ГЕГЕМО́НІЯ (ад грэч. hēgemonia панаванне),
дамінуючае становішча паліт. сілы, класа, дзяржавы ў адносінах да інш. паліт. сіл, класаў, дзяржаў. Прыклады гегемоніі: панаванне Стараж. Афін над інш. грэч. гарадамі-дзяржавамі, Прусіі ў Германіі, СССР у садружнасці сацыялістычных дзяржаў і сярод краін сацыяліст. арыентацыі, ЗША у адносінах да астатняга свету. Асн. прынцыпам марксізму-ленінізму быў пастулат аб пераходзе ў капіталіст. грамадстве ад гегемоніі буржуазіі да гегемоніі пралетарыяту.
т. 5, с. 130
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́НАР (англ. manor ад лац. maneo астаюся, пражываю),
назва феад. вотчыны ў сярэдневяковай Англіі. Сфарміраваўся ў 11—12 ст. Складаўся з дамена — зямлі, на якой уласную гаспадарку землеўладальніка-лорда вялі юрыд. падсудныя яму прыгонныя сяляне-віланы, зямлі трымальнікаў — віланаў і вольных сялян, а таксама абшчынных угоддзяў. З развіццём капіталіст. адносін і знікненнем катэгорыі віланаў (15—16 ст.). М. паступова перараджаўся і ў 18 ст. канчаткова знік.
т. 10, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСАЛЮТЫ́ЗМ, абсалютная манархія,
форма дзярж. кіравання, калі дзярж. ўлада неабмежавана належыць адной асобе. Пры абсалютызме, які прыйшоў на змену саслоўнай манархіі, дасягаецца найвыш. ступень цэнтралізацыі з разгалінаваным бюракратычным апаратам, пастаяннай арміяй і паліцыяй. Абсалютызм дасягнуў росквіту ў краінах Зах. Еўропы ў 17—18 ст. У Расіі існаваў у 18—пал. 20 ст. (гл. Самадзяржаўе). Абсалютызм тармазіў далейшае развіццё капіталіст. адносін. Ліквідаваны ў большасці краін бурж. рэвалюцыямі, у Расіі — Лют. рэвалюцыяй 1917.
т. 1, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МІЛЬТАН (Hamilton) Александэр [11.1.1755 (1757?),
в. Невіс, Сент-Кітс і Невіс — 12.7.1804], дзяржаўны дзеяч ЗША. У час Вайны за незалежнасць 1775—83 карыстаўся папулярнасцю як аратар і публіцыст. У 1776—81 у арміі, сакратар Дж.Вашынгтона. Лідэр партыі федэралістаў з 1789. Прыхільнік канстытуцыйнай манархіі на англ. ўзор. У 1789—95 міністр фінансаў. Адстойваў неабходнасць цэнтралізаванай дзяржавы, якая спрыяе развіццю капіталіст. сістэмы гаспадаркі. Ініцыятар заключэння нявыгаднага для ЗША дагавора (1794) з Англіяй.
т. 5, с. 15
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРЫСО́ЙЛЕРЫ (англ. free-soilers ад free вольны + soil зямля; поўная назва Free-soil Party),
члены аднайм. радыкальнай партыі ў ЗША у сярэдзіне 19 ст. Аформіліся як партыя ў 1848. Выказвалі інтарэсы рабочых, рамеснікаў, радыкальных слаёў буржуазіі і інтэлігенцыі. Выступалі за бясплатную раздачу зямлі з грамадскага фонду перасяленцам і забарону продажу зямлі капіталіст. кампаніям, супраць пашырэння рабства на новыя тэр. З 1850 страцілі паліт. ўплыў, у 1854 увайшлі ў новаствораную Рэспубліканскую партыю.
т. 16, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГІЛЬДЗЕ́ЙСКІ САЦЫЯЛІЗМ»,
гільдэізм, рэфармісцкая плынь у Вялікабрытаніі ў пач. 20 ст. Заснавальнікі — члены «Фабіянскага таварыства» (Дж.Коўл і інш.), якія стварылі ў 1914 Нац. гільдзейскую лігу і распрацавалі праграму «Гільдзейскага сацыялізму» (спалучала традыц. палажэнні фабіянскага рэфармізму з ідэямі анарха-сіндыкалізму). Тэарэтыкі «Гільдзейскага сацыялізму» ўяўлялі пераход ад капіталізму да сацыялізму ў выглядзе паступовага працэсу выцяснення капіталіст. манаполій шляхам перадачы нацыяналізаваных прадпрыемстваў нац. гільдыям — аб’яднанням працоўных пэўнай галіны. У 1920-я г. «Гільдзейскі сацыялізм» сышоў з паліт. арэны.
