ЖЫ́ЛІЦКІ САЎГА́С-ТЭ́ХНІКУМ Засн. ў 1948 у в. Жылічы (Кіраўскі р-н). Спецыяльнасць (1997/98 навуч. г.): аграномія; плодаагародніцтва; вытв-сць, захоўванне і перапрацоўка прадукцыі раслінаводства. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Паводле бесперапыннай інтэграванай сістэмы прафес. адукацыі прымаюцца таксама выпускнікі прафес.-тэхн. навуч. устаноў. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 6, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ ЛЯСНА́Я ГАЗЕ́ТА».

Выходзіць са студз. 1995 у Мінску на бел. і рус. мовах. Інфармуе пра рэформы і сац. палітыку ў лясной галіне нар. гаспадаркі Беларусі, пра сучасны стан бел. лясоў, іх захоўванне і выкарыстанне. Знаёміць з распрацоўкамі вучоных, дасягненнямі перадавых лясгасаў, леспрамгасаў, прадпрыемстваў дрэваапр. прам-сці, іх лепшымі працаўнікамі. Друкуе матэрыялы на тэмы прыроды і экалогіі. Дае парады па будаўніцтве, агародніцтве, нар. медыцыне.

т. 2, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМБА́РД,

установа, якая выдае пазыкі пад заклад рухомай маёмасці, рэчаў, што перадаюцца ёй на захоўванне. Вартасць рэчаў ацэньваецца па ўзгадненні бакоў. Уладальніку рэчы выдаецца імянны ламбардны білет (распіска). У выпадку невяртання пазыкі, нявыкупу маёмасці яго ўладальнікам яна перадаецца ва ўласнасць Л. і можа быць прададзена. Часам Л. з’яўляецца надзейным сховішчам маёмасці. Упершыню заснаваны ў 15 ст. ў Францыі ліхвярамі з італьян. правінцыі Ламбардыя (адсюль назва).

т. 9, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПРАВАВО́ДСТВА,

парадак вядзення спраў, дакументацыі ва ўстановах, арг-цыях і фірмах, на прадпрыемствах. Уключае; прыём, запаўненне, афармленне, адпраўку дакументаў, улік і кантроль за іх рухам і выкананнем, захоўванне і абнаўленне дакументаў. У С. ўваходзіць таксама складанне дзелавых папер (пасведчанне, даведка, суправаджальныя паперы і г.д.). Правілы С. распрацоўваюцца ў адпаведнасці з рэгламентам або статусам устаноў (арг-цый, прадпрыемстваў, фірмаў), з улікам патрабаванняў законаў Рэспублікі Беларусь.

т. 15, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУТАВО́ДСТВА,

галіна шаўкаводства па вырошчванні шаўкоўніцы (тутавага дрэва) для выкормлівання тутавага шаўкапрада. Уключае: закладку і эксплуатацыю кармавых пасадак, арганізацыю насенных і чаранковых матачнікаў; нарыхтоўку і захоўванне насення шаўкоўніцы, вырошчванне пасадачнага матэрыялу ў тутавых гадавальніках; вывядзенне новых сартоў шаўкоўніцы, іх выпрабаванне і раянаванне, барацьбу з захворваннямі і шкоднікамі шаўкоўніцы. Пашырана пераважна ў Японіі, Кітаі, Італіі, таксама ў краінах паўд. Еўразіі, Афрыцы, Цэнтр. і Паўд. Амерыцы.

т. 16, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВІТАМІНО́ЗЫ (ад а... + вітаміны),

група захворванняў, якія развіваюцца пры працяглай адсутнасці вітамінаў у ежы, парушэнні іх засваення або прыгнечанні сінтэзу ў арганізме. Недахоп вітамінаў можа ўзнікнуць у зімова-вясновы перыяд, пры вял. фіз. нагрузках, інфекцыйна-вірусных захворваннях, з узростам. Пры працяглым недахопе або адсутнасці вітаміну С развіваецца цынга, B1 — беры-беры, D — рахіт, PP — пелагра. Часцей сустракаецца адначасовая недастатковасць некалькіх вітамінаў — поліавітаміноз. Прафілактычныя меры: ужыванне вітамінных прэпаратаў, вітамінізацыя ежы, правільнае захоўванне і кулінарная апрацоўка харч. прадуктаў.

т. 1, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАВА́РНЫ ЗАПА́С,

колькасць тавару вызначанага віду, які знаходзіцца ў сферы таварнага абарачэння, у працэсе руху ад вытворцы да спажыўца (транспартаванне. на складах) і спрыяе нармальнаму функцыянаванню гандлю. Не павінен быць залішні, таму што павялічваюцца выдаткі на захоўванне. Адрозніваюць Т.з. бягучага захоўвання (забяспечваюць штодзённыя патрэбы гандлю), сезонныя (для забеспячэння бесперабойнага гандлю ў перыяд сезоннай змены попыту і прапанавання), датэрміновага завозу (для гандлю ў цяжкадаступных па ўмовах надвор’я рэгіёнах), мэтавыя (на выпадак увядзення асобага становішча; гл. Дзяржаўныя рэзервы).

