КАНВАЛЮ́Т (ад лац. convolutus згорнуты, сплецены),
зборнік, складзены з некалькіх самаст. выданняў (кніг, часопісаў, брашур, адбіткаў артыкулаў) ці рукапісаў, пераплеценых у адзін том. Раней К. называлі зборнікі разнастайных матэрыялаў, пазней — толькі тэматычныя зборнікі.
т. 7, с. 573
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЙДЖЭСТ (англ. digest літар. кароткі пераказ),
1) зборнік, асобы від часопіса, які перадрукоўвае матэрыялы з інш. выданняў у скарочаным і, як правіла, спрошчаным выглядзе.
2) Масавае выданне, якое змяшчае кароткі адаптаваны пераказ твораў маст. л-ры.
т. 6, с. 10
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫ́ЎЗЕМНІЕК (Brīvzemnieks; сапр. Трэйланд) Фрыціс
(1.11.1846, воласць Ракайжы, Латвія — 15.9.1907),
латышскі фалькларыст, публіцыст, паэт. Доўга жыў у Маскве. У 1870-я г. па заданні Рускага т-ва антрапалогіі і этнаграфіі правёў экспедыцыю ў Латвію і склаў першыя на рус. мове навук. зб-кі лат. нар. песень («Зборнік антрапалагічных і этнаграфічных матэрыялаў», 1873), прыказак і прымавак («Матэрыялы па этнаграфіі латышскага племя», 1881), казак і паданняў («Латышскія казкі. Зб. матэрыялаў па этнаграфіі», 1887), а таксама першы на лат. мове зборнік казак («Нашы народныя казкі», 1887). Пісаў вершы. Перакладаў на лат. мову творы рус. пісьменнікаў, Ф.Шылера. Аўтар кнігі пра М.Ламаносава (1874).
Тв.:
Raksti. Sēj. 1—4. Rīga, 1909—14.
В.Гудрыке.
т. 3, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРХІ́Ў ДО́МУ РАДЗІВІ́ЛАЎ»
(«Archiwum domu Radziwiłłów»),
зборнік гістарычных дакументаў, што захоўваліся ў канцы 19 ст. ў нясвіжскім архіве Радзівілаў. Выдадзены ў 1885 у Кракаве. Складаецца з 3 комплексаў перапіскі за 1571—1633 на лац. і польскай мовах: сямейная і прыватная карэспандэнцыя М.К.Радзівіла Сіроткі; перапіска канцлера ВКЛ, гетмана вял. кароннага Я.Замойскага і канцлера ВКЛ, гетмана вял. літ. Л.Сапегі з Радзівіламі. Зборнік асвятляе ўнутр. і знешнюю палітыку кіруючых колаў ВКЛ, дае звесткі пра Люблінскую унію 1569, Інфлянцкую вайну 1558—82, рокаш Зебжыдоўскага, Брэсцкую унію 1596, рэфармацыю на Беларусі і ў Літве, падрыхтоўку Статута ВКЛ 1588, паўстанне С.Налівайкі 1595—96. Змешчаны «Адманіторыум» (1603) — маральна-павучальнае і гасп.-дзелавое настаўленне спадкаемцам Радзівіла Сіроткі.
Г.Я.Галенчанка.
т. 1, с. 533
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАЛАЧА́НІН»,
беларускае выдавецкае т-ва. Існавала ў 1910 у Вільні. Выдала зборнік гумарыст. вершаў А.Паўловіча «Снапок» (1910) і паэму Т.Шаўчэнкі «Кацярына» (1911) у перакладзе Х.Чарнышэвіча (рэд. перакладу Я.Купала).
Літ.:
Александровіч С.Х. Пуцявінамі роднага слова. Мн., 1971. С. 146.
т. 11, с. 541
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАА́Н ЗАНАРА́ (Iōannēs Zōnaras; ? — пасля 1159),
візантыйскі храніст. Саноўнік пры двары імператара Аляксея I Камніна. Аўтар сусв.-гіст. хронікі ад «стварэння міру» да 1118 (пераказ ант. і сярэдневяковых аўтараў; звесткі па гісторыі Візантыі 11—12 ст.). Склаў каменціраваны зборнік кананічнага права, тлумачальны слоўнік; пісаў царк. вершы.
