ПАРЭНХІ́МА (ад грэч. parenchyma напаўненне) у жывёл, 1) спецыялізаваная тканка якога-небудзь органа (напр., залоз, печані, селязёнкі), якая выконвае асн. функцыю гэтага органа. Проціпастаўляецца апорнаму каркасу, які мае ў сабе злучальную тканку; 2) Філагенет. папярэднік сапр. тканкі або злучальная тканка, што фарміруецца з мезадэрмы і запаўняе поласці паміж органамі ў некат. жывёл (напр., плоскія чэрві, п’яўкі). У раслін — асн. тканка, якая мае ў сабе жывыя клеткі амаль аднолькавага памеру і працягласці ў трох вымярэннях (танкасценны многавугольнік). У П. ўтвараюцца спецыялізаваныя (напр., праводныя, мех.) тканкі, ажыццяўляецца асіміляцыя, выдзяленне, назапашванне і інш. Адрозніваюць П., што назапашвае, што паглынае, асіміляцыйную (хларэнхіму), паветраносную (аэрэнхіму). Тканкі П. часам вяртаюцца да мерыстэматычнага стану (здольнасці да дзялення) пры гаенні ран, рэгенерацыі тканак і органаў, утварэнні прыдаткавых каранёў і парасткаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОЦІВАГА́З,
прыстасаванне для індывідуальнай аховы органаў дыхання і твару чалавека ад уздзеяння атрутных, радыеактыўных рэчываў, бактэрыяльных сродкаў і інш. Сухі фільтравальны П. распрацаваны рас. хімікам М.Дз.Зялінскім (1915). П. бываюць фільтравальныя і ізалявальныя. Фільтравальны ачышчае заражанае паветра праз аэразольны фільтр і шыхту процівагазавай каробкі. Выкарыстоўваецца, калі ў паветры дастаткова кіслароду. Маса каля 2 кг. Ізаляваныя П. бываюць на хімічна звязаным кіслародзе і са сціснутым кіслародам (паветрам). Выкарыстоўваюцца, калі ў паветры ёсць дамешкі, якія не здольны затрымліваць фільтравальны П., калі не хапае кіслароду, а таксама пад вадой. Маса 4—16 кг. У некат. галінах прам-сці і сельскай гаспадарцы карыстаюцца П. і рэспіратарамі. Спец. П. існуюць для жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́МЯ,
малочныя залозы млекакормячых жывёл. У жвачных і кабыл размяшчаецца ў пахвіннай вобласці, паміж сцёгнамі; у свіней — сіметрычна справа і злева ад «белай» лініі жывата. У самцоў рудыментарныя малочныя залозы ёсць спераду машонкі. Адрозніваюць множнае вымя з 4—8 доляў (напр., у сабакі, свінні). Вымя з 1 пары доляў (у авечкі, казы) або з 2 пар доляў, якія зліліся ў адзінае цэлае (у каровы, кабылы і інш.).
Малако ўтрымліваецца ў вымі дзякуючы капілярнасці, а таксама наяўнасці кругавых запіральных мышцаў (сфінктэраў) у сасках. Лактацыя мае сезонны характар. Рост і развіццё вымя цесна звязаны з дзейнасцю яечнікаў. Пад уплывам іх гармонаў вымя цельнай каровы расце ў 2-й пал. сухастойнага перыяду (за месяц да ацёлу). Росту вымя спрыяе масаж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНАРЭ́Я (ад грэч. gonos семя + rheō цяку),
венерычная хвароба, якая выклікаецца ганакокам Нейсера і выбіральна пашкоджвае слізістыя абалонкі мочапалавой сістэмы. Перадаецца палавым і рэдка быт. шляхам. Інкубацыйны перыяд ад моманту заражэння 1—21, найчасцей 3—5 сут. Імунітэт не выпрацоўваецца.
Запаленчы працэс пры ганарэі ўзнікае ў месцах пранікнення ў эпітэліяльныя абалонкі ганакока, суправаджаецца ацёкамі, гіперэміяй, болем, выдзяленнем серознага і гнойнага эксудату, эрозіяй. На месцы эрозій утвараюцца злучальная тканка, спайкі, рубцовыя звужэнні праток і прасветаў мочапалавых органаў, што можа абумовіць іх непраходнасць, парушэнні мочавыдзялення, узнікненне пазаматачнай цяжарнасці, змены менструальнай і дзетароднай функцый ці развіццё бясплоддзя. Эндатаксін, які выдзяляецца пры разбурэнні ганакокаў, можа пашкоджваць суставы, нерв. сістэму, клапаны і абалонкі сэрца. Клінічна адрозніваюць ганарэю свежую (вострую, падвострую, тарпідную) і хранічную (працягласць хваробы больш за 2 месяцы). У мужчын пераважае вострая ганарэя з выразнымі сімптомамі, у жанчын — тарпідная (схаваная) з пераходам у хранічную форму. Лячэнне медыкаментознае і фізіятэрапеўтычнае. З канца 1980-х г. адзначаецца павелічэнне колькасці захворванняў на ганарэю ў краінах СНД і на Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУ́БЫ,
косцепадобныя органы большасці пазваночных жывёл і чалавека ў ротавай поласці на альвеалярных адростках верхняй і ніжняй сківіцы (у некат. рыб у глотцы). Асн. функцыі: захопліванне, трыманне і перажоўванне яды; у некат. жывёл служаць аховай ад ворагаў, у чалавека прымаюць удзел у голасаўтварэнні.
