ТО́КАРАЎ Генадзь Барысавіч (н. 9.12.1931, г. Смаленск, Расія),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў тэатр. студыю ў Смаленску (1955). З 1956 працуе ў Брэсцкім т-ры драмы і музыкі. Выканаўца драм., характарных роляў. Стварыў пераканаўчыя сцэн. вобразы сучаснікаў: Андрэй, Алег («У добры час!», «У пошуках радасці» В.​Розава), Сеўка («Шануй бацьку свайго» В.​Лаўрэнцьева), Цімур Зямны («Лейтэнанты» А.​Пінчука) і інш. Адметнай характарнасцю, мяккім гумарам, пластычнай выразнасцю і сатыр. завостранасцю пазначаны яго пазнейшыя работы: Кукушкін, Рагулін («Брэсцкая крэпасць», «Людзі і камяні» К.​Губарэвіча), Нічыпар («Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы), Скаромны («Таблетку пад язык» А.​Макаёнка), Ермалай («Характары» паводле В.​Шукшына), Вурм («Каварства і каханне» Ф.​Шылера), Мендоза («Дзень цудоўных падманаў» Р.​Шэрыдана) і інш. Сярод інш. роляў: Дук («...Выратаваць хачу зямную прыгажосць...» паводле твораў А.​Пушкіна), Бальшынцаў («Месяц у вёсцы» І.​Тургенева), Антоніо («Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ), Гжэгаж («Дамы і гусары» А.​Фрэдры), Хмелік («Сола для гадзінніка з боем» О.​Заградніка).

Р.​М.​Бакіевіч.

т. 15, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЖЫ́НКІ,

старадаўні земляробчы звычай у беларусаў і інш. славянскіх народаў, звязаны з пачаткам жніва. Яго абрадавы сэнс быў скіраваны на тое, каб забяспечыць добры збор ураджаю. Звычайна З. спраўлялі ў суботу вечарам; перад гэтым прыбіралі хату і двор, стол засцілалі белым абрусам, клалі бохан хлеба с соллю. Зажынальніцай выбіралі жанчыну «лёгкую на руку», каб усё жніво прайшло спраўна. Ў першы выхад на ніву нажыналі невял. сноп жыта, перавязвалі яго чырвонай стужкай, неслі дахаты і ставілі на покуці (зерне з яго пасля дамешвалі да насення). У дзень З. рыхтавалася святочная вячэра, у час якой сям’я з’ядала хлеб і сыр, прынесеныя з поля. У наш час З. адзначаюць як свята першага снапа.

А.​С.​Ліс.

т. 6, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗАКО́Ў Міхаіл Міхайлавіч (н. 14.10.1934),

расійскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. Расіі (1980). Скончыў Школу-студыю МХАТ (1956). Працаваў у маскоўскіх т-рах імя Маякоўскага, «Сучаснік», МХАТ, на Малой Броннай, у 1991—97 у Камерным т-ры Тэль-Авіва. Акцёр інтэлектуальнага плана, ігра вызначаецца спалучэннем рамант. узвышанасці і іроніі. Выконвае драм. і камедыйныя, вострахарактарныя ролі: Гамлет («Гамлет» У.​Шэкспіра, 1978), Качкароў («Жаніцьба» М.​Гогаля, 1975) і інш. Зняўся ў фільмах «Забойства на вуліцы Дантэ» (1956), «Чалавек-амфібія» (1962), «Добры дзень, я ваша цёця!» (1975), «20-е снежня» (1981, Дзярж. прэмія Расіі 1983) і інш. Пастаноўшчык тэлефільмаў «Безыменная зорка» (1978), «Пакроўскія вароты» (1982), «Калі верыць Лапатухіну» (1983), «Візіт Дамы» (1989). Дзярж. прэмія СССР 1967.

