ЦІ́ХАНАЎ Вячаслаў Васілевіч (н. 8.2.1928, г. Паўлаўскі Пасад Маскоўскай вобл.),

расійскі кінаакцёр. Нар. арт. СССР (1974). Герой Сац. Працы (1982). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1950). У 1950—57 у Тэатры-студыі кінаакцёра. Дэбютаваў у фільме «Маладая гвардыя» ў ролі Валодзі Асьмухіна (1948, паводле А.​Фадзеева). Сярод вядомых вострахарактарных роляў Мацвей Марозаў («Справа была ў Пянькове», 1958), Віктар Райскі («Надзвычайнае здарэнне», 1959). Стварыў шэраг лірычных, гераічных і рамант. вобразаў, раскрыў іх псіхал., эмацыянальную, інтэлектуальную сутнасць: Рукавічкін («Майскія зоркі», 1959), Панін («Мічман Панін», 1960), Аляксей («Аптымістычная трагедыя», 1963), Андрэй Балконскі («Вайна і мір», 1966—67), Мельнікаў («Дажывём да панядзелка», 1968, Дзярж. прэмія СССР 1970), Млынскі («Фронт без флангаў», 1975; «Фронт за лініяй фронту», 1978; «Фронт у тыле ворага», 1982), Іван Іванавіч («Белы Бім Чорнае вуха», 1977, Ленінская прэмія 1980) і інш. Найбуйнейшая работа Ц. — роля сав. разведчыка Ісаева (Шцірліца) у шматсерыйным тэлефільме «Семнаццаць імгненняў вясны» (1973, Дзярж. прэмія Расіі 1976). Зняўся таксама ў фільмах «Каханне з прывілеямі» (1991), «Стомленыя сонцам» (1994), тэлесерыяле «Зала чакання» (2001) і інш. За чытанне тэксту ў тэлефільме «Адраджэнне» Дзярж. прэмія Украіны 1980. Творчасці Ц. прысвечаны фільм «Прафесія — кінаакцёр» (1980).

Літ.:

Медведев А. В.​Тихонов. М., 1983.

В.В.Ціханаў.
В.Ціханаў у фільме «Белы Бім Чорнае вуха».

т. 17, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)