возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Эса, за 4 км на ПдУ ад г. Лепель. Пл. 0,41 км², даўж. 1,3 км, найб.шыр. 480 м, найб.глыб. 5,3 м, даўж. берагавой лініі 3,5 км. Пл. вадазбору 1,7 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу. Схілы выш. 7—9 м (на ПнУ 15—20 м), разараныя, месцамі пад лугам. Берагі выш. да 0,5 м, на З нізкія, парослыя азёрна-балотнай расліннасцю і хмызняком. Уздоўж зах. берага забалочаная пойма шыр. 70 м. 2 астравы агульнай пл. 0,2 га. Дно да глыб. 3 м пясчанае, ніжэй ілістае. Зарастае да глыб. 2,2 м. Упадаюць 2 меліярац.канавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАНІСЛА́ЎСКАЕ ВО́ЗЕРА У Докшыцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Сэрвач, за 23 км на З ад г. Докшыцы. Пл. 0,46 км², даўж. 930 м, найб.шыр. 650 м, найб.глыб. 2 м, даўж. берагавой лініі 2,6 км. Пл. вадазбору 42,2 км². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы выш. да 2 м, на ПнУ і У да 10 м, часткова разараныя. Берагі на ПнУ і У забалочаныя, пад хмызняком, астатнія сплавінныя. Пойма шыр. 75—100 м, тарфяністая. Дно сапрапелістае, уздоўж паўн.-ўсх. берага — ілістае. Зарастае падводнай расліннасцю. Шыр. прыбярэжнай паласы з аеру, трыснягу, чароту 35—50 м. На Пн і З упадаюць меліярац.канавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХО́ЦІНСКАЕ ВО́ЗЕРА.
У Бешанковіцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Ула, каля в. Хоціна, за 24 км на ПнЗ ад г.п. Бешанковічы. Пл. 0,22 км², даўж. 960 м, найб.шыр. 410 м, найб.глыб. 4,2 м, даўж. берагавой лініі 2,4 км. Пл. вадазбору 0,7 км². Катлавіна рэшткавага тыпу, выцягнутая з З на У. Схілы катлавіны выш. 5—8 м, разараныя, месцамі пад хмызняком. Берагі нізкія, пясчаныя, на З сплавінныя, на Пн зліваюцца са схіламі. На Пд і У забалочаная і парослая хмызняком пойма шыр. да 350 м. Дно да глыб. 3 м пясчанае, ніжэй сапрапелістае. Зарастае да глыб. 2 м. Упадаюць 2 канавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛО́ГАВА,
возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Палата, за 17 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 0,46 км², даўж. каля 1,5 км, найб.шыр. 390 м, найб.глыб. 3,9 м, даўж. берагавой лініі 3,2 км, пл. вадазбору 7,4 км². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы выш. 4—5 м, спадзістыя, пясчаныя, укрытыя лесам або пад пашай. На З, Пн і ПнУ тэраса выш. 0,8—1 м. Берагі нізкія, пясчаныя, на ПнЗ і З сплавінныя (шыр. сплавіны 5—10 м). Дно ўздоўж берагоў да глыб. 1—1,5 м пясчанае, ніжэй пясчана-ілістае і сапрапелістае. Зарастае ў прыбярэжнай ч. да глыб. 2,4 м. Упадаюць 3 меліярац.канавы, сцёк па пратоцы ў р. Палата.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВЯ́ТА,
