ГРЫН (Аляксандр Сцяпанавіч) (сапр. Грынеўскі; 23.8.1880, г. Слабадскі Кіраўскай вобл., Расія — 8.7.1932),

рускі пісьменнік. Сын ссыльнага ўдзельніка паўстання 1863—64. Шмат вандраваў па Расіі; неаднойчы арыштоўваўся, быў у ссылцы. Першае апавяданне «Заслуга радавога Панцялеева» (1906) было канфіскавана і знішчана. Напісаў больш за 350 апавяданняў, аповесцей, вершаў, паэм, сатыр. мініяцюр. Апублікаваў зб. «Славутая кніга» і «Здарэнне на вуліцы Пса» (1915), «Шукальнік прыгод» і «Трагедыя пласкагор’я Суан» (1916). Грын стварыў свой непаўторны свет, авеяны рамантыкай прыгод, і засяліў яго мужнымі, высакароднымі і свабоднымі людзьмі. У яго творах арганічна пераплецены рэальнасць і невычэрпная фантазія, якая адлюстравала вечную мару пра чалавечае шчасце. Да найб. папулярных належаць аповесць «Пунсовыя ветразі» (1923, экранізавана ў 1961), раманы «Бліскучы свет» (1924, экранізаваны ў 1984), «Залаты ланцуг» (1925), «Бягучая па хвалях» (1928, экранізаваны ў 1967), «Дарога нікуды» (1930) і інш. Яго творчасць доўгі час замоўчвалася і набыла прызнанне ў 1960-я г.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—6. М., 1980;

Собр. соч. [Кн. 1—5]. СПб., 1993—94.

Літ.:

Михайлова Л. Александр Грин: Жизнь, личность, творчество. 2 изд. М., 1980.

т. 5, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУМАРЭ́СКА (ням. Humoreske ад Humor гумар),

1) у літаратуры — невялікі вершаваны або празаічны твор жартаўлівага зместу. У яго сюжэтнай аснове звычайна смешная прыгода, камічнае быт. здарэнне, а аб’ект асмяяння — жыццёвая з’ява або загана ў чал. характары, якія не маюць адзнак сац. шкоднасці ці небяспечнасці. Эмацыянальна-стылявым ладам набліжаецца да анекдота, фабліо, фацэцыі.

2) У музыцы — музычны твор гумарыстычнага (жартаўлівага) характару, блізкі да скерца.

Першую гумарэску стварыў Р.Шуман (для фп., 1839); складаецца з шэрагу лірычных і скерцозных эпізодаў, спалучае летуценнасць з жартам. Пазней паявіліся гумарэскі рознага вобразнага вырашэння: жанрава-быт., скерцознатанц., лірычнага, гратэскавага (блізкага да бурлескі і капрычыо), салоннага характару. Вядомы гумарэскі для аркестра (Э.Гумпердынк), для 4-галосага мужч. хору а capella (Клёве).

У бел. музыцы значнае пашырэнне жанру гумарэскі звязана, верагодна, з вял. развіццём жартоўных песень і прыпевак да танцаў у нац. фальклоры. У прафес. музыцы вядомы гумарэскі для розных інструментаў, для аркестра, у фіналах сюітных цыклаў Л.Абеліёвіча, М.Аладава, У.Алоўнікава, Г.Вагнера, В.Войціка, Я.Глебава, Я.Дзягцярыка, С.Картэса, П.Падкавырава, Р.Суруса, А.Туранкова, У.Чараднічэнкі, Л.Шлег і інш.

Р.М.Аладава (музыка).

