у цывільным праве дагавор адчужэння жылога дома (кватэры) з умовай пажыццёвага ўтрымання яго ўладальніка. Паводле гэтага дагавора адзін бок (набытчык) абавязваецца прадаставіць другому боку, які з’яўляецца непрацаздольным па ўзросце або па стане здароўя (адчужальнік), пажыццёвае матэрыяльнае забеспячэнне ў натуры (у выглядзе жылля, харчавання, догляду і неабходнай дапамогі), а адчужальнік — перадаць ва ўласнасць набытчыка жылы дом (кватэру). Дагавор складаецца ў адпаведнасці з правіламі, выкладзенымі ў Цывільным кодэксе Рэспублікі Беларусь. Дагавор можа быць скасаваны па патрабаванні адчужальніка ў выпадку невыканання набытчыкам прынятых на сябе абавязацельстваў ці па патрабаванні набытчыка, калі яго матэрыяльнае становішча пагоршылася па незалежных ад яго абставінах і ён не можа прадаставіць адчужальніку абумоўленае ўтрыманне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЭЛЕВА́ТАР (ад гідра... + элеватар),
струменная помпа для перамяшчэння па трубаправодзе вадкасцей і гідрасумесей. Выкарыстоўваецца для транспартавання матэрыялаў на невял. (да некалькіх соцень метраў) адлегласці, пры гідрамеханізацыі горных і земляных работ, для выдалення шламаў на абагачальных фабрыках, шлаку і попелу на электрастанцыях і ў кацельных і інш.
Дзеянне гідраэлеватара заснавана на прынцыпе перадачы энергіі аднаго патоку другому. Напорная вада з вял. скорасцю выцякае з насадкі ў камеру змешвання, дзе ствараецца разрэджванне і адбываецца ўсмоктванне матэрыялу. Утвораная гідрасумесь (пульпа) паступае ў дыфузар, які стварае напор і забяспечвае далейшае перамяшчэнне сумесі па трубаправодах. Гідраэлеватары простыя па канструкцыі і надзейныя ў рабоце, але маюць невял. ккдз (да 30%).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСЛЕ́ДАВАННЕ,
перадача генетычнай інфармацыі ад аднаго пакалення арганізмаў другому. Знешне наследуюцца адзнакі (на самай справе гены), што іх вызначаюць. Адрозніваюць Н. ядзернае (гены ў храмасомах) і Н. цытаплазматычнае (гены ў ДНК арганоідаў). Ядзернае бывае аўтасомнае (гены ў аўтасомах) і счэпленае з полам ’(гены ў палавых храмасомах). Адрозніваюць таксама Н., залежнае ад полу (адзнакі праяўляюцца па-рознаму ў асобін рознага полу), і Н., што кантралюецца полам (адзнакі праяўляюцца ў асобін аднаго полу). Працэс Н. забяспечвае матэрыяльную пераемнасць паміж пакаленнямі арганізмаў на Зямлі. Аналіз Н. адзнак з’яўляецца зыходным і неабходным этапам усіх генет. даследаванняў. Выкарыстоўваецца ў медыцыне пры медыка-генет. кансультаванні для вызначэння рызыкі нараджэння дзіцяці са спадчыннай хваробай, у селекцыі для выбрання метадаў адбору і гібрыдызацыі гасп. карысных відаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗЕ́ЛЬНАСЦЬ,
здольнасць аднаго ліку (ці алг. выразу) дзяліцца на другі (гл.Дзяленне). Напр., адзін цэлы лік кратны другому, калі ў выніку дзялення першага (дзеліва) на другі (дзельнік) атрымліваецца таксама цэлы лік.
Уласцівасці П. залежаць ад таго, якія сукупнасці лікаў разглядаюцца. Лік наз. простым, калі ў яго няма дзельнікаў, адрозных ад яго самога і адзінкі (напр., лікі 2, 3, 5, 7), і састаўным у процілеглым выпадку. Любы цэлы састаўны лік можна адназначна раскласці ў здабытак простых лікаў, напр., 72 = 2∙2∙2∙3∙3. Існуюць прыкметы, па якіх лёгка вызначыць, ці дзеліцца зададзены лік на просты. Напр., лік дзеліцца на 2, калі яго апошняя лічба цотная; лік дзеліцца на 3 (ці 9), калі сума яго лічбаў дзеліцца на 3 (ці 9).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСТЫТУ́ЦЫЯ (лац. restitutio аднаўленне),
1) у цывільным праве — вяртанне бакамі, якія заключылі здзелку, усяго атрыманага па здзелцы ў выпадку прызнання яе несапраўднай. Пры немагчымасці вярнуць атрыманае ў натуры кампенсуецца яго кошт у грашах, калі інш. вынікі несапраўднасці здзелкі не прадугледжаны ў-законе. Агульным правілам з’яўляецца двухбаковая Р. — кожны з бакоў вяртае другому ўсё атрыманае па здзелцы, а пры немагчымасці гэта зрабіць вяртае яго кошт у грашах.