т. 15, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛАЧЫ́НСТВЫ СУ́ПРАЦЬ ГРАМА́ДСКАЙ БЯСПЕ́КІ, ГРАМА́ДСКАГА ПАРА́ДКУ І ЗДАРО́ЎЯ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,

злачынствы, які вынікаюць з парушэння ўстаноўленых законам і інш. нарматыўнымі актамі правіл паводзін, што забяспечваюць грамадскі спакой, бяспеку і здароўе асобы, захаванасць маёмасці ўсіх форм уласнасці, а таксама парушэнні нармальных умоў працы, быту і адпачынку грамадзян і дзейнасці дзярж. і грамадскіх устаноў, прадпрыемстваў і арг-цый.

Паводле КК Рэспублікі Беларусь да гэтых злачынстваў адносяцца: хуліганства; пагроза забойствам, нанясеннем цяжкіх цялесных пашкоджанняў або знішчэннем маёмасці; набыццё ці збыт маёмасці, набытай злачынным шляхам; уцягненне няпоўнагадовых у злачынную дзейнасць і немедыцынскае выкарыстанне адурманьваючых сродкаў, спойванне іх; парушэнне правіл бяспекі руху і эксплуатацыі трансп. сродкаў; угон трансп. сродкаў, паветр. судна, парушэнні правіл бяспекі горных, буд. работ, правіл пажарнай бяспекі; незаконнае набыццё, захаванне і выкарыстанне радыяцыйных матэрыялаў; парушэнні правіл захавання і выкарыстання выбуховых рэчываў; незаконнае нашэнне, захоўванне, набыццё або выраб ці збыт зброі і выбуховых рэчываў; незаконны выраб ці збыт газавых пісталетаў і інш. прыстасаванняў для выкарыстання слёзатачывых і нервова-паралітычных газаў; неахайнае захоўванне агнястрэльнай зброі; незаконныя лячэнне, выраб, набыццё, збыт, захаванне моцных ядаў, наркатычных сродкаў; утрыманне прытонаў для ўжывання наркатычных сродкаў; утрыманне прытонаў і зводніцтва; выраб або збыт парнаграфічных прадметаў; выраб і распаўсюджанне твораў, якія прапагандуюць культ насілля і жорсткасці; здзек над магілай; знішчэнне або пашкоджанне гісторыка-культ. каштоўнасцей; жорсткае абыходжанне з жывёламі і інш.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 7, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРАЭКАЛО́ГІЯ (ад агра... + экалогія), сельскагаспадарчая экалогія,

раздзел прыкладной экалогіі, які вывучае ўплыў фактараў асяроддзя (біятычных і абіятычных) на прадукцыйнасць культурных раслін, а таксама структуру і дынаміку згуртаванняў арганізмаў, што насяляюць с.-г. ўгоддзі, уплыў аграбіяцэнозаў на жыццяздольнасць раслін, якія культывуюцца. Асновы сучаснай аграэкалогіі распрацавалі вучоныя італьян. Дж.​Ацы (1956) і ням. Тышлер (1965). Гал. задача аграэкалогіі — размяшчэнне і выкарыстанне с.-г. угоддзяў і прыродных экасістэм (участкі лясоў, лугоў, балот, помнікі прыроды, заказнікі і інш.) такім чынам, каб забяспечыць максімальную біял. прадукцыйнасць ландшафтаў і іх захоўванне. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС адной з цэнтр. праблем аграэкалогіі на Беларусі стала вывучэнне міграцыі радыенуклідаў у экасістэмах, у прыватнасці ў аграбіяцэнозах.

т. 1, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСПАРАДЖЭ́ННЕ ў праве,

1) адно з правамоцтваў уласніка рэчаў, якое дазваляе ўключаць яго ў эканам. абарачэнне праз ажыццяўленне такіх распараджальных здзелак, як купля-продаж, пастаўка, дарэнне і інш. У выніку актаў Р. маёмасцю ажыццяўляецца яе адчужэнне, перадача ў часовае валоданне ці карыстанне інш. асобе, у залог, здача на захоўванне і г.д. Р. вызначае юрыд. лёс рэчаў, г.зн. або спыняецца, або прыпыняецца на яе права ўласнасці.

2) Адзін з відаў падзаконных актаў: уладны акт органа кіравання ў рамках яго кампетэнцыі, што мае абавязковую сілу для фіз. і юрыд. асоб, якім Р. адрасавана. Можа быць агульнага, працяглага або разавага дзеяння для канкрэтнага выпадку.

т. 13, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)