т. 5, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ЙЦАЎ (Мар’ян Міхайлавіч) (літ. псеўд. Мар’ян Віж; 23.2.1949, Мінск),

бел. пісьменнік, гісторык. Скончыў БДУ (1971). Працаваў у Бел. т-ве аховы помнікаў гісторыі і культуры (1974—76), у БелСЭ (1976—79), у навук. і культ.-асв. установах Мінска, у штотыднёвіку «Наша слова» (1993—95), з 1995 у Ін-це сучасных ведаў. Друкуецца з 1974. У гіст. аповесці «Лабірынт» (1991), заснаванай на архіўных дакументах, паказаны падзеі на Беларусі ў час паўстання 1863—64. У аповесці «Гарадскія кветкі» (1995) спроба расказаць пра лёс адзінокага чалавека ў вял. горадзе (падзеі ў Мінску на мяжы 1970—80-х г.) У апавяданнях і навелах паглыбленая ўвага да набалелых праблем сучаснасці, іх повязей з айч. мінуўшчынай. Аўтар кн. гіст.-публіцыстычных нарысаў «Чары даўніны» (1989). У 1990 апублікаваў пралог гіст.-прыгодніцкага рамана «Здарэнне на Віленскім тракце». На бел. мову пераклаў кн. З.В. і С.Ф.Шыбекаў «Мінск. Старонкі жыцця дарэвалюцыйнага горада» (1994). Адшукаў у архіве і ў 1997 апублікаваў нар. драму М.Чарота «На Купалле», якая лічылася страчанай.

Тв.:

Сялянскія хваляванні на Іўеўшчыне // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1980. № 2;

Сялянскі рух у сярэдзіне XIX ст. // Тамсама. 1981. № 1;

«Чтоб люд пробуждался...» // Нёман. 1988. № 3;

Наш Менск, наш Минск // Тамсама. 1995. № 1;

3 пячаткай «Зямлі і волі» // Маладосць. 1989. № 3;

Калейдаскоп сталічнай даўніны // Полымя. 1991. № 4.

І.У.Саламевіч.

т. 6, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЯШО́Ў (Уладзімір Аляксеевіч) (н. 26.6.1941, станіца Ніжнячырская Суравікінскага р-на Валгаградскай вобл., Расія),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1979). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1964). Працуе ў Бел. т-ры імя Я.Коласа. Выканаўца гераічных і характарных роляў. Яго творчасці ўласцівы аналітычнасць, інтэлектуальнасць, псіхалагізм, тонкае раскрыццё душэўных зрухаў. Стварыў адметныя характары ў нац. драматургіі: Евель Цывін («Бацькаўшчына» К.Чорнага), Казік Жыгоцкі («Вайна пад стрэхамі» паводле А.Адамовіча), Аскольд («Чатыры крыжы на сонцы» А.Дзялендзіка), Размысловіч («Трывога» А.Петрашкевіча), Кунцэвіч і Каліноўскі («Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі» У.Караткевіча) і інш. У класічным рэпертуары ролі адметныя арыгінальнасцю сцэн. трактоўкі: князь Валкоўскі («Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.Дастаеўскага), Крачынскі («Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна), Восіп («ЧП-1» і «ЧП-2» па матывах «Рэвізора» М.Гогаля), Гаеў («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Эдмунд, Бенядзікт («Кароль Лір», «Многа шуму з нічога» У.Шэкспіра), Лейстэр («Марыя Сцюарт» Ф.Шылера). Сярод інш. роляў: Даменіка («Філумена Мартурана» Э. Дэ Філіпа), Кухар («Матухна Кураж і яе дзеці» Б.Брэхта), Анчугін і Шаманаў («Правінцыяльныя анекдоты» і «Летась у Чулімску» А.Вампілава). Найб. значныя ролі апошніх гадоў: Павел («Хам» паводле Э.Ажэшкі), Гапон («Залёты» В.Дуніна-Марцінкевіча), Падкалёсін («Жаніцьба» М.Гогаля), Немаўля («Шчаслівае здарэнне» С.Мрожака). Зняўся ў кіна- і тэлефільмах: «Міравы хлопец», «Чорная бяроза», «Трэцяга не дадзена», «Паводка», «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы», «Фруза» і інш.

Т.Я.Гаробчанка.

У.А.Куляшоў.
У.Куляшоў у ролі Гаева.

т. 9, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)