2) У міжнародным праве — вяртанне маёмасці, неправамерна захопленай і вывезенай адным з ваюючых бакоў з тэр. другой дзяржавы, якая з’яўлялася яго ваен. праціўнікам. Міжнар.-прававыя акты, прынятыя ў перыяд і пасля заканчэння 2-й сусв. вайны, прадугледжвалі вяртанне ў парадку Р. дзяржавам, якія падвергліся нападу і акупацыі фаш. Германіяй і яе саюзнікамі, матэрыяльных каштоўнасцей, захопленых і незаконна вывезеных з часова акупіраваных тэрыторый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКРЭДЫТЫ́Ў,
разліковы ці грашовы дакумент у выглядзе даручэння аднаго банка другому зрабіць аплату за адгружаны тавар, выкананыя работы (паслугі) ці выдаць прад’яўніку акрэдытыва пэўную суму грошай пры выкананні пэўных умоў.
Бываюць акрэдытывы: грашовы — імянны дакумент, што выдаецца банкам асобе, якая ўнесла пэўную суму і жадае атрымаць яе цалкам ці часткамі ў інш. горадзе на працягу агаворанага часу; таварны — форма безнаяўных разлікаў, пры якой разліковыя дакументы аплачваюцца плацельшчыкам на месцы знаходжання пастаўшчыка за кошт сродкаў, спецыяльна забраніраваных у банку аплачваемым бокам, ці аплата гэтых дакументаў гарантавана банкам; адзыўны — можа быць ануляваны банкам, што яго адкрыў; безадзыўны — з’яўляецца цвёрдым абавязацельствам банка-эмітэнта; пацверджаны — гарантаваны банкам, які яго адкрыў; непацверджаны — без гарантый банка; рэвальверны — па меры выкарыстання аўтаматычна папаўняецца ў межах устаноўленай агульнай сумы ліміту і тэрміну дзеяння; пераводны — цалкам ці часткова можа быць выкарыстаны інш. асобамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМАЎЛЕ́ННЕ,
элемент дыялектыкі, што фіксуе адзін з неабходных момантаў развіцця і ўмову змены аб’екта, пры якой некаторыя элементы не проста знішчаюцца, але захоўваюцца ў новай якасці. Віды адмаўлення розныя. Пры зняцці адбываецца ліквідаванне прадмета як пэўнага цэлага, але з захаваннем яго асобных («станоўчых») элементаў. Дэструкцыя азначае разбурэнне, знішчэнне структуры, якую адмаўляюць. Адмаўленне ў выглядзе трансфармацыі мае месца ў выпадках пераходу ад адной стадыі развіцця да другой у рамках той жа самай сістэмы. Адмаўленне сацыяльнае — сукупнасць дзеянняў чалавека па змене наяўных грамадскіх адносін, пры якіх выяўляюцца канкрэтныя суб’екты, аб’екты, мэты, прастора, час, каштоўнасныя арыентацыі і экзістэнцыялы, сродкі, метады. У найб. рэзкіх формах сац. адмаўленне выяўляецца ў войнах, рэвалюцыях, генацыдзе, злачыннасці, міжнац. канфліктах і інш. Адмаўленне, якое вядзе да сац. прагрэсу, называюць дыялектычным, процілеглае — чыста суб’ектыўным (гл.Нігілізм).
