БУЙЛО́ (сапр. Калечыц) Канстанцыя Антонаўна

(14.1.1893, Вільня — 4.6.1986),

бел. паэтэса. Засл. дз. культ. Беларусі (1968). Скончыла настаўніцкія курсы ў Вільні (1914). Настаўнічала на Лідчыне, загадвала бел. кнігарняй у Полацку (1915—16). З 1923 жыла ў Маскве. З 1933, пасля незаконнага арышту мужа В.​А.​Калечыца, працавала на з-дзе. Друкавалася з 1909 у газ. «Наша ніва». Першы зб. «Курганная кветка» (Вільня, 1914, факсімільнае выд. Мн., 1989) адрэдагаваў Я.​Купала. Шырока выкарыстоўвала Фалька, матывы. Эмацыянальны пачатак, вобразна-экспрэсіўныя элементы нар. паэтыкі выразна выступаюць у рамант. вершах, інтымнай і патрыят. лірыцы («Люблю», «Беларусі», «Звон», «Курганная кветка», «Ляці, думка», «Ці помніш ты?»). Аўтар вершаваных драм «Кветка папараці» (1914), у якой выкарыстаны нар. міфалагічныя вобразы, звязаныя з купальскай абраднасцю, «Сённяшнія і даўнейшыя» (1914, паст. 1917) пра абуджэнне моладзі да новага жыцця. Пісала і апавяданні («Русалкі», 1910). Роздум над доляй селяніна, героіка вайны, працоўныя будні, матывы любові да Бацькаўшчыны, праблемы сучаснасці, лёс чалавека і роднага народа, яго мовы і культуры, прыроды, інтымны свет чалавека — асн. тэмы яе паэзіі (зб. «Світанне», 1950; «На адноўленай зямлі», 1961; «Май», 1965; «Роднаму краю», 1973; «Вясной», 1984, і інш.). Для дзяцей выдала зб. «Юрачка» (1957), «У бляску зор» (1968). Шчырасць, задушэўнасць, лірызм абумовілі меладычнасць яе твораў. Верш «Люблю» (муз. М.​Равенскага) стаў папулярнай нар. песняй. Пахавана ў в. Вішнева Валожынскага р-на.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1981.

Літ.:

Чаркасава Дз. Люблю. Мн., 1978.

І.​У.​Саламевіч.

К.Буйло.

т. 3, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛУ́ЖАНЫ ДЗЕ́ЯЧ КУЛЬТУ́РЫ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

ганаровае званне, якое прысвойваецца высокакваліфікаваным работнікам культ.-асв. устаноў, кінафікацыі, радыёвяшчання і тэлебачання, друку, выд-ваў, паліграф. прам-сці і інш., што працуюць у галіне культуры не менш за 15 гадоў, маюць вял. заслугі ў яе развіцці. Устаноўлена законам ад 13.4.1995, прысвойваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. З 2.7.1957 існавала званне засл. дз. культ. Беларускай ССР, якое прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета БССР. У 1971—95 прысвойвалася званне заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь.

Заслужаныя дзеячы культуры Рэспублікі Беларусь

1957. П.​М.​Касач, Б.​І.​Любовіч, І.​Б.​Сіманоўскі, П.​І.​Шыдлоўскі.

1959. С.​П.​Астравумаў, У.​А.​Жлукценка, У.​Ф.​Луцэвіч, М.​М.​Тышэвіч, М.​І.​Шчансновіч.

1960. С.​М.​Грабеншчыкоў, А.​А.​Дзяруга, А.​П.​Лукомскі, Ф.​Ф.​Пятрэнка, П.​А.​Радоліцкі, В.​М.​Сакалоў, А.​А.​Слесарэнка, В.​М.​Смірноў, А.​К.​Шыдлоўскі.

1961. І.​Б.​Сакольскі.

1962. В.​А.​Захараў, М.​І.​Фрыдман.

1963. М.​Т.​Бяспалаў, Л.​П.​Валчэцкі, А.​М.​Валынчык, Н.​Б.​Ватацы, К.​Дз.​Гусеў, Р.​Я.​Кісялёў, М.​Р.​Солапаў, А.​Я.​Фінкельберг, А.​С.​Чопчыц, М.​М.​Чысцякоў, Л.​І.​Ячнеў.

1964. У.​Я.​Карпаў, А.​Ф.​Кутай, Л.​Дз.​Ляшэнка, Ф.​М.​Міхайлаў, А.​С.​Плеўскі, Р.​П.​Раскевіч, А.​Г.​Русак.

