ЭХІНАКАКО́З.

гельмінтоз жывёл і чалавека, які выклікаецца эхінакокамі. Чалавек заражаецца пры спажыванні забруджаных яйцамі паразіта садавіны і гародніны, пры невыкананні правіл гігіены або пры кантакце з хворай жывёлай; жывёла — праз кармы і ваду. Асн. гаспадар паразіта — воўк, асн. крыніца заражэння для чалавека — сабакі.

У чалавека пры Э. найб. часта пашкоджваюцца лёгкія, печань, мозг. У гэтых органах утвараюцца кісты, якія маюць даччыныя пухіркі. што паступова растуць. дасягаючы 15—20 см у дыяметры. Пры пашкоджанні печані кіста павялічваецца, адчуваецца боль і цяжар у правым падрабер’і, лёгкіх — болі ў грудзях, кашаль, задышка. Пры развіцці кісты ў галаўным мозгу бываюць паралічы і парэзы. Лячэнне хірургічнае.

А.​А.​Астапаў.

т. 18, кн. 1, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)