ЖЫ́ЛКА (Уладзімір Адамавіч) (27.5.1900, в. Макашы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 1.3.1933),
бел.паэт. Вучыўся ў Пражскім ун-це (1923—26). Як рэдактар час. «Новы прамень» (Прага) запрошаны ў 1926 у Мінск для ўдзелу ў навук., канферэнцыі па рэформе правапісу; застаўся тут. Працаваў у газ. «Звязда» і муз. тэхнікуме. У 1930 беспадстаўна арыштаваны, высланы ў г. Уржум (Кіраўская вобл.). Там і памёр. Рэабілітаваны ў 1960. Друкаваўся з 1920 у мінскіх выданнях, з 1921 у зах.-бел. прэсе, з 1923 у часопісах бел. студэнцтва ў Чэхаславакіі, пражскім зб. «Славянская книга». Паэт рамант. складу. Аўтар лірычнай паэмы «Уяўленне» (Вільня, 1923), зб-каў вершаў «На ростані» (Вільня, 1924), «З палёў Заходняй Беларусі» (Мн., 1927). Творча пераносіў традыцыі еўрап. рамантызму на глебу зах.-бел. л-ры. У вершах «Віхор», «Меч», «Хто смелы» і інш. у сімвалічных вобразах паэтызаваў ахвярнае служэнне Радзіме, свабодзе. Выяўляў ідэю паяднання чалавека з сацыяліст. явай, сцвярджаў хараство новых узаемаадносін асобы і грамадства («Млынар паставіў застаўкі», «Раніцою», паэма «Тэстамент»). Творчасці Ж. ўласцівы інтэлектуальная, гуманіст. і эстэт. культура, высокае паэт. майстэрства. Пераклаў на бел. мову асобныя творы М.Лермантава, А.Міцкевіча, Г.Ібсена, Ш.Бадлера, І.Волькера, Б.Ясенскага.
Тв.:
Вершы. Мн., 1970;
Пожні. Мн., 1986;
Творы. Мн., 1996;
Творы. Мн., 1998.
Літ.:
Калеснік У. Ветразі Адысея: Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў бел. паэзіі. Мн., 1977;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУМАКУ́ЛАВА (Танзіля Мустафаеўна) (н. 18.7.1934, г. Тырныауз, Кабардзіна-Балкарыя),
балкарская паэтэса. Нар. паэтэса Кабардзіна-Балкарыі (1982). Скончыла Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1967). Друкуецца з 1957. У кнігах вершаў і паэм «Кветкі на скале» (1959), «Песні гор» (1962), «Прахалода гор» (1967), «Свяцільнік» (1969, за дзве апошнія Рэсп. прэмія 1969), «Белы свет» (1972), «Бацькоўскі дом» (1984) і інш. імкнулася адлюстраваць гіст. і духоўны вопыт балкарскага народа, складаныя і шматгранныя сувязі сучасніка з эпохай і навакольным светам. Дзярж. прэмія РСФСР імя М.Горкага 1977. На бел. мову асобныя творы З. пераклалі І.Калеснік, М.Танк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНІ́Т (Пятрусь) (сапр.Івашэвіч Іван Пятровіч; 24.1.1909, в. Зачэпічы Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 14.1.1980),
бел.паэт. Скончыў Навагрудскае пед. вучылішча (1950). Удзельнік рэв.-вызв. барацьбы ў Зах. Беларусі і партыз. руху на Беларусі ў Айч. вайну. З 1927 працаваў брукаром. У 1939—41 старшыня сельсавета, у 1945—71 настаўнік. Друкаваўся з 1933. Большасць вершаў — публіцыстычныя творы, насычаныя бытавымі рэаліямі, у якіх выкрываў палітыку сац. і нац. ўціску польскіх улад. Захапленне жыццём у пасляваен. творах. Свет роднай прыроды эмацыянальна раскрыў у зб. для дзяцей «Сцяжынка» (1978).
