МІГА́Й (Сяргей Іванавіч) (30.5.1888, г. Магілёў — 8.12.1959),

расійскі спявак (барытон), педагог. Нар. арт. Расіі (1939). Скончыў Адэскае муз. вучылішча (1911), вучыўся ў М.​Батыстыні (1911—13), у Опернай студыі пад кіраўніцтвам К.​Станіслаўскага (1918—20). З 1911 саліст Вял. т-ра, з 1924 у Ленінградскім т-ры оперы і балета. У 1927—41 выступаў у Маскве і Ленінградзе, з 1941 саліст і кіраўнік вак. групы Усесаюзнага радыёкамітэта. З 1948 выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1952 праф.). Меў насычаны галас цёплага тэмбру вял. дыяпазону (больш за 2 актавы), дасканала валодаў вак. тэхнікай. Сярод лепшых партый: Анегін («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Мізгір, Гразной («Снягурачка», «Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Князь Ігар («Князь Ігар» А.​Барадзіна), ДэманДэман» А.​Рубінштэйна), Рыгалета, Жэрмон, граф ды Луна («Рыгалета», «Травіята», «Трубадур» Дж.​Вердзі) і інш. Актыўна ўдзельнічаў у рабоце Магілёўскага літаратурна-музычна-драматычнага гуртка. У 1920-я г. часта спяваў з Л.​Собінавым. Сярод яго вучняў Ю.Мазурок, А.Саўчанка. Аўтар метадычных прац па пытаннях вак. выканальніцтва.

Літ.:

Гусев П.С. И.​Мигай. Л., 1975.

т. 10, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯНІ́САЎ (Міхаіл Іванавіч) (21.11.1900, в. Трасцянка Саратаўскай вобл., Расія — 11.1.1971),

бел. спявак (лірыка-драм. барытон). Нар. арт. Беларусі (1944). Вучыўся ў Саратаўскай кансерваторыі (1925—28), оперным класе Бел. муз. тэхнікума (1928—30), Бел. студыі оперы і балета (1930—33) у А.Баначыча. У 1933—58 (з перапынкам, у 1941—43 у Ерэванскім оперным т-ры) саліст Дзярж. т-ра оперы і балета БССР. У 1958—64 маст. кіраўнік Бел. філармоніі, у 1964—70 выкладчык Бел. кансерваторыі. Дэбютаваў партыяй Эскамільё ў оперы «Кармэн» Ж.​Бізэ (1932). Валодаў моцным прыгожым голасам, сцэн. абаяльнасцю. Створаныя ім вобразы адметныя адухоўленасцю, маст. выразнасцю. тонкім густам, пачуццём меры. Лепшыя вобразы ў нац. рэпертуары: Змітрок і Апанас («Міхась Падгорны» і «Алеся» Я.​Цікоцкага), Кастусь («Кастусь Каліноўскі» Дз.​Лукаса), Кузьміч («У пушчах Палесся» А.​Багатырова); у класічным — Гразной («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Анегін, Ялецкі. Мазепа («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Мазепа» П.​Чайкоўскага), ДэманДэман» А.​Рубінштэйна), Ігар («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Траякураў («Дуброўскі» Э.​Напраўніка), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). Рыгалета, Жэрмон («Рыгалета», «Травіята» Дж.​Вердзі), Каніо («Паяцы» Р.​Леанкавала), Мечнік («Страшны двор» С.​Манюшкі). У канцэртным рэпертуары значнае месца займалі бел. нар. песні, творы бел. кампазітараў.

Літ.:

Пукст Р. Натхнёны спявак // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.

Б.​С.​Смольскі.

М.І.Дзянісаў.
М.Дзянісаў у ролях Дэмана (злева) і Гразнога.

т. 6, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЙС ((Weiss) Войцех) (4.5.1875, г. Леорда, Румынія — 7.12.1950),

польскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Кракаве (1892—99) у Я.Матэйкі, Л.​Вычулкоўскага; выкладаў там жа (з 1910 праф.). Паслядоўнік рэаліст. традыцый 19 ст., выкарыстоўваў асобныя прыёмы імпрэсіянізму. Пісаў партрэты, жанравыя карціны, пейзажы («Аўтапартрэт з маскамі», 1900, «Дэман», 1904, партрэт Эміліі Фларковай, 1916—17; «Амур», «Венера», 1919; «Мадысткі», 1922; «Сям’я пад арэхам», 1933, і інш.). Стварыў сімвалічную, амаль манахромную кампазіцыю «Маніфест» (1950).

