ГАЛІНО́ЎСКАЯ (Ніна Васілеўна) (н. 18.12.1935 в. Вялікія Лазіцы Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменніца. Скончыла Магілёўскае дашкольнае педвучылішча (1955). Працавала выхавацелькай дзіцячага сада, дзіцячага дома (1955—58), карэктарам (1962—67). Друкуецца з 1958. Піша для дзяцей. Аўтар кніжак вершаў «Давайце пазнаёмімся» (1962), «Размова сняжынак» (1968), «Кніжчыны сябры» (1975), «Незвычайны карагод» (1986), «Восень едзе ў магазін» (1990), «Гусіны капялюшык» (1994) і інш. Вершы Галіноўскай напісаны вобразнай мовай, з любоўю да маленькіх чытачоў, з дабрынёй разумнага настаўніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́ЙНІК (Дзмітрый Іванавіч) (н. 11.5.1929, г. Беразіно),
бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1954), Бел.тэатр.-маст.ін-т (1960, вучыўся ў В.Волкава, У.Сухаверхава, В.Цвіркі). Працуе ў галіне станковага і манум. жывапісу. Аўтар тэматычных карцін, пейзажаў: «Вясна. Порт» (1963), «Вечная памяць» (1965), «Лясное возера» (1969), «Белыя коні» (1972), «Асеннія далячыні» (1978), «Дзявочы гай» (1979); мазаічных пано «Карагод» (1968) і «Каруначніцы» (1974, абодва з М.Казакевічам) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАНАПЕ́ЛЬКА»,
«Канапелькі», бел.нар. танец. Муз. памер 2/4. Тэмп умераны. Выконваўся на ігрышчах, парамі і сольна, з характэрнымі падскокамі і вярчэннямі, часта ў суправаджэнні прыпевак. Зафіксаваны М.Нікіфароўскім у канцы 19 ст. ў Віцебскай губ. У 1940-я г. І.Серыкаў у в. Асавец Крычаўскага р-на запісаў варыянт танца, у якім адлюстраваны працэс вырошчвання канапель: сяўба, вырыванне, рассціланне, вязанне снапоў, віццё вяровак і інш. Пад назвай «К.» вядомы таксама гульня і карагод.
Літ.:
Никифоровский Н.Я. Очерки Витебской Белоруссии. М., 1897. [Т. 5], С. 40.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЕСАВІ́К»,
ілюстраваны літ.-маст. часопіс для дзяцей. Выдаецца з 1995 у Мінску на бел. мове 1 раз у 2 месяцы (да 1998 выходзіў як экалагічны часопіс-плакат). Асвятляе разнастайныя аспекты жыцця звяроў і птушак Беларусі і інш. рэгіёнаў. Друкуе фотарэпартажы, маст. творы (апавяданні, вершы, казкі), прысвечаныя прыродзе, якія выхоўваюць любоў да прыроды, Бацькаўшчыны. Мае рубрыкі «Рэха турынага рога» (пра звяроў і птушак, што зніклі з абшараў бел. зямлі), «Год-карагод» (апавяданні пра месяцы года), чытацкія рубрыкі «Мы дружбакі», «Зялёная галерэя», «Фотазагадка» і інш. Праводзіць конкурсы чытачоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁЛЯ,
багіня вясны, дзявочага хараства ў язычніцкай міфалогіі ўсх. славян. Беларусы ўяўлялі яе маладзенькай, прыгожай дзяўчынай, якая ранняю вясною ходзіць па праталінах і абуджае зямлю ад зімовага сну; дзе Л. ступіць, там зелянее трава, распускаюцца кветкі. Сваіх немаўлят маці апраналі ў «лёлечкі» (расхінныя кашулі) і пускалі ступіць босымі ножкамі на першую траву, каб набрацца ад Л. моцы і прыгажосці. Напярэдадні Юр’я (23 крас.с. ст.) дзяўчаты спраўлялі ляльнік (веснавое свята, урачыстасць у гонар кахання і шлюбу) — з песнямі вадзілі карагод вакол першай зазелянелай бярозкі. Самых прыгожых дзяўчат называлі Ляляю або Лёляю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАДУ́ШАЧКА»,
