АСФІ́КСІЯ (грэч. asphyxia літар. адсутнасць пульсу),

паталагічны стан, што ўзнікае ў арганізме ад рэзкага недахопу кіслароду і лішку вуглекіслаты. Асфіксія механічная ўзнікае ад спынення доступу паветра ў лёгкія, асфіксія таксічная — ад дзеяння розных хім. рэчываў. Пры асфіксіі ўзнікаюць задышка і галавакружэнне, пачашчаецца пульс, павышаецца крывяны ціск, зацямняецца свядомасць, трацяцца адчувальнасць і рэфлексы, спыняюцца дыханне і сардэчная дзейнасць. Неадкладныя меры: штучнае дыханне, лякарствы, якія ўзбуджаюць дыхальны і сасудзісты цэнтры.

т. 2, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПНЕЎМАРЭЛЕ́ (ад грэч. pneuma павеў, паветра, дыханне + рэле),

рэлейнае прыстасаванне, у якога адчувальным элементам з’яўляецца мембрана, сільфон, а пераўтваральнікам мех. перамяшчэння і змены ціску паветра — сапло-засланка.

т. 12, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАСЕ́ННЕ ГАЛАЎНО́ГА МО́ЗГА,

пашкоджанне мозга пры мех. закрытай траўме галавы. У мозгу адзначаюцца дробныя кровазліцці, ацёк, парушэнне структуры і функцыі нерв. клетак. Праявы С.г.м.: галаўны боль, моташнасць, ірвота, галавакружэнне, ністагм, павышаны артэрыяльны ціск, зніжэнне крованапаўнення мазгавых сасудаў, парушэнне памяці; страта прытомнасці, слабы пульс, няроўнае дыханне. Лячэнне тэрапеўтычнае.

т. 15, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТКАЧО́Ў Мікола (Мікалай Гаўрылавіч; 8.3.1918, в. Горанка Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 20.4.1979),

бел. пісьменнік. Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1939). З 1943 у рэд. магілёўскай абл. газ. «За Радзіму», з 1949 у час. «Полымя», з 1957 гал. рэд. газ. «Літаратура і мастацтва», з 1959 сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 1972—79 дырэктар выд-ва «Мастацкая літаратура». Друкаваўся з 1938. Аўтар рамана «Згуртаванасць» (1949—50) пра ўсенародны характар партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. У кнігах прозы «Пошукі скарбаў» (1963), «Дыханне агню» (1978) тэмы штодзённай працы людзей, хараства душы чалавека, роздум над жыццём, яго сэнсам, узвышанае пачуццё любові да роднай зямлі, маральна-этычныя праблемы. На бел. мову перакладаў творы з англ. (М.​Твэн), лат., малд. (В.​Рошка), рус. (С.​Варонін, М.​Прыляжаева, Я.​Фёдараў), укр. і інш. л-р.

Тв.:

Дыханне агню: Раман, апавяданні. Мн., 1988.

Літ.:

Пашкевіч Н. На шырокіх шляхах жыцця. Мн., 1965. С. 66—90.

М.Ткачоў.

т. 15, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКАЛАГІ́ЧНАЯ ПІРАМІ́ДА,

графічная мадэль, якая паказвае суадносіны масы (колькасці, энергіі) прадуцэнтаў, кансументаў і рэдуцэнтаў у экасістэме. У трафічных ланцугах ч. біямасы выкарыстоўваецца на рост асобіны, а частка траціцца на дыханне, размнажэнне, рух і інш., таму колькасць біямасы (асобін, энергіі) на кожным наступным трафічным узроўні меншая, чым на папярэднім.

т. 18, кн. 1, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСТРЭ́С-СІНДРО́М,

хвароба нованароджаных у першыя гадзіны жыцця, якая праяўляецца цяжкімі дыхальнымі расстройствамі. Прычыны Д.-с. — заганы развіцця лёгкіх, сэрца, родавая траўма, унутрывантробныя інфекцыі, заўчасныя роды, хваробы цяжарных (вірусная інфекцыя, цукровы дыябет, анемія і інш.). Прыкметы: частае дыханне, цыяноз, вяласць, санлівасць, прыгнечанасць рэфлексаў, страта прытомнасці, сардэчная недастатковасць, ацёкі, паніжэнне т-ры цела і інш.

т. 6, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПНО́Э (ад а... + грэч. pnoē дыханне),

часовае спыненне дыхальных рухаў у чалавека і жывёл. Настае пасля фарсіраванага дыхання пры недахопе ў крыві вуглякіслага газу, моцнага павышэння артэрыяльнага крывянога ціску або раздражненнямі скуры (напр., халоднай вадой), у нованароджаных — адразу пасля нараджэння ад лішку кіслароду ў крыві. Адрозніваецца ад асфіксіі, якая ўзнікае пры кіслародным галаданні і лішку вуглякіслага газу.

т. 1, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЯТАНІ́Я (ад мія... + грэч. tonos напружанне),

сіндром прыроджанай гіпатаніі ці атаніі мышцаў чалавека ад парушэння абмену рэчываў і пашкоджанняў спіннога мозга. Прыкметы М.: парушэнне маторыкі (галава, рукі, ногі нованароджанага дзіцяці звісаюць уздоўж тулава, дыханне вялае, крык ціхі) без псіхічных расстройстваў. Для характэрных праяў М. выкарыстоўваюць тэрмін «вялае дзіця». Лячэнне: масаж, лячэбная фіз. культура, дазіраваная электрастымуляцыя мышцаў, рэфлексатэрапія.

т. 10, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПНЕЎМАТО́РАКС (ад грэч. pneuma павеў, паветра, дыханне + thorax грудная клетка),

запаўненне паветрам плеўральнай поласці. Узнікае пры раненнях грудной клеткі і лёгкага (траўматычны), у выніку паталаг. працэсаў у лёгкіх (напр., абсцэс, туберкулёз) — спантанны П., пры ўскрыцці плеўральнай поласці ў час хірург. аперацый (хірургічны П.). Калі адтуліна ў вісцэральнай плеўры пры ўдыху адкрываецца, а пры выдыху закрываецца, фарміруецца клапанны П.

т. 12, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́НЕЧНЫ ЎДА́Р,

пераграванне арганізма ў выніку прамога дзеяння сонечных прамянёў на галаву. Адрозніваецца ад агульнага перагравання арганізма — цеплавога ўдару. Вылучаюць 3 ступені С.ў.: лёгкая, сярэдняя, цяжкая. Сімптомы: галаўны боль, моташнасць, ірвота, т-ра да 42 °C і вышэй, часты пульс і дыханне, вял. страта вады, солей, парушэнне функцыі нырак, страта прытомнасці, сутаргі. Лячэнне: ахалоджванне цела, цень, удыханне кіслароду, медыкаментознае.

І.​М.​Семяненя.

т. 15, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)