Літ.:
Наднёманскія былі. Мн., 1968. С. 66—70;
Калеснік У. Лёсам пазнанае. Мн., 1982. С. 248—253.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬШЭ́ЎСКІ (Анатоль Адамавіч) (парт.псеўд.Юрка Пружанскі; 4.7.1904, г. Бяроза — 1937),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі, публіцыст. З 1920 вучыўся ў Камуніст. ун-це імя Свярдлова (Масква). З 1925 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі. На III канфер. (1926) і I з’ездзе (1928) КПЗБ выбраны чл.ЦК. Рэдактар друк. органаў ЦККПЗБ«Бальшавік» і «Чырвоны сцяг». У 1927 арыштаваны польск. ўладамі і зняволены, з 1928 у СССР. З 1932 у рэдакцыі Прадстаўніцтва ЦККПЗБ пры ЦККП(б)Б у Мінску, на прафс. рабоце. У публіцыст. артыкулах, апублікаваных пад псеўданімамі і ананімна ў падп. выданнях, выкрываў палітыку ўрада Польшчы. У 1937 незаконна рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУДЗЮ́К (Зінаіда Іосіфаўна) (н. 29.3.1950, в. Слабодка Браслаўскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. паэтэса і драматург. Скончыла Брэсцкі інжынерна-будаўнічы ін-т (1977). Працавала на будоўлі, тэхнікам, інжынерам. Друкуецца з 1967. У зб-ках вершаў «Праводзіны птушак» (1983), «Абрысы лета» (1988) роздум над праблемамі маралі, сучаснага духоўнага жыцця. Піша вершы і казкі для дзяцей. Аўтар п’есы для лялечнага тэатра «Канёк-Гарбунок» (1985, паводле казкі П.Яршова), аднаактоўкі «У абдымку вятроў» (1985), радыёп’есы «Дудка-самагудка» (паст. 1989), дзіцячай п’есы «Сінязорка» (1995), драмы «Заложнікі шчасця» (1997). На бел. мову пераклала п’есу Т.Амосавай і І.Пятровай «Славутае качаня Цім» (паст. 1990).
Тв.:
Так і не: Вершы. Мн., 1993;
Палоннікі жыцця: Аповесці, апавяданні. Мн., 1997.
Літ.:
Калеснік У. Зінаіда Дудзюк // Беларусь. 1985. № 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЯЦЫЯЛО́ГІЯ (ад лац. glacies лёд + ...логія),
навука, якая вывучае гляцыясферу: прыродныя льды на паверхні Зямлі, у атмасферы, гідрасферы і літасферы, рэжым і дынаміку іх развіцця, узаемадзеянне з навакольным асяроддзем, месца лёду ў эвалюцыі Зямлі. Разам з геакрыялогіяй аб’ядноўваецца ў крыялогію Зямлі.
Як самаст. галіна навукі пачала фарміравацца ў канцы 18 — пач. 19 ст.Вял. ўклад зрабілі рус. вучоныя П.А.Крапоткін, У.І.Вярнадскі, А.І.Ваейкаў, С.В.Калеснік, М.У.Тронаў, П.А.Шумскі і інш. Падзяляецца на некалькі раздзелаў, аб’ектамі вывучэння якіх з’яўляюцца ледавікі, снег, лавіны, ільды вадаёмаў і вадацёкаў і інш. Вызначае ролю льдоў і снегавога покрыва ў эвалюцыі прыроднага асяроддзя, ацэнцы і рэгуляванні водных рэсурсаў, распрацоўвае шляхі штучнага ўздзеяння на снегавое покрыва і розныя віды льдоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ЛЬБАК (Майсей Саламонавіч) (20 або 25.3.1896, г. Смаргонь Гродзенскай вобл. — 29.10.1937),
яўрэйскі пісьменнік. Настаўнічаў у Смаргоні, Мінску, Вільні. У 1920—27 жыў у Вільні, Берліне. З 1928 у Мінску, працаваў у рэдакцыях рэсп. газет, АН Беларусі. У 1937 рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1916. Пісаў на яўр. мове. Аўтар кніг паэзіі «Вершы» (1920), «Новыя вершы» (1922), «Паэмы і вершы» (1929), цыкла «Беларусь» (1921), сатыр. антыфаш. паэмы «Дзісенскі Чайльд-Гарольд» (1933), раманаў абстрактна-філас. «Месія сына Эфроіма» і «Панядзелак» (абодва 1924), «Зельманцы» (кн. 1—2, 1931—35), п’ес «Разбойнік Бойтрэ», «Веньямін Магідаў» (абедзве паст. 1937) і інш. Перакладаў на яўр. мову творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Гогаля. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Э.Агняцвет, З.Бядуля, В.Вольскі, Х.Жычка, І.Калеснік, Г.Кляўко, У.Паўлаў, Я.Семяжон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ОКТЯ́БРЬ»,