возера ў межах г. Браслаў Віцебскай вобл., у бас.р. Друйка. Пл. 0,68 км², даўж. 1,5 км, найб.шыр. 670 м, найб.глыб. 5 м, даўж. берагавой лініі 4,3 км. Пл. вадазбору 3,7 км². Катлавіна падпруднага тыпу. Схілы на Пн і Звыш. 10—13 м, спадзістыя, сугліністыя; на Пд і У — да 20 м, стромкія, пясчаныя, у верхняй ч. разараныя. Берагавая лінія слабазвілістая. Берагі выш. да 0,3 м, на ПдЗ — да 0,5 м, пясчаныя і сугліністыя. 3 астравы агульнай пл. 3 га. Мелкаводная зона шыр. 100—150 м. Дно да глыб. 1,5 м выслана пяском і апясчаненым ілам, глыбей — сапрапелем. Уздоўж берагоў паласа надводнай расліннасці шыр. 5—40 м да глыб. 0,5—1 м. Упадаюць 2 меліярац.канавы, выцякае ручай у воз. Дрывяты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́ШЫНА,
возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Нача, за 28 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 1,01 км², даўж. 1,4 км, найб.шыр. 1 км, найб.глыб. 7,5 м, пл. вадазбору 16,6 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу. Схілы выш. 6—9 м, разараныя; на выш. 0,5—1,2 м тэраса; на Пн, ПнУ і Пд, дзе да возера прымыкае балота, схілы невыразныя. Берагі нізкія, пясчаныя, параслі водна-балотнай расліннасцю. На ПнУ і Пд забалочаная пойма шыр. да 100 м, укрыта хмызняком. Дно выслана пяском і апясчаненым ілам. Надводная расліннасць у прыбярэжнай ч.шыр. да 10 м, пашырана на глыб. да 3,5 м. Падводная расліннасць развіта да глыб. 4,3 м. Злучана пратокамі з воз. Жураўна і р. Нача, упадаюць 2 меліярац.канавы, сцёк па Будзькаўшчынскім канале.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРО́ВІЦКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл., у бас.р. Грыўда, за 30 км на ПдУ ад г. Івацэвічы. У межах гідралагічнага заказніка Выганашчанскі. Пл. 9,47 км², даўж. 4,9 км, найб.шыр. 3,3 км, найб.глыб. 8 м, даўж. берагавой лініі 14,4 км. Пл. вадазбору 79,2 км².
Катлавіна рэшткавага тыпу, злёгку выцягнутая з Пн на Пд. Схілы катлавіны выш. да 2 м, затарфаваныя і забалочаныя. Берагі нізкія, тарфяністыя, параслі хмызняком. На ПдЗ, З і ПнЗ пясчаны вал выш. да 4 м. Дно плоскае, сапрапелістае, мелкаводдзе пясчана-глеістае. Моцна зарастае чаротам, трыснягом, рагозам і інш. Мінералізацыя вады да 160 г/л, празрыстасць да 1 м. Эўтрофнае, праточнае, упадаюць 2 канавы, выцякае канал Дзевяты (прыток Галоўнага канала, бас. Ясельды). Месца гнездавання і адпачынку ў час асенне-веснавых пералётаў вадаплаўных птушак. На паўн.-ўсх. беразе археал. Помнік — мезалітычная стаянка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НА,
рака ў Іванаўскім і Пінскім р-нах Брэсцкай вобл., левы прыток р. Прыпяць. Даўж. 40 км. Пл. вадазбору 2460 км². Пачынаецца каля в. Пераруб Іванаўскага р-на (паводле інш. звестак — каля в. Дубай Пінскага р-на з даўж. рэчышча 27 км), вусце ў межах г. Пінск. Цячэ па нізіне Прыпяцкае Палессе. Асн. прытокі: канавы Выценская, Таўкачыха, Кобельская, без назвы каля в. Хамічава (справа), рэкі Струга, Няслуха, Піліпаўка (злева). На тэр. вадазбору пад азёрамі 1% (найб. Пясчанае, Скорань, Завішчанскае), пад балотамі і забалочанымі землямі 31%, пад лесам 28%, разарана 25%. Даліна слабавыразная. Рэчышча слабазвілістае, шыр. 30—40 м. У выніку каналізацыі лукавіны выпрастаны, рэчышча паглыблена на перакатах. Берагі нізкія, стромкія, выш. 1—1,5 м, складзеныя з пясчаных і тарфяністых грунтоў, месцамі насыпаныя. Жыўленне мяшанае: снегавое, дажджавое, грунтавое.
