МІКРАСПО́РА (ад мікра... + грэч. spora, семя, пасеў),

дробная спора разнаспоравых папарацепадобных, дзеразападобных і насенных раслін. Утвараецца ў мікраспарангіях шляхам меёза, мае гаплоідны набор храмасом. У папарацей і дзеразы з М. прарастае моцна рэдукаваны мужчынскі гаметафіт (зарастак) з палавымі органамі — антэрыдыямі. У насенных раслін М. адпавядае пылковае зерне.

т. 10, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗБА́РАВІЧЫ,

гарадзішча 1—4 ст. штрыхаванай керамікі культуры каля в. Збаравічы Мінскага р-на. Авальная пляцоўка была ўмацавана драўлянай сцяной і валам. Выяўлены рэшткі 2 шматкамерных жытлаў слупавой канструкцыі, агнішчы, гасп. пабудова, больш за 20 ям-паграбоў. Знойдзены абвугленае зерне пшаніцы, фрагменты керамікі, бронзавыя ўпрыгожанні, жал. сярпы і шылы і інш.

т. 7, с. 27

т. 7, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЦЭНТРА́Т [новалац. concentratus засяроджаны, сканцэнтраваны ад лац. con (cum) разам + centrum цэнтр],

1) спецыяльна апрацаваны сухі прадукт, зручны для захоўвання і хуткага прыгатавання ежы.

2) Корм высокай пажыўнасці для жывёлы (напр., зерне, макуха, вотруб’е). Гл. таксама Канцэнтраваныя кармы.

3) Прадукт абагачэння карыснага выкапня, у якім канцэнтрацыя каштоўнага мінералу вышэйшая, чым у зыходнай сыравіне.

т. 8, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЭЙТУ́Н,

рэшткі стараж. паселішча земляробаў і жывёлаводаў у Сярэдняй Азіі (5-е тыс. да н.э.), за 30 км на Пн ад Ашгабата (Туркменістан). Паселішча складалася з невял. глінабітных аднапакаёвых домікаў. Знойдзена зерне пшаніцы і ячменю, косці дзікіх і свойскіх жывёл, прылады працы з крэменю і косці, гліняны посуд, размаляваны простым геам. узорам, каменныя і гліняныя фігуркі жывёл.

т. 6, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕРНЯЦЁРКА,

старажытнае прыстасаванне для расцірання зерня на муку або атрымання круп. Складалася з масіўнага ніжняга плоскага каменя-валуна, на рабочай паверхні якога рабілася паглыбленне, куды насыпалі зерне для апрацоўкі, і меншага верхняга каменя-цёрачніка. На тэр. Беларусі З. з’явілася ў эпоху неаліту. Найб. пашырэнне мелі ў жал. веку (7—6 ст. да н.э. — 8 ст. н.э.).

т. 7, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́МАН (Пётр Аляксандравіч) (н. 11.7.1949, в. Маласельцы Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. пісьменнік, акцёр. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1971). Працуе ў Бел. т-ры імя Я. Коласа ў Віцебску. Друкуецца з 1970. У зб-ках паэзіі «Зерне імгненняў» (1983), «Стары млын» (1988), кнізе аповесцей «Астравы» (1989) — прыгажосць роднай зямлі, трывогі і клопаты сучасніка.

т. 9, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРО́Х (Pisum),

род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. бабовых. Вядома 6 відаў, пашыраных у Еўразіі і Афрыцы. Радзіма — Міжземнамор’е. Культывуюць пераважна гарох пасяўны (P. sativum), каштоўны харч. прадукт, корм для жывёлы і зялёнае ўгнаенне. Вырошчваюць як кармавую расліну таксама гарох палявы, або пялюшку. Пашыраны ў Расіі, на Украіне, Беларусі, у Кітаі, Індыі, ЗША.

Гарох пасяўны — аднагадовая расліна, з лазячым сцяблом выш. 0,2—2 м. Лісце парнаперыстае. Кветкі ад белага да пурпурова-фіялетавага колеру, у гронках. Плод — струк. Зерне круглае, белае, жоўтае або зялёнае, мае 22—27% бялку, каля 50% крухмалу, тлушч, карацін, вітаміны B1, B2, С. Холадаўстойлівая (усходы пераносяць замаразкі да -6 °C), вільгацялюбная, азотфіксавальная расліна Вырошчваецца на дзярнова-падзолістых сугліністых і супясчаных глебах з блізкай да нейтральнай і нейтральнай рэакцыяй. Раянаваныя сарты: на зерне — Уладаўскі 6, Працаўнік, Асілак чэшскі, Белус, Агат і інш.; агароднінныя — Варонежскі зялёны, Выдатны 240, Арагумскі, Савінтэр 1, Паўднёвы 47, Альфа, Віёла, Агароднінны 76.

Літ.:

Генетика и селекция гороха. Новосибирск, 1975;

Зернобобовые культуры в интенсивном земледелии. Мн., 1989.

М.​С.​Купцоў.

Гарох.

т. 5, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІГРАСКАПІ́ЧНАСЦЬ (ад гігра... + грэч. skopeō назіраю),

здольнасць некаторых рэчываў і матэрыялаў паглынаць вільгаць з паветра. Уласцівая матэрыялам капілярна-сітаватай структуры (драўніна, зерне і інш.), у тонкіх капілярах якіх адбываецца кандэнсацыя вільгаці, а таксама рэчывам, якія добра раствараюцца ў вадзе (харч. соль, цукар, канцэнтраваная серная к-та), і асабліва хім. злучэнням, здольным утвараць крышталегідраты. Некаторыя гіграскапічныя рэчывы (напр., бязводны хларыд кальцыю) выкарыстоўваюць як асушальнікі паветра.

т. 5, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕСАКО́Ў (Алесь) (Аляксандр Аляксандравіч; 18.12.1911, в. Новікава Галіцкага р-на Кастрамской вобл., Расія — 13.6.1985),

бел. крытык і тэатразнавец. Вучыўся ў Ін-це тэатр. мастацтва імя Луначарскага (1932—35, Масква). Працаваў у ТРАМе, газ. «Літаратура і мастацтва» і інш. У 1960—74 у Літ. музеі Я.​Купалы. Аўтар кніг «Уладзімір Крыловіч» (1956), «Янка Купала і беларускі тэатр» (1972), «Зерне да зерня: Абразкі з жыцця Янкі Купалы» (1977).

т. 6, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛБА,

група тэтраплоідных відаў пшаніцы з ломкім коласам і плевачным зернем. Пры выспяванні колас распадаецца на каласкі з членікамі каласавога стрыжня. Зерне пры малацьбе не вымалочваецца з плевак. Дзікарослая П. пашырана ў Еўразіі, Афрыцы; культурную П. (эмер) вырошчваюць на невял. плошчах у Закаўказзі і Пярэдняй Азіі. Адрозніваецца непатрабавальнасцю, скараспеласцю, устойлівасцю да грыбковых хвароб. З зерня атрымліваюць крупы і муку. П. — каштоўны зыходны матэрыял для селекцыі.

т. 12, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)