Літ.:

Juszczak W. Młody Weiss. Warszawa, 1979.

І.​М.​Марціновіч.

т. 4, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКІ МУНІЦЫПА́ЛЬНЫ ТЭА́ТР «НО́ВАЯ О́ПЕРА».

Створаны ў 1991. Арганізатар, маст. кіраўнік і дырыжор Я.​Колабаў. У рэпертуары пастаноўкі класічных опер, якія не ставіліся на рас. сцэне, а таксама арыг. трактоўкі вядомых твораў. Пастаўлены оперы «Марыя Сцюарт» Г.​Даніцэці, «Двое Фаскары» Дж.​Вердзі, «Валі» А.​Каталані. Эксперыментальную трактоўку набыла опера «Руслан і Людміла» М.​Глінкі, створаны арыг. спектаклі «Расіні» і «О, Моцарт, Моцарт!» паводле твораў В.​А.​Моцарта, М.​Рымскага-Корсакава і А.​Сальеры, оперы ў канцэртным выкананні «Сіла лёсу» Вердзі, «Дэман» А.​Рубінштэйна. У рэпертуары таксама хар. і сімф. канцэртныя праграмы.

т. 10, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ОТС ((Ots) Георг) (21.3.1920, С.-Пецярбург — 5.9.1975),

эстонскі спявак (лірычны барытон). Нар. арт. СССР (1960). Скончыў Талінскую кансерваторыю (1951, клас Ц.Куузіка), у 1951—52 яе рэктар. З 1945 саліст т-ра оперы і балета «Эстонія». Валодаў моцным голасам прыгожага аксаміцістага тэмбру, вял. дыяпазону, бездакорным густам і артыстызмам. Выступаў у оперы, аперэце, як камерны і эстр. спявак. Сярод партый: у нац. операх — Мэеліс («Лембіту» В.​Капа), Вампа («Агні помсты» Э.​Капа), Пятроў («Бераг бур» Г.​Эрнесакса); інш. партыі — Яўген Анегін («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), ДэманДэман» А.​Рубінштэйна), Дон Жуан, Папагена, Фігара («Дон Жуан», «Чароўная флейта», «Вяселле Фігара» В.​А.​Моцарта), Эскамільё («Кармэн» Ж.​Бізэ), Яга, Рэната, Рыгалета («Атэла», «Баль-маскарад», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), Джані Скікі, Марсель («Джані Скікі» і «Багема» Дж.​Пучыні), Малатэста («Дон Паскуале» Г.​Даніцэці); у аперэтах — Юры («Руму Юры» Л.​Нормета і Э.​Ара), Даніла («Вясёлая ўдава» Ф.​Легара), містэр Ікс, Тасіла, прынц Раджамі («Прынцэса цырка», «Марыца», «Баядэра» І.​Кальмана), Марка («Вольны вецер» І.​Дунаеўскага), Дон Кіхот і Сервантэс («Чалавек з Ламанчы» М.​Лі). Першы выканаўца многіх песень сучасных кампазітараў. Здымаўся ў кіно («Святло ў Коардзі», 1952; «Містэр Ікс», 1958; «Выпадковая сустрэча», 1961; «Кала Бруньён, 1974). Дзярж. прэміі СССР 1950, 1952, 1968. Дзярж. прэмія Эстоніі 1975. У 1975 заснавана прэмія імя Г.​Отса.

Літ.:

Стрельников Б. Георг Отс Л.;

М., 1962;

Тынсон Х.Л. Георг Отс: Пср. с эст. Таллинн, 1981.

Л.​А.​Сівалобчык.

Г.Отс.

