помнік архітэктуры псеўдарускага стылю. Пабудавана ў 2-й пал. 19 ст. ў в. Карма Добрушскага р-на Гомельскай вобл. Крыжападобны ў плане будынак з трыма апсідамі. Над сяродкрыжжам невял. галоўка на чацверыку. Дамінанта аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі — высокая двух’ярусная званіца, што прымыкае да бабінца. Паверхня сцен гарызантальна руставаная. Аконныя і дзвярныя праёмы дэкарыраваны ліштвамі з кілепадобнымі завяршэннямі франтончыкаў, аркамі з паўкалонамі. Неф і трансепт храма перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі, бабінец — крыжовым, апсіды — конхамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ДЗАЎСКАЯ ЦАРКВА,
помнік архітэктуры мадэрна. Пабудавана ў 1910 з цэглы ў г.п. Відзы (Браслаўскі р-н Віцебскай вобл.). Прамавугольны ў плане будынак з 5-граннай апсідай. Вільчык 2-схільнага даху над гал. фасадам завершаны 3-яруснай званіцай з цыбулепадобным купалам, алтарная частка — драўляным 8-гранным барабанам з цыбулепадобнай галоўкай. Гал. фасад завершаны 2-гранным шчытом, вылучаны высокім уваходным парталам, дэкарыраваны бакавымі лучковымі нішамі з выявамі крыжоў. Арх. дэкор выкананы сродкамі фігурнай цаглянай муроўкі — ліштвы вокнаў з лучковымі броўкамі, падаконныя філёнгі, крыжовыя нішы на лапатках, прафіляваныя карнізы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ЦЫСТЭРЦЫЯ́НАК,
помнік архітэктуры позняга барока. У г. Мазыр Гомельскай вобл. Пабудаваны ў 1744—45 у б. урочышчы Кімбараўка па фундацыі Б.Ражанскага на правым беразе р. Прыпяць, у т.зв. Анёльскай даліне. У 1883 кляштар закрыты, у 1888 перададзены праваслаўным. Уключае мураваны касцёл Міхаіла і жылы корпус, абнесеныя мураванай агароджай. У 1893—94 касцёл рэканструяваны пад царкву: прыбудаваны драўляная званіца, бакавая мураваная галерэя і інш. Касцёл — 1-нефавы, пакрыты высокім 2-схільным дахам з увагнутымі вальмамі над 3-граннай апсідай. Мае моцную канструкцыю (таўшчыня сцен 1,5 м). Гал. фасад расчлянёны на 3 часткі высокімі пілястрамі, завершаны шырокім тонкапрафіляваным карнізным поясам і ступеньчатым атыкам (надбудаваны ў 1894). Бакавыя фасады дэкарыраваны 3 ярусамі фігурных і арачных ніш з конхамі ў верхнім ярусе. Гал. ўваход праз нізкі 5-гранны тамбур, дэкарыраваны буйнымі вуглавымі лапаткамі. Інтэр’ер быў аздоблены сюжэтнай фрэскавай размалёўкай пач. 18 ст. (не захавалася). Першапачаткова з касцёлам з ПнУ злучаўся крыты бляхай і чарапіцай П-падобны ў плане 3-павярховы жылы корпус (1-ы паверх мураваны, 2-і і 3-і — з «прускага муру»), які ствараў унутр. двор. Захаваўся корпус прамавугольны ў плане, 2-павярховы, накрыты 2-схільным дахам. Фасады рытмічна расчлянёны квадратнымі і прамавугольнымі аконнымі праёмамі і шырокімі лапаткамі ў прасценках. Іл.гл. да арт.Кімбараўскія цыстэрцыянскія кляштары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАГА ДУХО́ЎНАГА ВУЧЫ́ЛІШЧА БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры класіцызму. Пабудаваны ў 1799—1819 у Гомелі як летні дом М.П.Румянцава (арх. Дж.Кларк). З 1880 у будынку размяшчалася духоўная семінарыя. Складаўся з трох аб’ёмаў, пастаўленых на адной лініі: 2-павярховы драўляны корпус і злучаныя з ім галерэі 2-павярховых флігеляў. У 2-й пал. 19 ст. перабудаваны. Мураваны 2-павярховы П-падобны ў плане будынак. Цэнтр гал. прамавугольнага ў плане аб’ёму вылучаны магутнымі рызалітамі на гал. і дваровых фасадах. Гал. фасад дэкарыраваны сандрыкамі, лепкай і інш. Дваровыя фасады карпусоў апрацаваны рустам, завершаны карнізам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАГА ДВАРА́НСКАГА СХО́ДУ БУДЫ́НАК,
помнік грамадз. архітэктуры 2-й пал. 19 ст. ў Магілёве. Пабудаваны з элементамі стылю мадэрн. Напачатку існавалі 2 мураваныя будынкі: 3-павярховы і 2-павярховы, якія пазней аб’яднаны ў адзін Г-падобны корпус, да 2-павярховага будынка дабудаваны 3-і паверх. Гал. фасад вылучаны 2 рызалітамі, дзе размешчаны ўваходы. 1-ы паверх дэкарыраваны глыбокім рустам, члянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. 2-і і 3-і паверхі ўпрыгожаны пілястрамі, паўкалонкамі, дэкар. ўстаўкамі з ляпным арнаментам. Аконныя праёмы 2 верхніх паверхаў лучковыя, у рызалітах балконы з металічнай агароджай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ ЧЫГУ́НАЧНЫ ВАКЗА́Л,
