нагор’е на ПнЗ Балканскага п-ва, у Харватыі, Босніі і Герцагавіне, Югаславіі і паўн. Албаніі. Даўж. каля 650 км, шыр. да 230 км. Пераважаюць сярэднягор’і. Найвышэйшая вяршыня 2692 м (г. Езерца ў Паўн.-Алб. Альпах). Асн. хрыбты і масівы (Велебіт, Дынара, Дурмітар, Копаанік і інш.). Складзена пераважна з мезазойскіх вапнякоў (класічны карставы раён), на У са сланцаў і пясчанікаў. Дубова-букавыя і хвойныя лясы, міжземнаморскі хмызняк, горныя стэпы і пусткі. Нац. паркі Дурмітар (унесены ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), Копаанік і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́КАВА,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Маларыцкім р-не Брэсцкай вобл.Засн. ў 1994 з мэтай аховы лясных фармацый з наборам рэдкіх відаў раслін. Пл. 1523 га. Балоты нізіннага тыпу чаргуюцца з дубовымі, дубова-грабавымі, хваёва- і ясянёва-дубовымі лясамі. Папуляцыі раслін з Чырв. кнігі: зубніца клубняносная, пылкагалоўнік чырвоны, кадзіла сармацкае, касач сібірскі, лілея царскія кучары, гайнік цёмна-чырвоны, тайнік яйцападобны. Самая вял. на Беларусі папуляцыя венерынага чаравічка (каля 2 тыс.экз.). 3 лек. раслін пашыраны ландыш майскі, валяр’ян лекавы, дзівасіл, дзядкі аптэчныя, святаяннік прадзіраўлены і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМО́РСКАЕ ПААЗЕ́Р’Е (Pojezierze Pomorskie),
узгорыстая раўніна на ПнЗ Польшчы паміж ніжнімі цячэннямі р. Одэр на З і р. Паслэнка на У (дзе мяжуе з Мазурскім Паазер’ем), берагам Балтыйскага м. на Пн і стараж. далінай Варты — Нотаці на Пд. Выш. да 329 м (г. Вяжыца). Характэрны ледавіковы плейстацэнавы рэльеф з градамі канцавых марэн. У міжмарэнных паніжэннях — азёры. На Пн і Пд — зандравыя раўніны. Пашыраны штучныя насаджэнні хвоі, рэшткі дубова-букавых лясоў, верасоўнікі, тарфянікі. П.П. — таксама агульная назва Паўднёва-Балтыйскіх Паазер’яў, сярод якіх вылучаюць Заходне-, Паўднёва- і Усходне-Паморскае Паазер’і.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАПЛО́ДНІК (Isopyrum),
род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 1 від — Р. пылюшнікавы (I. thalictroides), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў дубова-грабавых і грабавых лясах.
Р. пылюшнікавы — шматгадовая карэнішчавая расліна. Ранневясновы эфемероід. Сцябло тонкае, голае ці слабаапушанае выш. да 30 см. Лісце з перапончатымі прылісткамі, прыкаранёвае — доўгачаранковае, верхняе — сядзячае, трайчастае. Кветкі дыяметрам да 1 см, белыя, адзіночныя, радзей сабраныя па 2—3, на доўгіх кветаножках. Плод — шматлістоўка. Дэкар. і меданосная расліна. Ядавіты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯХНО́ВІЦКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
паўн.-зах. частка Радашковіцкага ўзвышша, у Маладзечанскім р-не Мінскай вобл. Абмежавана далінамі рэк Бярэзіна (прыток Нёмана) на ПдЗ, Уша (прыток Віліі) на Пн і Нарачана-Вілейскай нізінай на У. Комплекс градава-ўзгорыстага, дробна- і сярэднеўзгорыстага (выш. да 313 м на ПнЗ) марэннага рэльефу. Глыбіня эразійнага расчлянення рэльефу да 10—20 м. Ускраіны ўзвышша маюць стромкія схілы ў бок рачных далін і нізіны. Складаецца з марэнных суглінкаў і супескаў, перакрытых лёсападобнымі пародамі невял. магутнасці. Большая частка Аляхновіцкага ўзвышша разарана. Хмызнякі і лясы (ялова-дубова-хваёвыя групоўкі) захаваліся на схілах узвышша.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГАДЭ́ХСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
