўзона. Зрэдку ставіліся класічныя п’есы: «Хітрамудрая закаханая» Лопэ дэ Вегі, «Дон Сезар дэ Базан» А.​Дэнеры і Ф.​Дзюмануара, «Васа Жалязнова» М.​Горкага. Канец 1950 — пач. 1960-х г. у творчасці т-ра звязаны з дзейнасцю рэжысёраў Л.Эльстона і Ю.Арынянскага. Сярод значных пастановак: «Лявоніха на арбіце» А.​Макаёнка, «Сэрца на далоні» І.​Шамякіна, «Выклік багам» А.​Дзялендзіка, «Угрум-рака» паводле В.​Шышкова, «Інтэрвенцыя» Л.​Славіна, «Перад вячэрай» Розава, «104 старонкі пра каханне» Э.​Радзінскага, «Зімовая казка» У.​Шэкспіра. Асабліва плённай была дзейнасць т-ра ў 2-й пал. 1960 — 1-й пал. 1970-х г. (маст. кіраўнік І.Папоў), калі стабілізаваўся акцёрскі калектыў, вырасла выканаўчае майстэрства. Спектаклі вызначаліся творчым пошукам, глыбінёй спасціжэння драматургіі, псіхалагізмам, тонкай распрацоўкай характараў, сцэн. культурай, ансамблевасцю. Сярод лепшых пастановак: «Любоў Яравая» К.​Транёва, «Разлом» Б.​Лаўранёва, «Пасля пакарання смерцю прашу...» В.​Долгага, «Маё сэрца з табою» Ю.​Чупрына, «Не трывожся, мама!...» Н.​Думбадзе, «Беспасажніца» і «Даходнае месца» А.​Астроўскага, «Тры сястры» А.​Чэхава, «Атэла» Шэкспіра. Цікавае сцэн. ўвасабленне набылі «Легенда пра песню няспетую» М.​Пало і Папова, «Рудабельская рэспубліка» паводле С.​Грахоўскага, «Таблетку пад язык» Макаёнка, «Грэшнае каханне» і «Амазонкі» Дзялендзіка. Спектаклі «Жыццё ўсяго адно» А.​Маўзона, «Залатая карэта» Л.​Лявонава і «Першы грэх» А.​Каламійца (рэж. усіх Папоў) у 1972 адзначаны Дзярж. прэміяй Беларусі. У 2-й пал. 1970-х г. т-р перажыў перыяд творчай нестабільнасці, істотныя змены адбыліся ў трупе. Канец 1970 — 1-я пал. 1980-х г. звязана з дзейнасцю рэж. В.​Кручкова, які асаблівую ўвагу надаваў знешняй культуры, дынамізму, пластыцы, музыкальнасці пастановак. Сярод іх: «Жывы партрэт» А.​Марэта, «Як вярнуць мужа?» («Ілгуха») Л.​Эніка і А.​Дадэ. Значнымі былі пастаноўкі бел. твораў: «Подых навальніцы» паводле І.​Мележа, «Ладдзя роспачы» паводле У.​Караткевіча, «Гора і слава» А.​Петрашкевіча, «Узлёт» А.​Дударава. У 2-й пал. 1980 — пач. 1990-х г. т-р зноў апынуўся ў крызісным становішчы. Спектаклі не вызначаліся навізной, маст. вартасцю. З 1993 маст. кіраўнік т-ра У.Караткевіч. Сярод пастановак апошніх гадоў: «Паўлінка» Я.​Купалы, «Звар’яцелы Альберт» С.​Кавалёва паводле Я.​Баршчэўскага, «Купала» А.​Дударава, «Цудоўная казка — прыгожая песня» А.​Міхайловіча паводле бел. нар. казак «Лёгкі хлеб» і «Музыкі», «Прыгажун-мужчына» А.​Астроўскага, «Тайна адной споведзі» Б.​Васільева, «Гульня і не больш» Д.​Фо. У розныя гады ў т-ры працавалі акцёры: М.​Цурбакоў, Л.​Гамуліна, Л.​Гарбунова, Т.​Скарута, С.​Давыдаў, А.Г. і А.​С.​Каменскія, М.​Маліноўскі, У.​Слаўкоў, М.​Кукліна, Р.​Сувораў, Л.​Усанава, Я.​Дашкоў, Л.​Сторажава, П.​Філіпаў; рэжысёры: С.​Гурыч, Я.​Батурын, Б.​Насоўскі, В.​Шутаў, В.​Яснагародскі, Г.​Вагаў, В.​Бартосік; мастакі: А.​Ясафава, А.​Свішчоў, М.​Гафт, А.​Белазёраў, А.​Кляўзер, Дз.​Мохаў. У складзе трупы (1997): нар. арт. Беларусі Н.​Карнеева, засл. арт. Беларусі Ф.​Іваноў, Л.​Лаўрыновіч, М.​Пало, В.​Чэпелеў, Ю.​Шэфер і інш.