Сярэднегадавы расход вады ў вусці 8,6 м³/с. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае каля 50% гадавога сцёку. Ледастаў з сярэдзіны снеж. да 2-й пал. сакавіка. Веснавы ледаход 4 сут. Сярэдняя вышыня найб. ўзроўню веснавога разводдзя над межанным 1,8 м, воднасць ракі падтрымліваецца перакідам часткі сцёку з р. Прыпяць праз сістэму Выжаўскага і Белаазерскага каналаў. П. з’яўляецца ч.Дняпроўска-Бугскага канала. Суднаходная. У сутоках П. і Прыпяці г. Пінск (порт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫПЫ І ФОРМЫ РЭЛЬЕФУ.
Рэльеф Беларусі складаны і разнастайны. Паводле марфалагічных, генетычных і ўзроставых асаблівасцей форм рэльефу тэр. Беларусі можна лічыць эталоннай для абласцей развіцця старажытнамацерыковых зледзяненняў. У залежнасці ад асноўнай крыніцы энергіі геамарфалагічных працэсаў вылучаюць 3 класы рэльефу: экзагенны, тэхнагенны і эндагенны. Паводле вядучага генетычнага агента вылучаюць групы, якія ў сваю чаргу падзяляюць на тыпы і падтыпы. Падтыпы складаюцца з форм рэльефу, якім уласцівы адзіны спосаб узнікнення.
З тыпаў і форм рэльефу экзагеннага класа найб. па плошчы пашырэнне атрымалі: ледавікова-седыментацыйны (марэнныя грады, увалы, узгоркі, марэнныя раўніны); ледавікова-экзарацыйны (лагчыны ледавіковага выворвання); ледавікова-экзарацыйна-седыментацыйны (друмліны); ледавіковага націску і выціскання (канцова-марэнныя грады); водна-ледавіковай акумуляцыі (озы, камы, краявыя флювіягляцыяльныя ўзвышшы, грады, увалы, флювіягляцыяльныя тэрасы, лагчыны сцёку талых ледавіковых вод, зандры); азёрна-ледавіковы (камы, звонцы, раўніны і нізіны, тэрасы); пастаянных вадацёкаў (акумулятыўныя і эразійна-акумулятыўныя тэрасы, тэрасы ўрэзвання, рэчышчавыя формы); азёрна-алювіяльны (раўніны, нізіны), азёрны (акумулятыўныя і абразійныя тэрасы, катлавіны), часовых вадацёкаў (яры, лагчыны, прамывіны, лагчыны сцёку); перавеяных эолавых утварэнняў (катлавіны і западзіны, дзюны, эолавыя грады і ўзгоркі, палі перавяваемых пяскоў); фітагенны (паверхні вярховых, пераходных, нізінных балот), тэрмакарставы (катлавіны, западзіны), карставы (варонкі, катлавіны); суфазійны (западзіны).
Формы рэльефу тэхнагеннага класа (тэхнаморфы) узніклі ў выніку гаспадарчай дзейнасці чалавека і атрымалі найбольшае пашырэнне ў апошнія стагоддзі. На Беларусі яны сканцэнтраваны пераважна на плошчах урбанізаваных тэрыторый, здабычы і перапрацоўкі мінеральнай сыравіны, меліярацыі і інш. Адрозніваюць уласна тэхнагенную групу тэхнаморфаў (адвалы, насыпы, дамбы, кар’еры, ямы, каналы, канавы, катлавіны) і тэхнагенна апасродкаваныя формы (асыпкі, апоўзні, прасадкі, прамывіны і інш.).
