Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМАВЫ́ РАЦЫЁН,
набор і колькасць кармоў на пэўны прамежак часу (суткі, сезон, год) з улікам патрэб жывёл у пажыўных рэчывах. Распрацоўваюць на аснове дэталізаваных кармавых норм і звестак пра пажыўнасць корму. К.р. наз. збалансаваным, калі цалкам забяспечвае патрэбы жывёлы ў нарміраваных элементах харчавання і адпавядае навукова абгрунтаваным суадносінам паміж імі. На практыцы К.р. часцей складаюць па сярэдніх (па групе ці секцыі) паказчыках жывой масы, прадукцыйнасці і ўзросту жывёл. Пры змене нормы кармлення, пажыўнасці і асартыменту кармоў рацыёны карэкціруюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОБ (Faba),
род травяністых раслін сям. бабовых. 1 від — боб конскі, або рускі (F. bona). Старажытная кармавая і харч. (агароднінная) культура. У дзікім стане невядома. Вырошчваюць ва ўсіх краінах умераных паясоў. Кармавы боб мае дробнае насенне і развітую вегетатыўную масу, харчовы — буйнаплодны і буйнанасенны з тоўстымі мясістымі створкамі, мае 23—25% бялку, да 36% крухмалу, цукры, пекцінавыя рэчывы, вітаміны і інш. На Беларусі пашыраны сарты Беларускі, Рускі чорны (харчовыя), Аўшра (кармавы).
Аднагадовая, пераважна самаапыляльная, расліна выш. 1—1,5 м. Корань стрыжнёвы, разгалінаваны, пранікае ў глебу на глыб. 80—150 см. Лісце без вусікаў. Кветкі белыя ці ружаватыя, сабраныя ў гронкі. Плод — шматнасенны струк. Цвіце ў чэрв.—ліпені. Вільгацялюбная расліна, усходы пераносяць замаразкі да -4 — -5 °C. Добра расце на багатых перагноем гліністых і на акультураных тарфяна-балотных глебах. Ураджай зерня 2—3 (да 5), зялёнай масы 20—30 т/га. Завораная зялёная маса — добры сідэрат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ ЗАВО́Д КАРМАВЫ́Х ВІТАМІНАЎ.
Пабудаваны ў г. Пінск Брэсцкай вобл. ў 1960—63 як біяхімічны з-д. Выпускаў біяміцын кармавы. З 1965 рэканструяваны. З 1990 — сучасная назва. У 1994 перапрафіляваны на выпуск ферментных прэпаратаў. З 2000 пачаліся рэканструкцыя і пераабсталяванне. Асн. прадукцыя (2001): ферменты для спіртавой прам-сці — глюкавамарын і амілаглюкавамарын (заменнікі соладу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМАВА́Я НО́РМА,
колькасць пажыўных рэчываў, неабходных свойскай жывёле для падтрымкі належнага ўзроўню яе жыццядзейнасці, прадукцыйнасці, здароўя і ўзнаўлення. Уключае 18—30 паказчыкаў: кармавыя адзінкі, абменную энергію, сухое рэчыва, сыры і засваяльны пратэін, крухмал, цукар, сырыя клятчатку і тлушч, макра- і мікраэлементы, вітаміны, а для некат. жывёл (свінні, птушкі) таксама незаменныя амінакіслоты. На аснове К.н. распрацоўваюць кармавы рацыён.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́БНАЯ МУКА́,
кармавы прадукт з сушанай і размолатай рыбы ці адходаў яе перапрацоўкі. Мае пратэіну да 70%, мінер. солей (пераважна кальцыю і фосфару) 15—25%, вітаміны A, D і групы B. Вял. колькасць у Р.м. тлушчу (больш за 18%) — прычына хуткага яе псавання, надае мясу і малаку жывёл рыбны прысмак і пах. Скормліваюць свінням, птушкам, пушным звярам, маладняку буйн. раг. жывёлы, уключаюць у камбікармы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМАВЫ́Я ТРА́ВЫ шматгадовыя і аднагадовыя травяністыя расліны, якія ідуць на корм жывёле ў выглядзе пашавай травы, зялёнага корму, сена, сіласу, сенажу, травяной і сянной мукі. Падзяляюцца на 4 гаспадарча-бат. групы: злакавыя (аўсяніцы лугавая і чырв., цімафееўка лугавая, купкоўка зборная, райграсы, метлюжкі і інш.), бабовыя (віка, лубін кармавы, сырадэля, канюшыны чырв., ружовая і белая, люцэрна сіняя, эспарцэт і інш.), асаковыя і разнатраўе. Найб.эканам. значэнне маюць бабовыя і злакавыя травы, гасп. каштоўнасць якіх вызначаецца іх ураджайнасцю, пажыўнасцю, добрым паяданнем жывёлай.