1965. Дз.​Р.​Новікаў, М.​М.​Салдатаў, М.​М.​Сімкоўскі.

1966. М.​Я.​Дадзькоў, Ю.​А.​Залатарэнка, У.​І.​Кулікоўскі, П.​В.​Мядзёлка, В.​Н.​Пазняк, С.​П.​Школьнікаў.

1967. А.​М.​Бачыла (Алесь Бачыла), А.​У.​Броўка, В.​М.​Варатнікоў, Б.​З.​Галубоўскі, М.​А.​Ільічоў, А.​І.​Каландзёнак, К.​Ф.​Калітоўская, Я.​І.​Качан, Ф.​Я.​Кляцкоў, Г.​Я.​Кутневіч, Л.​К.​Кухарава, І.​В.​Ляшчынскі, К.​Л.​Манучараў, Я.​Г.​Міско, І.​Ф.​Міхалюта, І.​Р.​Новікаў, В.​П.​Палескі-Станкевіч, В.​Х.​Партной, Д.​Ш.​Пінхасік, М.​І.​Пржыбытка, В.​А.​Пыжкоў, В.​Е.​Самуцін, К.​В.​Сувораў.

1968. У.​І.​Аніковіч, Г.​Б.​Асвяцінскі, Л.​Я.​Бацвіннік, І.​А.​Бейдзін, Г.​В.​Будай, М.​М.​Бяльзацкая, І.​Я.​Васілеўскі, Б.​Я.​Вішкароў, К.​Г.​Высоцкі, В.​Ц.​Гарбатоўскі, В.​А.​Данілевіч, Дз.​М.​Жураўлёў, М.​В.​Ісакоўскі, Э.​А.​Казачкоў, К.​А.​Калечыц (Буйло), М.​Г.​Кіракозаў, Л.​У.​Кісялёва, Я.​А.​Комік, Г.​С.​Лысоў, Я.​С.​Мазалькоў, М.​Ц.​Марушкевіч, Ф.​М.​Нікіфараў, П.​С.​Пестрак, А.​А.​Пракоф’еў, В.​Ф.​Праскураў, С.​З.​Сапешка, Н.​М.​Саўчанка, І.​А.​Серыкаў, В.​П.​Смоляр, У.​В.​Таран, Г.​Г.​Удараў, І.​М.​Фёдараў (Янка Маўр), М.​Я.​Філімонаў, Я.​А.​Хелемскі, В.​Р.​Шапавалава, І.​Р.​Юшанкоў, А.​В.​Яблонскі, А.​І.​Якімовіч.

1969. А.​С.​Вялюгін, І.​Д.​Гурскі.

1970. К.​Ц.​Кірэенка, У.​І.​Корбан, Ц.​В.​Крысько (Васіль Вітка), Д.​К.​Міцкевіч.

1971. М.​І.​Акшэўскі, І.​С.​Аляксанаў, Т.​М.​Аляксеева, Т.​П.​Бастун, В.​Ф.​Вольскі-Зэйдэль, Ф.​М.​Ганчар, М.​В.​Гарбачоў, А.​Р.​Ільюшэнка, І.​К.​Казлоў, А.​І.​Каўко, Н.​А.​Конанава, А.​У.​Лісоўскі, А.​Ф.​Мазурава, В.​І.​Розін, І.​П.​Таргоўскі, М.​Дз.​Троіцкая, В.​А.​Чарняўская, М.​І.​Шыбаліс, Л.​Б.​Эйдзін, М.​С.​Юрэвіч, Т.​М.​Якута.

1995. У.​А.​Цацоха.

1996. А.​Р.​Майсененка, Э.​М.​Скобелеў, Л.​П.​Ударава.

1997. Г.​М.​Алейнік, У.​П.​Вялічка, У.​П.​Мальчыкаў, Л.​І.​Пятрова, В.​Г.​Рагоўская, І.​Д.​Сіпакоў, Б.​В.​Стральцоў, І.​У.​Угальнік, Е.​П.​Фешчанка.

1998. М.​К.​Грэсь, Э.​В.​Кірыленка, Я.​М.​Лабовіч, Р.​В.​Сакалоўскі, У.​М.​Сяргейчык, Н.​І.​Урукіна.

