ЛІСЯ́НСКІ (Марк Самойлавіч) (14.1.1913, г. Адэса, Украіна — 30.8.1993),
расійскі паэт. Скончыў Маскоўскі ін-т журналістыкі (1934). Друкаваўся з 1924. Першы зб. вершаў — «Бераг» (1940). Вершы ваен. гадоў увайшлі ў зб-кі «Мая зямля» (1942), «Ад імя Чорнага мора» (1947) і інш. У паэт. зб-ках «Залатая мая Масква» (1951), «За вясной — вясна» (1959), «Такі час» (1968), «За гарамі, за лясамі» (1976), «Дзякуй» (1981), «Пажаданне на дарогу» (1987), «Пераадоленне» (1988), «Адна мелодыя» (1992), паэмах «Дума пра маці» (1947), «Пеця Клыпа» (1967), «Добры шлях» (1972) і інш. лірычныя перажыванні, роздум пра мінулае і будучыню радзімы, сувязь чалавека і прыроды, тэма кахання. Аўтар тэкстаў папулярных песень («Мая Масква», «Асенняя лістота», «Зоры Маскоўскія» і інш.). На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў У.Шахавец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАНДО́ (франц. rondeau ад rond круг),
старафранцузскі верш з 8, 13 або 15 радкоў, звязаных дзвюма скразнымі рыфмамі. У адрозненне ад рандэля ў Р. словы (часам радкі), якімі ён пачынаецца, паўтараюцца ў сярэдзіне твора і заканчваюць яго, ствараючы арыгінальнае архітэктанічнае кальцо. Прыкладам 15-радковага Р. можа служыць верш «Рандо» М.Багдановіча:
Узор прыгожы пекных зор
Гарыць у цемні небасхіла;
Вада балот, стаўкоў, азёр
Яго ў глыбі сваёй адбіла.
І гімн спявае жабаў хор
Красе, каторую з’явіла
Гразь луж; напоўніць мгла прастор,
І ўстане з іх гарашчы міла Узор.
І сонца дальш клянуць, што скрыла
Луж зоры днём. І чуе бор,
І чуе поле крэхат хілы,
Ды жаб не ўчуць вышэй ад гор,
Там, дзе чыясь рука зрабіла Узор.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТО́ЦКІ (Станіслаў Іосіфавіч) (21.4.1922, г. Рыбінск Яраслаўскай вобл., Расія — 10.8.2001),
расійскі кінарэжысёр. Нар.арт.СССР (1974). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1952). Першы фільм — «Зямля і людзі» (1956). Мастацтву Р. ўласцівы лірызм, імкненне да спасціжэння ўнутр. свету герояў праз побытавыя калізіі: «Справа была ў Пянькове» (паводле С.Антонава, 1958), «Дажывём да панядзелка» (1968, Дзярж. прэмія СССР 1970), «Белы Бім Чорнае вуха» (паводле Г.Траяпольскага, 1977, Ленінская прэмія 1980), «Эскадрон гусар лятучых» (1980), «З жыцця Фёдара Кузькіна» (2 серыі, 1989). Значнае месца ў творчасці займала тэма Вял.Айч. вайны: «Майскія зоркі» (паводле навел Л.Ашкеназі, 1959; сумесна з Чэхаславакіяй), «На сямі вятрах» (1962), «Азоры тут ціхія...» (паводле Б.Васільева, 1972, Дзярж. прэмія СССР 1975).
Літ.:
Зоркий А. С.Ростоцкий: Портрет режиссера. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРЭ́ЙКА (Анатоль) (Акім Пятровіч; 24.7.1911, в. Пясочнае Капыльскага р-на Мінскай вобласці — 23.8.1978),
бел.паэт. Скончыў курсы пры Мінскім пед. тэхнікуме (1930), вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1932—34). Працаваў у прэсе. Друкаваўся з 1928. Першы зб. «Слава жыццю» (1940). У 1942 і 1943 па заданні БШПР быў у варожым тыле. У 1943 у друкарні падп. слуцкай газ. «Народны мсцівец» надрукаваны яго зб. вершаў «Слуцкі пояс» (перавыд. 1964). Аўтар зб-каў вершаў «Крамлёўскія зоры» (1945), «Зямля мая» (1952), «Песня дружбы» (1956), «Сэрца насцеж» (1965), «Цвіціце, верасы» (1975), «Ураджай цяпла» (1978) і інш. Яго творам уласцівыя задушэўнасць, спавядальная адкрытасць, сувязь з фальклорам. На словы Астрэйкі напісаны песні «Ой бацька мой, Нёман», «Песня пра Заслонава», «Шоўкавыя травы» і інш. Аўтар твораў для дзяцей («Прыгоды дзеда Міхеда», 1956, дап. выд. 1959). Перакладаў на бел. мову вершы А.Пушкіна, У.Маякоўскага, А.Пракоф’ева, А.Твардоўскага, М.Рыльскага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАЛІ́ЛЬ (Джалілаў) Муса Мустафіевіч
(15.2.1906, в. Мустафіна Арэнбургскай вобл., Расія — 25.8.1944),
татарскі паэт.Герой Сав. Саюза (1956). Скончыў Маск. ун-т (1931). Друкаваўся з 1919. Аўтар зб-каў паэзіі «Мы ідзём» (1925), «Ліст з акопа» (на рус. мове 1944), паэмы «Пісьманосец» (1938, выд. 1940), шматлікіх вершаў, лібрэта опер («Залатавалосая», 1941, Дзярж. прэмія СССР 1948; «Ільдар», 1941), літ.-крытычных і публіцыстычных артыкулаў. З 1941 на фронце. Цяжка паранены, у 1942 трапіў у палон. Вершамі працягваў падпольнае змаганне ў турме, за што быў пакараны смерцю. Блакнот з вершамі, напісанымі ў турме (больш за 100), быў перададзены з канцлагера на волю і склаў т.зв. «Маабіцкі сшытак» (1942—44, Ленінская прэмія 1957). Вершы гэтага цыкла прасякнуты верай у непераможнасць народа ў змаганні з фашызмам. На бел. мову творы Дж. пераклалі Э.Агняцвет, М.Аўрамчык, М.Гамолка, С.Гаўрусёў, Л.Дайнека, А.Пысін, Я.Семяжон і інш.