Адмаўленне ў логіцы — мысленнае проціпастаўленне аднаго суджэння другому.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗЫ́КА,
перадача грашовых сродкаў або матэрыяльных каштоўнасцей адным удзельнікам дагавора другому з умовай вяртання і выплаты працэнтаў. Від П. залежыць ад характару дагавора, складу ўдзельнікаў пазыковай здзелкі, памеру і крыніцы выплаты працэнтаў і інш. П. бываюць: банкаўскія, дзе пазыкадаўцамі з’яўляюцца пазыковыя ўстановы (банкі), а пазычальнікамі — юрыд. і фін. асобы; дзяржаўныя (бюджэтныя), у якіх удзельнікамі пазыковай здзелкі могуць выступаць як з боку пазычальніка, так і з боку пазыкадаўцы бюджэты розных узроўняў (рэсп. і мясц. ад імя дзяржавы); камерцыйныя, у якіх суб’екты гаспадарання даюць пазыковыя сродкі і таварна-матэрыяльныя каштоўнасці адзін аднаму; спажывецкія, дзе пазычальнікам з’яўляецца насельніцтва. Класіфікуюцца: паводле мэтавага прызначэння; спосабу выдачы пазычаных сродкаў — арганізаваныя і неарганізаваныя, прамыя і ўскосныя; паводле тэрмінаў пагашэння — тэрміновыя, кароткатэрміновыя, доўгатэрміновыя, адтэрмінаваныя і пратэрмінаваныя; паводле месца ажыццяўлення — унутраныя і знешнія. Суб’ектамі знешніх (міжнар. П.) выступаюць дзяржавы, банкі, міжнар. і міжрэгіянальныя валютна-крэдытныя і фін. арг-цыі, юрыд. асобы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННА-РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т БЕЛАРУ́СКАЙ ССР (ВРКБССР),
надзвычайны вышэйшы орган сав. улады на тэр. Беларусі ў 2-й пал. 1920. Утвораны ў Мінску на базе Мінскага губ.ВРК у адпаведнасці з Дэкларацыяй аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай ССР ад 31.7.1920. У яго ўвайшлі А.Р.Чарвякоў (старшыня), А.І.Вайнштэйн, У.М.Ігнатоўскі, В.Г.Кнорын, А.М.Крыніцкі, І.Т.Смілга. Падпарадкоўваўся Рэв.ваен. савету Зах. фронту. Друк. органы — газ.«Савецкая Беларусь», «Известия военно-революционного комитета ССРБ», «Звезда» і пав. газеты. Асн. задачы: арганізацыя сав. улады на месцах, дапамога Чырв. Арміі, падрыхтоўка склікання з’ездаў Саветаў і выбары пастаянных органаў улады. Меў камісарыяты: ваенны, унутр. спраў, земляробства, фінансаў, харчавання, працы, асветы, аховы здароўя, сац. забеспячэння, юстыцыі, сувязі, рабоча-сял. інспекцыі, савет нар. гаспадаркі і інш. У жн. ўлада ВРКБССР распаўсюджвалася на 21 павет Мінскай, Віленскай і Гродзенскай губ., у кастр. пасля заканчэння сав.-польскай вайны — толькі на 6 паветаў Мінскай губ.ВРКБССР перадаў свае паўнамоцтвы Другому Усебеларускаму з’езду Саветаў (13—17.12.1920).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕІ́ТАЎ (Сагінгалі) (н. 20.11.1917, Акжаікскі р-н Уральскай вобл., Казахстан),
казахскі паэт, літаратуразнавец. Канд.філал.н. (1961). Скончыў Алма-Ацінскі пед.ін-т (1941). Удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Працуе ў Ін-це л-ры і мастацтва АН Казахстана (з 1961). Друкуецца з 1930-х г. Аўтар паэт. зб-каў «Ад сэрца да сэрца» (1953), «Да вышынь» (1963), «Рэха» (1967), «Я заўсёды з вамі» (1968) і інш. Даследуе каз.-бел. літ. ўзаемасувязі, творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, М.Танка і інш.: арг. «Янка Купала» (1954), «Літаратура беларускага народа» (1955), «Вузы трывалых сувязей» (1965), «Голас народнага трыбуна», «Прачытай і перадай другому» (1982). Беларусі прысвяціў вершы «Балада пра Пінскія балоты», «Магілёў», «Мінск узяты», «Школа», «Канстанцін Заслонаў», «Брэст» і інш., апавяд. і нарысы «Вочы эскадрона», «Паядынак». На каз. мову пераклаў вершы Я.Купалы, М.Танка. На бел. мову яго вершы пераклалі Р.Барадулін, У.Корбан, В.Рагойша.
Тв.:
Рус.пер. — Капли на тополях. Алма-Ата, 1961;
Сокровенное. Алма-Ата, 1981.
Літ.:
Рагойша В. Дыялогі з палымянай памяццю // Маладосць, 1976. № 2.