вёска ў Мастоўскім р-не Гродзенскай вобл., каля р. Зальвянка, на аўтадарозе Масты—Зэльва. Цэнтр сельсавета. За 15 км на ПдУ ад горада і 17 км ад чыг. ст. Масты, 75 км ад Гродна. 585 ж., 239 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Капліца. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛЬВЯ́НКА,
рака ў Брэсцкай і Гродзенскай абл., левы прыток р. Нёман. Даўж. 170 км. Пл. вадазбору 1940 км². Пачынаецца паміж вёскамі Лідзяны і Кулявічы Свіслацкага р-на, цячэ ў Ваўкавыскім, Пружанскім, Зэльвенскім і Мастоўскім р-нах. Асн. прытокі: Шчыба, Ружанка, Іванаўка, Сасва, Самараўка, Юхнаўка.
Даліна трапецападобная, яе шыр. ад 500 м да 3—4 км у ніжнім цячэнні. Пойма забалочаная, роўная, шыр. да 2,5 км, у сярэднім і ніжнім цячэнні 400—600 м. Рэчышча моцназвілістае, яго шыр. ў межань 15—20 м. На працягу 44,2 км каналізаванае: ад вытоку да в. Краскі Ваўкавыскага р-на (16 км) і на ўчастку за 2 км на Пн ад г.п.Зэльва — 2 км на Пн ад в. Ліхінічы Мастоўскага р-на (28,2 км). Берагі пясчаныя, стромкія і абрывістыя. Замярзае ў канцы снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Жыўленне мяшанае. Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 11 м5/с. На рацэ вадасховішчы Зэльвенскае і Паперня, г.п.Зэльва, г. Масты (пры ўпадзенні Зальвянкі ў Нёман).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖЭ́РЫЧЫ,
вёска ў Тулаўскім с/с Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. За 17 км на ПдЗ ад г.п.Зэльва, 19 км ад чыг. ст.Зэльва. 266 ж., 102 двары (1999).
Вядомы з 2-й пал. 15 ст. як двор Межырэч (Міжрэчча), належаў Нацовічам (Нацам) і Іллінічам. У 16—18 ст. уласнасць Клочкаў, Дольскіх, Вішнявецкіх. У 1550 мястэчка Ваўкавыскага пав. Навагрудскага ваяв.ВКЛ. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. сяло, цэнтр воласці Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ. У 1897—334 ж., 55 двароў. З 1921 у Польшчы, у Ваўкавыскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Межырэцкага с/с Зэльвенскага р-на, з 1954 у Каралінскім, потым у Тулаўскім с/с. У 1962—66 у Ваўкавыскім, Слонімскім р-нах Гродзенскай вобл. У 1970-я г. ўдакладнена назва — М. замест Межырэчча. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі, Дом быту. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: царква св. Ганны (1905), касцёл Звеставання (1912).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗГО́ (Уладзімір Мінавіч) (н. 5.3.1959, г.п.Зэльва Гродзенскай вобл.),
бел.паэт. Скончыў БДУ (1985). Працаваў у прэсе, на Бел. тэлебачанні, з 1984 у выд-ве «Юнацтва». Друкуецца з 1972. Адчуванне гісторыі і супярэчлівай сучаснасці, каханне, тэма адзінства чалавека і прыроды, добрае веданне роднага слова, яркасць метафар, напеўнасць — асн. ў яго творчасці: зб-кі «Пад спеў крыніц» (1982), «Вершаліна» (1987), «Марафон» (1992). Аўтар зб-каў для дзяцей «Калі спрачаюцца маланкі» (1989), «Суседзі па сусвеце» (1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАДЭ́ЦКІ (Аляксандр) (21.5.1802—2.5.1869),
бел. архітэктар. У 1819—22 вучыўся ў Крамянецкім ліцэі (Украіна). У 1824 стажыраваўся ў Варшаве ў арх. П.Айгнера. У 1829—61 працаваў на Гродзеншчыне. Аўтар царквы і сядзібы ў г.п.Зэльва, жылога дома ў в. Дзярэчын Зэльвенскага р-на (1829), сядзібы ў в. Гнезна Ваўкавыскага р-на (1830-я г.), палаца і капліцы ў в. Масаляны Бераставіцкага р-на (1845—50), флігеля і капліцы ў Крэменцы (1855—61), праекта прыходскага касцёла ў Ваўкавыску (1836).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЭ́ЛЬВЕНСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры 19 ст. з элементамі. псеўдарускага стылю. Пабудавана на фундаменце драўлянай царквы 1443 у г.п.Зэльва (Гродзенская вобл.). Цагляны 1-нефавы прамавугольны ў плане асн. аб’ём з квадратнай званіцай і паўкруглай апсідай пад 2-схільным дахам. Аконныя праёмы прамавугольныя. Званіца 2-ярусная, з паўцыркульнымі вокнамі і шатровым дахам, над якім узвышаецца невял. купал на круглым барабане. У інтэр’еры над уваходам размешчаны хоры з драўлянай агароджай, упрыгожанай разным геам. арнаментам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАГА́Н (Эля Шоламавіч) (10.2.1909, Мінск — 22.6.1944),
