МАГІЛЁЎСКІ ЖЭЛАЦІ́НАВЫ ЗАВО́Д Пабудаваны ў 1937 у Магілёве як косцеперапрацоўчы з-д. У Вял.Айч. вайну разбураны. Адноўлены ў 1947. З 1953 пачалася вытв-сць касцявога клею, з-д перайменаваны ў клеявы. З 1959 з-д па вытв-сці касцявой мукі. У 1964—68 расшыраны і рэканструяваны. З 1973 працуе цэх па вырабе жэлаціну. З 1979 сучасная назва, з 1996 адкрытае акц.т-ва. Асн. прадукцыя (1999): клей касцявы, жэлацін харч. і тэхн., касцявы паўфабрыкат кармавы і тэхн., тлушч тэхнічны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РГІУС ((Bergius) Фрыдрых) (11.10.1884, Гольдшмідэн, цяпер у межах Вроцлава, Польшча — 30.3.1949),
нямецкі хімік-тэхнолаг. Скончыў Брэслаўскі ун-т (1907). Працаваў ва ун-тах Берліна і Гановера. У 1910 на свае сродкі стварыў лабараторыю, у 1914 стаў прадпрымальнікам. З 1938 займаўся вытв. дзейнасцю ў канцэрне «І.Г.Фарбэніндустры». Распрацаваў метады высокага ціску ў хіміі і хім. тэхналогіі. Прапанаваў працэсы гідрагенізацыі вугалю і ператварэння цэлюлозы ў кармавы цукар, што забяспечыла Германію ў гады 2-й сусв. вайны жыццёва неабходнымі рэсурсамі. Нобелеўская прэмія 1931 (разам з К.Бошам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВАЎКАВЫСКЦЭМЕНТНАШЫФЕР»,
арэнднае прадпрыемства ў г.п. Краснасельскі Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. Створана ў 1914 як Краснасельскі цэментны з-д, які быў адным з буйнейшых у Расіі. У сав. час рэканструяваны, з 1973 Ваўкавыскі цэментны з-д «Перамога» — галаўное прадпрыемства ВА «Ваўкавыскцэментнашыфер». З 1990 сучасная назва. Уключае з-д азбестацэментавых вырабаў (працуе з 1972), вапнавы з-д (з 1973), «Ваўкавыскцэмбуд» (з 1987) і кар’ераўпраўленне (з 1988). Працуе на мясц. цэментных глінах і меле, азбест пастаўляюць прадпрыемствы Расіі. Асн. прадукцыя (1996): партландцэмент розных марак, шлакапартландцэмент, вапна для буд-ва, азбестацэментавыя лісты (шыфер) і трубы, грануляваны кармавы мел і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМАВЫ́Я ДАБА́ЎКІ,
пажыўныя рэчывы, якія ўводзяць у рацыёны жывёл, каб забяспечыць найвышэйшую іх прадукцыйнасць і эфектыўнае выкарыстанне кармоў. Вядома больш за 100 К.д.: энергетычныя — сушаныя коранеклубняплоды, крухмал, мелес, кармавыя жывёльныя тлушчы, алеі, фасфатыды; небялковыя азоцістыя — карбамід, аманійныя солі, аміяк і аміячная вада, сінт. амінакіслоты; мінеральныя — даламітавы вапняк, вапняковы туф, сапрапель, азёрны глей, касцявая мука, фасфарын, касцявы попел, кармавы прэцыпітат і інш., у якіх ёсць макра- і мікраэлементы. З інш. дабавак выкарыстоўваюць вітамінныя, ферментныя прэпараты, гарманальныя рэчывы, кармавыя антыбіётыкі, транквілізатары, араматычныя, смакавыя і інш. рэчывы. К.д. ўключаюць у склад камбікармоў і кармавых сумесей паасобку або ў выглядзе бялкова-вітамінна-мінер. дабавак і прэміксаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМЫ́,
прадукты расліннага, жывёльнага, мікрабіял. і хім. паходжання, якія выкарыстоўваюць для кармлення с.-г. жывёлы. Паводле паходжання падзяляюцца на раслінныя кармы, жывёльныя кармы, камбікармы, мінеральныя кармы, адходы тэхн. і харч. вытв-сці, сінтэтычныя прэпараты, біялагічна актыўныя дабаўкі. Пажыўнасць К. ацэньваюць у кармавых адзінках. З кармавых адходаў тэхн. вытв-сці найб. каштоўныя адходы мукамольнай (вотруб’е, мучны пыл), цукр. (жамерыны, мелес), алейнаэкстракцыйнай (макуха, шрот), крухмальнай (мязга), брадзільнай (брага, піўная шраціна) прам-сці. Сінтэтычныя прэпараты атрымліваюць шляхам хім. і мікрабіял. сінтэзу. Да іх належаць заменнікі кармавога пратэіну, кармавыя дрожджы, кармавы канцэнтрат L-лізіну, DL-метыянін. Біялагічна актыўныя дабаўкі — прадукты з высокай біял. актыўнасцю, якія выкарыстоўваюць у малых дозах: солі мікраэлементаў, вітамінныя, ферментныя і гарманальныя прэпараты, антыбіётыкі, транквілізатары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ЛАС (ісп. silos, мн. лік ад silo падземнае памяшканне, яма для захоўвання зерня),
кансерваваная без доступу паветра зялёная маса раслін, сакаўны корм. Сіласуюць сіласныя культуры, дзікарослыя травы, бацвінне, караняплоды і інш.