Эндагенны клас уключае 2 тыпы: актывізаваных прыразломных зон (тэктанічныя тэрасы) і неатэктанічных лакальных структур (брахіантыкліналі, купалы — малаамплітудныя падняцці; брахісінкліналі, мульды — малаамплітудныя паніжэнні). Формы гэтага класа на Беларусі распаўсюджаны параўнальна абмежавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКІ І КАНАЛЫ
Агульная характарыстыка рачной сеткі. Рэкі Беларусі належаць да вадазбораў Чорнага (Дняпро з Прыпяццю, Бярэзінай і Сажом; збіраюць ваду з 56% тэр. Беларусі) і Балтыйскага мораў (Нёман, Зах. Дзвіна, Нараў, Зах. Буг, Ловаць; дрэніруюць 44% тэр. краіны). Водападзел праходзіць праз паўн.-зах. ўскраіну Палесся, па Капыльскіх градах, Мінскім і Аршанскім узвышшах.
Рэкі. На Беларусі 20,8 тыс. рэк, іх агульная даўжыня 90,6 тыс.км. Малых рэк і ручаёў (даўжыня да 10 км) 19,3 тыс. (або 93% усіх рэк), іх агульная даўжыня 48,8 тыс.км (53% агульнай даўжыні рэк). Сярэдніх рэк (101—500 км) — 42 (0,2% усіх рэк), іх даўжыня 6,7 тыс.км (8% агульнай даўжыні). 9 рэк маюць даўжыню больш за 500 км: Бярэзіна (цячэ цалкам па тэр. Беларусі), Нёман, Вілія (пачынаюцца на тэр. Беларусі), Зах. Дзвіна, Дняпро, Сож, Прыпяць, Гарынь і Зах. Буг (транзітныя). Звесткі пра 20 найбуйнейшых рэк Беларусі гл. ў табліцы. Сярэдняя густата рачной сеткі Беларусі 0,44 км/км², у басейне Дняпра — 0,39 км/км², Нёмана — 0,47 км/км², Зах. Буга — 0,36 км/км², у басейне Прыпяці 0,42 км/км², у асобных вадазборах — 0,1—0,2 км/км².
Найбольш распаўсюджаны на Беларусі раўнінныя малыя рэкі, якія працякаюць у адносна неглыбокіх, добра распрацаваных шырокіх далінах са спадзістымі схіламі. Яны маюць складзеныя з лёгкаразмыўных грунтоў звілістыя рэчышчы з чаргаваннем плёсаў і перакатаў, невял. нахілы воднай паверхні, павольнае цячэнне. У межах узвышшаў даліны рэк больш выразныя, іх цячэнне больш хуткае; месцамі, асабліва ў вярхоўях, такія рэкі цякуць у ярах; іх берагі стромкія, узроўні вады пры раставанні снегу і значных дажджах могуць павышацца на 2—3 м, але затым хутка спадаць. На Пд Беларусі шмат рэк, якія цякуць праз балоты або маюць значныя забалочаныя ўчасткі ў складзе сваіх вадазбораў. На Пн Беларусі значную частку складаюць рэкі, якія выцякаюць з азёр або цякуць праз іх. За вытокі рэк звычайна прымаюць месцы, з якіх паяўляецца пастаяннае рэчышча патоку; на Беларусі гэта найчасцей крыніцы, балоты, радзей азёры.
У рачной сістэме з вялікай колькасцю вытокаў галоўным лічыцца найбольш аддалены ад вусця ці найбольш мнагаводны. Калі вярхоўе ракі, што выцякае з балота, каналізавана, за выток прымаюць пачатак асноўнага асушальнага канала, які з’яўляецца працягам ракі ўверх па цячэнні; у рэках, якія часова перасыхаюць, — месца на дне лагчыны ці яра, дзе назіраюцца сляды рэчышча, распрацаванага снегавымі ці дажджавымі водамі.