т. 7, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕГВІНЕТУХУЦЭ́СІ Атар Вахтангавіч (н. 16.1.1932, Грузія),

грузінскі акцёр. Нар. арт. СССР (1979). Скончыў Дзярж. тэатр. ін-т імя Ш.​Руставелі ў Тбілісі (1954). У 1954—61 і з 1972 у Т-ры імя К.​Марджанішвілі ў Тбілісі. Сярод роляў: Уджуш Эмха («Хакі Адзба» Л.​Кіячэлі), Атэла («Атэла» У.​Шэкспіра), Лео («Правінцыяльная гісторыя» Л.​Росеба) і інш. З 1958 здымаецца ў кіно: Джамбулат («Фаціма», 1958), Джакола («Мальба», 1968), цар Георгій («Дзясніца вялікага майстра», 1970), Арзакан («Выкраданне месяца», 1973), Эліёз («Дрэва жадання», 1977), Дата Туташхія (шматсерыйны тэлефільм «Берагі», 1979), Н.​Пірасманішвілі («Добры дзень, усе!», 1980), Пагаў («Брат», 1982) і інш. Дзярж. прэмія Грузіі імя Марджанішвілі 1977. Дзярж. прэмія СССР 1981.

т. 10, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́ЙША Казімір Вікенцьевіч (н. 4.12.1943, в. Малыя Навікі Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік Скончыў БДУ (1970). Працаваў у раённых газетах, на Бел. радыё, з 1979 у час. «Полымя», «Вясёлка», з 1988 у час. «Маладосць». Друкуецца з 1959. Першы зб. вершаў «Восеньскія позвы» (1969). Асн. матывы творчасці — апяванне чалавека працы, дружбы, высакародства і маральнай прыгажосці сучасніка: зб-кі «Мембрана» (1972), «Нектар» (1974), «Тут мае весны прычалены» (1977), «Сябрына» (1978), «Плёс» (1982), «Галоўная вярста» (1985), «Пярэймы дня» (1988), «Кубак блакіту», (1993), «Лінія лёсу» (1996). Аўтар кніжак для дзяцей «Гаёўка» (1975), «Буслянка» (1985), «Дзятлава кузня» (1987), «Дзень добры, шафёр» (1988), «Гарцунок» (1991), «Дожджыкава лічылка» (1998). Выступае з рэцэнзіямі, артыкуламі, нарысамі. Перакладае з рус., укр., польск. моў.

Тв.:

Я з пушчы... Мн., 1995.

К.В.Камейша.

т. 7, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРАХАТУ́НАЎ Барыс Канстанцінавіч (н. 28.11.1924, Тбілісі),

расійскі рэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1966). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1951, педагог А.​Даўжэнка). З 1951 працаваў на Далёкаўсх. студыі кінахронікі, з 1969 маст. кіраўнік вытв. аб’яднання «Летапіс» кінастудыі «Беларусьфільм», з 1979 на Рас. цэнтр. студыі хранікальных і дакумент. фільмаў. Лепшым фільмам уласцівы праблемны падыход да тэматыкі, арган. спалучэнне розных часавых пластоў з выкарыстаннем мастацтва рэпартажных здымак. На студыі «Беларусьфільм» стварыў фільмы па ўласных сцэнарыях: «Бронзавы салдат» (1970), «Памятай!» (1972), «Дзіяна беларускіх лясоў» (сцэн. з А.​Васільевым), «Добры дзень, Беларусь!», «Адзінаццаты раунд» (усе 1973), «Шлях да Арыёна» (1974), «Вялікая вада на Брэстчыне» (1975), «Добрая зямля», «І днём, і ноччу» (1977), «Строгі рахунак» (1978), «Гарачыя травы» (1979), «Вахта памяці. Мінск—1984» (1984).

А.​А.​Лабовіч.

т. 14, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯ́ГІН Аляксандр Аляксандравіч (н. 25.5.1942, г. Малмыж Кіраўскай вобл., Расія),

расійскі акцёр і рэжысёр. Нар. арт. Расіі (1983). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчукіна (1965). На сцэне з 1965, з 1971 у МХАТ. Заснавальнік і кіраўнік драм. т-ра «Et cetera» (з 1993).

Творчасці ўласцівы шырокі артыстычны дыяпазон — ад стрыманага драматызму да феерычнага гумару, ад камедыйнасці да тонкага псіхалагічнага аналізу і спавядальнай адкрытасці. Сярод тэатр. роляў: Ленін («Так пераможам!» М.​Шатрова, 1981), Аргон («Тарцюф» Мальера, 1981), Пратасаў («Жывы труп» Л.​Талстога, 1982), Сіман («Тамада» А.​Галіна, 1986) і інш. Здымаецца ў кіно («Свой сярод чужых, чужы сярод сваіх», 1974; «Добры дзень, я ваша цёця!», 1975; «Раба кахання», 1976; «Няскончаная п’еса для механічнага піяніна», 1977; «Допыт», 1979; «Іван, ты абраж», 1992; «Прахіндзіяда», 1994, і інш.). Дзярж. прэміі СССР 1981, 1983.

