АЦЫДО́З (ад лац. acidus кіслы),

парушэнне кіслотна-шчолачнай раўнавагі ў арганізме, якое характарызуецца абсалютным або адносным лішкам кіслот. Часцей узнікае абменны, або нягазавы, ацыдоз пры вял. колькасці ў арганізме нелятучых кіслот (пры некаторых захворваннях печані, нырак, дыябеце) ці пры страце шчолачных злучэнняў (пры працяглай ірвоце, паносе). Дыхальны, або газавы, ацыдоз узнікае пры затрымцы вуглякіслага газу лёгкімі (прыступ астмы, цяжкая задышка). Адрозніваюць кампенсаваны ацыдоз, калі назіраецца зніжэнне шчолачнай рэакцыі крыві і тканак без значнага павышэння іх кіслотнасці, і некампенсаваны, пры якім кіслотнасць значна павышаецца. Лячэнне: ліквідацыя прычыны ўзнікнення ацыдозу, а таксама выкарыстанне соды і шчолачнай мінер. вады.

т. 2, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРДЫЯСКЛЕРО́З (ад кардыя... + ...склероз),

міякардыясклероз, разрастанне злучальнай тканкі ў мышцы сэрца. Найчасцей бывае як вынік хранічнага ці вострага захворвання сэрца (інфаркт міякарда, міякардыт, кардыяміяпатыя, на фоне ішэмічнай хваробы сэрца). Першасны К. бывае рэдка. Постінфарктны К. — вынік некрозу ўчастка міякарда, велічыня яго адпавядае памерам інфаркту міякарда, рубцовыя палі не могуць скарачацца. К. без ачаговых некратычных змен развіваецца на фоне ішэмічнай хваробы сэрца. Міякардытычны К. — вынік міякардыту віруснага, бактэрыяльнага ці алергічнага генезу. Пры К. павялічваюцца памеры сэрца, развіваюцца сімптомы недастатковасці сардэчнага кровазвароту (задышка, тахікардыя, ацёкі, павелічэнне памераў печані, застоі крыві ў сасудах, лёгкіх і інш.). Лячэнне тэрапеўтычнае.

М.​Ф.​Сарока.

т. 8, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЯКАРДЫ́Т (ад мія... + грэч. kardia сэрца),

запаленне мышцы сэрца (міякарда) у чалавека і жывёл. Бывае востры, падвостры і хранічны, дыфузны і ачаговы. Паводле ступені цяжкасці — лёгкі, сярэднецяжкі, цяжкі. Прычыны: інфекцыя (ангіна, дыфтэрыя, шкарлятына, туберкулёз і інш.), алергія, інтаксікацыя. У дзяцей можа развіцца пры рэўматызме. Рэўматычны М. нярэдка спалучаецца з эндакардытам. Прыкметы М. залежаць ад парушэння сардэчнага рытму і недастатковай скарачальнай функцыі міякарда (агульная слабасць, задышка ў спакоі, набраканне шыйных вен, працяглы «ныючы» боль у вобласці сэрца, сэрцабіццё, хуткая стамляльнасць). Ускладненні: кардыясклероз, сардэчная недастатковасць. Лячэнне: пасцельны рэжым, вітаміны, сардэчна-сасудзістыя сродкі, ліквідацыя асн. хваробы.

т. 10, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСТЭРЫЛЁЗ, лістэрыёз,

вострае інфекцыйнае захворванне чалавека, млекакормячых жывёл і птушак з пашкоджаннем унутр. (у т. л. лімфоідных) органаў, ц. н. с., вачэй, іншы раз плода ў жанчын (пры захворванні ў час цяжарнасці). Узбуджальнік — бактэрыя лістэрыя, якая захоўваецца ў глебе, сцёкавых водах, кармах, пыле. Заражэнне адбываецца пры кантакце з хворым (носьбітамі Л. бываюць і здаровыя людзі і жывёлы), праз ежу, аэрагенным і палавым шляхамі, пры цяжарнасці (праз плацэнту) і родах. Трансплацэнтарны Л. у нованароджаных працякае асабліва цяжка ў першыя 2—4 дні (сепсіс, задышка, сутаргі, іншы раз смерць); пры заражэнні ў час родаў хвароба выяўляецца пасля 7 дзён жыцця менінгітам, менінгаэнцэфалітам. Лячэнне тэрапеўтычнае.

А.​А.​Астапаў.

