АКА́,

рака ў Еўрапейскай ч. Рас. Федэрацыі, самы вял. правы прыток Волгі. Даўж. 1500 км, пл. бас. 245 тыс. км². Пачынаецца ў цэнтр. ч. Сярэднярускага ўзвышша на выш. 226 м над узр. м. і ўпадае ў Волгу каля г. Ніжні Ноўгарад. Рэчышча звілістае, пойма шырокая, шмат старыц. Гал. прытокі: Угра, Масква, Клязьма (злева), Мокша (справа). Паводка з крас. да мая ў верхнім цячэнні і да пач. чэрвеня ў ніжнім. Летам і зімой межань, восенню дажджавыя паводкі. Пераважны гадавы сцёк вясной. Ледастаў з ліст. да красавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 1300 м³/с. Рэгулярнае суднаходства ад г. Серпухаў да вусця (1200 км). На ўчастку ніжэй упадзення р. Масква на працягу 100 км шлюзаваная (Белаомутаўскі і Кузьмінскі гідравузлы). На левым беразе ў сярэднім цячэнні Акі — Прыокска-тэрасны запаведнік. На Ацэ — гарады Арол, Калуга, Серпухаў, Кашыра, Каломна, Разань, Касімаў, Мурам, Паўлава, Дзяржынск, Ніжні Ноўгарад.

т. 1, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУНЯ́ЕЎ (Станіслаў Юр’евіч) (н. 27.11.1932, г. Калуга, Расія),

расійскі паэт. Скончыў Маскоўскі ун-т(1957). З 1962 працаваў у час. «Знамя», Маскоўскай пісьменніцкай арг-цыі, з 1989 гал. рэдактар час. «Наш современник». Друкуецца з 1956. У паэт. зб-ках «Землепраходцы» (1960), «Завея заходзіць у горад» (1966), «Начная прастора» (1970), «Глыбокі Дзень» (1978), «Возера Безыменнае» (1983), «Маці — сырая зямля» (1988), «Вышэйшая воля» (1992) і інш. выяўляе адвечныя сувязі чалавека з прыродай, гісторыяй. Паэмы «Калужская хроніка» (нап. 1968—87), «Карабахская хроніка» (нап. 1973), «Сонечныя ночы» (нап. 1978), «Рускія сны» (нап. 1986) і інш. — спроба сінтэзу прозы і паэзіі ў паэме. Аўтар рамана «Сяргей Ясенін» (1995, з сынам С.Куняевым), зб. прозы і публіцыстыкі «Сярод шумнага балю» (1996), крытычных артыкулаў і інш. У некаторых творах бел. тэматыка. Асобныя вершы К. на бел. мову пераклаў П.Макарэвіч. Дзярж. прэмія Расіі 1987.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1988;

Огонь, мерцающий в сосуде. М., 1986;

Сквозь слезы на глазах: Избр. М., 1996.

А.В.Спрынчан.

С.Ю.Куняеў.

т. 9, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМУ́Р (манг. Хара-Мурэн, кіт. Хэйлунцзян),

рака ва Усх. Азіі, у Расійскай Федэрацыі (большая ч.), Манголіі, КНР. Па Амуры праходзіць частка граніцы Расіі з Кітаем. Утвараецца ад зліцця рэк Шылка і Аргунь. Упадае ў Амурскі ліман Ахоцкага м. Даўж. 2824 км, ад вытоку Аргуні — 4440 км; пл. бас. 1855 тыс. км². У верхнім цячэнні (да вусця Зеі) цячэ ў вузкай даліне. Справа да ракі падыходзяць адгор’і В.Хінгана. У сярэднім цячэнні (ад вусця Зеі да Хабараўска) даліна шырокая, толькі ў месцы перасячэння хр. М.Хінган ператвараецца ў цясніну. У нізоўях Амур выходзіць на Ніжнеамурскую нізіну, мае шырокую даліну, рэчышча разгаліноўваецца на рукавы. Асн. прытокі: Зея, Бурэя, Амгунь (злева), Сунгары, Усуры (справа). Жыўленне пераважна (​2/3 сцёку) ад летне-восеньскіх мусонных дажджоў. Разводдзе з ліп. да верасня, утвараецца дажджавымі паводкамі. У суткі па Амуры праходзіць 41 тыс. т наносаў. Замярзае ў ліст., крыгалом у крас.—маі. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 10 900 м³/с (макс. 40 000 м³/с). На ніжняе цячэнне ўплываюць прылівы і адлівы. У бас. Амура больш за 60 тыс. азёраў агульнай пл. каля 9,7 тыс. км². Рыбалоўства. Асн. прамысл. рыбы: кета, гарбуша, таўсталобік, калуга, амурскі сом і інш. Значныя гідраэнергетычныя рэсурсы. У сярэднім цячэнні Хінганскі, ніжэй — Камсамольскі запаведнікі. Амур — гал. водная магістраль Д. Усходу, суднаходны на ўсім працягу. Гал. гарады на Амуры: Благавешчанск, Хабараўск, Амурск, Камсамольск-на-Амуры, Нікалаеўск-на-Амуры (Расія), Айхой (Кітай).

Рака Амур.

т. 1, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)