італьянскі жывапісец, афартыст. Пляменнік і вучань К.Каналета. Працаваў у Венецыі, Дрэздэне, Вене, Мюнхене; у 1767—80 у Варшаве, прыдворны мастак караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Майстар ведуты — дакументальна дакладнага арх. пейзажа. Аўтар серабрыстых па каларыце, крыху сухіх па малюнку відаў Венецыі, Дрэздэна, Варшавы і інш. гарадоў: «Від на Турын» (каля 1745), «Від на Дрэздэн з правага берага Эльбы ніжэй Аўгустусбруке» (1748), «Від на замак Кёнігштайн» (1764), «Від на мост Наві ў Вероне» (каля 1770), «Від на Варшаву» (1779) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭ́ЗДЭНСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1849,
адно з узбр. выступленняў на апошнім этапе Рэвалюцыі 1848—49 у Германіі ў абарону імперскай канстытуцыі, прынятай 27.3.1849 Франкфурцкім парламентам. Адбылося 3—9.5.1849 у г.Дрэздэн як рэакцыя гараджан на адмову саксонскага караля Фрыдрыха Аўгуста прызнаць канстытуцыю. Каля 12 тыс. паўстанцаў (рабочыя, муніцыпальная гвардыя і інш., у т. л. кампазітар Р.Вагнер) пад кіраўніцтвам левых радыкалаў С.Чырнера, С.Борна і рас. эмігранта М.А.Бакуніна ўзялі штурмам цэйхгаўз і стварылі барыкады ў старой ч. горада. Ліквідавана вял. сіламі саксонскіх войск з дапамогай прускіх часцей; многія ўдзельнікі паўстання былі прыгавораны ваен. судамі да пакарання смерцю (пазней памілаваны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎГУСТ III (17.10.1696, Дрэздэн — 5.10.1763),
кароль Рэчы Паспалітай [1733—63], курфюрст саксонскі (Фрыдрых Аўгуст II; 1733—63). Сын Аўгуста II. Выхаваны пратэстантам, у 1712 перайшоў у каталіцтва. Узброеная інтэрвенцыя рас. і саксонскіх войскаў у час вайны за польскую спадчыну (1733—35) дапамагла яму перамагчы свайго канкурэнта Станіслава Ляшчынскага і замацавацца на польск. троне. Быў пасіўны ў міжнар. справах, не справіўся з безуладдзем унутры Рэчы Паспалітай (пры ім паспяхова завяршыў работу толькі сейм 1736, астатнія 13 былі сарваны). Армія скарацілася да 12 тыс.чал. На Беларусі ўзмацніўся ўціск праваслаўных і пратэстантаў і інш. Жыў болей у Саксоніі, чым у Варшаве; на палітыку Аўгуста моцна ўплываў яго фаварыт граф Г. фон Бруль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАДО́СЬ (Аркадзь Лявонавіч) (н. 1.3.1943, в. Какошчыцы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),
французскі спявак (барытон). Вучыўся ў Беларускай кансерваторыі (1965—69), скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1970). З 1969 саліст Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. З 1980 у Парыжы. Выступае на вял. оперных сцэнах свету (Масква, Мілан, Парыж, Берлін, Лейпцыг, Дрэздэн, Стакгольм, Вашынгтон, акадэмія «Санта-Чэчылія»). Сярод партый: Гразной («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Анегін, Ялецкі і Томскі («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Шаклавіты («Хаваншчына» М.Мусаргскага), Напалеон («Вайна і мір» С.Пракоф’ева), Скарпія («Тоска» Дж.Пучыні), Эскамільё («Кармэн» Ж.Бізэ), Набука, Рыгалета, Радрыга, Аманасра («Набука», «Рыгалета», «Дон Карлас», «Аіда» Дж.Вердзі). На бел. сцэне выканаў партыі Гразнога і Анегіна (1994) у спектаклях Дзярж.т-ра оперы і балета, выступаў у канцэртах Бел. філармоніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮ́ЛАЎ ((Bülow) Ганс Гвіда фон) (8.1.1830, г.Дрэздэн, Германія — 12.2.1894),
нямецкі піяніст, дырыжор, кампазітар. Адзін з заснавальнікаў сучаснай дырыжорскай школы (першы дырыжыраваў на памяць). Вучыўся ў Ф.Ліста (фп.) і М.Гаўптмана (кампазіцыя). З 1850 дырыжор у т-рах Цюрыха і Санкт-Галена, у 1855—64 узначальваў канцэрты Т-ва сяброў музыкі і выкладаў у кансерваторыі Штэрна ў Берліне. З 1867 прыдворны капельмайстар і дырэктар Каралеўскай муз. школы ў Мюнхене, дзе дырыжыраваў прэм’ерамі опер «Трыстан і Ізольда» і «Нюрнбергскія майстэрзінгеры» Р.Вагнера. У 1877—79 дырыжор прыдворнага т-ра ў Гановеры (паст. оперу «Жыццё за цара» М.Глінкі, 1878), у 1880—93 дырыжор аркестраў у Майнінгене, Гамбургу, Берліне. Гастраліраваў як піяніст і дырыжор у Еўропе і Амерыцы. Выступаў як муз. крытык. П.Чайкоўскі прысвяціў Бюлаву 1-ы канцэрт для фп. з аркестрам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ПАЎСКІ ПУТЧ 1920, Капа—Лютвіца путч,