З. ўтвараюцца з эпітэліяльнай і злучальнай тканак. Складаюцца з відазмененай косці (эмалі, дэнціну, цэменту). Маюць каронку (выступае над сківіцай, укрыта эмаллю), корань (размешчаны ў сківіцы, укрыты цэментам), шыйку (злучальная тканка). Унутры З. ёсць поласць, запоўненая зубной мякаццю (пульпай), у якой праходзяць крывяносныя сасуды і нервы; крывёй забяспечваюцца верхне- і ніжнесківічнымі артэрыямі, інервуюцца трайнічным нервам. У залежнасці ад формы каронкі і прызначэння адрозніваюць разцы, іклы, карэнныя З., ад колькасці каранёў — 1-, 2-, 3-карэнныя. Колькасць З. у драпежных жывёл да 44, у некат. сумчатых — да 58, у дэльфінаў — 240. У млекакормячых і чалавека 2 змены З.: малочныя (20, прарэзваюцца з 6 да 30 месяцаў) і сталыя (32, з 6 да 16 гадоў), З. мудрасці — да 30 гадоў. Найб. распаўсюджаныя пашкоджанні З.: зубны камень, карыес зубоў, пульпіт, перыядантыт і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАДРО́М (ад аэра... + грэч. dromos месца для бегу, бег),
тэрыторыя з паветранай прасторай, комплексам збудаванняў і абсталявання, якія прызначаны для ўзлёту, пасадкі, размяшчэння і абслугоўвання самалётаў, верталётаў і планёраў. Асн. элементы аэрадрома: лётная зона, лётнае поле, лётная паласа, канцавыя і бакавыя палосы бяспекі, паветр. падыходы, рулёжныя дарожкі, навігацыйнае абсталяванне (радыёмаякі, радыёлакацыйныя станцыі і інш.), святлосігнальныя сістэмы і інш.
Бываюць аэрадромы грамадзянскія, ваенныя і сумеснага базіравання, трасавыя — для эксплуатацыі самалётаў і верталётаў, якія перавозяць па авіялініях пасажыраў, грузы, пошту (да іх належаць усе аэрадромы аэрапортаў) і спец. прызначэння (напр., с.-г., лясной і санітарнай авіяцыі), заводскія, вучэбныя, клубна-спартыўныя. Адрозніваюць аэрадромы з адной або некалькімі ўзлётна-пасадачнымі палосамі (УПП) са штучным пакрыццём і аэрадромы з грунтавымі УПП. У залежнасці ад памераў УПП і трываласці штучных пакрыццяў грамадзянскія аэрадромы падзяляюцца на класы. Ваен. аэрадромы паводле прызначэння бываюць вайсковыя (флоцкія), вучэбныя і спецыяльныя (для выпрабавання лятальных апаратаў і інш. мэтаў); паводле характару выкарыстання — асноўныя, запасныя, несапраўдныя (для падману праціўніка) і аэрадромы манеўру. Паводле геагр. (прыродных) умоў адрозніваюць аэрадромы палярныя, пустынныя (тундравыя), горныя, водныя (гідрааэрадромы), лядовыя; па ступені абсталявання — пастаянныя і палявыя (часовыя). У залежнасці ад даўжыні і шырыні УПП і трываласці пакрыцця, абсталявання сродкамі тэхн. забеспячэння палётаў ваен. аэрадромы падзяляюцца на пазакласныя, 1, 2, 3, 4-га класаў і пасадачныя пляцоўкі. Пры вял. грамадзянскіх аэрадромах узводзяцца аэрапарты.
Да арт.Аэрадром. Схематычны план грамадзянскага аэрадрома: 1 — канцавыя палосы бяспекі; 2 — узлётна-пасадачная паласа са штучным пакрыццём; 3 — грунтавая ўзлётна-пасадачная паласа; 4 — бакавыя палосы бяспекі; 5 — рулёжная дарожка; 6 — пляцоўка для запуску рухавікоў; 7 — перон; 8 — месца стаянкі самалётаў; 9 — пляцоўка для ліквідацыі дэвіяцыі.Да арт.Аэрадром. Схематычны план пастаяннага ваеннага аэрадрома з адной лётнай паласой: 1 — узлётна-пасадачная паласа са штучным пакрыццём; 2 — грунтавыя ўзлётна-пасадачныя палосы; 3, 4 — канцавыя і бакавыя палосы бяспекі; 5 — палосы паветраных падыходаў; 6, 7, 8 — магістральная, злучальная, дапаможная рулёжныя дарожкі; 9, 10 — групавое, індывідуальныя месцы стаянкі; 11, 12 — спецыяльныя пляцоўкі; 13 — службова-тэхнічныя будынкі; 14 — казармы; 15 — пад’язныя і ўнутрыаэрадромныя дарогі; 16 — чыгунка.