Будынак т-ра ўзведзены ў 1956 (праект 1941, арх. А.​Тарасенка). Прамавугольны ў плане аб’ём мае сіметрычную прасторавую кампазіцыю. Па гал. восі размешчаны цэнтр. ўваход, вестыбюльная група памяшканняў, глядзельная зала партэрна-яруснага тыпу на 800 месцаў, развітая сцэн. каробка. Гал. фасад уяўляе сабой 6-калонны порцік з франтонам, багата дэкарыраваны скульптурай. Калонам карынфскага ордэра адпавядаюць пілястры па перыметры будынка. Інтэр’еры асн. памяшканняў аздоблены лепкай.

А.​В.​Сабалеўскі, А.​А.​Воінаў (архітэктура).

т. 5, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАДМАГІ́ЛЛЕ,

твор скульптуры ці архітэктурнае збудаванне, якія прызначаюцца для ўвекавечвання памяці нябожчыка і ўстанаўліваюцца на яго магіле. Н. ствараюць у выглядзе бюстаў, статуй, рэльефаў, стэл, калон, абеліскаў і інш. Форма і характар Н. абумоўлены сац. і рэліг. патрабаваннямі, пануючым маст. стылем.

Вядомы з часоў неаліту ў выглядзе слупоў, менгіраў, у Стараж. Грэцыі — статуі, стэлы з выявай памерлага. З 11 ст. ў Зах. Еўропе асн. тыпам Н. была тумба (пустая каменная ці бронз. каробка). На сярэдневяковым Каўказе, у Румыніі, на Балканах пашыраны каменныя пліты з арнаментальнай разьбой. Кіт. Н. (верт. пліты) узводзіліся адна над адной і паступова пераўтвараліся ў мемар. сцены. У эпоху Адраджэння Н. выцеснены грабніцамі. У 17—18 ст. партрэтныя выявы часта спалучалі з сімваламі і алегарычнымі фігурамі; большую значнасць набылі надпісы 3 канца 18 — пач. 19 ст. Н. ўстанаўліваюцца на могілках. У Н. 2-й пал. 19—20 ст. рэліг.-дыдактычны пачатак паступова слабее, аздабленнем магілы часцей становіцца партрэт памерлага ці сімвалічна-мемар. эмблема.