т. 5, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́ТНЫ АБСАЛЮТЫ́ЗМ,
палітыка шэрагу еўрапейскіх абсалютысцкіх дзяржаў у 2-й пал. 18 ст., якая падтрымлівала ідэі Асветніцтва. Выяўляўся ў правядзенні рэформаў, накіраваных на знішчэнне некаторых устарэлых феад. ін-таў. Манархі Іосіф II у Аўстрыі, Фрыдрых II у Прусіі, Кацярына II у Расіі, Густаў III у Швецыі і інш., спрабуючы выкарыстаць папулярнасць ідэй франц. асветнікаў, выстаўлялі сваю дзейнасць як саюз «філосафаў і гасудароў». Асветны абсалютызм быў накіраваны на ўмацаванне панавання дваранства, хоць некаторыя рэформы садзейнічалі развіццю капіталіст. ўкладу.
т. 2, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́МАНС (Commons) Джон Роджэрс (13.10.1862, Холансберг, штат Агайо, ЗША — 11.5.1945),
амерыканскі гісторык-эканаміст і сацыёлаг, прадстаўнік інстытуцыяналізму, тэарэтык правага трэд-юніянізму. Праф. Вісконсінскага ун-та (1904—32). Вылучыў эканам. фактар як адзін з вызначальных момантаў развіцця прац. руху, падмяняў аналіз аб’ектыўных законаў капіталіст. вытв. адносін апісаннем і класіфікацыяй інстытуцый, пад якімі меў на ўвазе розныя сац. ўтварэнні: акцыянерныя т-вы, саюзы прадпрымальнікаў, дзяржаву, сям’ю і інш. Аўтар прац «Прававыя асновы капіталізму» (1924), «Інстытуцыянальная эканамічная тэорыя» (1934) і інш.
т. 8, с. 394
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭА́ТР РЭВАЛЮЦЫ́ЙНАЙ САТЫ́РЫ, тэрэўсат,
прафесійны або паўпрафесійны агітацыйна-прапагандысцкі тэатр мініяцюр. Існаваў у 1919—22. Меў на мэце сродкамі тэатр. сатыры па-рэвалюцыйнаму выхоўваць масы, выкрываць заганы капіталіст., а таксама сацыяліст. грамадства. Гал. ўвага звярталася на агітацыйна-прапагандысцкую накіраванасць мастацтва. Рэпертуар складаўся з аднаактовых агітп’ес, сатыр. паказаў на міжнар. тэмы, агітсцэнак, аглядаў, пародый і куплетаў, дэкламацыі, танцаў, харавых спеваў. За вечар выконвалася 12—15 нумароў. На Беларусі дзейнічалі Віцебскі тэатр рэвалюцыйнай сатыры (першы тэатр такога тыпу) і Мінскі тэатр рэвалюцыйнай сатыры.
т. 16, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЭСТ (англ. trust літар. — давер),
арганізацыйна-прававая форма аб’яднання кампаній, юрыдычна аформленая пагадненнем аб перадачы правоў на ўласнасць і кіраванне аднаму з удзельнікаў ці спец. органу (праўленню дырэкцыі) і стварэнні адзінай юрыд. асобы; таксама манапал. аб’яднанне прадпрыемстваў пэўнай або некалькіх галін з ліквідацыяй іх вытв. і камерцыйнай самастойнасці. Праўленне Т. рэгулюе фін., вытв. і гандл. дзейнасць прадпрыемстваў. Кожны ўдзельнік Т. ў залежнасці ад долі ўнесенага капіталу атрымлівае пакет акцый, мае права ўдзелу ў кіраванні і атрымання часткі прыбытку. Вышэйшая, чым у картэлях і сіндыкатах, канцэнтрацыя капіталу забяспечвае Т. і больш высокую ўстойлівасць у канкурэнтнай барацьбе.
Першы Т. «Стандарт ойл» створаны Дж.Д.Рокфелерам у ЗША у 1879. Пасля 1-й сусв. вайны хутка развіваліся ў Еўропе. У 1920—40-я г. панаванне Т. у эканоміцы вядучых капіталіст. краін, штучная падтрымка імі высокага ўзроўню цэн пры зніжэнні вытв-сці стымулявала крызісныя працэсы. У пач. 1950 большасцю развітых капіталіст. краін прыняты т. зв. «антытрэстаўскія» законы. На змену Т. прыйшлі больш гібкія формы манапал. аб’яднанняў — канцэрны, холдзінг-кампаніі і інш. У СССР у часы нэпа да 90% нацыяналізаваных і не перададзеных у арэнду найб. буйных прадпрыемстваў былі аб’яднаны ў Т., якія дзейнічалі на прынцыпах гасп. разліку і самастойнасці. Да канца 1920-х г. з’яўляліся асн. вытв. адзінкай сав. прам-сці. Як адна з форм арганізацыі вытв-сці і кіравання пашыраны ў буд-ве.
т. 16, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)