літаратурна-мастацкі і публіцыстычны часопіс. Выдаецца з 1924 у Маскве на рус. мове штомесячна. Мае раздзелы: «Проза і паэзія», «З літаратурнай спадчыны», «Публіцыстыка і нарысы», «Літаратурная крытыка» і інш. Асвятляе пытанні грамадска-паліт. і культ. жыцця краіны. Змяшчае літ.-крытычныя артыкулы і рэцэнзіі, успаміны, матэрыялы па пытаннях культуры і мастацтва. Знаёміць з новымі кнігамі. У часопісе надрукаваны маст. творы К.Ваншэнкіна, В.Каверына, Э.Казакевіча, Ю.Морыц, К.Паустоўскага, А.Рыбакова, У.Салаухіна, А.Сафронава, А.Талстога, А.Твардоўскага, А.Фадзеева, Л.Філатава, А.Чакоўскага, М.Шолахава і інш. Сярод бел. пісьменнікаў, творы якіх друкаваліся ў «О.», П.Броўка, Я.Брыль, В.Быкаў, М.Гарэцкі, У.Калеснік, Я.Колас, Я.Купала, І.Навуменка, А.Савіцкі, М.Танк, І.Шамякін і інш.Гал. рэдактары: А.Серафімовіч (1926—29), Ф.Панфёраў (1931—60, з перапынкамі), У.Кочатаў (1961—73), А.Ананьеў (з 1973).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎРЫЛЮ́К (Аляксандр Якімавіч) (23.4.1911, в. Забалоцце Бельскага ваяв., Польшча — 22.6.1941),
украінскі пісьменнік. Удзельнік нац.-вызв. руху ў Зах. Украіне і Зах. Беларусі. На працягу 1929—39 шмат разоў быў арыштаваны, двойчы быў вязнем канцлагера Бяроза-Картузская. Дэбютаваў вершам «Успаміны зняволенага» (1929), які стаў песняй падпольшчыкаў. Аўтар паэт. твораў «Паэма пра пятлю» (1932), «Плакаты» (1935), «Непрадбачаны эпілог» (1941), памфлета «Паны і панічы над «Кабзаром» (выд. 1936), паэмы «Песня з Бярозы» (1937, выд. 1941), «Львоў» (1941), дакумент. аповесці «Бяроза» (1941, выд. 1946) і інш., у якіх адлюстраваў жыццё працоўных былой Зах. Украіны і Зах. Беларусі, нязломнасць духу паліт. вязняў канцлагера. На бел. мову творы Гаўрылюка перакладалі Н.Мацяш, М.Рудкоўскі, Р.Семашкевіч.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Украінская савецкая паэзія: Анталогія. Мн., 1952;
У кн.: Украінская савецкая паэзія. Т. 2. Мн., 1975;
Пісня з Берези (На ўкр., рус. і бел. мовах). Львів, 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́М (Мустай) (сапр.Карымаў Мустафа Сафіч; н. 20.10.1919, в. Кляшава Чышмінскага р-на, Башкортастан),
башкірскі пісьменнік. Нар. паэт Башкортастана (1963). Герой Сац. Працы (1979). Засл. дз. маст. РСФСР (1982). Ганаровы акад.АН Башкортастана (1992). Скончыў Башкірскі пед.ін-т (1941). Друкуецца з 1935. Першыя паэт.зб-кі прысвяціў моладзі («Атрад рушыўся», 1938, з В.Нафікавым; «Вясновыя галасы», 1941). Героіка і трагізм Вял.Айч. вайны адлюстраваны ў шматлікіх вершах і паэмах. У зб-ках вершаў «Гадам услед» (1971), «Чатыры пары кахання» (1978), п’есах «Выкраданне дзяўчыны» (1959), «У ноч зацьмення Месяца» (1965, Дзярж. прэмія РСФСР імя Станіслаўскага 1967), «Краіна Айгуль» (1969), аўтабіягр. аповесці «Доўгае-доўгае дзяцінства» (1974—78) і інш. адлюстраваў жыццё башк. народа, напружаны пульс эпохі. Рэсп. прэмія Башкортастана імя Салавата Юлаева 1969. Дзярж. прэмія СССР 1972. Ленінская прэмія 1984. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі С.Гаўрусёў, І.Калеснік, В.Лукша.