т. 6, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХЕАЛО́ГІЯ (ад археа... + ...логія),

галіна гістарычнай навукі, якая вывучае станаўленне чалавека і гісторыю чалавечага грамадства па матэрыяльных рэштках жыцця і дзейнасці людзей — рэчавых (археал.) помніках. Даследуе ў комплексе стараж. помнікі (стаянкі, паселішчы, могільнікі, свяцілішчы, майстэрні і інш.), рэчы і іх катэгорыі (прылады працы, прадметы побыту, матэрыялы духоўнай культуры), выяўленыя ў час археалагічных раскопак; узнаўляе сац.-эканам. гісторыю эпох, што недастаткова або зусім не адлюстраваны ў пісьмовых крыніцах, даследуе шэраг пытанняў, якія вывучаюцца і сумежнымі навукамі — этнаграфіяй, антрапалогіяй, палеанталогіяй і інш.; цесна звязаны з дапаможнымі гіст. дысцыплінамі — нумізматыкай, сфрагістыкай, эпіграфікай. Археалогія падзяляецца па эпохах (каменны век, бронзавы век, жалезны век, сярэднявечча), часам па крыніцах, культурна-гіст. абласцях, этнічных прыкметах (скіфскі перыяд, антычныя дзяржавы, славянская археалогія). Паводле храналаг. і тэр. падзелу своеасаблівых рыс помнікаў вылучаюцца т.зв. археалагічныя культуры. Важным пытаннем з’яўляецца класіфікацыя і датаванне здабытых пры раскопках рэчаў. У археалогіі выкарыстоўваюць спецыфічныя метады даследавання: параўнальна-тыпалагічны метад (вызначэнне культ. прыналежнасці і храналогіі рэчаў шляхам параўнання з аналагічнымі, але ўжо вядомымі), стратыграфія (умовы залягання культ. пласта археал. помнікаў адносна геал. напластаванняў і інш. пластоў), статыстычны (улік масавых знаходак аднолькавага прызначэння), а таксама розныя метады археалагічнага датавання. Важны метад даследавання археал. помнікаў — картаграфаванне. Асобная галіна археалогіі — падводная археалогія — вывучае стараж. і сярэдневяковыя помнікі, што апынуліся пад вадой (у азёрах, рэках, морах). Археал. матэрыялы дапаўняюцца пісьмовымі крыніцамі.

Як навука археалогія аформілася ў 19 — пач. 20 ст. (да гэтага яна вывучала антычнасць і мела мастацтвазнаўчы кірунак). У краінах Зах. Еўропы цікавасць да нац. гісторыі, у т. л. да археалогіі, асабліва ўзмацнілася пасля Вял. франц. рэвалюцыі 1789—93, якая спрыяла абуджэнню нац. самасвядомасці. З павелічэннем колькасці археал. матэрыялаў пачаліся спробы іх класіфікацыі. У 1836 дацкі археолаг К.​Ю.​Томсен падзяліў помнікі першабытнай эпохі на каменны, бронзавы, жал. вякі, Дж.​Лебак падзяліў каменны век на палеаліт і неаліт. Гэту класіфікацыю паглыбіў Е.​Я.​Ворса, які вызначыў храналогію бронзавага веку паводле абрадаў пахавання. З гэтага часу археалогія становіцца навук. дысцыплінай. З 2-й пал. 19 ст. ва ўсіх краінах свету праводзіліся археал. даследаванні; распрацаваны храналагічная і перыядычная сістэмы, навук. метады раскопак; адбываліся археал. з’езды і кангрэсы. У 1869—83 франц. археолаг Г. дэ Мартылье падзяліў палеаліт на перыяды: шэльскі, ашэльскі, мусцьерскі, салютрэйскі, мадленскі. У Еўропе адкрыты эгейскія цывілізацыі дагамераўскай Грэцыі (Г.​Шліман, А.​Эванс), на Усходзе — шумерская і вавілонская культуры. Шведскі археолаг А.​Мантэліус размеркаваў стараж. рэчы па тыпах, якія пазней звязаў у эвалюц. рады, і, такім чынам, стаў заснавальнікам параўнальна-тыпалагічнага метаду. У пач. 20 ст. чэшскі археолаг Л.​Нідэрле надрукаваў збор славянскіх старажытнасцяў і даказаў агульныя рысы культуры славян. Дзякуючы даследаванням А.​С.​Уварава, Д.​Я.​Самаквасава, Л.​К.​Іваноўскага, У.​І.​Сізова, А.​А.​Спіцына ўзнікла славяна-руская археалогія.

