ГАЛУБО́К (сапр. Голуб) Уладзіслаў Іосіфавіч

(15.5.1882, ст. Лясная Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 1937),

бел. тэатр. дзеяч, драматург, рэжысёр, акцёр, мастак. Буйны дзеяч нац. сцэны, першы нар. арт. Беларусі (1928). У 1908 пачаў літ. дзейнасць як паэт і празаік. Друкаваўся ў газ. «Наша ніва», час. «Лучынка», альманаху «Маладая Беларусь» і інш. Выдаў зб. «Апавяданні» (Пецярбург, 1913). Пісаў таксама гумарэскі, сатыр. апавяданні. З 1917 выступаў як драматург. Аўтар каля 40 п’ес з жыцця бел. народа (пераважна меладрамы, камедыі, вадэвілі, фарсы), якія шырока ставіліся ў бел. прафес. і самадз. т-рах. Значнае месца яны займалі ў Першым таварыстве беларускай драмы і камедыі, дзе Галубок у 1917—20 выступаў як акцёр і рэжысёр. Былі пастаўлены: «Апошняе спатканне» і «Пісаравы імяніны» (1917), «Бязвінная кроў» (1918), «Бязродны» і «Праменьчык шчасця» (1919). У Бел. дзярж. т-ры (цяпер Нац. т-р імя Я.​Купалы) ставіліся яго «Залёты дзяка» («Пісаравы імяніны»), «Ганка», «Апошняе спатканне», «Бязродны» (усе 1921). Яго шматгранны талент найб. ярка і поўна раскрыўся ў арганізаваным ім у 1920 у Мінску калектыве — Трупе бел. артыстаў (гл. Беларускі трэці дзяржаўны тэатр). Аснову рэпертуару складалі п’есы Галубка: «За мураванай сцяной» (1920), «Душагубы», «Пісаравы імяніны», «Залаты бог» (1921), «Ганка», «Мужычае шчасце», «Былое», «Ліхадзеі» (1922), «Пан Сурынта», «Плытагоны», «Падкідыш» і «Ветрагоны» (1923), «Пан-князь» (1924), «Беларускія зажынкі» (1925), «Пінская мадонна» і «Краб» (1928), «Рыкашэт» (1935); рэж. усіх, акрамя апошняй, быў сам Галубок. Яго пастаноўкі вызначаліся сакавітасцю нар. гумару, маляўнічасцю, былі насычаны музыкай, песнямі, танцамі. Сам Галубок з жыццёвай верагоднасцю, бытавой і псіхал. дакладнасцю выконваў драм., характарныя і камедыйныя ролі ў сваіх п’есах: Авечка («Суд»), Дзяк («Пісаравы імяніны»), Ксёндз («Пінская мадонна»), Пан Сурынта (аднайм. п’еса) і інш. У сцэн. творчасці ён наследаваў традыцыі стараж. бел. нар. т-ра, што ішлі ад скамарохаў, батлейшчыкаў, выканаўцаў нар. драмы; творча развіваў вопыт Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Галубок стварыў глыбока самабытны, непаўторны свой т-р, выхаваў вял. групу бел. акцёраў (А.Бараноўскі, С.Бірыла, Б.Бусел, К.Быліч, У.Дзядзюшка, А.​Згіроўскі і інш.). Праводзіў вял. культ.-асв. работу сярод насельніцтва, дапамагаў маст. самадзейнасці, выступаў з лекцыямі і дакладамі, выпускаў баявыя лісткі і насценгазеты, выступаў у перыяд. друку з публіцыст. і тэатразнаўчымі артыкуламі. Як мастак-дэкаратар ён афармляў пастаноўкі ўсіх сваіх п’ес. Вядомы як пейзажыст (карціны «Раніцай», «Туманы», «На рацэ Бярозе», «Сож»; удзельнічаў у шэрагу рэсп. выставак). У канцы 1920-х г. на Галубка пачаліся ганенні і абвінавачанні ў нацыяналізме. У 1931 яго адхілілі ад маст. кіраўніцтва т-рам, працаваў дырэктарам і акцёрам. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1957.

Літ.:

Звонак А. Уладзіслаў Галубок // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967;

Сабалеўскі А. Уладзіслаў Галубок // Сабалеўскі А. Беларуская савецкая драма. Мн., 1969. Кн. 1;

Атрошчанка А. Уладзіслаў Галубок Мн., 1969;

Адхінуўшы заслону часу...: Успаміны пра Ўладзіслава Галубка. Мн., 1979;

Карабанава Л.В. Драматургія Уладзіслава Галубка. Мн., 1982.

А.​В.​Сабалеўскі.

У.І.Галубок. Партрэт мастака Я.​Ціхановіча. 1985.

