танец, які служыць для масавага развесялення і выконваецца на балях, дыскатэках, вечарынках, сямейных урачыстасцях; блізкі да бальнага танца (часта гэтыя паняцці атаясамліваюцца). Адмежаваўся ад фальклорнага сялянскага ў працэсе сац. расслаення грамадства і росту гарадоў. Развіваўся на аснове бальнага танца, найб. інтэнсіўна ў 15 ст. ў Італіі, у 16—17 ст. у Францыі. На Беларусі вядомы з 17 ст. пры дварах магнатаў і ў калегіумах, куды пранік з Зах. Еўропы. З канца 18 ст. ў гар. побыце Беларусі былі пашыраны тыя ж танцы, што і ў Расіі. У 1-й пал. 19 ст. ў гарадах, а потым і вёсках надзвычайную папулярнасць набылі кадрыля, полька, вальс. На пач. 20 ст. ў выніку інтэнсіўнага перамешвання гар. і сельскага насельніцтва на Беларусь трапілі аранжыраваныя і трансфармаваныя бальныя танцы, узоры гар. харэагр. фальклору, танцы-імправізацыі на аснове вядомых песень («Венгерка», мазурка, кракавяк, падэспань, «Сербіянка», «Сямёнаўна», «Страданні», «Каробачка» і інш.). Сучасная быт. харэаграфія вызначаецца частай зменай танц. моды, пранікненнем на Беларусь быт. танцаў з замежных краін («летка-енка», «качаняты» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РУНЬ»,
бел.самадз. харэаграфічны ансамбль. Створаны ў 1983 пры Доме культуры тэкстыльшчыкаў Магілёўскага адкрытага акц.т-ва «Магатэкс», з 1989 народны. Заснавальнік і маст. кіраўнік, пастаноўшчык танцаў — В.Папоў. Складаецца з танц. (40 удзельнікаў) і інстр. (10 чал.; існуе з 1988) груп. Мае самабытныя нар. інструменты: ліру, гудок, кмен, жалейкі і інш. У рэпертуары сцэн. варыянты танцаў, засн. на самабытных узорах фальклору розных рэгіёнаў Беларусі. Захоўвае лепшыя традыцыі бел.танц. культуры, даследуе і апрацоўвае рэгіянальны і старадаўні харэагр. і муз. фальклор. Пастаноўка танцаў ажыццяўляецца на матэрыяле даследчыкаў фальклору і сабранага ў экспедыцыях Паповым. Сярод танцаў «Варатынская кадрыля», «Падушачка», «Таўкачыкі», карагоды «Званочкі», «Ляляшы» і інш. Творчасці калектыву прысвечаны дакумент. фільм Магілёўскага тэлебачання «Танцуе «Рунь». Ансамбль — лаўрэат і дыпламант больш як 30 рэсп. і міжнар. конкурсаў і фестываляў, у т. л. ў Францыі (г. Пуацье, 1990), Вялікабрытаніі (г. Сідмут, г. Білінгем, 1991), Італіі (г. Гарыцыя, 1992, Гран-пры), Германіі (г. Марбург, 1996), Іспаніі (г. Барселона, 2000), Беларусі: 1-га Рэсп. фестывалю бел.нар. танца (г. Гродна, 1990), Рэсп. фестывалю бел.нар. танца «Пярэзвы» (г. Бабруйск, 1992), 1-га Міжнар. фестывалю харэагр. мастацтва «Сожскі карагод» (г. Гомель, 1997), 1-га фестывалю нар. мастацтва Беларусі «Беларусь — мая песня» (Мінск, 1998). Пры ансамблі працуе харэагр. студыя «Зярнятка» (кіраўнік Т.Папова).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫ ТА́НЕЦ, харэаграфічны фальклор,
адзін з найб.стараж. відаў народнай творчасці. З’яўляецца першакрыніцай сцэнічнага танца, асновай нац. харэаграфічнага стылю. Непарыўна звязаны з інш. відамі мастацтва, гал. чынам з музыкай. У пластычнай форме адлюстроўвае ўражанні ад навакольнага свету, жыццё, побыт і прац. дзейнасць народа, увасабляе яго нац. характар, спосаб вобразнага мыслення.
