падтып хордавых жывёл. Аб’ядноўвае 5 кл.: апендыкулярыі, бочачнікі (Cyclomyaria), асцыдыі, сальпы, агняцелкі, або пірасомы (Pirosomata). Каля 1,5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды ў морах і акіянах.
Даўж. ад 0,3—50 см да 30 м (калоніі пірасом). Цела мяшэчка- або бочачкападобнае, укрытае тунікай (абалонкай), утворанай выдзяленнем вонкавага эпітэлію. Хорда ёсць толькі ў лічынкавых формаў (акрамя апендыкулярый). Гермафрадыты. Размнажэнне палавое і бясполае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАБАКТЭ́РЫІ
(Halobacteriaceae),
сямейства бактэрый, якія развіваюцца ў асяроддзі з вял. колькасцю хлорыстага натрыю (не менш чым 12%). Строгія (аблігатныя) аэробы. Адрозніваюць 2 роды: рухомыя палачкі і нерухомыя кокі. Жывуць у салёных вадаёмах, саланчаковых глебах, развіваюцца ў расолах, салёных рыбе і мясе. Вял. колькасць солей у асяроддзі неабходна для падтрымкі структурнай цэласнасці цытаплазматычнай мембраны і функцыянавання звязаных з ёй ферментных сістэм, а таксама для забеспячэння трываласці клетачных сценак галабактэрый. Утвараюць пігменты караціноіды, якія афарбоўваюць калоніі галабактэрый у чырвоны колер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫХАВА́ЎЧА-ПРАЦО́ЎНАЯ КАЛО́НІЯ
(ВПК),
папраўча-працоўная ўстанова ў Рэспубліцы Беларусь, дзе адбываюць пакаранне непаўналетнія, асуджаныя да пазбаўлення волі. У ВПК ажыццяўляецца перавыхаванне асуджаных шляхам прыцягнення іх да грамадска карыснай працы, правядзення з імі выхаваўчай работы, абавязковага агульнаадук. і прафес.-тэхн. навучання. Умовы ўтрымання і нормы ў ВПК улічваюць асаблівасці ўзросту і полу асуджаных. У залежнасці ад характару ўчыненага імі злачынства і інш. акалічнасцей адрозніваюць ВПК агульнага і ўзмоцненага рэжыму. Асуджаных утрымліваюць у ВПК да 18-гадовага ўзросту, пасля пераводзяць у адпаведныя калоніі для дарослых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЛІ́НСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1884—85,
міжнародная канферэнцыя па пытаннях каланіяльных уладанняў у Афрыцы. Склікана па ініцыятыве Германіі, каб перашкодзіць Вялікабрытаніі і Партугаліі захапіць зах.-афр. ўзбярэжжа, у т. л. вусці р. Конга. Удзельнікі (Аўстра-Венгрыя, Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, Данія, ЗША, Іспанія, Італія, Нідэрланды, Партугалія, Расія, Турцыя, Францыя і Швецыя) фармальна прызналі Конга «свабоднай дзяржавай» на чале з бельг. каралём Леапольдам II (акрамя Бельгіі права эксплуатаваць Конга атрымалі і інш. дзяржавы), вызначылі парадак набыцця «незанятых афр. зямель», удакладнілі граніцы партуг.калоніі Анголы, фактычна адобрылі захопы Францыі ў Экватарыяльнай Афрыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙБА́К, стэпавы сурок (Marmota bobak),
млекакормячае сям. вавёркавых. Пашыраны ў стэпавай і лесастэпавай паласе Усх. Еўропы і Азіі.
Даўж. цела да 60 см, хваста да 15, маса да 6,5 кг. Поўсць кароткая, мяккая, пясочна-жоўтая са слабымі цёмнымі плямкамі. Лапы кароткія з моцнымі кіпцюрамі. Жыве сем’ямі ў глыбокіх норах, утварае калоніі. Тыповы дзённы грызун, найб. актыўны раніцай і вечарам. На зіму ўпадае ў спячку (да 6 месяцаў), назапасіўшы тлушчу (да 30% ад масы). Нараджае 4—5 дзіцянят. Корміцца дзікай травяністай расліннасцю. Аб’ект промыслу (выкарыстоўваюць шкурку, мяса, тлушч). Ворыва цаліны і паляванне значна зменшылі яго колькасць. Ахоўваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОЦАТНАКІ́СЛЫЯ БАКТЭ́РЫІ,
група аднаклетачных мікраарганізмаў, якія акісляюць спірты, вугляводы ў арган. кіслоты і ў інш. рэчывы пры свабодным доступе кіслароду. Належаць да роду Acetobacter. Вядома больш за 20 відаў. Тыповы прадстаўнік — Acetobacter aceti (акісляе этылавы спірт у воцатную к-ту). Пашыраны на садавіне і агародніне, у скіслых фруктовых соках, воцаце і алкагольных напітках. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці воцату.
