найпрасцейшы радыёпрыёмнік, у якім прынятыя сігналы радыёстанцый не ўзмацняюцца, а толькі дэтэктыруюцца (гл.Дэтэктыраванне). Прыняты сігнал вылучаецца ў вагальным контуры Д.р., пераўтвараецца дэтэктарам у эл. ваганні гукавых частот, якія праслухоўваюцца ў тэлеф. навушніках. У Д.р. адсутнічае ўласная крыніца энергіі і ўсе працэсы ў ім адбываюцца за кошт энергіі прынятых сігналаў. Выкарыстоўваецца для прыёму перадач магутных радыёстанцый, а таксама ў навуч. мэтах.
Схема дэтэктарнага радыёпрыёмніка: A — антэна; LC — вагальны контур; D — дыёд; C — блакіровачны кандэнсатар; Т — галаўны тэлефон; З — зазямленне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭ́СЛА ТРАНСФАРМА́ТАР,
электрычная трансфарматарная прылада для атрымання высакавольтных ваганняў высокай частаты. Складаецца з высокачастотнага трансфарматара (без ферамагн. асяродка), разрадніка і эл. кандэнсатара. Вынайдзены М.Тэсла (1891) як крыніца ваганняў для радыёстанцый.
Першасная абмотка Т.т. мае некалькі віткоў тоўстага дроту, якую далучаюць да крыніцы сілкавання пераменнага току праз разраднік і кандэнсатар. Другасная абмотка, размешчаная ўнутры першаснай ці побач з ёй, мае вял. колькасць віткоў тонкага дроту. Пры выкананні ўмоў рэзанансу ў Т.т. ўзнікаюць ваганні з частатой да 150 кГц пры напружанні да 7 МВ. Выкарыстоўваецца ў дэманстрацыйных мэтах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЕПЛАФІКАЦЫ́ЙНАЯ ТУРБІ́НА,
паравая турбіна для адначасовага атрымання электраэнергіі ад генератара, які прыводзіцца ёю ў дзеянне, і цеплавой энергіі ў выглядзе пары, што адпрацавала ў турбіне і ідзе на патрэбы цеплафікацыі.
Ёсць Ц.т. з проціціскам, у якіх уся адпрацаваная пара выкарыстоўваецца для тэхнал. мэт (варкі, сушкі, ацяплення). Звычайна працуюць паралельна з кандэнсацыйнымі турбінамі, якія пакрываюць дэфіцыт электраэнергіі ў эл. сетцы. У Ц.т. з рэгулюемым адборам пары частка пары адводзіцца з 1 або 2 прамежкавых ступеней, астатняя ідзе ў кандэнсатар. Ціск пары, якая адбіраецца, падтрымліваецца ў зададзеных межах сістэмай рэгулявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЁМНЫ МО́ДУЛЬ,
функцыянальны вузел электроннага прыстасавання, у якім дыскрэтныя элементы (паўправадніковыя прылады, рэзістары, кандэнсатары і інш.) размешчаны паралельна адзін аднаму і перпендыкулярна плоскасці іх злучэння ў эл. ланцугі адпаведна схеме. Бываюць зварныя (вывады элементаў злучаны зваркай), калончатыя (элементы паміж друкавальнымі платамі), сотавыя (элементы ў спец. гнёздах з ізаляцыйнага матэрыялу) і інш. Аб’ёмны модуль аднаго тыпу маюць аднолькавыя ці кратныя геам. памеры і ўтвараюць сістэму модуляў, дапасаваных паміж сабой па эл. параметрах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПРАСНЯ́ЛЬНІК,
тэхнічная сістэма для апраснення вады. Дыстыляцыйныя апрасняльнікі — найб. пашыраныя, бываюць адна- і многаступеньчатыя. У апошніх награванне і выпарэнне вады ў 1-й ступені робіцца парай, якая паступае з парагенератара, а кожная наступная ступень абаграваецца «другаснай» парай, што ўтвараецца ў папярэдняй ступені. Кандэнсат пары, якая абагравае 1-ю ступень, вяртаецца ў кацёл, а кандэнсат, што ўтвараецца ў астатніх ступенях, падаецца спажыўцам. У многаступеньчатых апрасняльніках з імгненным закіпаннем салёная вада паслядоўна паступае ў камеры з паніжаным ціскам, дзе часткова выпараецца; кандэнсат збіраецца ў паддоне. Існуюць таксама апрасняльнікі, у якіх выкарыстоўваюць метады электролізу, гіперфільтрацыі, вымарожвання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДЫЦЫЯНЕ́Р,
1) апарат (агрэгат, устаноўка) для кандыцыяніравання паветра. Бываюць аўтаномныя (з убудаванымі халадзільнымі машынамі і эл. паветранагравальнікамі), неаўтаномныя (са знешнімі крыніцамі холаду і цяпла), выпаральныя (ахалоджваюць паветра выпарэннем вады) і К.-даводчыкі (забяспечваюцца паветрам ад цэнтр. К., а дадатковым цяплом і холадам — ад знешніх крыніц). Аўтаномныя падзяляюцца на аконныя і верт. (шафавыя), якія маюць вадзяное ахаладжэнне; неаўтаномныя — на гарыз. і верт.; К.-даводчыкі — на вентылятарныя і эжэкцыйныя.