у Грузіі, у бас.р. Алазані, на Паўд. схілах усх.ч.Гал. Каўказскага хр.Засн. ў 1912 для аховы горных біягеацэнозаў. Пл. каля 18 тыс.га. Горы, цясніны, вадаспады, азёры, серныя крыніцы. Рэзка выяўленая верт. занальнасць расліннасці. Дубова-грабавыя, букавыя лясы, горныя лугі. У флоры 1400 відаў кветкавых раслін, у т. л. 12 эндэмічных. У фауне 38 відаў млекакормячых, у т. л. каўказскі алень, дагестанскі тур, казуля, серна, мядзведзь, ліс, воўк, шакал, рысь; 120 відаў птушак, у т. л. каўказскі цецярук, улар, фазан і інш. Больш за 1 тыс. відаў цвердакрылых і 800 відаў матылькоў. Занесены ў спіс Помнікаў прыроды ЮНЕСКА.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСЛІ́ННАСЦЬ,
сукупнасць расл. згуртаванняў (фітацэнозаў) Зямлі або асобных яе рэгіёнаў. Характарызуецца колькасцю і спалучэннем відаў, наяўнасцю розных жыццёвых форм раслін, іх прасторавай структурай і дынамікай. Пакрывае амаль усю паверхню мацерыкоў (акрамя ледзяных пустынь унутр.тэр. Антарктыды, Грэнландыі, самых высокіх раёнаў горных масіваў і сухіх пустынь), знаходзіцца ў акіянах і інш. вадаёмах. Утварае важны кампанент біясферы (фітасферу), звязана з асаблівасцямі клімату, воднага рэжыму, глебы, рэльефу, а таксама з жывёльным светам, разам з якім фарміруе розныя біягеацэнозы. Адыгрывае найважн. ролю ў першасным сінтэзе арган. рэчыва і кругавароце рэчываў. Размеркаванне Р. мае пераважна занальны характар і звязана з кліматычнымі паясамі (асабліва на раўнінах, а ў гарах выяўляецца верт. пояснасцю). У розных класіфікацыях адрозніваюць Р. водную, мезафітную, ксерафітную, галафітную, або драўнінную, травяністую, кустовую, хмызняковую. Асн. класіфікацыйныя адзінкі — асацыяцыя, фармацыя, тып. Некалькі дзесяткаў тыпаў Р. сушы характарызуюць самыя буйныя біёмы: тундру, лясны (тайга, трапічныя лясы і інш.), саванну, стэп, пустыню і інш. На Беларусі прыроднае расліннае покрыва займае 67,2% тэр., якая адносіцца да 2 буйных батаніка-геагр. абласцей — Еўрапейскай таежнай хвойна-лясной (барэальнай) і Еўрапейскай шыракаліста-лясной (немаральнай). Пашырана Р. лясная (35,6%), лугавая (17,1%), балотная (12,2%) і хмызняковая (2,3%). Асобны тып утварае водная Р. — макрафіты. Паводле прыродна-кліматычных умоў вылучаюць 3 геабат. падзоны: дубова-цемнахвойныя лясы (Паўночная), грабава-дубова-цемнахвойныя лясы (Цэнтральная) і шыракаліста-хваёвыя лясы (Паўднёвая). На Р. адмоўна ўплываюць гасп. дзейнасць чалавека, тэхнагеннае забруджванне прыродных экасістэм, змены экалагічных умоў, таму яна патрабуе рацыянальнага выкарыстання, пастаяннай аховы і аднаўлення. Вывучае Р. геабатаніка, фітацэналогія і экалогія. Гл. таксама Геабатанічнае раянаванне і іл. да яго, Расліны, Флора.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОД-А́ЙЛЕНД (Rhode Island),