Рэчышчы характэрных для Беларусі раўнінных і нізінных рэк звычайна звілістыя, месцамі падзелены на рукавы. Ва ўзвышаных раёнах рэчышчы больш выразныя, без рукавоў і праток. З наносаў у іх фарміруюцца рэчышчавыя ўтварэнні — перакаты, косы, астравы, мелі, асяродкі і пляжы. На Пн рэчышчы звілістыя, неразгалінаваныя, у асноўным устойлівыя. Шырыня іх пераважна 10—20 м, у ніжніх цячэннях 30—50 м. Шырыня буйных рэк звычайна 80—120 м, месцамі да 300—500 м. Пераважныя глыбіні рэк 0,5—1 м, на плёсах 2—4 м, месцамі да 8 м. Дно часцей пясчанае і пясчана-ілістае, на ПнЗ месцамі камяністае і парожыстае. На Пд Беларусі рэчышчы неканалізаваных рэк звілістыя, разгалінаваныя, часта сустракаюцца старыцы, пратокі, меліярацыйныя канавы. Шырыня рэчышча ад 5—10 м у вярхоўях да 20—40 м у ніжніх цячэннях, месцамі да 60—80 м. Глыбіня ад 0,1—0,3 м да 7 м у асобных ямах. Часта трапляюцца пясчаныя нізкія астравы. Правыя берагі на рэках мерыдыянальнага напрамку часцей больш высокія, абразійныя, левыя — нізінныя акумуляцыйныя. Пераважаюць пясчаныя берагі, на Пд часта сугліністыя. Вышыня іх абумоўлена марфалогіяй і геалогіяй рэльефу, што ўплывае на ваганні ўзроўню вады ў рэках (да 12 м на асобных участках Дняпра і Зах. Дзвіны). Даліны рэк займаюць амаль 10% усёй тэр. Беларусі. На Пд ад мяжы апошняга (паазерскага) зледзянення сучасныя даліны шырокія, адносна мелкія, звычайна асіметрычныя ў папярочным сячэнні, іх правыя схілы больш высокія і стромкія, чым левыя. Самыя маладыя даліны на Беларускім Паазер’і (пачатак іх утварэння 16—14 тыс. гадоў назад, калі вобласць апошняга зледзянення хутка вызвалялася ад ледавіковага покрыва). Даліны тут звычайна глыбокія (20—30 м) і адносна вузкія, месцамі каньёнападобныя, са стромкімі схіламі, поймы вельмі вузкія або адсутнічаюць. У развітых поймавых далінах вылучаецца шырокае і плоскае дно, якое перыядычна затапляецца ў разводдзе, межаннае рэчышча ракі і схілы з тэрасамі. Вышыня поймаў над межанным узроўнем у рачных далінах Палесся 0,5—3 м, цэнтральных і паўночных частках краіны ад 1,5—4 да 6 м.
Нахілы рэк Беларусі вагаюцца ад 0,1 да 2—3‰. Сярэднія скорасці цячэння вялікіх і сярэдніх рэк 0,5—0,7 м/с, на перакатах да 0,8—1,5 м/с, на плёсах да 0,1—0,3 м/с, на парожыстых участках малых рэк больш за 1,5 м/с. Максімальныя скорасці назіраюцца ў час разводдзя і паводак, мінімальныя — у межань.
Каналы. На Беларусі створана густая сетка каналаў агульнай працягласцю каля 200 тыс.км (2001). Пераважаюць асушальныя меліярацыйныя каналы. Абсалютная большасць з іх мае невялікую працягласць, якая рэдка перавышае 10—20 км. Найбольшае значэнне сярод меліярацыйных каналаў маюць магістральныя. З іх самыя вялікія: Слаўкавіцка-Ямінскі, Дубайскі, Заазерскі, Асавецкі, Шчэлбінскі, Ненач; іх даўжыня ад 38 да 52 км. Нахілы магістральных меліярацыйных каналаў 0,3—0,4‰, скорасць цячэння ў іх вагаецца ад 0,3 да 1,4 м/с. На Пд шмат каналізаваных рэк (Арэса, Ведрыч, Іпа, Сведзь, Віць, Ненач і інш.); сетка меліярацыйных каналаў на балотных масівах павышае густату гідраграфічнай сеткі ў 2,5—4 разы. Некаторыя каналы створаны з мэтай злучэння суднаходных рэк: Дняпроўска-Бугскі (196 км) і Мікашэвіцкі (7 км). Захаваліся Агінскі, Аўгустоўскі, Бярэзінскі (у складзе Бярэзінскай воднай сістэмы) каналы, якія ў наш час страцілі сваё першапачатковае значэнне, але маюць значную каштоўнасць як гістарычныя аб’екты для турызму. Сярод каналаў трэба вылучыць водападвадныя, па якіх вада падаецца для арашальных сістэм, жыўлення рыбаводных сажалак, для цеплавых электрастанцый, пітнога водагаспадарчага забеспячэння, абвадняльных сістэм (напр., Сляпянская водная сістэма ў Мінску). Найдаўжэйшы з такіх каналаў — канал Вілейска-Мінскай воднай сістэмы (62 км).