Тв.:
Бел.пер. — Маабіцкі сшытак: Вершы. Мн., 1975;
Я гляджу на зоры. Мн., 1985.
Літ.:
Воздвиженский В.Г. «Моабитские тетради» Мусы Джалиля. М., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫХО́ДЗЬКА (Пятро) (Пётр Фёдаравіч; н. 25.2.1920, в. Альшоў Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. паэт і перакладчык. Скончыў Магілёўскую газетную парт. школу (1938), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1956). З 1954 працаваў у час. «Беларусь», газ. «Звязда», «Літаратура і мастацтва», на Мінскай студыі навук.-папулярных і хранікальна-дакумент. фільмаў; з 1967 у выд-ве «Беларусь», у 1972—80 — «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1936. Аўтар зб-каў вершаў і паэм «Голас сэрца» (1947), «Салдаты міру» (1951), «Ранак над Эльбай» (1952), «Цёплы каравай» (1960), «Вішнёвы агонь» (1963), «Сонца раней узышло» (1967), «Калінавыя зоры» (1969), «Не здадзеныя вышыні» (1972), «На пераправе» (1974), «Плацдарм» (1978), «Вячэрняя паверка» (1982), «Парог памяці» (1984), «Апаленыя вёрсты» (1986), «Водгулле грому» (1989), у якіх тэмы вайны і асабіста перажытага на ёй, праблемы сучаснасці. Паэзіі П. ўласцівы публіцыст. страснасць, шчырасць пачуццяў, даверлівасць выказвання. Піша для дзяцей: зб-кі «Сустрэча з маленствам» (1967), «Сын камунара» (1973), «Каляка-маляка» (1981).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЮ́ГА (Лукаш) (сапр.Вашына Канстанцін Пятровіч; 17.9.1909, в. Скварцы Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 22.10.1937),
бел. пісьменнік. Скончыў Бел.пед. тэхнікум (1931). Працаваў у НДІ прам-сці ВСНГБССР, на Бел. радыё. У студз. 1933 арыштаваны, высланы ў г. Ірбіт Свярдлоўскай вобл. Паўторна арыштаваны 2.10.1937. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1927. Выступіў бытапісальнікам бел. вёскі ў пераломны гіст. перыяд, калі мянялася яе сац. аблічча, лад жыцця. У аповесці «Ні госць ні гаспадар» (1928) трывога за чалавека, які перастаў адчуваць сябе гаспадаром на роднай зямлі. У аповесці «Нядоля Заблоцкіх» (1931) увасоблены маст. прыём т.зв. міфалагічнага рэалізму, у аснове якога спалучэнне перажыткаў стараж. светаўспрымання і веры беларусаў з рэальным жыццём. Матывамі тугі па родным краі, болем за скалечанае жыццё чалавека прасякнуты 2-я ч. аповесці «Шушамяць» (дайшлі фрагменты), няскончаныя творы: раман «Пустадомкі» (апубл. 1990), аповесці «Дзе косці мелюць», «Зоры Вам Вядомага горада», «Утрапенне» (апубл. 1989), напісаныя ў выгнанні. На бел. мову пераклаў асобныя творы П.Панча, Ю.Алешы, Я.Гашака.
Тв.:
Ні госць ні гаспадар. Мн., 1974;
Творы. Мн., 1992.