т. 9, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫКАРДЫ́Т (ад перы... + грэч. kardia сэрца),

запаленне калясардэчнай сумкі. Прычыны ўзнікнення: рэўматызм, туберкулёз, мікробнае запаленне, траўмы і інш. Пры П. назіраецца павышаная эксудацыя (выпат)., што вядзе да сціскання сэрца, зніжэння яго функцый. Пры хуткім нарастанні эксудату сэрца можа спыніць сваю дзейнасць (патрабуецца пункцыя перыкарда). Прыкметы П.: боль у вобласці сэрца, сэрцабіцце, задышка, агульная слабасць і інш. Пры павольным нарастанні выпату ў перыкардзе праяўляюцца прыкметы сардэчнай недастатковасці — з’яўленне выпату ў жываце, печані. У патагенезе такога стану — дысталічны дысбаланс прытоку крыві да сэрца (перадсэрдзі, асабліва правае, сціскаюцца хутчэй, чым астатнія камеры сэрца). Лячэнне залежыць ад прычын узнікнення. У жывёл часцей бывае П. траўматычнага паходжання.

І.​М.​Грышын.

т. 12, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВАЦЁК, гемарагія,

выцяканне крыві з крывяносных сасудаў. Бывае пры траўмах, хваробах крывяносных сасудаў (гл. Гематурыя, Гемафілія, Дыятэз гемарагічны). Адрозніваюць К. артэрыяльны, вянозны, капілярны, змешаны; вонкавы (кроў выцякае вонкі) і ўнутр. (кроў выцякае ў органы, тканкі, поласці цела).

Назапашванне крыві ў калясардэчнай абалонцы наз. гемаперыкардытам, у грудной поласці — гематораксам, у поласці сустава — гемартрозам; выдаленне крыві праз дыхальныя шляхі (крывахарканне) — гемаптос; праз стрававод са страўніка (крывавая рвота) — гематамезіс; матачны К. — метрарагія і інш. Найб. небяспечны артэрыяльны К. Пры К. бывае бледнасць скуры і слізістых абалонак, слабасць, галавакружэнне, смага, задышка, паніжэнне артэрыяльнага ціску, слабы, часты пульс. Лячэнне: спыненне К. часовае (сціскальная павязка, жгут) і канчатковае (сасудзістае шво, перавязка сасудаў), кровазгусальныя і кроваспыняльныя сродкі, пераліванне крыві і кровазаменных вадкасцей.

Літ.:

Вишневский А.А., Шрайбер М.И. Военно-полевая хирургия. 3 изд., М., 1975;

Основы реаниматологии. М., 1966.

А.​У.​Чантурыя.

т. 8, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЫ́РАЧНАЯ НЕДАСТАТКО́ВАСЦЬ,

паталагічны стан, пры якім ныркі часткова ці цалкам страчваюць здольнасць падтрымліваць пастаянства хім. саставу ўнутр. асяроддзя арганізма. У выніку парушаюцца водна-электралітны баланс, кіслотна-шчолачная раўнавага, затрымліваецца выдаленне з арганізма прадуктаў азоцістага абмену. Устойлівая Н.н. (на 70% і больш) вядзе да самаатручэння. Бывае вострая і хранічная. Прычыны вострай Н.н. — шок, цяжкае абязводжванне арганізма і страта солей, атручэнне ртуццю, некат. лек. прэпаратамі і інш. Пры вострай Н.н. рэзка скарачаецца выдаленне мачы, узнікае смага, задышка, ірвота, мышачныя сутаргі. Хранічная Н.н. абумоўлена хранічнымі захворваннямі нырак і іх пашкоджаннямі пры хваробах абмену рэчываў (напр., цукр. дыябеце), некат. хваробах крыві і інш. У хворых на хранічную Н.н. скура шэра-жоўтага колеру, павышаны артэрыяльны ціск, у цяжкіх выпадках вял. ацёкі, кома. Лячэнне: дыета, тэрапеўт., ачышчэнне крыві (напр., гемадыяліз), у канчатковай стадыі хранічнай Н.н. — перасадка ныркі.

В.​С.​Пілатовіч.

т. 11, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРОНХАЭКТАТЫ́ЧНАЯ ХВАРО́БА (ад бронхі + грэч. ekstasis расцяжэнне),

