ПО́ПРАДКІ, вячоркі,

даўні звычай бел. вясковых дзяўчат збірацца вечарамі з работай у адной хаце. Пачыналіся ад Пакроваў (1 кастр. с.ст.) і доўжыліся да Вялікадня. На П. звычайна пралі, ткалі, вышывалі. Прыходзілі і хлопцы, якія плялі лапці, вырэзвалі лыжкі, рамантавалі калаўроты для дзяўчат. На П. жартавалі, расказвалі цікавыя здарэнні, казкі, паданні, былічкі, загадвалі загадкі. У перадсвяточныя вечары дзяўчаты прыносілі невял. пачастунак, пасля якога моладзь спявала песні, танцавала пад гармонік ці скрыпку. Звычай не захаваўся.

Л.​І.​Мінько.

т. 12, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЦЁМЕНКА (Кацярына Гаўрылаўна) (н. 10.10.1925, с. Пяскі-Радзькаўскія Бароўскага р-на Харкаўскай вобл.),

бел. майстар пляцення мастацкіх вырабаў з саломы. Засл. работнік культуры Беларусі (1980). Заснавальніца промыслу саломапляцення на Магілёўскай ф-цы маст. вырабаў. У творчасці этнагр. і быт. сюжэты («Вяселле», «Беларускія дзяўчаты», «Хлеб-соль Магілёўшчыны», «Тройка», «Конь-агонь»), анімалістычная тэматыка (цукерніцы, каўшы, хлебніцы і інш. ў выглядзе жывёл і птушак). Лепшыя работы захоўваюцца ў Нац. маст. музеі Беларусі, Нац. музеі гісторыі і культуры Беларусі і інш.

Я.​М.​Сахута.

К.Арцёменка. Конь-агонь.

т. 1, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛКАЎ (Аляксандр Мяленцьевіч) (14.7.1891, г. Усць-Каменагорск, Казахстан — 3.7.1977),

рускі пісьменнік. Аўтар твораў для дзяцей (аповесці-казкі «Чараўнік Ізумруднага горада», 1939; «Урфін Джус і яго драўляныя салдаты», 1963; «Сем падземных каралёў», 1964; «Вогненны бог Маранаў», 1968; «Жоўты туман», 1970, і інш.), кніг займальных апавяданняў па геаграфіі і астраноміі («Зямля і неба», 1957), пра гісторыю навукі («У пошуках праўды», апубл. 1980). У гіст. рамане «Дойліды» (1954) маст. асэнсаванне жыцця і дзейнасці рус. дойлідаў 16 ст., у «Блуканні» (1963) перыпетыі асабістага лёсу італьян. філосафа і паэта Дж.​Бруна.

А.М.Волкаў. Дзяўчаты з бавоўнай. 1932.

т. 4, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕГРА́Н ((Legrand) Мішэль) (н. 24.2.1932, Парыж),

французскі кампазітар, джазавы піяніст, дырыжор. Скончыў Парыжскую кансерваторыю (1950, клас Н.​Буланжэ). Працаваў акампаніятарам эстр. спевакоў. Напісаў шэраг балетаў для трупы «Балет Парыжа», у т. л. «Праклятыя красуні» (1955), «Валянціна» (1956). Пранікнёны лірызм уласцівы яго музыцы да муз. фільмаў «Шэрбургскія парасоны» (1963), «Дзяўчаты з Рашфора» (1967). Яго музыка вылучае таксама кінафільмы «Незвычайная Амерыка» і «Жанчына ёсць жанчына», «Сем смяротных грахоў», «Ева», «Лета 42-га» і інш. Неаднаразова наведваў Беларусь, у т. л. як старшыня журы міжнар. фестывалю «Славянскі кірмаш» у Віцебску.

т. 9, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛО́ВА (Антаніна Аляксееўна) (24.12.1924, г. Талдам Маскоўскай вобл. — 24.7.1993),

бел. мастак кіно, жывапісец. Засл. работнік культ. Беларусі (1977). Скончыла Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1951). Працавала ў Маскоўскім вышэйшым маст.-прамысл. вучылішчы, Белдзяржкіно, на камбінаце Бел. тэатр. т-ва. Мастак фільмаў: «Чэмпіён свету», «Палеская легенда» і «Пасеялі дзяўчаты лён» (эскізы касцюмаў). У 1960—70-я г. распрацоўвала нац. сцэнічныя касцюмы для ансамбляў «Песняры», «Харошкі», «Равеснік», «Раніца», «Нёман», «Палескія зоры», «Лявоніха», «Маладосць», для хору Цітовіча. Жывапісныя работы: «На рэпетыцыі» (1958), «Сябры» (1960), «Пачатак вясны» (1961), «Флёксы» (1962).

А.​М.​Замай.

А.Бялова. Сцэнічныя касцюмы для фальклорных калектываў. 1977.