т. 7, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУЛЕЙМЕ́НАЎ Алжас Амаравіч (н. 18.5.1936, г. Алматы, Казахстан),

казахскі пісьменнік. Скончыў Казахскі ун-т (1959) і Літ. ін-т імя М.​Горкага ў Маскве (1961). Друкуецца з 1959. Піша на рус. мове. Аўтар зб-каў вершаў «Аргамакі» (1961), «Сонечныя ночы» (1962), «Ноч-парыжанка» (1963), «Добры час усходу» (1964), «Год малпы» (1967), «Гліняная кніга» (1969), «Кожны дзень — раніца», «Паўтараючы ў поўдзень» (абодва 1973), «Круглая зорка» (1975), «Вызначэнне берага» (1976), зб. вершаў і прозы «Над белымі рэкамі» (1970), кн. нарысаў «Аз і я» (1975), даследаванняў «Мова пісьма» (2000), «Усмешка Бога» (2001). Творчасць вызначаецца складанасцю паэт. асацыяцый, філасафічнасцю, публіцыстычнасцю. Паводле сцэнарыяў С. зняты фільмы «Зямля бацькоў» (1966), «Сіні маршрут» (1968). На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў Р.​Барадулін.

Літ.:

Каратаев М. Дым отечества // Каратаев М. Мировоззрение и мастерство. Алма-Ата, 1965.

т. 15, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

У́КСУСАЎ Барыс Васілевіч (24.7.1922, г. Варонеж, Расія — 31.8.1998),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1955). Вучыўся ў Варонежскім тэатр. вучылішчы (1939—41). З 1945 у розных драм. т-рах. У 1951—63, 1965—70 у Брэсцкім абл. драм. т-ры. Выканаўца драм. і характарных роляў. Пошукі драматычнага ў чалавечым характары вызначыліся ў ролях Рабініна («Юнацтва бацькоў» Б.​Гарбатава), Сяргея («Іркуцкая гісторыя» А.​Арбузава), Марэсьева («Сапраўдны чалавек» паводле Б.​Палявога) і інш. У ролях класічнага рэпертуару арганічна спалучаў задуму аўтара з пачуццём псіхал. праўды, карыстаўся нязвыклымі галасавымі мадуляцыямі, камед. і драм. фарбамі: Гарадулін («На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.​Астроўскага), Штапноў («Сокалы і крумкачы» А.​Сумбатава-Южына), Фігаро («Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ). З інш. роляў: Трэплеў («Чайка» А.​Чэхава), Троцкі («Брэсцкі мір» К.​Губарэвіча), Аляксей («У добры час!» В.​Розава).

Т.​Дз.​Арлова.

т. 16, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВАМЕСКІ (Novomeský) Лаца (сапр. імя Ладзіслаў Міхал; 27.12.1904, Будапешт — 4.9.1976),

славацкі паэт, грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Чэхаславакіі (1964). Скончыў настаўніцкі ін-т у г. Модра (1923), Браціслаўскі ун-т (1925). У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік руху Супраціўлення, адзін з арганізатараў Славацкага нац. паўстання 1944. Ў 1945—50 міністр адукацыі і культуры Славакіі. Пачынаў у рэчышчы пралет. паэзіі (зб. «Нядзеля», 1927). Аўтар зб-каў лірыкі сац.-псіхал. («Адчыненыя вокны», 1935; «Адтуль» і «Добры дзень, вам», абодва 1964), антыфаш. («Святы за ваколіцай», 1939; «Забароненым алоўкам», 1946), паэм «Да горада 30 хвілін» і «Віла Тэрэза» (абедзве 1963), літ.-знаўчых і публіцыстычных артыкулаў. Перакладаў з чэш., венг. і рус. моў. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі А.​Вялюгін, Н.​Гілевіч, У.​Караткевіч, П.​Макаль.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Галасы маіх сяброў. Мн., 1993;

Рус. пер. — Избранное. М., 1966;

Стихи. Поэмы. Статьи. М., 1976.

А.​У.​Вострыкава.

т. 11, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)