гнойна-запаленчая дэструкцыя бронхаў, што выклікае іх расшырэнне (бронхаэктазію), парушэнне функцый розных сістэм і органаў, інтаксікацыю. Бывае часовая і ўстойлівая, найчасцей у ніжняй долі левага лёгкага; можа быць двухбаковая. Адрозніваюць бронхаэктазы прыроджаныя і набытыя, лакалізаваныя і дыфузныя, цыліндрычныя, мяшэчкападобныя і пераходныя (верацёнападобнай формы). Прычыны ўзнікнення прыроджанай бронхаэктазіі — парушэнні развіцця бронхалёгачнай сістэмы ва ўлонні маці (могуць спалучацца з заганамі развіцця — заечая губа, стрэлападобнае паднябенне і інш.); набытай — бронхалёгачныя хваробы, закупорка бронха іншародным целам. Праяўляецца бронхаэктатычнай хваробы аднолькава незалежна ад этыялогіі: мокры кашаль са слізіста-гнойнай ці гнойнай макротай (можа мець непрыемны пах), іншы раз крывахарканне, болі ў грудзях, задышка (залежыць ад цяжкасці хваробы), зніжэнне апетыту, дэфармацыя грудной клеткі. Пры гнойнай інтаксікацыі фалангі пальцаў набываюць форму «барабанных палачак», а пазногці — «гадзіннікавых шкельцаў». Лячэнне комплекснае, з выкарыстаннем тэрапеўтычных, а пры неабходнасці хірург. метадаў.

Л.​Р.​Кажарская.

т. 3, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕЎРЫ́Т,

запаленне плеўры. Бывае першасны і другасны, серозна-фібрынозны і гнойны з пераходнымі формамі. Да першаснага адносяць запаленчыя працэсы ў плеўры ў выніку сэпсісу, міграцыі мікробнай флоры ў лімфатычныя залозы, калі ўтвараюцца гнойныя ачагі. Другасныя П. — вынік мігрыравання асн. працэсу ў выглядзе абсцэсу ў лёгкіх, пярэдняй сценцы грудной клеткі, таксама раневыя П. Першасныя і другасныя П. бываюць неспецыфічныя (узбуджальнікі стафілакок, стрэптакок) і спецыфічныя (туберкулёзная палачка); паводле клінічнага цячэння — вострыя і хранічныя. Пры адсутнасці інтэнсіўнага лячэння востры П. пераходзіць у хранічны. П. адрозніваюць таксама па ступені пашыранасці — лакалізаваныя і дыфузныя (па ўсёй поласці грудной клеткі). Пры эксудатыўным П. (пераходная форма да гнойнага) у плеўральнай поласці назапашваецца запаленчая вадкасць, у хворых павышаецца т-ра цела да 40 °C, задышка, боль у баку, кашаль. Гнойны П. (плеўральная вадкасць уяўляе сабой гнойнае змесціва) у вострай форме працякае з высокай т-рай, агульнай інтаксікацыяй. Асн. метады дыягностыкі — рэнтген, камп’ютэрная тамаграфія, пункцыя поласцей. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае. На П. хварэюць таксама жывёлы.

І.​М.​Грышын.

т. 12, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕРТАНІ́ЧНАЯ ХВАРО́БА,

хвароба сістэмы кровазвароту ў чалавека, якая характарызуецца павышаным артэрыяльным ціскам (гіпертаніяй). Узнікае ад нерв.-эмацыянальнага перанапружання, якое парушае працэсы вышэйшай нерв. дзейнасці і рэгуляцыю сасудзістага тонусу. Найчасцей бывае ў людзей, што маюць спадчынную схільнасць да гіпертанічнай хваробы, ад празмернага харчавання і маларухомага спосабу жыцця.

Паводле пашкоджання органаў адрозніваюць 3 стадыі гіпертанічнай хваробы. Пры транзіторнай гіпертанічнай хваробе крывяны ціск павышаецца перыядычна, або на кароткі час; узнікае боль галавы, галавакружэнне, шум у вушах, сэрцабіцце, моташнасць. На 2-й (стабільнай) стадыі гіпертанія больш устойлівая: бываюць прыкметы сардэчнай (задышка, ацёкі, тахікардыя, арытмія) і каранарнай (боль за грудзінай і ў вобласці сэрца, інфаркт міякарда) недастатковасці. Цяжкія змены функцый сэрца, галаўнога мозга і нырак ад склератычных змен бываюць на 3-й стадыі арган. змен. Найб. тыповае і частае ўскладненне гіпертанічнай хваробы — гіпертанічныя крызы, пры якіх артэрыяльны ціск хутка павышаецца, рэзкі галаўны боль, ірвота, тахікардыя, іншы раз парушэнне зроку, расстройствы мазгавога і каранарнага кровазвароту (інфаркт міякарда, інсульт). Лячэнне: на 1-й стадыі правільны рэжым дня, заспакаяльныя сродкі; на 2-й і 3-й стадыях — сродкі, што зніжаюць крывяны ціск, заспакаяльныя, снатворныя, дыета.

Літ.:

Мясников А.Л. Гипертоническая болезнь и атеросклероз. М., 1965.

А.​В.​Лявонава.

т. 5, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)