яўрэйскі пісьменнік. У 1936—39 супрацоўнік час. «Штэрн» («Зорка», Мінск). Загінуў на фронце каля г.п.Зэльва Гродзенскай вобл. Друкаваўся з 1926. Аўтар зб. «Вершы» (1932), кніг прозы «Апавяданні і мініяцюры» (1932), «Горад без цэркваў» (1935), «Дзіцячыя апавяданні» (1936), «Вясёлая сямейка» (1937), «Розныя апавяданні» (1940). Зрабіў інсцэніроўку (з З.Аксельродам) па творах М.Мойхер-Сфорыма «Маленькі чалавечак» (паст. 1938). На яўр. мову пераклаў паасобныя творы А.Пушкіна, М.Гогаля, М.Салтыкова-Шчадрына, А.Герцэна, З.Бядулі, Э.Самуйлёнка. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі З.Бядуля, Я.Скрыган.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАСТО́ЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
наступальная аперацыя войскаў 2-га Бел. фронту (ген.-палк. Г.Ф.Захараў) 5—27 ліп.; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял.Айч. вайну. Удзельнічалі 3, 49, 50, 4-я паветраныя арміі. Задача аперацыі — без аператыўнай паўзы развіць наступленне ў напрамку на Навагрудак, Ваўкавыск, Беласток, завяршыць разгром рэшткаў 4-й і 9-й ням. армій, выйсці да граніцы з Усх. Прусіяй і Польшчай. У ходзе аперацыі адбіты спробы праціўніка вырвацца з акружэння з т.зв. мінскага «катла» ў паўд. і паўд.-зах. напрамках, вызвалены Дзяржынск, Навагрудак, Зэльва, Масты, Ваўкавыск, Гродна, Беласток, фарсіраваны Свіслач і Нёман, сав. войскі выйшлі на подступы да граніцы з Усх. Прусіяй, пачалося вызваленне паўн.-ўсх. раёнаў Польшчы. 11 часцям і злучэнням нададзены ганаровыя найменні «Ваўкавыскіх», 17 — «Гродзенскіх», 24 — «Беластоцкіх».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІБІ́НСКІ ((Skibinski) Казімеж Міхал) (6.3.1786, г. Вільня — 1.3.1858),
польскі драм. акцёр, спявак, рэжысёр. Вучыўся ў Вільні, дзе дэбютаваў 5.10.1802 у дзіцячым балеце ў ролі Солтыса («Сельскі натоўп, або Гарэзлівы пан»). Паводле сведчання сучаснікаў, С. найб. вылучаўся ў характарных ролях, па-майстэрску падкрэсліваў адмоўныя рысы персанажаў. Шмат гастраліраваў па гарадах Польшчы, Украіны, Прыбалтыкі, а таксама на Беларусі ў складзе розных тэатр. калектываў: трупа Я.Шыманскага (1803, Гродна, Зэльва, Свіслач, Слонім), антрэпрыза М.Кажынскага (1804—10, Асвея (Верхнядзвінскі р-н), Бешанковічы, Віцебск, Мінск, Полацк], антрэпрыза А.Жукоўскага (1833—34, Мінск), таксама Гродна (1827, 1828, 1830). З 1816 рэжысёр трупы віленскіх акцёраў, з якой наведаў Гродна і Свіслач, Мінск (сезон 1817—18). Перыядычна выступаў у Віленскім тэатры. З 1845 жыў і працаваў на Валыні і Падоллі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКО́НІЦА,
вёска ў Галынкаўскім с/с Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. За 15 км на ПнУ ад Зэльвы, 145 км ад Гродна, 17 км ад чыг. ст.Зэльва. 121 ж., 54 двары (1999). Сельскі клуб. Помнік архітэктуры — Міхайлаўскі касцёл (1782).
Вядома з 2-й пал. 15 ст. як сяло і прыселак у маёнтку Дзярэчын. Уласнасць Копачаў (Капачэвічаў), у 16 ст. — Нарбутаў (Нарбутовічаў). У 1505 надворны харунжы Войцех Нарбутовіч з жонкай Ганнай заснавалі тут касцёл Міхаіла Архангела (не захаваўся). У крыніцах 17 ст. Л. наз. мястэчкам (1610), потым — сялом (1630, 1663). Належала Гарабурдам, Палубенскім, Пініцкім, Цехановічам. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. вёска Слонімскага пав. Гродзенскай губ. У 1897—200 ж., 29 двароў, царква, крама. З 1921 у Польшчы, у Слонімскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 у Галынкаўскім с/с Зэльвенскага р-на. У 1962—66 у Слонімскім р-не.