Расліны здрабняюць, закладваюць слаямі ў сіласасховішчы, утрамбоўваюць і ізалююць ад паветра зямлёй, глінай або сінт. плёнкай. У такіх умовах хутка размнажаюцца малочнакіслыя бактэрыі, якія раскладаюць цукры з утварэннем малочнай к-ты і прыгнечваюць анаэробныя маслянакіслыя і гніласныя працэсы. Гатуюць С. просты ці камбінаваны, часам з падвяленых (да 70% вільгаці) раслін. Якасны С. мае прыемны пах (квашанай капусты, мочаных яблык, фруктовы), кіславаты смак, жоўта-зялёны колер, рыхлую структуру, у ім зберагаюцца пажыўныя рэчывы (акрамя цукру) і вітаміны. Уваходзіць у кармавы рацыён с.-г. жывёл, паляпшае іх страваванне, засвойванне інш., асабліва грубых кармоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕО́РГІЕЎСКІ ФЛАГ,
адзін з флагаў ВМФ Расіі (калект. ўзнагарода) у 19 — пач. 20 ст. Уяўляў сабой белае прамавугольнае палотнішча, перакрыжаванае па дыяганалі сінім Андрэеўскім крыжам, у цэнтры якога змяшчаўся чырв. геральдычны шчыт з выявай св. Георгія Перамаганосца. Уведзены 5.6.1819 імператарам Аляксандрам I у гонар бітвы каля Кульма, дзе вызначыўся Гвардз. флоцкі экіпаж. Быў флагам адміралаў на суднах Гвардз. флоцкага экіпажа, з 1903 і на караблях чарнаморскіх флоцкіх экіпажаў, адзначаных у 1856 Георгіеўскім флагам за абарону Севастопаля. Як кармавы флаг выкарыстоўваўся на караблях «Азоў» (вызначыўся ў Наварынскай бітве 1827) і «Меркурый» (вызначыўся ў рус.-тур. вайну 1828—29). Георгіеўскі флаг уздымалі і на суднах з назвамі «Памяць Азова», «Памяць Меркурыя». Да лета 1918 Георгіеўскі флаг выкарыстоўвалі на баявых караблях Сав. Расіі, да канца 1924 на караблях ВМФ белагвардзейцаў (эскадра, эвакуіраваная ў 1920 у порт Бізерта, Туніс).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАБІЯЛАГІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна хімічнай прамысловасці, у якой вытв. працэсы звязаны з мікрабіял. сінтэзам нехарч. сыравіны. Выкарыстоўвае нафту і прыродны газ, гідралізаты драўніны, адходы прамысл. перапрацоўкі с.-г. прадукцыі (збожжавых культур, сланечніку, цукр. буракоў і інш.). Вырабляе бялкова-вітамінныя канцэнтраты, антыбіётыкі, амінакіслоты, бактэрыяльныя ўгнаенні, прэпараты для аховы раслін ад шкоднікаў і хвароб, а таксама прадукты комплекснай перапрацоўкі расліннай сыравіны — ксіліт, фурфурол і інш. Галіна развіта ў большасці краін свету, найбольш — у ЗША, Германіі, Японіі, Расіі, Італіі, Францыі. На Беларусі прадстаўлена кірункамі: вытв-сцю кармавых бялковых рэчываў, кармавых вітамінаў, кармавых дражджэй і антыбіётыкаў немедыцынскага прызначэння. Кармавы бялок выпускаюць Рэчыцкі доследна-прамысл. гідролізны і Бабруйскі гідролізны з-ды, кармавыя вітаміны — Пінскі з-д кармавых вітамінаў. Ветэрынарныя прэпараты выпускаюць з-ды ветэрынарных прэпаратаў у Віцебску і Магілёве. Буйнейшае прадпрыемства па вытв-сці бялкова-вітамінных канцэнтратаў — Наваполацкі бялкова-вітамінны з-д (у 1999 знаходзіцца ў стадыі рэарганізацыі ў сувязі з пераходам вытв-сці з вуглевадароднай сыравіны на с.-г. сыравіну).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПА́Р, папарнае поле,
