ДУДЗЮ́К (Зінаіда Іосіфаўна) (н. 29.3.1950, в. Слабодка Браслаўскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. паэтэса і драматург. Скончыла Брэсцкі інжынерна-будаўнічы ін-т (1977). Працавала на будоўлі, тэхнікам, інжынерам. Друкуецца з 1967. У зб-ках вершаў «Праводзіны птушак» (1983), «Абрысы лета» (1988) роздум над праблемамі маралі, сучаснага духоўнага жыцця. Піша вершы і казкі для дзяцей. Аўтар п’есы для лялечнага тэатра «Канёк-Гарбунок» (1985, паводле казкі П.Яршова), аднаактоўкі «У абдымку вятроў» (1985), радыёп’есы «Дудка-самагудка» (паст. 1989), дзіцячай п’есы «Сінязорка» (1995), драмы «Заложнікі шчасця» (1997). На бел. мову пераклала п’есу Т.Амосавай і І.Пятровай «Славутае качаня Цім» (паст. 1990).

Тв.:

Так і не: Вершы. Мн., 1993;

Палоннікі жыцця: Аповесці, апавяданні. Мн., 1997.

Літ.:

Калеснік У. Зінаіда Дудзюк // Беларусь. 1985. № 7.

т. 6, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)