т. 3, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЁЛЯ,

багіня вясны, дзявочага хараства ў язычніцкай міфалогіі ўсх. славян. Беларусы ўяўлялі яе маладзенькай, прыгожай дзяўчынай, якая ранняю вясною ходзіць па праталінах і абуджае зямлю ад зімовага сну; дзе Л. ступіць, там зелянее трава, распускаюцца кветкі. Сваіх немаўлят маці апраналі ў «лёлечкі» (расхінныя кашулі) і пускалі ступіць босымі ножкамі на першую траву, каб набрацца ад Л. моцы і прыгажосці. Напярэдадні Юр’я (23 крас. с. ст.) дзяўчаты спраўлялі ляльнік (веснавое свята, урачыстасць у гонар кахання і шлюбу) — з песнямі вадзілі карагод вакол першай зазелянелай бярозкі. Самых прыгожых дзяўчат называлі Ляляю або Лёляю.

І.​П.​Хаўратовіч.

т. 9, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНРО́ (Monroe) Мэрылін [сапр. Бейкер Мортэнсан

(Baker Mortenson) Норма Джын; 1.6.1926, г. Лос-Анджэлес, ЗША — 5.8.1962], амерыканская кінаактрыса. У кіно з 1947. У 1950-я г. самая папулярная актрыса — увасабленне жывой «амерыканскай мары». Здымалася ў фільмах розных жанраў: меладраме «Ніягара» (1953),

вестэрне «Рака, адкуль не вяртаюцца» (1954), камедыях «Сверб сёмага года» (1955), «Прынц і танцоўшчыца» (1957), «Некаторыя любяць больш гарачае» (1959, у сав. пракаце «У джазе толькі дзяўчаты») і інш. Дыяпазон яе драм. магчымасцей асабліва раскрыўся ў фільмах «Аўтобусны прыпынак» (1956) і «Непрыкаяныя» (1960). Пра жыццё і творчасць М. пісаў Н.Мейлер, знята кінаанталогія «Мэрылін» (1963).

т. 10, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖУРАВЕ́ЛЬ»,

бел. танец-гульня. Некалькі дзяўчат танцуюць і спяваюць, інш. ахоўваюць іх ад «жураўлёў» (хлопцаў). Калі хлопцы лавілі дзяўчат, спявалі ўсе разам (запіс А.​Я.​Васільевай, 1879). У запісе П.​М.​Шпілеўскага (1853) выканаўцы павольна падымаюць то правую, то левую нагу, імітуючы крокі жураўля. У цэнтры круга ходзіць хлопец — «журавель». Калі пары кружацца, ён імкнецца выхапіць якую-н. дзяўчыну з рук кавалера. Калі дзяўчаты закрычаць: «Хапай, журавель!» — ён павінен схапіць за руку дзяўчыну і станцаваць з ёй адзін круг. «Жураўлём» у крузе застаецца хлопец без пары. У танцах і гульнях пра жураўля выяўляюцца стараж. вераванні ў культ птушак (жывёльны татэмізм).

Ю.​М.​Чурко.

т. 6, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІ́НСКАЯ (магчыма, Малевіч) Мар’яна (Марыя; 1767? — ?), бел. танцоўшчыца. Родам з Палесся. Прыгонная падскарбія надворнага літ. А.​Тызенгаўза. Вучылася ў яго балетных школах у Гродне і Паставах. У вер. 1778 саліравала ў школьным спектаклі «Сялянскі балет» Г.​Петынеці на сцэне Гродзенскага т-ра. У 1785—94 першая танцоўшчыца балетнай трупы «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» ў Варшаве, выступала на каралеўскіх сцэнах і ў Нац. т-ры. Выконвала партыі Сіліі («Капітан Сандор на востраве Караліна»), Эляны («Шлюб самнітаў»), выступала ў балетах «Гілас і Сільвія», «Кора і Алонза, або Дзяўчаты Сонца», «Мірза і Ліндор», «Лукас і Калінета». У 1795—97 салістка ням. т-ра ў Львове.

Г.​І.​Барышаў.

т. 10, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКО́ЛЬСКІ (Леанід Уладзіміравіч) (н. 9.1.1948, в. Гнеўчыцы Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыў Бел. кансерваторыю (1976). З 1976 саліст Мурманскай і Калінінскай філармоній. З 1984 саліст Ансамбля песні і танца Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь. Валодае голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону. У рэпертуары творы бел. і інш. кампазітараў пераважна ваен.-патрыят. тэматыкі. Першы выканаўца многіх песень бел. кампазітараў, у т. л. І.​Лучанка, У.​Будніка, А.​Чыркуна, А.​Атрашкевіч і інш. Аўтар і выканаўца песень «Ты вясна мая», «Не сумуйце, дзяўчаты», «Асенняе каханне», «Поезд разлукі» і інш. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу выканаўцаў сав. песні (Ленінград, 1978).

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 11, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)