штат на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. ў ЗША, у Новай Англіі. Пл. 3,2 тыс.км². Нас. 990,8 тыс.чал. (1999). Адм. ц., буйнейшы горад і гал. порт — Провідэнс. Рэльеф нізінны і раўнінны. Макс.выш. да 247 м. Клімат умераны. Сярэдняя т-растудз. каля -2 °C, ліп. 21—23 °C. Ападкаў каля 1150 мм за год, выпадаюць раўнамерна. Захаваліся ўчасткі дубова-букавых лясоў. Р.-А. найб. шчыльна населены (каля 310 чал. на 1 км²), урбанізаваны (гар. насельніцтва больш за 90%) і прамыслова развіты штат. Прам-сць: тэкст., электронная, разнастайнае машынабудаванне, металаапрацоўка, гумавая, харч., ювелірная, галантарэйная, паліграфічная. Суднабудаванне, суднарамонт. Нарыхтоўка дубу, здабыча буд. матэрыялаў. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу (малочная прадукцыя, яйкі, ягады). Вырошчваюць бульбу, гародніну, сеяныя травы. Птушкагадоўля. Марское рыбалоўства. Турызм. Транспарт аўтамаб., марскі, чыгуначны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЁН (Acer),
род кветкавых раслін сям. кляновых. Каля 150 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі, Амерыкі, Афрыкі. На Беларусі трапляецца дзікарослы від К. вастралісты (A. platanoides). Расце ў дубова-грабавых і ялова-шыракалістых лясах, зрэдку ўтварае кляновыя лясы. З інтрадукаваных найб. вядомыя К.: ілжэплатанавы, або явар (A. pseudoplatanus), татарскі, або чарнаклён (A. tataricum), прырэчны, або Гінала (A. ginnala), чырвоны (A. rubrum), зеленакоры (A. tegmentosum), мона (A. mono), серабрысты, або цукрысты (A. saccharinum).
Лістападныя дрэвы і кусты выш. ад 6—7 да 40 м з раскідзістай густой кронай. Лісце простае, лопасцевае або перыстае, чаранковае, супраціўнае. На працягу вегетацыі змяняе колер ад чырв.-зялёнага праз цёмна-зялёны да чырв.-аранжавага. Кветкі раздзельнаполыя ў шчытках, мяцёлках або гронках. Плод — двухкрылатка. Драўніна з высокімі тэхнал. якасцямі, ідзе на выраб муз. інструментаў, мэблі. З соку некат. відаў атрымліваюць кляновы цукар. Меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЬЯ́НСКІ,
біялагічны заказнік на тэр. Шумілінскага і Полацкага р-наў Віцебскай вобл.Засн. ў 1960 як паляўнічы заказнік рэсп. значэння для захавання і ўзнаўлення запасаў паляўнічай фауны. Пл. 41,4 тыс.га (1997). Заказнік у міжрэччы Обалі і Сосніцы ў межах Полацкай нізіны. Расліннасць складаецца з відаў барэальнай і зах.-еўрап. флоры, якая належыць да Заходне-Дзвінскай акругі падзоны дубова-цемнахвойных падтаежных лясоў: хваёвыя (31%), бярозавыя (30%), чорна- і шэраальховыя (22%), яловыя (13%); папарацевыя, кіслічныя, чарнічныя, сніткавыя асакова-сфагнавыя, даўгамошныя і інш. тыпы лесу. Палавіна тэр. заказніка пад вярховымі балотамі, рэдкалеснымі пераходнабалотнымі згуртаваннямі; на буйнейшым балотным масіве Обаль-2 растуць унікальныя і рэдкія раслінныя згуртаванні, рэдкія і знікаючыя віды — бяроза карлікавая, марошка прыземістая, сфагнум Ліндберга. Вядомы 46 месцаў росту 22 відаў раслін, занесеных у Чырв. кнігу Беларусі і 12 месцаў знаходжання 44 відаў жывёл, сярод якіх: барсук, беркут, бусел чорны, журавель шэры, курапатка белая, мядзведзь, няясыць даўгахвостая, падворлікі малы і вял., рысь, скапа і інш. Адзначаны месцы гнездаванняў вераценніка вял., дупеля, кулонаў вял. і сярэдняга, сяўца залацістага, турухтана, уліта вял. і інш. Шмат паляўнічых звяроў і птушак, найбуйнейшая на Беларусі папуляцыя белай курапаткі.