Бясколерныя палачкападобныя аэробныя арганізмы. Сярэднія памеры клетак (1,2—1,8)х(0,4—0,8) мкм. Маладыя клеткі рухомыя, са жгуцікамі. На паверхні вадкага пажыўнага асяроддзя воцатнакіслыя бактэрыі ўтвараюць плеўку, на шчыльным асяроддзі — вял. гладкія, бліскучыя, слізістыя калоніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАНАНАРЫ́ВУ
(Antananarivo),
Тананарыве, горад, сталіца, гал.эканам. і культ. цэнтр Мадагаскара. Адм. ц. правінцыі Антананарыву. 802 тыс.ж. (1990). Размешчаны на плато ў цэнтр.ч. в-ва Мадагаскар, на выш. 1200—1400 м над узр. мора. Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Івату. Харчасмакавая, гарбарная, абутковая, хім., дрэваапр., тэкст., паліграф.прам-сць; вытв-сцьбуд. матэрыялаў, аўтазборачны з-д і інш.Ун-т.
Засн. ў 1-й пал. 17 ст. каралём дзяржавы Імерына Андрыянзакам. У 17—19 ст. рэзідэнцыя каралёў Мадагаскара. У 1895 захоплены французамі, з 1896 адм. цэнтр франц.калоніі, з 1960 сталіца Мадагаскара. Музеі (у т. л. малагасійскага мастацтва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМ’Е́НСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1802.
Падпісаны паміж Францыяй і яе саюзнікамі (Іспаніяй і Батаўскай рэспублікай) з аднаго боку і Англіяй — з другога 27.3.1802 у г. Ам’ен (Францыя). Завяршыў распад 2-й антыфранц. кааліцыі. Паводле яго Англія абавязвалася вярнуць Францыі і яе саюзнікам захопленыя ў іх калоніі (акрамя а-воў Цэйлон і Трынідад) і ачысціць ад сваіх войскаў в-аў Мальта, Францыя — вывесці войскі з Рыма, Неапаля і в-ва Эльба. Егіпет быў вернуты Турцыі. 13.5.1802 да дагавора далучылася Турцыя. Ам’енскі мірны дагавор стаў кароткай перадышкай у англа-франц. барацьбе за сусв. панаванне. Разарваны з прычыны адмовы Англіі вызваліць в-аў Мальта. 22.5.1803 ваенныя дзеянні аднавіліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРЫ́ЙЦЫ, даране (Dōrieis),
адно з асноўных стараж.-грэч. плямён паўн.-зах. дыялектнай групы. Першапачаткова жылі ў Паўн. і Сярэдняй Грэцыі. На працягу 12 ст. да н.э. разам з інш.паўн. плямёнамі перасяляліся ў паўд.-зах. напрамку, што прывяло да выцяснення ахейцаў і знішчэння ахейскіх цэнтраў — Мікенаў, Тырынфа, Піласа і інш. Д. занялі вобласці Лаканіка, Месенія, Кінурыя, Аргаліда, Мегарыда (п-аў Пелапанес), Карынфія (Істмійскі перашыек), потым каланізавалі а-вы Родас, Крыт, Фера, Мелас, Кос, Калімнас, узбярэжжа М.Азіі (гарады Кнід, Галікарнас і інш.). У 8—6 ст. да н.э. аформіліся іх раннерабаўладальніцкія дзярж. аб’яднанні (Спарта, Аргас, полісы Крыта) і ўзніклі іх калоніі па-за межамі Грэцыі (напр., Сіракузы). Ад імя Д. паходзіць назва арх.дарычнага ордэра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІФІ́НІЯ,
гістарычная вобласць на ПнЗ М.Азіі (тэр. сучаснай Турцыі). Назва ад фракійскага племя фінаў (або віфінаў), якое прыйшло з Еўропы каля 700 да н.э. У 8—7 ст. да н.э. на ўзбярэжжы Віфініі былі заснаваны грэч.калоніі Астак, Гераклея і інш. У 7—6 ст. да н.э. падпарадкоўвалася Лідыі, у 6—4 ст. да н.э. — Ахеменідам. У 297 да н.э. абвешчана незалежнай дзяржавай. Цар В.Нікамед I [280 ці 278 — каля 255 да н.э.] пашырыў межы Віфініі і заснаваў у 264 да н.э. сталіцу Нікамедыю. З 74 да н.э.рым. правінцыя, адыгрывала значную ролю ў эканам. і культ. жыцці Рым. імперыі, потым Візантыі. У 14 ст.н.э. захоплена туркамі-асманамі.