помнік архітэктуры позняга класіцызму ў Магілёве. Пабудаваны ў 1902. Фарміруе Прывакзальную пл. з партэрам у цэнтры яе. Пасля Вял.Айч. вайны будынак рэканструяваны. Мураваны 1-павярховы прамавугольны ў плане будынак з 2 невял. прыбудовамі па тарцах. Гал. фасад вылучаны 3 рызалітамі (цэнтр. з гал. уваходам і 2 бакавыя), завершанымі атыкамі; ён прарэзаны вял. арачнымі аконнымі праёмамі (у прыбудовах — прамавугольныя), прасценкі паміж якімі дэкарыраваны руставанымі пілястрамі. Сцены завершаны прафіляваным карнізам з сухарыкамі. У цэнтры гал. фасада 8-гранны светлавы барабан з невысокай 4-граннай вежай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУЖА́НСКІ САБО́Р АЛЯКСА́НДРА НЕ́ЎСКАГА,
помнік архітэктуры позняга класіцызму ў г. Пружаны Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1866. Прамавугольная ў плане мураваная 3-нефавая 8-слуповая базіліка з паўавальнай 3-яруснай апсідай, вырашанай у 2-м і 3-м ярусах як ратонда і завершанай купалам. Гал. фасад вылучаны яруснай вежай-званіцай (у ніжнім ярусе — тамбур з 2 памяшканнямі абапал яго і хоры). Сцены дэкарыраваны пілястрамі, шырокімі прафіляванымі антаблементамі. Аконныя праёмы арачныя і круглыя. Парталы гал. і бакавых уваходаў падкрэслены плоскімі несапраўднымі порцікамі з трохвугольнымі франтонамі. Другі ярус ратонды аздоблены нішамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́СКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры псеўдарускага стылю ў г.п. Рось Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. Закладзена ў 1908 з цэглы на бутавым цокалі, неатынкавана. Уяўляе сабой квадратны ў плане асн. аб’ём, да якога далучаны 3-гранная апсіда з рызніцамі і 2-ярусная вежа-званіца (1-ы ярус — чацвярык, 2-і — 8-гранны, завершаны шатром з галоўкай). Асн. аб’ём вылучаны 8-гранным светлавым барабанам з цыбулепадобным купалам. Над апсідай — невял. галоўка. Гал. ўваход аформлены кілепадобным франтонам на паўкалонках, 2 бакавыя ўваходы з масіўнымі слупамі і кілепадобным казырком. У інтэр’еры драўляны іканастас, дэкарыраваны паўкалонкамі, накладной разьбой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМА́НАВІЦКІ БЛАГАВЕ́ШЧАНСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры «віленскага барока». Пабудаваны ў 1787 з цэглы ў в. Германавічы (Шаркаўшчынскі р-н Віцебскай вобл.). Храм падоўжнай сіметрычна-восевай кампазіцыі, якую фарміруюць прамавугольны ў плане неф і паўкруглая апсіда з нізкімі бакавымі сакрысціямі. Гал. фасад фланкіраваны дзвюма 5-яруснымі чацверыковымі вежамі са скразнымі лучковымі і арачнымі праёмамі, круглымі люкарнамі, вуглавымі лапаткамі, увагнутымі гранямі верхніх ярусаў. Асн. плоскасць гал. фасада паміж вежамі завершана шчытом, дэкарыравана пілястрамі. У арх. дэкоры гал. фасада выкарыстаны сандрыкі, рустыка, фігурныя філёнгі, тонкапрафіляваныя карнізы. Прафіляваны антаблемент інтэр’ера дэкарыраваны лепкай, хоры — ляпнымі выявамі муз. інструментаў.
А.М.Кулагін.
Германавіцкі Благавешчанскі касцёл. Галоўны фасад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІ́БАЎСКІ КАСЦЁЛ ІААНА ХРЫСЦІ́ЦЕЛЯ,
помнік архітэктуры неаготыкі ў в. Мсцібава Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1910—19 з чырв. цэглы. Храм 2-вежавы, базілікальнага тыпу з трансептам, 3-граннай апсідай і 2 сакрысціямі. Гал. (зах.) фасад 3-часткавы: цэнтр. частка завершана трохвугольным шчытом, бакавыя ў выглядзе 2-ярусных вежаў, завершаных галоўкамі. У кожнай частцы ўваходны стральчаты праём. Бакавыя фасады расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі на 2 ярусы. Вуглы вежаў, трансепта і апсіды фланкіраваны ступеньчатымі контрфорсамі. У інтэр’еры драўляны 2-ярусны разны іканастас св. Яна (19 ст.), ярусы дэкарыраваны карынфскімі калонкамі і ажурнай разьбой.