т. 11, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́РМАНТАЎ (Міхаіл Юр’евіч) (15.10. 1814, Масква — 27.7.1841),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1830—32), скончыў школу гвардз. падпрапаршчыкаў і кав. юнкераў у Пецярбургу (1834). За верш «Смерць Паэта» пра гібель А.​Пушкіна (нап. 1837, апубл. за мяжой 1858, у Расіі цалкам — 1860) высланы ў Грузію. Другі раз сасланы на Каўказ у 1840. Удзельнік бітвы на р. Валерык у Чэчні. Забіты на дуэлі ў Пяцігорску М.​Мартынавым. Першыя вершы напісаў у 1828. Друкаваўся з 1830. Лірыцы Л. ўласцівы рамант., мяцежны герой, які паўстае супраць законаў бяздушнага грамадства і імкнецца да недасяжнага ідэалу, пачуццё адзіноты і расчаравання, бязмежнасці кахання і пакуты, тэмы свабоды, радзімы і яе гіст. лёсу: вершы «Ветразь», «Барадзіно», «Дума», «Хмары», «Радзіма» і інш. Стварыў вяршынныя ўзоры рус. рамант. паэмы: «Уцякач» (1838, апубл. 1846), «Мцыры» (1839, апубл. 1840), «Дэман» (8 рэдакцый, 1829—39, апубл. ў Германіі 1856, у Расіі цалкам у 1860) і інш. Распрацоўваў рэаліст. паэму: «Сашка» (1836, апубл. 1882), «Песня пра цара Івана Васілевіча...» (1838) і інш. Асн. рысы Л.-празаіка — тонкі псіхалагізм, лаканізм, афарыстычнасць, умелае валоданне маст. дэталлю — выявіліся ў рамане «Герой нашага часу» (1839—40), дзе стварыў новую раманную форму і новага героя, поўнага сіл і расчараванага ў дзеянні. Аўтар гіст. рамана пра Пугачоўскае паўстанне «Вадзім» (1832—34, незакончаны, апубл. 1873), рамана на аўтабіягр. аснове «Княгіня Лігаўская» (1836, незакончаны, апубл. 1882), у якім дадзены першы накід характару Пячорына, драм у вершах «Іспанцы» (1830, апубл. 1880), «Маскарад» (3 рэдакцыі, 1835—36, апубл. 1842, паст. цалкам 1862), нарысаў і інш. Займаўся жывапісам, пісаў акварэлі, карціны алеем, малюнкі (пейзажы, жанравыя сцэны, партрэты і карыкатуры; лепшыя з іх звязаны з каўк. тэмай). Вершы Л. сталі асновай для опернай («Дэман» А.​Рубінштэйна), сімфанічнай («Уцёс» С.​Рахманінава, «Тры пальмы» А.​Спендыярава) і рамансавай (А.​Даргамыжскі, М.​Балакіраў і інш.) творчасці, нар. песнямі («Выходжу адзін я на дарогу...»).

Творы Л. здаўна папулярныя на Беларусі, якая займала значнае месца ў творчасці паэта. Пад уздзеяннем твораў А.​Міцкевіча (гал. чынам яго паэм «Гражына» і «Конрад Валенрод») у сюжэтах паэм Л. прысутнічаюць вобразы «дзевы-воіна» («Літвінка», 1832), баярына Оршы (аднайм. паэма, 1835—36), Арсенія («Літвінка», «Баярын Орша») і інш. Л. імкнуўся адлюстраваць сац.-бытавыя і гісторыка-паліт. падзеі мінулых эпох: Адна з першых крыніц на Беларусі, дзе з вял. прыхільнасцю ўпамінаецца імя Л., — ананімная паэма «Тарас на Парнасе». У 1889 газ. «Минский листок» змясціла арт. «Міхаіл Юр’евіч Лермантаў», прысвечаны адкрыццю помніка Л. ў Пяцігорску. Хоць бел. паэзія 19 ст. тыпалагічна адрознівалася ад творчасці Л. сваімі параўнаўча нераспрацаванымі «чалавеказнаўчымі» магчымасцямі і ў мастацка-стылявым плане, у ёй выкарыстоўваліся лермантаўскія матывы і сімвалы. Верш Ф.​Багушэвіча «Хмаркі» ідэйна і эстэтычна блізкі да аднайм. верша Л. Паэзія Цёткі звязана з яго традыцыямі грамадз. лірыкі. Наследаванне Л. праглядаецца ў вершах Я.​Купалы «Мой дом», «Прыстаў я жыць...» і інш. Героі рамант. паэм Я.​Купалы («Курган», «Бандароўна», «Магіла льва») блізкія рамант. героям Л. Матывы Л. пра ролю паэта ў жыцці народа творча распрацоўваў Я.​Колас («Пясняр», «Паэту» і інш.). Рамант. паэма Я.​Коласа «Сымон-музыка» сугучная паэме «Мцыры». Надзвычай блізкі да Л. быў М.​Багдановіч; да 100-годдзя з дня нараджэння Л. ён змясціў у яраслаўскай газ. «Голос» (2.10.1914) арт. «Адзінокі», у якім раскрыў значэнне і своеасаблівасць Л. сярод рус. паэтаў. Паэма Багдановіча «Максім і Магдалена» стваралася не без уплыву «Песні пра... купца Калашнікава» і «Баярына Оршы». Напружанасць духоўнага эмацыянальнага жыцця характэрна асуджаным на адзіноту гал. героям паэмы «Дэман» і паэмы Багдановіча «Страцім-Лебедзь», у якой некаторыя даследчыкі адзначаюць пэўную палеміку. Пра захапленне паэзіяй Л. пісаў у аўтабіяграфіі З.​Бядуля. Пад уплывам Л. напісаны першыя лірычныя вершы К.​Крапівы. У арт. «Тры сустрэчы» А.​Куляшоў пісаў, што пачаты ў даваен. час пераклад на бел. мову твораў Л. ў многім вызначыў кірунак яго паэт. дзейнасці. П.​Панчанка ў арт. «Нязгасны агонь» падкрэсліваў, што Л. стаў асабліва блізкім і дарагім у гады Вял. Айч. вайны. На бел. мове першыя пераклады паэм «Мцыры» і «Дэман» апублікаваны ў 1920-я г. ў Вільні. У канцы 1930-х г. Я.​Колас пераклаў 1-ю частку «Дэмана». У 1950 асобным выданнем выйшаў пераклад паэм «Дэман» (пер. Я.​Колас, А.​Зарыцкі, А.​Бялевіч), «Баярын Орша» і «Каўказскі нявольнік» (пер. Зарыцкі і А.​Вялюгін), «Ізмаіл-Бей» (пер. У.​Шахавец), «Песня пра... купца Калашнікава» (пер. М.​Клімковіч). У 1969 выдадзены зб-к перакладаў Куляшова (выбраныя вершы Л., паэмы «Мцыры», «Дэман»), за які разам з перакладамі твораў інш. пісьменнікаў яму прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Купалы 1970. Творы Л. перакладалі В.​Зуёнак, П.​Макаль, Я.​Міклашэўскі (Я.​Верабей) і інш. Л. прысвяцілі свае вершы і артыкулы П.​Броўка, М.​Танк, Я.​Брыль, С.​Грахоўскі і інш.