Рэжым па сезонах. Паводле гідралагічнага рэжыму вылучана 6 гідралагічных раёнаў: Заходнядзвінскі, Верхнедняпроўскі, Вілейскі, Нёманскі, Цэнтральнабярэзінскі і Прыпяцкі (усе раёны, акрамя Нёманскага, падзяляюцца на падраёны). Асноўная крыніца жыўлення рэк — атмасферныя ападкі, якія ў цёплы перыяд года сцякаюць непасрэдна пасля выпадзення, у халодны — намнажаюцца на паверхні вадазбораў і сцякаюць пасля раставання снегу. Для рэжыму рэк Беларусі характэрна выразнае веснавое разводдзе і параўнальна ўстойлівыя летне-асенняя і зімовая межані, якія часам парушаюцца паводкамі ад дажджоў летам і ў час адліг зімой. Сярэдняе перавышэнне разводдзя над самым нізкім летнім узроўнем на вял. рэках складае ад 1,5 да 7 м (у залежнасці ад водных умоў года), на сярэдніх і малых рэках — прыкладна ўдвая ніжэйшае. Самае кароткае разводдзе ў басейне Нёмана (30—50 сут), самае працяглае — у басейне Прыпяці (да 120 сутак). Яно найчасцей суправаджаецца затапленнем поймаў рэк, а ў асобныя гады — і населеных пунктаў. Шырыня разліваў ад 1,5 да 15 км (Прыпяць), глыбіня затаплення ад 0,3—0,8 м на шырокіх поймах рэк да 2 м на вузкіх. Летне-асенняя межань, калі найбольш нізкія ўзроўні вады, доўжыцца ў басейне Зах. Дзвіны 160—180 сут, у басейне Прыпяці 135—165 сут, на астатніх рэках 190—205 сутак. У сухую летнюю межань малыя рэкі, а на Палессі ў асабліва засушлівыя гады таксама асобныя вадацёкі з пл. вадазбору 1200—1300 км², часам перасыхаюць. Летне-асенняя межань амаль штогод парушаецца дажджавымі паводкамі. У час найбольш высокіх з іх падняцце ўзроўню вады дасягае вышыні веснавога разводдзя, шматлікія сельскія населеныя пункты і с.-г. ўгоддзі аказваюцца падтопленымі. Працяг зімовай межані ў сярэднім 85—110 сутак. На рэках Беларусі пераважная большасць рачнога сцёку прыпадае на вясну пры раставанні снегу (да 77% гадавога сцёку). Агульнае памяншэнне веснавога сцёку назіраецца з Пн на Пд, гадавога сцёку — за ПнУ на ПдЗ. Веснавы сцёк (у % ад гадавога) па раёнах: Заходнедзвінскі — 50, Верхнедняпроўскі — 67, Вілейскі — 46 (Пн) і 40 (Пд), Нёманскі — 44, Цэнтральнабярэзінскі — 53 (ПнУ) і 59 (Перадпалессе), Прыпяцкі — 65 (Пн), 56 (Пд) і 46 (3). На перыяд летне-асенняй межані прыпадае 18—43% гадавога сцёку, зімовай 4—25%. У перыяд зімовых адліг на рэках нярэдка назіраюцца паводкі, што асабліва характэрна для заходняй і паўднёвай частак Беларусі. Азёрныя рэкі маюць працяглае разводдзе і павышаны сцёк у межань, Балотныя рэкі характарызуюцца працяглым разводдзем і паводкамі, а таксама паніжаным сцёкам у межань. На асобных участках рэк натуральны водны рэжым парушаецца дзеяннем гідратэхнічных збудаванняў — плацінамі, гідравузламі і інш. Для гідралаг. рэжыму каналаў характэрна значная ступень зарэгуляванасці сцёку.