т. 4, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТЭ́СНЫЯ СПЕ́ВЫ (ад позналац. partes галасы, мн. лік ад лац. pars частка, удзел),

від харавых шматгалосых прафес. царкоўных і свецкіх спеваў, заснаваны на акордава-гарманічным прынцыпе, гамафоннай мелодыі і падзеле хору на партыі (дыскант, альт, тэнар, бас). Усх.-слав. праваслаўныя П.с. ў адрозненне ад каталіцкіх і уніяцкіх (з удзелам аргана і інш. муз. інструментаў) не мелі інстр. суправаджэння. На Беларусі вядомы з 2-й пал. 16 ст., у канцы 16—17 ст. пашырыліся на ўсёй тэрыторыі. У б-ках Аршанскага, Віцебскага, Крычаўскага, Магілёўскага, Мінскага, Мсціслаўскага, Навагрудскага, Нясвіжскага, Слуцкага брацтваў знойдзены рукапісы літургічных песнапенняў 1-й пал. 17 ст. на 4, 5, 6, 8, 12 галасоў. Узоры 4-галосых твораў змешчаны ў бел. Ірмалагіёне 1638. Стыль першых прафес. гарманізацый быў цесна звязаны з нар.-песенным шматгалоссем. Мелодыі часам пераймаліся са знаменнага спеву, кантаў, псальмаў. Запазычаны напеў змяшчаўся ў тэнары, бас выконваў функцыю гарманічнага фундаменту, адзін з верхніх галасоў рухаўся паралельна тэнару ў сексту ці тэрцыю, другі запаўняў гарманічную вертыкаль. Запісвалі творы 5-лінейнай кіеўскай (квадратнай) натацыяй (гл. Нотнае пісьмо). Тэксты браліся з літургіі, усяночнай і інш. царк. службаў; выкарыстоўваліся і свецкія тэксты. Першыя ўзоры П.с. — 2- і 3-галосыя канты. Іх зборнікі — канцыяналы, багагласнікі — вядомы з канца 15 ст. Першыя рас. канты пайшлі ад помніка бел.-рус. культуры «Псалтыр рыфматворны» Сімяона Полацкага і В.​Цітова. Мелодыі «Псалтыра...» гарманізаваны адпаведна бел. традыцыі, у муз. адносінах цесна звязаны з бел. знаменным спевам. Адным з цэнтраў пашырэння П.с. на Беларусі быў Куцеінскі Богаяўленскі манастыр пад Оршай, які на пэўны час стаў цэнтрам развіцця новых плыней у музыцы, паэзіі, жывапісе. Шмат бел. тэкставых і муз. (пеўчых) рукапісаў было вывезена ў Маскву (захоўваюцца ў Дзярж. гіст. музеі ў Маскве, архівах). Навучаліся П.с. у брацкіх школах. Кожнае бел. брацтва мела хор, які ўдзельнічаў і ў паказах школьнага тэатра. Рас. разнавіднасць П.с. — радковыя спевы (на 2, 3, 4 галасы), што падрыхтавалі глебу для новага шматгалосага стылю.

У Расію П.с. прынесены ў сярэдзіне 17 ст. выхадцамі з Беларусі і Украіны (бел. музыканты З.​Гламазінскі, І.​Дзякоўскі, І.​Календа, І.​Канюхоўскі, І.Кокля, Д.​Рагачэўскі, дзяк Тызенгаўз). Бел. спявак А.​Беражанскі працаваў у Маскве ў 1652. У 1655 у маскоўскім Андрэеўскім манастыры 28 бел. («літоўскіх») пеўчых выконвалі партэсныя творы. У аснове рус. П.с. пач. 18 ст. — пералажэнні як асн. від кампазітарскай дзейнасці. Партытура пералажэнняў складалася з 4 галасоў (сапрана, 1-ы альт, тэнар і лёгкі бас, або дыскант, 1-ы і 2-і альты і тэнар). Гал. жанр П.с. — духоўны канцэрт. Вядомы канцэрты апошняй трэці 17—1-й пал. 18 ст. Яны выконваліся на 3—12, зрэдку на 16, 24 і 48 галасоў. Ім уласціва развітая шматгалосая фактура, муз. тэматызм узыходзіць да кантаў, знаменнага роспеву, слав. народна-песеннай (у вял. ступені да лірычнай зацягучай песні) і прафес. зах.-еўрап. інстр. музыкі. Вядома больш за 50 аўтараў партэсных твораў, у т. л. В.​Цітоў, М.​Дылецкі, М.​Бавыкін, С.​Пекаліцкі, М.​Калашнікаў, С.​Бяляеў, Вінаградскі, Дз.​Папоў, пратадыякан Растоўскі, Ф.​Светлы, Давідовіч, Г.​Падольскі. Творы П.с. 2-й чвэрці 18 ст. зазналі ўплыў зах.-еўрап., асабліва італьян., музыкі, напісаны пераважна ў жанры духоўнага хар. канцэрта (на 6, 8, 12, 24 галасы). Найб. росквіту дасягнуў у творчасці Дз.​Бартнянскага. П.с. адыгралі вял. ролю ў развіцці прафес. мастацтва, у фарміраванні жанраў кантаты, гімна, панегірычнага і віктарыяльнага канта.

Літ.:

Разумовский Д.В. Церковное пение в России. М., 1867;

Герасимова-Персидская Н.А. Партесный концерт в истории музыкальной культуры. М., 1983;

Вознесенский И. Церковное пение православной юго-западной Руси по нотнолинейным ирмологам XVII и XVIII вв. Киев, 1890;

Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, вып. 1, 3. М.;

Пг., 1916, 1922;

Feicht H. «Krakow» Musik in Geschichte und Gegenwart. Basel, 1962.

Л.​П.​Касцюкавец.

т. 12, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)