На Беларусі археал. раскопкі пачаліся ў канцы 18 — пач. 19 ст., археал. помнікі даследавалі Т.​Нарбут, З.​Я.​Даленга-Хадакоўскі, К.П. і Я.​П.​Тышкевічы, А.Г.​К.​Кіркор, Е.​Р.​Раманаў, У.​З.​Завітневіч, В.​А.​Шукевіч, М.​Ф.​Кусцінскі, М.​М.​Турбін, Г.​Х.​Татур, Л.​Ю.​Лазарэвіч-Шапялевіч, З.​Глогер, М.​В.​Фурсаў, С.​Ю.​Чалоўскі і інш. На актывізацыю археал. даследаванняў паўплываў 9-ы археал. з’езд у Вільні (1893). У 1925 пры Інбелкульце створана гісторыка-археал. камісія, у 1927 адкрыта кафедра археалогіі (з 1929 археал. камісія ў Ін-це гісторыі Бел. АН, з 1932 секцыя археалогіі). У даваенны час археал. даследаванні праводзілі А.​М.​Ляўданскі, К.​М.​Палікарповіч, С.​А.​Дубінскі, А.​Дз.​Каваленя, І.​А.​Сербаў, С.​С.​Шутаў і інш. У 1930-я г. многія археолагі рэпрэсіраваны і загінулі (Ляўданскі, Дубінскі, Каваленя і інш.). У Зах. Беларусі археал. раскопкі праводзілі У.​Галубовіч, Г.​Цэгак-Галубовіч, З.​Шмід, З.​Дурчэўскі і інш. У 1944 у Ін-це гісторыі АН Беларусі створаны сектар археалогіі, з 1980 — аддзел археалогіі з сектарамі, у 1986 сектары пераўтвораны ў аддзелы. У 1973 створана кафедра археалогіі, этнаграфіі і дапаможных гіст. дысцыплін у БДУ. Бел. археолагі выявілі каля 1300 помнікаў каменнага і бронзавага вякоў, вызначылі іх прыналежнасць да археал. культур (У.​Дз.​Будзько, У.​Ф.​Ісаенка, М.​М.​Чарняўскі, У.​П.​Ксяндзоў, А.​Г.​Калечыц, Э.​М.​Зайкоўскі, В.​Ф.​Капыцін і інш.), праводзілі мэтанакіраванае вывучэнне помнікаў, культур і этнічных утварэнняў жал. веку (А.​Р.​Мітрафанаў, Л.​Д.​Побаль, К.​П.​Шут, В.​І.​Шадыра, В.​С.​Вяргей, М.​І.​Лашанкоў і інш.). Даследаванні бел. археолагаў дапамаглі ўзнавіць працэс фарміравання ўсх.-слав. племянных аб’яднанняў (дрыгавічоў, крывічоў, радзімічаў), гісторыю стараж. гарадоў (В.​Р.​Тарасенка, Г.​В.​Штыхаў, Э.​М.​Загарульскі, П.​Ф.​Лысенка, Я.​Г.​Звяруга, М.​А.​Ткачоў, З.​С.​Пазняк, Т.​С.​Бубенька, В.​М.​Ляўко, Л.​У.​Калядзінскі, В.​Е.​Собаль, Ю.​А.​Заяц і інш.), матэрыяльную культуру сельскага насельніцтва (Л.​У.​Дучыц, Я.​Р.​Рыер, У.​У.​Багамольнікаў, Т.​М.​Каробушкіна і інш.). У апошняе дзесяцігоддзе актыўна вывучаліся познасярэдневяковыя помнікі 14—18 ст. (А.​А.​Трусаў, А.​К.​Краўцэвіч, В.​У.​Шаблюк, І.​М.​Чарняўскі і інш.). Археал. даследаванні на Беларусі праводзілі супрацоўнікі Ін-таў археалогіі і гісторыі матэрыяльнай культуры Расійскай АН (Л.​В.​Аляксееў, І.​І.​Арцёменка, Ф.​Д.​Гурэвіч, Н.​М.​Гурына, Ю.​У.​Кухарэнка, В.​М.​Мельнікоўская, П.​А.​Рапапорт, Г.​Ф.​Салаўёва, Э.​А.​Сымановіч, В.​В.​Сядоў, П.​М.​Траццякоў).

Літ.:

Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 1—2. Мн., 1970—72;

Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;

Белорусская археология: Достижения археологов за годы Советской власти. Мн., 1987;

Вяргей В.С. Археалагічная навука ў БССР, 1919—1941 гг. Мн., 1992;

Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл. Мн., 1993.

Г.​В.​Штыхаў.

Да арт. Археалогія. Раскоп на паселішчы Бароўка ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл.
Да арт. Археалогія. Пантыкапей, рэшткі збудавання 2 ст. да н.э.

т. 1, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)