старажытны бел.нар. гульнявы танец-карагод. Муз. памер 2-дольны. Тэмп умераны, часам павольны. Выконваецца пад прыпеўкі з тыповым зачынам: «Падушачка, падушачка, а ўсё пухавая». Вядома ў розных харэаграфічных варыянтах: карагодным, танцавальным, мяшаным. Пры карагодным варыянце пара салістаў разыгрывае тэкст песні ў цэнтры круга. Для танц. варыянта характэрна пастаянная змена пар і стварэнне новых пар у крузе, інстр. суправаджэнне. Мяшаны варыянт спалучае элементы гульні, танца і карагода. Сцэнічным рэдакцыям танца, створаным балетмайстрамі І.Хворастам (1940-я г., Бел. ансамбль песні і танца) і Ю.Сляпнёвым, уласцівы паскарэнне тэмпу, мадэрнізацыя тэксту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВІДО́ВІЧ (Ісак Аронавіч) (4.12.1911, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — 5.12.1993),
бел. мастак. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930). Рэалізмам ва ўвасабленні гіст. тэмы вызначаюцца жывапісныя творы «Курлоўскі расстрэл» (1939), «Партызаны на прывале» (1948), «Паміж баямі» (1965), «Нарачанская быль» (1967), «Першадрукар Францыск Скарына» (1968), псіхалагізмам і жыццёвасцю вобразаў — творы быт. жанру «Карагод» (1937), «Маці» (1954), «Хакеісты» (1975) і інш. Сярод твораў манум.-дэкар. жывапісу размалёўка плафона «Дружба народаў» для Рэсп.т-ра юнага гледача (1955, з І.Ахрэмчыкам), пано «Беларускія народныя майстры» ў канферэнц-зале Бел.т-ва дружбы і культ. сувязі з зарубежнымі краінамі (1956, з Ахрэмчыкам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУКА́ННЕ ВЯСНЫ́,
старажытны язычніцкі абрад; першае па часе веснавое свята беларусаў. У асобных месцах пачыналася 1 сакавіка с. ст. (на хрысц. свята Аўдакею), усюды — з 25 сакавіка (на Дабравешчанне). Удзельнікі абраду выходзілі на высокае месца — пагорак, бераг ракі, дзе звычайна збіралася моладзь — раскладалі вогнішча (на Магілёўшчыне палілі ўсякае смецце — ачышчалі зямлю, на Гомельшчыне запаленае кола на плыце пускалі па рацэ — водгалас культу сонца), спявалі вяснянкі, вадзілі карагоды, якія выконвалі магічную функцыю («дзе карагод ходзіць, там жыта родзіць»). Сляды аграрна-магічнай функцыі хлеба захаваліся ў печыве, якое рабілі ў выглядзе птушак (гл.Галёпы). Паступова абрад гукання вясны ператварыўся ў прыгожае свята, забаву моладзі і ў такім выглядзе дайшоў да нашых дзён.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЮСТЭ́РКА»,
«Люстра», бел.нар. танец, блізкі да карагода. Муз. памер 2/4, тэмп жвавы. Мае істотныя рэгіянальныя адрозненні. На Гродзеншчыне ўдзельнікі, узяўшыся за рукі, рытмізаваным крокам бягуць па крузе ў адзін, потым у другі бок, спыняюцца, каб саліст, які стаіць у цэнтры карагода, выбраў сабе замену. Потым павольна сыходзяцца да цэнтра круга, вяртаюцца і ўздымаюць угару злучаныя рукі. У аснове інш. варыянта 2 процілеглыя рады, якія па чарзе выконваюць танц. фігуры, а потым заканчваюць агульным танцам. На Магілёўшчыне «Л.» — карагод, які паступова пераходзіць у танец з пацалункамі і рознымі жартамі, а таксама разнавіднасць кадрылі (вядома пад назвай «Зеркала»). У Лельчыцкім р-не — адно з кален кадрылі. Сцэнічны варыянт «Л.» створаны балетмайстрам Л.Ляшэнка ў Гродзенскім нар. ансамблі песні і танца «Нёман».