Узнікненне Н.т. звязана з нар. абрадамі (цэйлонскі танец агню, нарв. танец з факеламі, слав.карагоды). Паступова Н.т. адыходзіў ад абрадавых дзействаў, набываў новы змест. У залежнасці ад спосабу жыцця пэўных народаў танцы перадавалі характар і звычкі звяроў ці птушак (танец бізона ў паўн.-амер. індзейцаў, якуцкі танец мядзведзя, кіт., індыйскі — паўліна, славянскія — «Журавель», «Гусачок»), рухі і прыёмы сял. (лат. танец жняцоў, гуцульскі — дрывасекаў, эст. — шаўцоў), рамеснай і фабр. (укр. «Бондар», ням. танец шкловыдзімальшчыкаў) працы. Н.т. часта адлюстроўваюць воінскі дух, адвагу, гераізм («пірычныя» танцы стараж. грэкаў, шатл. танец з мячамі) Шмат Н.т. прысвечана тэме кахання, павагі да жанчыны (славянскія кадрыля, мазурка, груз. картулі). У кожнага народа склаліся свае танц. традыцыі, пластычная мова, асаблівая каардынацыя рухаў і прыёмы іх суадносін з музыкай. Танцы народаў Зах. Еўропы засн. на руху ног (рукі і корпус — акампанемент), Сярэдняй Азіі і Усходу — на пластыцы рук і корпуса. Аснова Н.т. — рытмічны пачатак, што падкрэсліваецца танцорам. Характар выканання ў значнай ступені залежыць ад касцюма.
Вытокі нар. харэаграфічнага мастацтва беларусаў у культуры ўсх.-слав. плямён. Харэаграфічныя элементы, цесна злітыя са спевамі, музыкай, драм. дзеяннем, займалі значнае месца ў стараж. абрадах і гульнях (абход двароў з «казой», «Жаніцьба Цярэшкі», святкаванне Купалля, вяселле і інш.), якія бытавалі да сярэдзіны 20 ст. (некат. існуюць і цяпер). Вял. значэнне ў Н.т. мелі выяўл. моманты — імітацыя прац. працэсаў, рухаў і звычак птушак, жывёл, з’яў прыроды. Найб.стараж. від мастацтва — карагод. У 14—16 ст. з карагодаў паступова выкрышталізаваліся танцы. Асн. рысы Н.т. — вылучэнне пластыкі, руху як асн. сродку выразнасці, інстр. суправаджэнне, замацаванасць і паўторнасць фігур. Бел. Н.т. («Лявоніха», «Мяцеліца», «Падушачка», «Крыжачок», «Мікіта», «Кабыла», «Каза», «Бычок», «Таўкачыкі» і інш.) разнастайныя тэматычна, кампазіцыйна, па рытме і малюнку, жыццярадасныя па настроі. Пераважаюць парна-масавыя танцы (ёсць і сольныя варыянты). Жаночы танец істотна не адрозніваецца ад мужчынскага. У 19 ст. пачаўся працэс асіміляцыі традыц. фальклору з танц. формамі полькі, кадрылі, інш. тыпамі гар. танца. На пач. 20 ст. пашырыліся новыя бальныя і быт. танцы, фальклор гар. ускраін. Стараж. пласт Н.т. абнаўляўся, сталі пераважаць танцы, сканструяваныя па стандартах. Развіваецца імправізацыйны сольна-масавы танец, калі ўдзельнік танцуе адзін або сярод усіх, свабодна імправізуючы («Казачок», «Скакуха», «Барыня» і інш.). Узнікла значная колькасць танцаў-імправізацый: «Сербіянка», «Сямёнаўна», «Страданні» і інш. Часта яны суправаджаюцца прыпеўкамі-частушкамі. Н.т. стаў асновай сцэнічных танцаў, творчых пошукаў Дзярж. ансамбля танца Рэспублікі Беларусь, танц. групы Дзярж.акад.нар. хору Беларусі, харэаграфічнага ансамбля «Харошкі», ансамбля «Белыя росы» і інш.
Літ.:
Голейзовский К. Образы русской народной хореографии. М., 1964;
Ткаченко Т.С. Народный танец. М., 1967;
Чурко Ю.М. Белорусский народный танец. Мн.. 1972;
Яе ж. Белорусский хореографический фольклор. Мн., 1990;
Гребенщиков С.М. Белорусские танцы. Мн., 1978;
Алексютович Л.К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Мн., 1978.
Ю.М.Чурко.
Да арт.Народны танцы: 1 — карагод «Страла»; 2 — «Беларуская полька»; 3 — «Каза».