Літ.:
Драздова З.У. Творчасць А.Мрыя і А.Калюгі: Стылявыя асаблівасці. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСЭ́НКА (Тарэнь) (Цярэнцій Германавіч; 10.11.1903, с. Гладосы Кіраваградскай вобл., Украіна — 6.8.1970),
украінскі паэт. Скончыў Камуніст.ун-т імя Арцёма ў Харкаве (1930). Друкаваўся з 1926. У кнігах вершаў, балад і паэм «Стэпавая медзь» (1927), «Айчына» (1937), «У стане воінаў» (1944), «Сярэбраная дарога» (1946), «Кіеўскія каштаны» (1954), «Барвовыя вяргіні» (1969), рамане ў вершах «Стэп» (кн. 1—2, 1938—68) і інш. паэтызацыя мірнага і ваен. подзвігу народа, багацце духоўнага свету суайчынніка. На словы М. напісаны шматлікія песні, рамансы, хары. Быў знаёмы з Я.Купалам і інш.бел. пісьменнікамі. Адзін з першых перакладчыкаў твораў Я.Купалы на ўкр. мову: паэмы «Адвечная песня», «Бандароўна», «Над ракою Арэсай», камедыя «Паўлінка» (разам з П.Тычынам), шматлікія вершы. Пераклаў асобныя творы А.Александровіча, М.Багдановіча, У.Дубоўкі, А.Дудара, Я.Коласа, П.Панчанкі, М.Танка, П.Труса. На бел. мову творы М. пераклалі С.Грахоўскі, С.Дзяргай, Х.Жычка, А.Зарыцкі, А.Звонак, М.Калачынскі, І.Калеснік, К.Кірэенка, Р.Няхай, Панчанка, П.Прыходзька.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКІ́ЦІН (Леанід Аляксандравіч) (14.5.1896, г. Разань, Расія — 20.10.1942),
расійскі мастак тэатра, жывапісец. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це, у прыватных студыях у Э.Ліснера, А.Ленскага, скульптара А.Бяссмертнага. Скончыў Вышэйшыя маст.-тэхн. майстэрні (1922). З 1920 працаваў у тэатр. сектары Пралеткульта, дзе з С.Эйзенштэйнам аформіў спектаклі «Мексіканец» паводле Дж.Лондана, «Лена» В.Плятнёва, «Зоры Пралеткульта» В.Ігнатава. У 1924—26 кіраўнік курса гісторыі мастацтваў ў Бел. драм студыі ў Маскве. Аформіў спектаклі студыі «Цар Максімілян» у апрацоўцы А.Рэмізава і М.Міцкевіча (1924), «Сон у летнюю ноч» У.Шэкспіра, «Апраметная» В.Шашалевіча, «Гавань» Гі дэ Мапасана, «Пільны вартавы» М.Сервантэса, «Цырульнік з Берыягу» М.Мэля, «Чорт і баба» Ф.Аляхновіча (усе 1925), «Эрас і Псіхея» Ю.Жулаўскага, «У мінулы час» І.Бэна (абодва 1926); у БДТ-2 — «Эрас і Псіхея» Жулаўскага (1926), «Дуброўскі» паводле А.Пушкіна, «Банкір» А.Карнейчука (абодва 1937). Аўтар афармлення «Вечара бел. танца і песні» (пастаноўка А.Лашчыліна, 1925) у Вял. т-ры. Пісаў партрэты (Бяссмертнага, жонкі, сына), пейзажы («Стары Віцебск», «Дняпро каля Канева» і інш.). Працаваў у кніжнай і прамысл. графіцы.
Літ.:
Никитина В.Р. Дом окнами на закат: Воспоминания. М.,1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЧЫ́ЛА (Алесь) (Аляксандр Мікалаевіч; 2.3.1918, в. Лешніца Пухавіцкага р-на Мінскай вобласці — 4.1.1983),
бел. паэт, драматург.Засл. дз. культуры Беларусі (1967). Скончыў Мінскі настаўніцкі ін-т (1939). Працаваў настаўнікам (1934—39), у газ. «Літаратура і мастацтва» (1946—57) і час. «Полымя» (1957—72), выд-ве «Мастацкая літаратура» (1972—78). Друкаваўся з 1934. Аўтар зб-каў вершаў «Шляхі» (1947), «Зоры вясеннія» (1954), «Юнацтва» (1959), «Дарыце цюльпаны» (1966), «Тры багіні» (1973), «Белы бярэзнік» (1976), «Гараць лісты кляновыя» (1981) і інш., паэмы «Асенняя аповесць» (1965), «Паэмы тугі» (апубл. 1987) пра балючы працэс калектывізацыі, раскулачвання, адвучвання селяніна быць гаспадаром на зямлі. Сюжэтнасць верша, напеўнасць радка далі магчымасць многія яго вершы пакласці на музыку («Радзіма мая дарагая», муз. У.Алоўнікава, і інш.). Аўтар лібрэта опер «Яснае світанне» (1958, муз. А.Туранкова), «Калючая ружа» (1960), «Калі ападае лісце» (1968), «Зорка Венера» (1970) і аперэты «Паўлінка» (1973, усе на муз. Ю.Семянякі). Аўтар кн. пра М.Багдановіча «Дарогамі Максіма» (1971; 2-е выд., 1983). Пісаў сатыр. (зб. «Кавалер Мікіта», 1967) і творы для дзяцей (зб. «Мне купілі самакат», 1981). На бел. мову пераклаў «Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна» А.Талстога, «Тараса Бульбу» М.Гогаля (з М.Паслядовічам), «Брэсцкую крэпасць» С.Смірнова (з. А.Бажко) і інш.