Аб’ём сярэдняга шматгадовага мясцовага сцёку рэк, што фарміруецца на Беларусі, складае 34 км³, а з улікам транзітнага — 57,9 км³. З іх на Дняпро прыпадае 31%, Прыпяць — 22%, Зах. Дзвіну — 18%, Нёман — 25%, Зах. Буг — 4%. З сумежных з Беларуссю тэрыторый па рэках паступае каля 22 км³ вады (каля 70% з Расіі, 30% з Украіны). Адток вады ў суседнія краіны: 56% — на Украіну, 25% — у Латвію, 17% — у Літву, 2% — у Расію і Польшчу.
Зімой рэкі замярзаюць на 80—140 сут. Пачынаюць замярзаць пры т-ры паветра ніжэй за 0 °C у 2-й дэкадзе лістапада з Пн на Пд і ПдЗ. Таўшчыня лёду на іх на Пн і ПнУ 29—64 см, на З і ПдЗ 22—57 см, на Пд 17—45 см. Амаль усюды бывае веснавы крыгаход. У асобныя суровыя зімы некаторыя рэкі могуць прамярзаць да дна, але гэта нехарактэрная з’ява для рэк краіны. У мяккія зімы ледаставу часам не бывае. Сярэднемесячная тэмпература вады ў рэках у ліпені складае 19—22 °C (у асобныя дні да 27 °C) з максімумам у 16—18 гадзін і мінімумам у 6—8 гадзін. Тэрмічны рэжым каналаў у безлядовы перыяд амаль не адрозніваецца ад рэжыму суседніх рэк.
Рэкі нясуць, асабліва вясной, завіслыя часцінкі (каламуць). Вылучаюцца зоны павышанай каламутнасці (25—50 г/м³) — вярхоўі Зах. Дзвіны (да г. Бешанковічы), Дняпра (да Магілёва), вярхоўі Проні і Віхры (прытокі Сажа) і Нёмана — і зоны малой каламутнасці (да 25 г/м³) — Зах. Дзвіна (ніжэй Бешанковіч), Дняпро (ніжэй Магілёва), Вілія, Бярэзіна, Сож і Прыпяць. Рэкі штогод выносяць за межы Беларусі каля 1,2 млн.т завіслых наносаў і каля 6,5 млн.т (31,4 т/км² за год) раствораных рэчываў у выглядзе іоннага сцёку, паказчык якога (т/км² за год) вагаецца ад 64,6 (басейн Ашмянкі) да 16—24 (басейн Прыпяці).
Гаспадарчае выкарыстанне. Рэкі і каналы выкарыстоўваюць як крыніцы пітнога і тэхнічнага водазабеспячэння. На патрэбы нар. гаспадаркі з паверхневых крыніц штогод адбіраюць каля 750 млн.м³ вады (2001; з улікам вады, якая падаецца з Вілейскага вадасховішча па Вілейска-Мінскай воднай сістэме для абваднення р. Свіслач). Патэнцыяльныя гідраэнергарэсурсы рэк складаюць каля 900 тыс.кВт, працуе некалькі невялікіх ГЭС (найбольшая — Асіповіцкая на р. Свіслач). Агульная даўжыня суднаходных шляхоў Беларусі 3,9 тыс.км. Найбольш развіта суднаходства на Дняпры, Прыпяці, Бярэзіне, Сажы, а таксама на Дняпроўска-Бугскім і Мікашэвіцкім каналах. Па некаторых рэках (Зах. Дзвіне, Нёмане, Прыпяці, Бярэзіне, Сажы, Дняпры, Гарыні) у асобныя гады праводзяць лесасплаў. Даўж. лесасплаўных рэк 15 тыс.км. Прамысловае рыбалоўства вядуць на працягу амаль 4,6 тыс.км вялікіх і сярэдніх рэк, вылоўліваюць каля 200 т рыбы (2001). Многія рэкі з’яўляюцца водапрыёмнікамі меліярацыйных сістэм, крыніцамі вады на арашэнне і абвадненне. З мэтамі рэкрэацыі на рэках ствараюць зоны адпачынку (Беразіно, Гарадок, Дняпро, Масты, Стоўбцы і інш.), курорты (Рагачоў, Ушачы і інш.).