т. 7, с. 136
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛТРАМА́ЙЦІС ((Baltramaitis) Сільвестр) (20.11.1841, в. Манкішкяй Радвілішкскага р-на, Літва — 1918?),
літоўскі бібліёграф і этнограф. У 1869—1918 працаваў у Пецярбургскай публічнай бібліятэцы. У працах «Зборнік бібліяграфічных матэрыялаў для геаграфіі, этнаграфіі і статыстыкі Літвы» (1891) са спісам літоўскіх і стараж.-прускіх кніг, выдадзеных у 1553—1891, і «Зборнік бібліяграфічных матэрыялаў для геаграфіі, гісторыі, гісторыі права, статыстыкі і этнаграфіі Літвы» (2-е выд., 1904) са спісам літоўскіх і стараж.-прускіх кніг, выдадзеных у 1553—1903, зафіксаваў больш за 20 тыс. кніг, артыкулаў, рэцэнзій пра Літву і літоўскі народ, шырока паказаны і працы па беларусазнаўстве (П.Баброўскага, М.Без-Карніловіча, М.Доўнар-Запольскага, П.Жуковіча, Я.Карскага, М.Каяловіча, А.Кіркора, М.Любаўскага, А.Сапунова, Я.Тышкевіча, Я.Чачота, П.Шпілеўскага і інш.). Аўтар этнагр. працы пра літоўскія вясельныя абрады (1877, на рус. мове).
т. 2, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯССО́НАЎ (Пётр Аляксеевіч) (16.6.1828, Масква — 6.3.1898),
рускі гісторык л-ры, фалькларыст, публіцыст. Скончыў Маскоўскі ун-т (1851). З 1879 праф. Харкаўскага ун-та. Выдаў зборнік балгарскіх песень (1855), песень, паданняў і вусных апавяданняў сербаў (1857), песень-літанняў старцаў («Калікі вандроўныя», вып. 1—6, 1861—64; разам з рус. ўвайшлі і бел. творы). У 1864—67 узначальваў Віленскую археаграфічную камісію, бліжэй пазнаёміўся з бел. гісторыяй, культурай, фальклорам. Падрыхтаваў і выдаў «Песні, сабраныя П.В.Кірэеўскім» (вып. 1—10, 1860—74), «Беларускія песні» (1874). У апошні зборнік увайшлі каляндарна-абрадавыя нар. песні — валачобныя, юраўскія, мікольскія, куставыя, купальскія, пятроўскія, калядныя і масленічныя. Падзяляў погляды міфалагічнай школы.
Літ.:
Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст. Мн., 1964;
Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973. С. 89—98.
А.С.Ліс.
т. 3, с. 419
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ИСТОРИ́ЧЕСКИЕ ЗАПИ́СКИ»,
неперыядычны навук. гіст. зборнік у Расіі. Выдаецца з 1937 у Маскве на рус. мове. У 1937—68 орган Ін-та гісторыі АН СССР, у 1968—91 — Ін-та гісторыі СССР АН СССР, з 1992 — Ін-та рас. гісторыі Рас. АН. Друкуе матэрыялы і артыкулы пераважна па рас. гісторыі. Выйшла 118 тамоў (1990).
т. 7, с. 348
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́ЛАЦКІЯ ГРА́МАТЫ»
(«Полоцкие грамоты XIII — начала XVI вв.»),
зборнік дакументаў па гісторыі Полацкай зямлі, падрыхтаваны Г.Л.Харашкевіч і выдадзены Ін-там гісторыі СССР АН СССР у Маскве (вып. 1—5, 1977—85). Уласна дакументы складаюць вып. 1-ы, 2-і і палову 3-га, у астатніх выпусках змешчаны каментарыі. Надрукавана 325 дакументаў (з іх 110 упершыню) 1263—1513 з архіваў Рыгі, Гётынгена, Гданьска, Варшавы, Масквы, у т. л. з Метрыкі ВКЛ. Большасць дакументаў асвятляе адносіны Полацка з Лівоніяй, Маскоўскай дзяржавай, ВКЛ, меншая частка — унутраную гісторыю Полацка. Дакументы надрукаваны на старабел., нямецкай (22), лацінскай (7), польскай (4) мовах; іншамоўныя тэксты пададзены з паралельным перакладам на рус. мову. Паказальнікі да зборніка выдадзены асобна ў 1989. Зборнік мае вял. значэнне для вывучэння эканам. і сац. становішча сялян, мяшчан, інш. слаёў Полацкай зямлі, развіцця ўнутр. і знешняга гандлю, знешнепаліт. зносін Полацка.
М.Ф.Шумейка.
т. 12, с. 470
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)