караго́д

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. караго́д караго́ды
Р. караго́да караго́даў
Д. караго́ду караго́дам
В. караго́д караго́ды
Т. караго́дам караго́дамі
М. караго́дзе караго́дах

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

караго́д, -а, М -дзе, мн. -ы, -аў, м.

1. Калектыўны танец у славянскіх народаў, удзельнікі якога з песнямі ходзяць па крузе (звычайна ўзяўшыся за рукі), а таксама ўдзельнікі такога танца.

Вадзіць к.

Кружыцца ў карагодзе.

2. Круг, утвораны людзьмі, якія ўзяліся за рукі падчас гульні, танца і пад.

Дзеці сталі ў к. вакол ёлкі.

|| прым. караго́дны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

караго́д м. хорово́д

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

караго́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Масавая народная гульня, якая суправаджаецца танцамі, песнямі і драматычнымі дзеяннямі. Вадзіць карагод. □ Дзе ні паявіцца Алеся, то там будзе і весела, і жыва — могуць песні пайсці, могуць танцы, ад яе могуць пачаць карагод. Скрыган. // Масавы дзіцячы танец-гульня. Дзеці запляскалі ў ладкі і заскакалі ў вясёлым карагодзе вакол елкі. Сіняўскі. / у знач. прысл. караго́дам. Усё скончылася ўдарам: страсянуўся свет, і зоры карагодам пайшлі перад вачамі. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Карагод 5/284, 422; 6/202; 12/656

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

караго́д м. Rigen(tanz) m -(e)s, -tänze; Rigenspiel n -(e)s, -e;

вадзі́ць караго́д den Rigen führen

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

КАРАГО́Д, танок,

масавая нар. гульня, найб. пашыраная са стараж. часоў да пач. 20 ст. ў слав. народаў, у т. л. на Беларусі. Уключае танец, хар. спевы і элементы драм. дзеяння; драм. і танц. сцэны часцей за ўсё ілюструюць змест песні. К. бываюць адкрытыя і закрытыя, падвойныя і адзінарныя, павольныя і хуткія з прытанцоўваннем; іх удзельнікі трымаюцца за рукі, часам за рагі хустак. У бел. летапісах згадваюцца з 11 ст. Асн. сюжэты К. — выбар маладога і маладой, праводзіны ў войска, падзеі сямейнага жыцця і інш. У наш час на Беларусі карагодныя песні і танец звычайна выконваюцца прафес. і самадз. маст. калектывамі.

т. 8, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАГО́Д, каравод, танок,

старажытны від нар. мастацтва, у якім харэаграфічныя рухі арганічна спалучаюцца з хар. спяваннем і драматызацыяй паэт. зместу (часам з інстр. суправаджэннем). Пашыраны ў народаў з каляндарна-земляробчай абраднасцю, асабліва ў славян і прыбалтаў. На Беларусі сустракаецца амаль усюды, найбольш на Магілёўшчыне і Палессі. Звычайна прымеркаваны да пэўнага часу земляробчага календара. Вясенне-летнія К. традыцыйна займалі значнае месца ў жыцці сял. моладзі. Іх «вадзілі» на вуліцы і палянах павольна, плаўна, залучаючы ўсё новых удзельнікаў (напр., «Як выведзем луку»). Паводле харэаграфічнага малюнка іх падзяляюць на 4 групы: круг («кола»), калі ўдзельнікі рухаюцца па ім справа налева «па сонцу» ці папераменна то ў адзін бок, то ў другі (тыповы К. «Перапёлачка»); процілеглыя рады, якія папераменна то сыходзяцца «сцяной на сцяну», то разыходзяцца (тыповы «А мы проса сеялі»); «пляценне» (тыповы «Запляціся, пляцень»); шэсце, дзе ўдзельнікі рытмізаваным крокам рухаюцца ўздоўж вуліцы шарэнгай, звілістымі радамі ці больш адвольным гуртом (тыповы «Памажы нам, божа, на вуліцу выйсці»). Зімовыя К. «гуляюць» пераважна ў хаце жвава, з прытанцоўваннем, ім уласцівы розныя выяўл. элементы, перайманне рухаў звяроў, птушак («Заінька», «Верабей», «Казёл»). Многія зімовыя К. з’яўляюцца часткай калядных гульняў («Яшчур», «Халімон», «Зязюля», «Жаніцьба Цярэшкі»). Тыповыя сюжэты К.; выхад на вуліцу, велічанне дзяўчат і кпіны з хлопцаў, дабранне пары, проціпастаўленне старога і маладога жаніха (мужа), вырошчванне лёну, канапель, маку і інш. Мелодыі К. інтанацыйна блізкія тыповым напевам веснавых, купальскіх і калядных песень, але маюць і жанрава спецыфічныя рысы дзякуючы пэўнай структуры і рытму, абумоўленым рухам (з устойлівымі рытмаформуламі). На Магілёўшчыне вызначальны ўплыў карагоднай традыцыі і ў абавязковым уключэнні К. ва ўсе цыклы каляндарнага круга, і ў пранікненні рыс карагоднай стылістыкі (пластычнасці мелодыкі, тыповых структур, рытмаў, прыпеваў) у розныя песенныя жанры. У сучасным побыце вёскі захаваліся веснавыя К.-шэсці (іх водзяць пажылыя жанчыны) і тыя зімовыя К., якія ўваходзяць у калядныя гульні.

Публ.:

Можейко З.Я. Песни белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983;

Народны тэатр. Мн., 1983. Гл. таксама арт. Веснавыя песні, Калядныя песні, Каляндарныя песні.

Літ.:

Владыкина-Бачинская Н.М. Русские хороводы и хороводные песни. М.; Л., 1951;

Яшчанка В.М. Асаблівасці карагодных традыцый Магілёўшчыны // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1985. № 2.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 8, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Караго́д, рус. корогод, укр. корогод. Варыянты ад харавод (рус. хоровод, якое да хор (< грэч. χορός ’групавы танец’) і вадзіць. Змена ‑х‑ на ‑к‑ і ‑в‑ на ‑г‑ не мае тлумачэння (Фасмер, 2, 332–333).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

«Веснавы карагод» (карная аперацыя) 5/452

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)