спроба кансерватыўна настроеных вайскоўцаў і праварадыкальных паліт. сіл на чале з памешчыкам В.Капам і ген. В.Лютвіцам захапіць уладу ў Германіі 13—17.3.1920. Быў накіраваны супраць Веймарскай рэспублікі. 10 сак. Лютвіц, падцягнуўшы да Берліна сілы путчыстаў, прад’явіў герм. ўраду ультыматум з патрабаваннямі распусціць Нац. сход, перавыбраць прэзідэнта краіны і адмовіцца ад скарачэння ўзбр. сіл, што праводзілася паводле Версальскага мірнага дагавора 1919. 13 сак. фарміраванні путчыстаў (у т. л. ваенізаваныя добраахвотніцкія) занялі Берлін, стварылі ўрад на чале з Капам. Прэзідэнт рэспублікі Ф.Эберт і ўрад Г.Баўэра пераехалі ў Дрэздэн, потым Штутгарт. Усеагульная забастоўка прафсаюзаў (удзельнічала 12 млн.чал.), рознагалоссі сярод путчыстаў, адсутнасць іх падтрымкі з боку б.ч. рэйхсвера і міністэрскай бюракратыі і інш. прычыны прывялі да паражэння путчу; 17 сак. Кап уцёк у Швецыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎГУСТ II (August) Моцны
(12.5.1670, Дрэздэн — 1.2.1733),
курфюрст саксонскі (Фрыдрых Аўгуст I; 1694—1733), кароль Рэчы Паспалітай [1697—1706, 1709—33]. Сын саксонскага курфюрста Іагана Георга III. Стаў курфюрстам у Саксоніі пасля смерці брата Іагана Георга IV. У 1697 перайшоў у каталіцтва і пасля смерці караля Яна III Сабескага выбраны на трон Рэчы Паспалітай. У 1699 завяршыў польска-тур. войны (гл.Карлавіцкі кангрэс 1698—99). Меў намер ператварыць ВКЛ у незалежную дзяржаву са спадчыннай манархіяй. Удзельнічаў на баку Расіі ў Паўночнай вайне 1700—21. Шведскі кароль Карл XII на тэр. Беларусі і Літвы разбіў яго войскі і паводле Альтранштацкага міру 1706 прымусіў Аўгуста II адрачыся ад кароны Рэчы Паспалітай на карысць Станіслава Ляшчынскага. Пасля паражэння швед. арміі каля Палтавы (1709) вярнуўся на трон Рэчы Паспалітай. У 1716 спрабаваў усталяваць тут абсалютызм. У змаганні з самавольствам шляхты абапіраўся на падтрымку Прусіі і Расіі, што прывяло да ўмяшання апошняй ва ўнутр. справы Рэчы Паспалітай. Празваны Моцным за фіз. сілу і любоўныя прыгоды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛЮС ((Paulus) Фрыдрых) (23.9.1890, г. Гуксхаген, Германія — 1.2.1957),
германскі военачальнік. Ген.-фельдмаршал (1943). У арміі з 1910. Скончыў кадэцкі корпус (1911). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1935—39 нач. штаба танк. войск. У 2-ю сусв. вайну нач. штаба 4-й арміі ў час Польск. кампаніі 1939, нач. штаба 6-й арміі ў перыяд Франц. кампаніі 1940, 1-ы обер-кватармайстар (нач. аператыўнага ўпраўлення) Генштаба сухап. войск (з вер. 1940), са студз. 1942 каманд. 6-й арміяй на сав.-герм. фронце. Трапіўшы ў акружэнне ў раёне Сталінграда, 31.1.1943 капітуляваў з паўд. групай сваёй арміі (гл.Сталінградская бітва 1942—43). У сав. палоне пасля 20.7.1944 (няўдалы замах у Германіі на А.Гітлера) уступіў у антыфаш. Саюз ням. афіцэраў і Нацыянальны камітэт «Свабодная Германія». У 1946 сведка абвінавачання на Нюрнбергскім працэсе. Пасля вызвалення з палону (1953) жыў у г.Дрэздэн. Аўтар твора «Я знаходжуся тут па загадзе» (апубл. ў 1960).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ННЫ СПОРТ,
скарасны спуск на спарт. санках па спец. трасах. Спарт. санкі гібкія, з камбінаванымі (дрэва, метал) палазамі, выш. 15 см, даўж. 124—150 см, шыр. каляі да 45 см. Бываюць 1- і 2-месныя. Спартсмен кіруе санкамі лежачы на спіне, нагрузку на палазы змяняе пры дапамозе нацяжнога рэменя або перамяшчэннем цэнтра цяжару. Трасы штучныя, лядовыя на бетоннай ці драўлянай аснове, даўж. 700—1250 м, з 11—18 віражамі, шыр. лядовага жолаба 1,3—1,5 м, нахіл трасы да 10°.