поле севазвароту, якое ўвесь вегетацыйны перыяд або частку яго застаецца незасеяным і неаднаразова апрацоўваецца для ачысткі глебы ад пустазелля і ўтрымання вільгаці. Папарная сістэма земляробства склалася ў эпоху феадалізму, замяніўшы лядную і лесапольную сістэмы трохпольнай (П., азімыя, яравыя). П. выкарыстоўваецца пераважна пад азімыя жыта і пшаніцу. Бывае чысты і заняты. Чысты П. — чорны (зяблевая апрацоўка ўгноенай глебы вядзецца ўвосень) і ранні (асн. апрацоўка вясною) — найчасцей выкарыстоўваюць у засушлівых раёнах. У нечарназёмнай зоне чысты П. пакідаюць на ўчастках з вял. колькасцю шматгадовага пустазелля. У інтэнсіўным земляробстве найб. эфектыўны заняты П., калі першую палавіну лета вырошчваюць культуры з кароткім вегет. перыядам (прапашныя, віка-аўсяная сумесь, кукуруза на сілас, кармавы лубін, канюшына і інш.), якія ўбіраюць за 3—4 тыдні да сяўбы азімых раслін. Сідэральны П. (разнавіднасць занятага П.) паляпшае якасць бедных, пераважна пясчаных і супясчаных глеб. Ён менш эфектыўны, чым П., заняты культурамі на кармы. На папарным полі вырошчваюць культуры (лубін і інш.), якія заворваюць на зялёнае ўгнаенне. Гл. таксама Сістэма земляробства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕВАЗВАРО́Т,
навукова абгрунтаванае чаргаванне с.-г. культур у часе і на тэр.; найб. важная ч.сістэмы земляробства. Неабходнасць увядзення С. даказалі практыка вырошчвання монакультуры, вывучэнне біял. асаблівасцей раслін і іх уплыў на якасці глебы. С. забяспечвае выкарыстанне ўсіх відаў с.-г. угоддзяў, павышэнне ўрадлівасці глебы і ўраджайнасці с.-г. культур (збожжавых у 1,5—2 разы, цукр. буракоў у 1,5—2,5 раза, бульбы на 20—50%), расшырэнне асартыменту культур, памяншэнне сезоннасці работ, барацьбу з пустазеллем і хваробамі, ахову глеб ад эрозіі. Перыяд, на працягу якога культуры і папар у пэўнай паслядоўнасці праходзяць праз кожнае поле С., наз. яго ратацыяй; пералік груп с.-г. культур і папару ў парадку іх чаргавання — схемай С. Спалучэнне некалькіх С. складае сістэму С. Вылучаюць 3 тыпы С.: палявы (большую ч.пл. займаюць збожжавыя, бульба і тэхн. культуры), кармавы (больш за палову пл. пад кармавымі культурамі) і спец. С. (вырошчваюць культуры, што патрабуюць урадлівых глеб ці асаблівых умоў, напр., гародніну, тытунь, рыс). На Беларусі найб. эфектыўныя С., у якіх збожжавыя займаюць 50—55% пл., тэхн. 25—33%, бульба і лён 11—12%; ці збожжавыя 55—65%, кармавыя 25—33%, коранеклубняплоды 11—12%.