Рэкі выкарыстоўваюць як водапрыёмнікі сцёкавых вод: штогод у рэкі паступае каля 1200 млн.м³ сцёкаў (2001). Паводле якаснага складу вады рэкі ў пераважнай большасці адносяцца да катэгорыі ўмерана забруджаных. Найбольш забруджанымі з’яўляюцца вялікія і сярэднія рэкі ніжэй прамысловых цэнтраў (самая забруджаная — р. Свіслач ніжэй Мінска), малыя рэкі каля жывёлагадоўчых комплексаў. На ПдУ, у зоне ўплыву катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, некаторыя рэкі забруджаны радыёнуклідамі, каля Салігорска — солямі з адвалаў калійных камбінатаў. Для выкарыстання водных рэсурсаў і барацьбы са шкодным уздзеяннем на рэках ствараюць гідратэхнічныя збудаванні. Мерапрыемствы па ахове і рацыянальным выкарыстанні рэк і каналаў прадугледжаны ў Водным кодэксе Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Государственный водный кадастр. Многолетние данные о режиме и ресурсах поверхностных вод суши. Т. 3. Белорусская ССР. Л., 1985;
Блакітная кніга Беларусі: Энцыкл.Мн., 1994. Государственный водный кадастр. Водные ресурсы, их использование и качество вод. Мн., 1994—2002.
А.А.Макарэвіч.
Гідралагічныя паказчыкі найбольшых рэк Беларусі
Назва
Даўжыня, км
Плошча басейна, тыс.км²
Сярэднегадавы расход вады, м³/с
Дняпро, увесь
2145
504 000
1670
у межах Беларусі
689
66 380
583
Нёман, увесь
937
98 200
685
у межах Беларусі
459
34 600
214
Заходняя Дзвіна, уся
1020
87 900
666
у межах Беларусі
328
33 100
441
Прыпяць, уся
761
121 000
450
у межах Беларусі
500
51 370
450
Сож, увесь
648
42 100
219
у межах Беларусі
485
21 700
219
Бярэзіна
613
24 500
142
Заходні Буг, увесь
772
39 400
145
у межах Беларусі
154
10 360
100
Вілія, уся
498
25 100
186
у межах Беларусі
64
10 920
80
Гарынь, уся
659
27 700
110
у межах Беларусі
82
560
110
Іпуць, уся
437
10 900
55,6
у межах Беларусі
64
1 270
55,6
Свіслач
285
5 200
50,0
Пціч
421
9 470
49,7
Стыр, уся
494
12 900
49,5
у межах Беларусі
70
570
49,5
Шчара
325
6 990
37,7
Ясельда
250
7 790
35,8
Друць
295
5 020
31,6
Бярэзіна (прыток Нёмана)
226
4 000
30,0
Беседзь, уся
261
5 460
28,4
у межах Беларусі
185
3 880
28,4
Убарць, уся
292
5 800
24,4
у межах Беларусі
126
1 910
24,4
Асцёр, увесь
274
3 370
21,6
у межах Беларусі
50
430
21,6
Рака Нёман каля г. Гродна.Рака Дняпро каля Магілёва.Дняпроўска-Бугскі канал каля Кобрына.