Узнік у Швейцарыі ў канцы 19 ст. Першыя міжнар. спаборніцтвы адбыліся ў 1883 (г. Давос). Міжнар. аб’яднанне (Саюз) па С.с. ўзнікла ў 1913 (г.Дрэздэн, Германія), Міжнар. федэрацыя С.с. — у 1957. Чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1914, свету — з 1955. З 1964 спаборніцтвы ўваходзяць у праграму Алімп. гульняў. Найб. развіты С.с. у Аўстрыі, Германіі, Італіі, Нарвегіі, Польшчы, Славакіі, Чэхіі, Швейцарыі і інш.
На Беларусі секцыя С.с. створана ў 1968 (Мінскі аўтазавод). 1-ы чэмпіянат Беларусі праведзены ў 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛЕ́СКІ (Браніслаў Францавіч) (21.6.1820, мяст. Вызна Слуцкага пав., цяпер г.п. Чырвоная Слабада Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 2.1.1880),
бел. і польскі мастак, пісьменнік. Чл.-кар.АН у Кракаве (1873). За ўдзел у нелегальных студэнцкіх гуртках у час вучобы ў Дэрпцкім ун-це (1840-я г.) у 1846 арыштаваны, у 1847 сасланы ў Арэнбург, потым у Хіву, Туркестан. Разам з Т.Р.Шаўчэнкам (перапісваўся з ім у 1853—59) удзельнічаў як мастак у экспедыцыях па Аральскім краі і ў горы Каратау. У 1856 вярнуўся на радзіму, у в. Рачкавічы, дзе стварыў шэраг пейзажаў; жыў у в. Дарава каля Баранавічаў, у Мінску, каля Гродна (1857—59). Рабіў малюнкі да «Віленскага альбома» Я.Вільчынскага, які выдаваўся ў 1848—60-я г. У пач. 1860-х г. эмігрыраваў за мяжу (Дрэздэн, Рым, Парыж), дзе стварыў афорты «Калізей у Рыме» (1864), «Від Сан-Мало». Памагаў паўстанцам 1863—64 у закупцы зброі. Сакратар Гісторыка-літ.т-ва і рэдактар яго «Штогоднікаў» (з 1866, Парыж), выпусціў ілюстраванае (22 афорты) выданне «Жыццё кіргізскіх стэпаў» (1865), «Польскія выгнаннікі ў Арэнбургу» (1866), а таксама ўспаміны пра сучаснікаў. Аўтар прац «Адмена прыгонніцтва ў Літве» (1868), «З жыцця літвінкі» (пра мастачку А.Скірмунт, 1876) і інш. Стварыў шэраг малюнкаў пра паўстанне 1863—64 («Серакоўскі ў турме», 1863, і інш.), пейзажаў («Паток у Ціролі»). Сябраваў з Ц.Норвідам, быў адрасатам яго паэт. ліста «Да Браніслава З.». Перапісваўся з А.І.Герцэнам.
Тв.:
(Из заметок Шевченко). // Т.Г.Шевченко в воспоминаниях современников. М., 1962.
Літ.:
Александровіч С. Старонкі братняй дружбы. Мн., 1960. С. 173—181.