На Беларусі Н. вядомы з 16 ст. Уяўлялі сабой каменныя або жал. пліты з тэкстам пра жыццё памерлага, выявамі герба, евангельскіх сцэн, іх клалі на магілу або ў храмах (надмагільная пліта епіскапа Цярлецкага, захоўваецца ў Музеі стараж.-бел. культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі). Паяўленне скульпт. Н. звязана з уплывам традыцый Адраджэння і дзейнасцю італьян. мастакоў. Захаваліся Н. 16 ст.: А.​Гаштольда — рэльефная выява памерлага (1539—41, скульпт. З.​Бернардзін), П.​Гальшанскага (1550, скульпт. Падавана; абодва ў Віленскім кафедральным саборы), фрагмент мармуровага Н. з выявай спячага дзіцяці з замка ў г.п. Мір (Гродзенскі гісторыка-археал. музей), надмагільны рэльеф М.​К.​Радзівіла Сіроткі (пасля 1616) і Н. ў выглядзе бюста другога яго сына (1608, абодва ў Нясвіжскім касцёле езуітаў), шматфігурная кампазіцыя на пліце ў памяць пра тых, што загінулі пад Хоцімам (пасля 1643, Навагрудскі фарны касцёл), Мікалая і Барбары Вольскіх — укленчаныя адзін супраць аднаго перад крыжам (пасля 1623, Георгіеўскі касцёл у в. Крамяніца Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл.), Л.​Сапегі і яго жонак (пасля 1633, касцёл Міхаіла ў Вільні), П.​Сапегі і трох жонак (пасля 1635, в. Гальшаны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл., цяпер у Музеі стараж.-бел. культуры). Рысы класіцызму выяўляюцца ў маст. вырашэнні надмагілля Б.​Біспінка з мармуровай выявай жанчыны, якая сядзіць на саркафагу (1789, скульпт. І.​Прукнер, Троіцкі касцёл, г.п. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.), К.​Радзівіл (1825, Нясвіжскі касцёл езуітаў), графа М.​П.​Румянцава (1834, скульпт. В.​Дэмут-Маліноўскі, Гомельскі краязнаўчы музей), брата А.​Міцкевіча Аляксандра (пасля 1873, г. Кобрын Брэсцкай вобл.), А.​Чахоўскага (пасля 1858, в. Лунна Мастоўскага р-на), С.​Пац (19 ст., Троіцкі касцёл, г.п. Рось Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл.), А.​Тызенгаўза з бронзавай выявай сядзячай жанчыны і партрэтным медальёнам (1887, скульпт. Т.​Дукас, Гродзенскі касцёл езуітаў). У 2-й пал. 20 ст. створаны шэраг значных Н. дзярж. дзеячаў, вучоных, пісьменнікаў, артыстаў, мастакоў: Я.​Коласа (1970, скульпт. У.​Ананька, М.​Якавенка, арх. М.​Мызнікаў), Я.​Купалы (1971, скульпт. А.​Анікейчык і А.​Заспіцкі), І.​Жыновіча (1976, скульпт. З.​Азгур), І.​Мележа (1980, скульпт. С.​Вакар, арх. Ю.​Казакоў), П.​М.​Машэрава (1983, скульпт. Анікейчык, арх. Л.​Левін, Ю.​Градаў), Е.​Лось (1985, скульпт. Заспіцкі), І.​І.​Грамовіча (скульпт. М.​Рыжанкоў), А.​А.​Анікейчыка (абодва 1988, скульпт. А.​Фінскі), Ю.​А.​Карачуна (скульпт. У.​Лятун), В.​Ц.​Турава (абодва 1999, скульпт. Якавенка). У мемар. комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой» створана агульнае Н. над некропалем герояў, што загінулі ў крэпасці (1967—71, арх. У.​Кароль, Казакоў, В.​Волчак, В.​Занковіч, Г.​Сысоеў і інш.). Н.-стэлы ўстаноўлены ахвярам фашызму каля в. Маціёва Талачынскага р-на (1967) і ў г. Докшыцы (1968), на брацкай магіле партызан, ахвяр фашызму і землякоў у в. Масевічы Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл. (1975), гомельскім апалчэнцам і Ц.​С.​Барадзіну (1975, скульпт. Г.​Гарбанёў), на брацкай магіле чырвонагвардзейцаў у в. Калышкі Лёзненскага р-на Віцебскай вобл. (1983) і інш.

А.​К.​Лявонава.

Надмагілле Мікалая і Барбары Вольскіх у Георгіеўскім касцёле вёскі Крамяніца Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобл.
Да арт. Надмагілле. Помнік на магіле Янкі Купалы. 1971. Скульптары А.​Анікейчык і А.​Заспіцкі.

т. 11, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)