Упершыню на Беларусі да творчасці Л. звярнуўся тэатр А.​К.​Басевіча ў Пінску, які 13.4.1880 ажыццявіў пастаноўку драмы «Маскарад». П’еса ўваходзіла і ў рэпертуар Мінскага т-ва аматараў прыгожых мастацтваў. У 1953 гэтая драма пастаўлена Брэсцкім абл. драм. т-рам. Падзеяй у тэатр. жыцці Беларусі стаў спектакль Дзярж. рус. драм. т-ра Беларусі «Маскарад» (1966). Бел. т-р оперы і балета ажыццявіў пастаноўку оперы Рубінштэйна «Дэман» (1951). Трагедыю «Іспанцы» ставіў Гродзенскі абл. драм. т-р (1955).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1986;

Соч. Т. 1—2. М., 1988—90;

Избр. соч. М., 1994;

Зорка зорцы голас падае = И звезда с звездою говорит: Выбр. вершы. Мн., 1989.

Літ.:

М.​Ю.​Лермонтов в русской критике. М., 1985;

Лотман Ю.М. В школе поэтического творчества: Пушкин. Лермонтов. Гоголь. М., 1988;

М.​Ю.​Лермонтов: Проблемы идеала. Куйбышев, 1989;

Лермонтовская энциклопедия. М., 1981.

С.​Ф.​Кузьміна, У.​В.​Гніламёдаў, В.​А.​Ракіцкі (тэатр).

М.Ю.Лермантаў. Мастак П.​Забалоцкі. 1837.

т. 9, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫЛЬСО́Н ((Gilson) Поль) (15.6.1865, Брусель — 3.4.1942),

бельгійскі кампазітар, муз. крытык; адзін з заснавальнікаў сучаснай фламандскай кампазітарскай школы. Праф. Брусельскай (1899—1901) і Антверпенскай (1904—09) кансерваторый. У 1925 засн. час. «Revue musicale belge» («Бельгійскі музычны часопіс», існаваў да пач. 1940-х г.). У яго творчасці своеасабліва пераўтвораны традыцыі нац. муз. фальклору, дасягненні еўрап. і рус. муз. культур. Найб. вылучаецца яго аркестравая музыка — сімфонія «Мора» (1890), сімф. варыяцыі (1902) і інш. Аўтар опер «Прынцэса Сонечны Прамень» (1903), «Людзі мора» (паводле В.​Гюго, 1904), балета «Нявольніца» (1904), вак.-сімф. твораў, у т. л. араторыі «Дэман» (паводле Ю.​Лермантава), кантаты «Сінай» (1889) і інш., муз.-тэарэт. прац па гармоніі і аркестроўцы.