2) Апарат для гідратэрмальнай апрацоўкі збожжа, якая павышае яго мукамольныя ўласцівасці і паляпшае якасць мукі.
Схема аконнага бытавога кандыцыянера: 1 — фільтр-асушальнік; 2 — халадзільны кампрэсар; 3 — кандэнсатар; 4 — электрарухавік з вентылятарамі; 5 — выпаральнік для ахаладжэння паветра; 6 — фільтр для ачысткі паветра ад пылу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРААКУСТЫ́ЧНЫЯ І ЭЛЕКТРАМЕХАНІ́ЧНЫЯ АНАЛО́ГІІ,
аналогіі ў законах руху мех.вагальных сістэм і эл.вагальных контураў. Грунтуюцца на аднолькавасці дыферэнцыяльных ураўненняў (з дакладнасцю да абазначэнняў велічынь), якія апісваюць стан гэтых вагальных сістэм. Метад Э. і э.а. выкарыстоўваецца для разлікаў электрамех. і электраакустычных пераўтваральнікаў, у т. л. складаных мех. сістэм з некалькімі ступенямі свабоды. Такія сістэмы разглядаюць як сукупнасць вагальных контураў і атрыманую эл. схему (эквівалентную схему) даследуюць метадамі электратэхнікі.
Да арт.Электраакустычныя і электрамеханічныя аналогіі. Прыклады электрычных і механічных аналагаў: 1 — паслядоўны і паралельны электрычныя контуры (L — шпуля індуктыўнасці; C — кандэнсатар; B — супраціўленне; U — электрычнае напружанне; i — ток); 2 — спружынны маятнік з 1 ступенню свабоды (S — пругкая спружына; m — маса цела; r — супраціўленне руху).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАФО́Н (ад мікра... + фон),
пераўтваральнік энергіі акустычных хваль у эл. сігналы, прапарцыянальныя гукавому ціску. Характарызуецца адчувальнасцю, дыяпазонам рабочых частот, дынамічным дыяпазонам, накіраванасцю і інш. Выкарыстоўваецца ў тэлефаніі, тэлебачанні, радыёвяшчанні, гуказапісе, вымяральнай тэхніцы і інш.
Мае адчувальны элемент (мембрану), які вагаецца пад уздзеяннем гукавога ціску. Паводле прынцыпу дзеяння найб. пашыраны электрастатычныя (кандэнсатарны і электрэтны), дынамічныя і п’езаэл. М. У кандэнсатарным М. рухомая мембрана і нерухомы электрод утвараюць кандэнсатар пераменнай ёмістасці, да якога далучана знешняя крыніца сілкавання. У электрэтных М. найб. пашыраны мембраны з металізаванай электрэтнай плёнкі (гл.Электрэт), якая адначасова з’яўляецца крыніцай эл. поля. У дынамічных М. з мембранай жорстка злучана шпуля, што вагаецца ў пастаянным магн. полі і дзе ўзнікае эрс. У п’езаэл. М. да мембраны далучаны п’езаэлемент (гл.П’езаэлектрычнасць).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАГАЗАТУРБІ́ННАЯ ЎСТАНО́ЎКА,
энергетычная ўстаноўка, у якой камбінуюцца цыклы паравых і газавых турбін. Як рабочыя целы выкарыстоўваюцца прадукты гарэння паліва і падагрэтае паветра (у газавай турбіне), пара (у паравой турбіне) або парагазавая сумесь у адной турбіне.
Найб. выкарыстанне знайшлі камбінаваныя П.ў., у якіх у камеру згарання газавай турбіны падаецца паліва (прыродны газ або мазут), якое складае 20% усяго паліва, што выкарыстоўваецца. Прайшоўшы праз газавую турбіну, прадукты згарання, якія маюць у сабе нявыкарыстаны кісларод, паступаюць у топку паравога катла, дзе спальваюцца разам з астатнім палівам. Пашыраны таксама схемы П.у. з катламі-утылізатарамі, якія не маюць уласнай топкі, а абаграюцца адыходнымі газамі турбіны. П.ў. з катламі-утылізатарамі будуюць магутнасцю да 800 МВт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УА́Т (Watt) Джэймс (19.1.1736, г. Грынак, Шатландыя — 19.8.1819),
англійскі вынаходнік, стваральнік універсальнага цеплавога рухавіка. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1785). З 1757 механік ун-та ў г. Глазга. Даследуючы мадэлі паравых машын Д.Папена і Т.Ньюкамена, зрабіў шэраг вынаходстваў, якія ўдасканалілі іх работу. Сканструяваў паравую машыну падвойнага дзеяння, у якой выкарыстаў цэнтрабежны рэгулятар, кандэнсатар пары, шарнірны механізм перадачы руху ад штока да балансіра (паралелаграм У.) і інш. (1774—84). Паравы рухавік У., дзякуючы сваёй эканамічнасці, атрымаў значнае пашырэнне і адыграў вызначальную ролю ў пераходзе да машыннай вытв-сці. Устанавіў састаў вады, увёў першую адзінку магутнасці — конскую сілу, сканструяваў ртутны манометр, вадамернае шкло ў паравых катлах і інш. Яго імем названа адзінка магутнасці ў СІ — ват.
Літ.:
Конфедератов И.Я. Джеймс Уатт — изобретатель паровой машины. М., 1969;
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 164—165.