т. 6, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРА́НСКАЯ (сапр. Мурынава) Надзея Мацвееўна, спявачка (сапрана) і педагог 2-й пал. 19 ст. Скончыла Пецярбургскую кансерваторыю (клас К.​Эверардзі). Выступала ў Казані, Вільні, Пецярбургу, у Мінску з гастрольнымі трупамі на сцэне Мінскага гар. т-ра (1891—93 і 1902—03). Валодала мяккім прыемным голасам, артыстычнасцю, выключным пачуццём ансамбля. Сярод партый: Тамара («Дэман» А.​Рубінштэйна), Маргарыта («Фауст» Ш.​Гуно), Таццяна («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Антаніда («Жыццё за цара» М.​Глінкі), Маргарыта Валуа («Гугеноты» Дж.​Меербера), Наташа («Русалка» А.​Даргамыжскага), Донна Анна («Дон Жуан» В.​А.​Моцарта) і інш. У 1894—95 спявала ў Пецярбургу з Ф.​Шаляпіным у операх «Трубадур» Дж.​Вердзі (Леанора), «Кармэн» Ж.​Бізэ (Мікаэла), «Фауст» (Маргарыта). Адзін з першых вак. педагогаў на Беларусі, арганізавала Мінскую вакальную студыю.

В.​П.​Пракапцова.

т. 11, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНЕ́СТАВА (Людміла Раманаўна) (н. 18.7.1923, в. Калышкі Лёзненскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. спявачка (лірыка-драм. сапрана). Засл. арт. Беларусі (1964). Скончыла Бел. кансерваторыю (1955, клас В.​Несцярэнка). З 1949 артыстка хору Бел. радыё, у 1957—80 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. У операх бел. кампазітараў стварыла яркія вобразы Марысі («Міхась Падгорны» Я.​Цікоцкага), Аксаны («Калі ападае лісце» Ю.​Семянякі). Яе творчай індывідуальнасці найб. блізкія былі партыі драм. і трагедыйнага плана ў класічных операх: Наташа («Русалка» А.​Даргамыжскага), Тамара («Дэман» А.​Рубінштэйна), Аіда, Дэздэмона («Аіда», «Атэла» Дж.​Вердзі), Маргарыта («Фауст» Ш.​Гуно), Чыо-Чыо-сан, Тоска (аднайм. оперы Дж.​Пучыні); сярод інш. партый класічнага рэпертуару: Марыя, Настасся («Мазепа», «Чарадзейка» П.​Чайкоўскага), Леанора, Амелія («Трубадур», «Баль-маскарад» Вердзі), Джаконда («Джаконда» А.​Панк’елі).

А.​Я.​Ракава.

т. 5, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЧАНЕ́ЦКАЯ (Валянціна Фёдараўна) (9.12.1898, г. Ніжні Ноўгарад — 5.5.1980),

бел. спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. Беларусі (1955). Вучылася ў Маскоўскай кансерваторыі (1917—20) і прыватна ў В.​Пятровай-Званцавай. Працавала ў Смаленскім перасоўным т-ры, у оперных т-рах Тбілісі, Саратава, Баку і інш. У 1940—57 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала голасам прыгожага тэмбру, выдатнымі акцёрскімі здольнасцямі, была тонкім, удумлівым інтэрпрэтатарам. Сярод партый: у операх бел. кампазітараў — Ганка, Агата («Міхась Падгорны» і «Дзяўчына з Палесся» Я.​Цікоцкага), Марыя Грагатовіч («Кастусь Каліноўскі» Дз.​Лукаса), Сцепаніда («Надзея Дурава» А.​Багатырова); у класічных операх — Графіня («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Любаша («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Княгіня («Русалка» А.​Даргамыжскага), Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ), Няня («Дэман» А.​Рубінштэйна).

Літ.:

Смольскі Б.С. Майстар музычнай справы. // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.

Б.​С.​Смольскі.

В.Ф.Валчанецкая.
В.Валчанецкая ў ролі Няні.

т. 3, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)